Галоўнакамандуючы Ўзброеных сілаў Украіны паведаміў Зяленскаму аб «выцісканьні вайны на тэрыторыю агрэсара»

Аляксандар Сырскі і Ўладзімір Зяленскі. Архіўнае фота.

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі сёньня некалькі разоў паведаміў прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму аб сытуацыі на «фронце, нашых дзеяньнях і пераводзе вайны на тэрыторыю агрэсара». Пра гэта прэзыдэнт Украіны заявіў у вечаровым відэазвароце.

«Дзякуй кожнаму з нашых падраздзяленняў сіл абароны, якія робяць гэта магчымым. Украіна даказвае, што сапраўды ўмее аднаўляць справядлівасць і гарантуе менавіта той ціск, які патрэбны — ціск на агрэсара», —дадаў Зяленскі.

Ці гэта тычылася сытуацыі ў Курскай вобласьці Расеі, прэзыдэнт Украіны не ўдакладніў.

У Курскай вобласці Расеі з 6 жніўня працягваюцца баі пасьля паведамленьняў аб уваходзе ў рэгіён украінскай арміі. На фоне наступу ў рэгіёне 9 жніўня было абвешчана надзвычайнае становішча фэдэральнага ўзроўню.

На чацвёрты дзень рэйду прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўпершыню згадаў гэты ўчастак фронту, але наўпрост не назваў. Паводле слоў Зяленскага, на пасяджэньні штаба ён заслухаў даклад галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Аляксандра Сырскага, у тым ліку «аб абарончых дзеяньнях Украіны на тых кірунках, зь якіх Расея наступала на тэрыторыю Украіны». Якія менавіта кірункі абмяркоўваюцца, Зяленскі не ўдакладніў.

Амэрыканскі інстытут вывучэньня вайны (ISW) заявіў, што адсутнасьць скаардынаванай расейскай рэакцыі на ўкраінскае ўварваньне ў Курскую вобласьць і хуткасьць наступу ўкраінскіх войскаў сьведчаць пра тое, што ўкраінскія войскі змаглі дасягнуць апэратыўнай нечаканасьці ўздоўж мяжы з Расеяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Расея не перакідвае войскі з усходу Ўкраіны ў Курскую вобласьць, «каб не сарваць наступ»