У Курскай, Бранскай і Белгарадзкай абласьцях Расеі, якія мяжуюць з Украінай, увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі, паведамляе Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт Расеі.
Рашэньне прынялі ў адказ на «спробу дэстабілізацыі абстаноўкі ў шэрагу расейскіх рэгіёнаў» з боку Кіева і дзеля «спыненьня пагрозаў тэрактаў».
Згодна з законам, рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі дазваляе праводзіць надгляд грамадзян, праслухоўваць іх тэлефонныя размовы, адключаць інтэрнэт і мабільную сувязь, часова высяляць жыхароў, якія жывуць у межах тэрыторыі, бесьперашкодна ўваходзіць у іх дамы і іншыя памяшканьні, забіраць аўтамабілі.
У Курскай вобласьці з 6 жніўня працягваюцца баявыя дзеяньні пасьля заходу на тэрыторыю ўкраінскага войска. У рэгіёне аб’явілі надзвычайную сытуацыю фэдэральнага маштабу. Украінскія вайскоўцы заяўляюць, што ўзялі пад кантроль горад Суджа. Мэр Суджы гэта адмаўляе. Мінабароны Расеі запэўнівае, што кантралюе сытуацыю.
Пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі ў Расеі ўводзілі двойчы: у траўні 2023 году падчас рэйду «Рускага дабраахвотніцкага корпусу» у Белгарадзкую вобласьць і ў чэрвені таго ж году — падчас мецяжу Яўгена Прыгожына — у Маскве, Падмаскоўі і Варонескай вобласьці.
Форум