Ці можна замяніць Ціханоўскую? Абмяркоўваюць рэдактарка выданьня «План Б», былая палітзьняволеная Вольга Лойка і палітычны аналітык, каардынатар майстэрні думак «Наша візія» Вадзім Мажэйка.
Глядзіце дыскусію на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— З вынікаў канфэрэнцыі «Новая Беларусь» адзін з найважнейшых — зафіксаваная прысутнымі на канфэрэнцыі дэмсіламі нязьменнасьць лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай да 2025 году, пакуль не адбудуцца сумленныя выбары ці пакуль яна сама не захоча сысьці. Якія перавагі дае пагадненьне і якія мінусы вы бачыце?
Вольга Лойка: Перавага відавочная. Мы зафіксавалі статус-кво. Мы ня будзем разганяць і нейкім чынам пэдаляваць тэму заканчэньня легітымнасьці, тым больш што ніякага іншага спосабу пацьвердзіць гэтую легітымнасьць фактычна цяпер няма. З другога боку, усім зразумела, што гэта дастаткова абстрактная дэклярацыя, якую падпісала толькі частка дэмакратычных сілаў, шчыльна афіліяваная са Сьвятланай Ціханоўскай. Усім зразумела, што гэта структура дастаткова кволая, і зьяўленьне лідэра — такі сакральны працэс. Сама Сьвятлана ў якасьці лідэра зьявілася дастаткова раптоўна і мала прагназавана для ўсіх. Таму лічыць, што мы нешта зафіксавалі на нейкую доўгатэрміновую пэрспэктыву, я б ня стала. У гэтым моманце — нармальная, добрая навіна.
Як жарт ці не як жарт я разважала, што Лукашэнка можа зрабіць свой унёсак, выпусьціўшы Сяргея Ціханоўскага ці Марыю Калесьнікаву, каб паглядзець, што будзе са статусам лідэра. Вось выйшаў яшчэ адзін чалавек, які лічыць сябе лідэрам, якому не далі паўдзельнічаць у выбарах. Гэта — у пляне правакацыі, але сытуацыя можа памяняцца. Пакуль Ціханоўская застаецца лідэркай, гэтага ніхто не аспрэчвае.
Вадзім Мажэйка: Наколькі я разумею, пагадненьне зусім не пра гэта. Гаворка ідзе аб пратаколе ўзаемадзеяньня паміж Офісам Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінэтам і Каардынацыйнай Радай. Таму, зрэшты, толькі яны яго і падпісалі, бо гэта пратакол узаемадзеяньня паміж імі, а не паміж кімсьці яшчэ. У гэтым пратаколе згадваецца, што Сьвятлана Ціханоўская застаецца лідэркай да правядзеньня свабодных, сумленных выбараў, але, па шчырасьці, Ціханоўская казала пра гэта ў сваёй перадвыбарчай праграме ў 2020 годзе. Проста тады сумленныя выбары плянавалася правесьці значна раней. Але сытуацыя цяпер у Беларусі такая, як ёсьць. У 2020 годзе яе ніхто прагназаваць ня мог.
Ціханоўская заўжды казала, што гатовая быць прэзыдэнткай толькі на прамежкавы пэрыяд. Мне здаецца, тут пытаньне фармулёўкі. Абвясьціў Ціханоўскую ў 2020 годзе народ, а ня гэтыя структуры. Зразумела, што пратакол узаемадзеяньня, бюракратычныя дробязі ня так цікавыя. У «пабліку» абмяркоўваецца менавіта статус Ціханоўскай. Насамрэч гэтыя дробязі вельмі важныя. Я б сказаў, што вельмі добра, што структуры, якія прэтэндуюць на лідэрства ў дэмсілах, вызначыліся, як паміж імі вядзецца праца, што вядзецца яна не «ад жыцьця, ад зямлі», як кажа Лукашэнка, а вядзецца па дамовах, якія дэмакратычна ўзгодненыя. Самі дамовіліся пра рамку працэдуры. Гэта важны вынік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ёсьць крытычныя назіраньні». Выніковы рэпартаж з канфэрэнцыі «Новая Беларусь»— Пытаньне вызваленьня палітвязьняў было адным з самых спрэчных на канфэрэнцыі. Экс-сьпікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў прапанаваў «часткова прызнаць легітымнасьць Лукашэнкі» праз прыезд амбасадараў у абмен на вызваленьне палітвязьняў. Вашы ацэнкі гэтай прапановы?
Вольга Лойка: Ад амбасадараў мы чуем, што сапраўды ёсьць такі намер, інтарэс, і яны тлумачаць, чаму ёсьць такі інтарэс. Фактычна ўсё ідзе не ад таго, што нехта хоча прызнаць легітымнасьць Лукашэнкі, а пра тое, што для многіх мэтаў, у тым ліку візавага пытаньня, у Беларусі нядрэнна б мець амбасадараў. І яны плянуюць прыехаць у Беларусь, і ў гэтым выпадку хацелася б, каб такі крок частковага прызнаньня легітымнасьці Лукашэнкі суправаджаўся вызваленьнем людзей. Баюся, што нікога з нас, і дэмсілы ў цэлым, пытацца ня будуць, ці ехаць амбасадарам. Амбасадары вырашаюць, і калі гэта адбудзецца, то вельмі хацелася б, каб пад гэта выйшлі людзі. Таму што, калі амбасадары прыедуць і ніхто ня выйдзе, гэта будзе сапраўды дрэнна.
Вадзім Мажэйка: Сама прапанова Ягорава — абумовіць прыезд эўрапейскіх амбасадараў выпускам палітвязьняў. Пытаньне, да каго прапанова. Прысутнасьць амбасадараў ня тое каб нешта зьмяняе. І цяпер нейкія амбасадары прысутнічаюць. Асабліва тыя, хто ўручае копіі даверчых грамат праз МЗС, а не даверчыя граматы Лукашэнку. Калі іх колькасьць павялічыцца ці зьменшыцца, ня думаю, што гэта крытычная зьмена. Калі ўмоўна дамовіцца пра нейкі такі калькулятар паміж Менскам і Брусэлем у фармаце «яшчэ адзін амбасадар уручае граматы новаму кіраўніку МЗС — мінус 100 палітвязьняў, уручае граматы асабіста Лукашэнку — мінус 500 палітвязьняў», то гэта можа мець нейкі сэнс. Але тут прынцыпова дамаўляцца з умовай, што ня будуць браць новых палітвязьняў. Калі вызваляць 100 палітвязьняў, амбасадары ўручаць граматы, а заўтра набяруць 200 новых, то гэта прынцыпова нічога ня зьменіць.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.