Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спрэчкі аб палітвязьнях, новыя прызначэньні, дыскусіі пра выбары. Як прайшоў першы дзень канфэрэнцыі «Новая Беларусь»


Удзельнікі канфэрэнцыі «Новая Беларусь», Вільня, 3 жніўня 2024 году
Удзельнікі канфэрэнцыі «Новая Беларусь», Вільня, 3 жніўня 2024 году

«Абмяняць легітымнасьць на эўрапейскіх амбасадараў», «некаторыя задачы не былі выкананыя», — што казалі палітыкі і актывісты на трэцяй канфэрэнцыі дэмакратычных сілаў і што яны будуць рабіць з выбарамі і палітвязьнямі. Расказваем.

Перад пачаткам канфэрэнцыі аб’яднаньне ByPol папярэдзіла аб магчымых правакацыях. З спасылкай на нямецкіх калег арганізацыя заявіла аб магчымай небясьпецы для старэйшага дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай Франака Вячоркі і намесьніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту Паўла Латушкі. У першы дзень канфэрэнцыі правакацыяў не адбылося, не было і паведамленьняў аб ілжэмінаваньні будынку, як гэта адбывалася ў мінулыя гады.

Арганізатары прынялі захады бясьпекі, удзельнікаў даглядалі супрацоўнікі паліцыі перад уваходам у залю. Да вялікіх чэргаў на ўваходзе гэта не прывяло.

Пра абмен вязьнямі, у якім ня ўдзельнічала Беларусь

Канфэрэнцыя пачалася з уступнага слова Сьвятланы Ціханоўскай, якая падзякавала тым, хто прымае актыўны ўдзел у працы дэмакратычных сілаў. Ціханоўская разьмясьцілася ў пярэднім шэрагу залі поруч з намесьнікам кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Паўлам Латушкам, асабістай памочніцай і віцэ-сьпікеркай Каардынацыйнай рады Стасяй Гліньнік, кіраўніком апарату Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валерам Мацкевічам. Пачалося амаль без спазьненьня.

Сьвятлана Ціханоўская адкрывае канфэрэнцыю «Новая Беларусь»
Сьвятлана Ціханоўская адкрывае канфэрэнцыю «Новая Беларусь»

Ціханоўская ў сваёй прамове згадала нядаўні абмен вязьнямі паміж Расеяй, ЗША і Нямеччынай.

«Шмат хто з нас спадзяваўся, што ў сьпісах мы ўбачым сярод імёнаў Марыю Калесьнікаву, Анджэя Пачобута ці Ігара Лосіка. Але, нягледзячы на ўсе намаганьні, цуду ня здарылася. Папярэджваючы ўсе пытаньні, адкажу: мы ня ведалі і ня ўдзельнічалі ў працэсе гэтых перамоваў, каб паўплываць на іх вынікі», — заявіла Ціханоўская.

У той жа час Ціханоўская выказала ўпэўненасьць, што сам факт такога абмену зьяўляецца «важным прэцэдэнтам, які нам дапаможа ў вызваленьні беларусаў у будучыні».

Удзельнікі канфэрэнцыі «Новая Беларусь», Вільня, 3 жніўня 2024 году
Удзельнікі канфэрэнцыі «Новая Беларусь», Вільня, 3 жніўня 2024 году

На думку намесьніка Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінэце Паўла Латушкі, беларусы ня ўдзельнічалі ў абмене, бо «ён праводзіўся паміж спэцслужбамі».

«Таму што гаворка ішла пра абмен паміж супрацоўнікамі спэцслужбаў. У гэты сьпіс былі дадаткова ўключаныя шэраг палітычных дзеячоў Расеі», — сказаў Павал Латушка.

Таксама палітык намякнуў, што вызваленьне палітвязьняў тычыцца ўсіх актывістаў, а ня толькі яго ці Абʼяднанага пераходнага кабінэту.

«Мне баліць. Але гэта павінна балець усім тым, хто так часта езьдзіць у Нямеччыну. Хто знаходзіцца ў гэтай Нямеччыне больш, чым Павал Латушка ўва ўсіх замежных камандзіроўках. І той чалавек, які цяпер мяне чуе і разумее, пра каго я кажу. Чаму гэты чалавек крытыкуе цяпер нас, а не спытае ў сябе: калі я ежджу ў Нямеччыну і забіраю ўсе ўзнагароды, якія належаць ня мне, чаму я ня выйшаў на гэты кантакт?», — сказаў палітык, не ўдакладніўшы, пра каго ідзе гаворка.

Павал Латушка
Павал Латушка

Да прысутных празь відэасувязь зьвярнулася старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Яна адзначыла, што «Беларусь ператворана ў пляцдарм, адкуль Эўропе пагражаюць ядзернай зброяй, а беларускі народ у Беларусі ня мае магчымасьці выступіць супраць такога дзікунства, бо ён пад прыгнётам».

Зварот Івонкі Сурвілы
Зварот Івонкі Сурвілы

Многія выступоўцы і ўдзельнікі канфэрэнцыі абралі для сябе строгі дрэс-код. Аднак былі і ўдзельнікі ў адзеньні больш свабоднага і яркага стылю.

Аляксандар Кабанаў
Аляксандар Кабанаў

Глеб Вашкевіч, студэнт у ЗША, працуе з дыяспарамі. На пазногцях напісана «Камала 2024» у падтрымку Камалы Гарыс. Ён запісаўся валянтэрам у яе штаб.
Глеб Вашкевіч, студэнт у ЗША, працуе з дыяспарамі. На пазногцях напісана «Камала 2024» у падтрымку Камалы Гарыс. Ён запісаўся валянтэрам у яе штаб.
Наста Базар
Наста Базар

Пра далейшы лёс Абʼяднанага пераходнага кабінэту

Два гады таму на канфэрэнцыі дэмакратычных сілаў паўстаў Абʼяднаны пераходны кабінэт. У яго, сярод іншых, увайшлі прадстаўнік у аднаўленьні законнасьці Аляксандар Азараў, прадстаўнік у абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык, прадстаўнік у замежных справах Валер Кавалеўскі.

Аляксандра Азарава звольніла Сьвятлана Ціханоўская пасьля году працы з рэкамэндацыі Каардынацыйнай рады, Валер Кавалеўскі і Валер Сахашчык сёлета пайшлі з пасадаў самі.

Аляксандар Азараў сярод удзельнікаў канфэрэнцыі
Аляксандар Азараў сярод удзельнікаў канфэрэнцыі

Адказваючы на пытаньне Свабоды, Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што некаторыя пасады ў Абʼяднаным пераходным кабінэце вольныя.

«Людзі прыходзяць і адыходзяць, няма такой тэндэнцыі, што ўсе людзі пакідаюць кабінэт. Мы шукаем новыя кадры замест тых, хто сышоў. Няма заахвочаньня не таму, што людзі ня хочуць там працаваць, а таму, што гэта вялікая адказнасьць, боязь за сваякоў. Людзі ідуць жыць сваім жыцьцём», — адзначыла палітык.

Паводле Ціханоўскай, у Аб’яднаным пераходным кабінэце «нейкія кірункі былі больш пасьпяховымі, некаторыя менш». «Некаторыя задачы былі выкананыя, некаторыя — не», — дадала Ціханоўская.

У першы дзень канфэрэнцыі адбыліся новыя прызначэньні ў Аб’яднаны пераходны кабінэт. Прадстаўніком у абароне і нацыянальнай бясьпецы Ціханоўская прапанавала прызначыць экс-намесьніка камандзіра палку Каліноўскага Вадзіма Кабанчука, прадстаўніком у міжнароднай супрацы — Уладзімера Астапенку, прадстаўніцай у справах моладзі й студэнцтва — Маргарыту Ворыхаву. Намесьнікам кіраўніка АПК ў пытаньнях транзыту ўлады Ціханоўская прапанавала прызначыць Арцёма Брухана.

Новыя чальцы Аб'яднанага пераходнага кабінэту (зьлева направа): Вадзім Кабанчук, Маргарыта Ворыхава, Уладзімер Астапенка, Арцём Брухан
Новыя чальцы Аб'яднанага пераходнага кабінэту (зьлева направа): Вадзім Кабанчук, Маргарыта Ворыхава, Уладзімер Астапенка, Арцём Брухан

Вольнымі засталіся пасады прадстаўніка ў аднаўленьні законнасьці і парадку, прадстаўніка ў эканоміцы і фінансах, прадстаўніка ў пытаньнях мабільнасьці і легалізацыі.

На канфэрэнцыі, апроч палітыкаў, прысутнічалі прадстаўнікі экспэртнай супольнасьці, праваабаронцы, блогеры, былыя ваяры палку Каліноўскага, дыпляматы.

Амбасадар для асаблівых даручэньняў па Беларусі МЗС Украіны Ігар Кізім на пытаньні журналістаў пра магчымую сустрэчу Ўладзіміра Зяленскага зь Сьвятланай Ціханоўскай адказаў, што «яна адбудзецца, калі прыйдзе час».

«Як толькі скажуць, што гэтая сустрэча магчымая, мы будзем працаваць. Усякая сустрэча мусіць праводзіцца ня дзеля сустрэчы, а дзеля дасягненьня нейкага выніку», — сказаў Кізім.

Ігар Кізім
Ігар Кізім

У адрозьненьне ад 2022 году, не было Веранікі Цапкалы, якая тады выступала са сцэны, не прысутнічала, таксама ў адрозьненьне ад 2022 году, і Вольга Карач.

Агулам падзею ў суботу наведалі каля 300 чалавек. Гэтым разам у залі было ня душна, паветра і месцаў усім хапала.

Што рабіць на прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году

Адна з мэтаў канфэрэнцыі дэмакратычных сілаў — вызначыць стратэгію дзейнасьці на 2025 год, калі ў Беларусі будуць праходзіць чарговыя прэзыдэнцкія выбары. Палітык Павал Латушка прапанаваў галасаваць на іх «супраць усіх». На ягоную думку, такое дзеяньне не пацягне за сабой крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасьці.

У Латушкі адбылася эмацыйная спрэчка з экс-сьпікерам Каардынацыйнай рады, а цяпер яе чальцом Андрэем Ягоравым. Апошні заявіў аб патрэбе радыкальна зьмяніць стратэгію дэмакратычных сілаў.

«У адрозьненьне ад Паўла Латушкі, які ня хоча абмяняць дэ-факта прызнаньне гэтай сытуацыі, якая склалася ў Беларусі, дзеля чагосьці... Я б прызнаў легітымнасьць у пэўным сэнсе таго, што адбываецца ў Беларусі. Я б абмяняў прысутнасьць, напрыклад, эўрапейскіх амбасадараў у Беларусі, калі гэта дазваляе вызваляць палітвязьняў у масавым парадку і рухаць сытуацыю ў Беларусі да больш спрыяльнай для дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці», — прапанаваў ён.

Павал Латушка адказаў, што не гатовы прызнаваць прэзыдэнтам Беларусі «чалавека, які ўчыняў злачынствы, даваў загады забіваць мірных беларусаў, працягвае катаваць іх у турмах і зьнішчае беларускую дзяржаўнасьць». Апроч іншага, Латушка кіруе найбуйнейшай фракцыяй у Каардынацыйнай радзе.

Былі і нечаканыя прапановы ад выступоўцаў. Напрыклад, каардынатарка Народных амбасадаў Беларусі і сябра Каардынацыйнай рады Аляксандра Мамаева падчас развагаў пра эўрапейскую будучыню Беларусі прапанавала «зрабіць бязьвіз для беларусаў» у ЭЗ. Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай палітык Анатоль Лябедзька прапанаваў накіраваць у Брусэль заяўку ад імя Беларусі на ўступленьне ў ЭЗ.

Пра пашпарт новай Беларусі

Адказваючы на пытаньні з залі, Сьвятлана Ціханоўская згадала пра ініцыятыву стварэньня пашпарту новай Беларусі, макет якога прэзэнтавалі ў 2023 годзе. Цяпер гэтым праектам будзе займацца Марус Гудзялайціс. Раней гэтай ініцыятывай кіраваў Валер Кавалеўскі, які сышоў з Аб’яднанага пераходнага кабінэту.

«Зрушылася праца зь месца. Гэта цяжкі праект. Прыдумаць пашпарты — адна справа, а змагацца за іх прызнаньне — іншая», — сказала Ціханоўская.

Вынікі

Аб’яднаны пераходны кабінэт, Каардынацыйная рада і Офіс Сьвятланы Ціханоўскай у выніку першага дня канфэрэнцыі распрацавалі пратакол узаемадзеяньняў. Гэта спроба дакумэнтальна зафіксаваць, што такое дэмакратычныя сілы Беларусі і як яны мусяць узаемадзейнічаць.

Асноўнае з дакумэнту:

  • Сяброў АПК прызначае і вызваляе нацыянальная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская з улікам прапановаў Каардынацыйнай рады.
  • Сьвятлана Ціханоўская выконвае ролю нацыянальнай лідэркі да правядзеньня сумленных і свабодных выбараў у Беларусі або да ўласнага жаданьня скласьці абавязкі.
  • Кожны з трох бакоў можа ініцыяваць распрацоўку агульнай стратэгіі дэмакратычных сілаў у канкрэтных кірунках. Прапановы маюць быць накіраваныя іншым бакам.
  • Бакі штогод рыхтуюць штогадовыя публічныя справаздачы аб сваёй дзейнасьці.
  • Пры немагчымасьці дасягнуць згоды трох бакоў у спрэчным пытаньні цягам 30 дзён права канчатковага рашэньня пераходзіць да Свьятланы Ціханоўскай.

Таксама на канфэрэнцыі прэзэнтавалі «Плятформу 2025» — інструмэнт для каардынацыі дзеяньняў.

Асноўныя задачы:

  • Дэлегітымізацыя Лукашэнкі
  • Непрызнаньне выбараў 2025 году
  • Адкрытасьць сьвету для беларусаў
  • Аб’яднаньне для супольнай дзейнасьці, аб’яднаньне намаганьняў для вызваленьня палітвязьняў
  • Прасоўваньне інтарэсаў беларусаў у кожным пункце сьвету
  • Кожная ініцыятыва можа далучыцца да плятформы, калі падзяляе яе палажэньні

Канфэрэнцыя дэмакратычных сілаў Беларусі працягнецца 4 жніўня.

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».

Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG