Сьцісла
- Кабанчук — новае прызначэньне, якое можа прывесьці да наладжваньня камунікацыі паміж АПК і палком Каліноўскага.
- Замацаваньне за Ціханоўскай бестэрміновага статусу «нацыянальнага лідэра» — у значнай ступені вымушаны крок з улікам характару выбараў, якія адбудуцца налета.
- Канцэнтрацыя паўнамоцтваў у руках Ціханоўскай у многіх выклікала рэзкую крытыку.
- «Плятформа-2025» утрымлівае шэраг карысных і разумных крокаў, але не пакрокавую стратэгію выкарыстаньня гэтых выбараў для пазытыўных пераменаў.
- Выступ на канфэрэнцыі кіраўніка другой паводле колькасьці фракцыі КР Андрэя Ягорава стаў канцэптуальнай альтэрнатывай падыходам, якія дэмакратычныя сілы практыкавалі з пачатку 2021 году.
Сярод вынікаў канфэрэнцыі варта адзначыць як тое, што на ёй адбылося, гэтак і тое, чаго не адбылося.
Не адбылося расколу паміж Сьвятланай Ціханоўскай і Паўлам Латушкам — самымі папулярнымі і аўтарытэтнымі лідэрамі дэмакратычных сілаў. Яны — адзіныя чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, якія з 2022 году засталіся ў яго складзе. Іх палітычны саюз — адна з важных асноваў дзейнасьці дэмакратычных сілаў.
На сёлетняй канфэрэнцыі ніхто не даваў гучных, але маларэалістычных абяцаньняў (кшталту прызнаньня Беларусі акупаванай, пашпарта Новай Беларусі альбо «Лукашэнку — у Гаагу»). Раней адзначалася, што некаторыя папярэднія абяцаньні і пляны ня спраўдзіліся зусім. Цяпер пляны прынамсі сфармуляваныя так, што іх поўны правал праз год малаімаверны.
З кадравых прызначэньняў варта адзначыць новага прадстаўніка ў пытаньнях абароны ў АПК: ім стаў Вадзім Кабанчук, былы намесьнік камандзіра полку Каліноўскага. Цягам доўгага часу Кабанчук многімі ўспрымаўся як галоўны сьпікер палку. У 2022 годзе частка дэмакратычных сілаў ускладала ледзь не асноўныя спадзевы на вызваленьне Беларусі ад дыктатуры менавіта на ўзброеныя фармаваньні, якія ваююць на баку Ўкраіны — такія як полк Каліноўскага. Цяпер спадзеваў на гэта стала значна меней з розных прычынаў.
Але варта адзначыць, што ў папярэдніка Кабанчука на пасадзе ў Абʼяднаным пераходным кабінэце Валера Сахашчыка адносіны з палком ня склаліся. Калі прадстаўнік дэмакратычных сілаў у вайсковых пытаньнях ня здольны камунікаваць з найбольшым вайсковым злучэньнем — гэта нонсэнс. Прызначэньне ў кабінэт Кабанчука не азначае, што полк пераходзіць у падпарадкаваньне Кабінэту. Полк Каліноўскага, як нагадалі апошнія падзеі, — злучэньне УСУ, якім кіруе вайсковая выведка Ўкраіны. Але ўзаемадзеяньне палку і АПК цяпер можа стаць больш плённым.
На канфэрэнцыі падпісалі дамову паміж Офісам Сьвятланы Ціханоўскай, АПК і Каардынацыйнай радай. У дамове заяўляецца, што Ціханоўская застанецца «нацыянальным лідэрам» Беларусі і пасьля выбараў 2025 году, якія будуць нічым іншым, як самапрызначэньнем Лукашэнкі. У тых умовах, у якіх гэтыя выбары, як мяркуецца, пройдуць, іншы варыянт дзеяньняў складана было прыдумаць. Нават удзел прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у выбарах налета будзе немагчымы, ня кажучы ўжо пра посьпех. А страціць унікальны міжнародны статус Ціханоўскай, набыты ў 2020 годзе, не хацелася. Іншая рэч, што міжнародныя партнэры дэмакратычных сілаў пасьля выбараў 2025 году могуць перагледзець сваё стаўленьне да Ціханоўскай. Але канфэрэнцыя ня стала іх падштурхоўваць да гэтага.
«Плятформа–2025», зацьверджаная на канфэрэнцыі — адказ дэмакратычных сілаў на выклік выбараў наступнага году — прадугледжвае шмат карысных і слушных крокаў. Аднак ніякай пакрокавай стратэгіі яна ня ўтрымлівае. Няма пэўнага выбару нават наконт закліку — байкатаваць галасаваньне ці выкрэсьліваць усіх. Ні адно, ні другое не выглядае шляхам да перамогі. Байкоты ў мінулым не прыводзілі да палітычных пераменаў і грамадзкага падʼёму; кампанія «два крыжыкі» падчас канстытуцыйнага рэфэрэндуму 2022 году мела вельмі сьціплы вынік.
Дамова паміж офісам, АПК і КР ужо выклікала шмат крытыкі. Яна робіць Ціханоўскую канчатковым арбітрам усіх магчымых супярэчнасьцяў, яе слова — апошняе ў любых рашэньнях. Пэўныя мэханізмы балянсу дамова мае. Напрыклад, новапрызначаныя чальцы кабінэту Кабанчук, Астапенка і Ворыхава пройдуць зацьвярджэньне ў КР. Калі Рада адхіліць іхныя кандыдатуры, Ціханоўская можа ўсё роўна захаваць гэтыя прызначэньні, але наўрад ці яна так зробіць. Быў прыклад 2023 году, калі Рада вынесла вотум недаверу чальцу АПК Азараву, і Ціханоўская звольніла яго, хоць і тады не была абавязаная гэта рабіць.
Прыхільнікі дамовы адзначаюць, што Ціханоўская застаецца самым уплывовым апазыцыйным палітыкам: яна мае пэўнае прызнаньне ў замежных партнэраў, чаго ня мае ніхто іншы. Аднак крытыкі кажуць, што такімі ж арумэнтамі абгрунтоўваецца і роля Лукашэнкі ў палітычнай сыстэме сёньняшняй Беларусі.
Вельмі важнай падзеяй канфэрэнцыі стаў выступ экс-сьпікера КР, лідэра другога паводле колькасьці блёку ў цяперашнім складзе КР Андрэя Ягорава. Шмат хто зьвярнуў увагу на ягоную прапанову — абмяняць частковае прызнаньне легітымнасьці Лукашэнкі на вызваленьне многіх палітвязьняў. Але варта адзначыць і ягоныя канцэптуальныя заявы пра тупіковасьць падыходаў, якімі дэмакратычныя сілы жылі з 2020 — пачатку 2021 году. Паводле Ягорава, дэлегітымізацыі Лукашэнкі не адбылося, прыцягнуць яго да адказнасьці няма магчымасьцяў; санкцыі прывялі не да абвалу рэжыму, а да павелічэньня залежнасьці ад Расеі; прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў ніхто не прызнаў урадам у выгнаньні.
Адметнасьць сытуацыі ў тым, што ўпершыню можна гаварыць пра абвяшчэньне альтэрнатыўнага падыходу, які агучыў уплывовы палітык (не аналітык, не грамадзкі дзяяч), пра фармаваньне «апазыцыі ў апазыцыі». Прычым ідзецца не пра пэрсанальную, а пра ідэалягічную, сэнсавую альтэрнатыву.
І да канфэрэнцыі, і падчас яе многія адзначалі, што дэмакратычныя сілы перажываюць крызіс: грамадзкага падʼёму ў краіне няма, рэпрэсіі паглыбляюцца, палітычная дзейнасьць адбываецца амаль выключна ў дыяспары, зьніжаецца зацікаўленасьць Захаду ў Беларусі.
Выступ Ягорава — індыкатар гэтага крызісу. Ня ў тым рэч, што ён можа заняць месца Ціханоўскай. Рэч у пераасэнсаваньні падыходаў, шляху, якім дэмакратычныя сілы ішлі апошнія чатыры гады.
Форум