Як казалі «народныя дыпляматы» на канфэрэнцыі «Новая Беларусь», Лукашэнка можа зачыняць афіцыйныя амбасады ў краінах Эўразьвязу, бо, прыкладам, у справе дапамогі беларусам яны на парадак менш дзеяздольныя.
Сьцісла:
- Фэномэн беларускай апазыцыі ў выгнаньні палягае ў тым, што тут створана цэлая інфраструктура, якая імітуе органы дзяржаўнай улады.
- Прадстаўніцтва беларускай супольнасьці ў розных краінах двухузроўневае. Гэта місіі дэмакратычнай Беларусі, кіраўнікоў якіх прызначае Сьвятлана Ціханоўская. І народныя амбасады — самаарганізацыя беларусаў на месцах.
- Народная, дэмакратычная дыпляматыя дэманструе большую эфэктыўнасьць у сфэры абароны інтарэсаў беларусаў, чым афіцыйныя амбасады Беларусі.
Самаарганізацыя дыяспары — зьява ня новая. У сьвеце шмат прыкладаў таго, як мігранты, якія апынуліся за межамі сваёй краіны, пачынаюць аб’ядноўвацца, ствараць арганізацыі дзеля ўзаемадапамогі, каб лабіяваць уласныя інтарэсы перад уладамі той дзяржавы, дзе яны знаходзяцца.
Таксама даволі распаўсюджаная зьява — урады ў выгнаньні. Гэта іншы ўзровень. Структуры мігрантаў прадстаўляюць толькі інтарэсы дыяспары. Урад у выгнаньні прэтэндуе на прадстаўніцтва ўсяго народу той краіны, зь якой яго выгналі.
Фэномэн беларускай апазыцыі ў выгнаньні палягае ў тым, што тут створаная цэлая інфраструктура, якая імітуе органы дзяржаўнай улады. Адначасова ёсьць і самаарганізацыя дыяспары, і прэзыдэнт-элект, урад у выгнаньні, протапарлямэнт за мяжой і інстытуцыі, якія выконваюць ролю амбасадаў. Дзейнасьці гэтых апошніх структураў былі прысьвечаныя дзьве падзеі падчас канфэрэнцыі «Новая Беларусь».
Прадстаўніцтва беларускай дэмакратычнай супольнасьці ў розных краінах двухузроўневае. Першы ўзровень — гэта структуры, якія можна назваць дыпляматычнымі. Яны называюцца місіямі дэмакратычнай Беларусі. Іх кіраўнікоў прызначае дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская. Гэтыя місіі працуюць як рэальныя дзяржаўныя інстытуты, як звычайныя амбасады. У значнай ступені так іх успрымаюць тыя ўрады, пры якіх яны акрэдытаваныя. У дзяржавах ЭЗ зь імі працуюць на ўзроўні таго, як Эўразьвяз працуе з трэцімі краінамі. Яны імкнуцца разьвязваць праблемы беларусаў на агульнанацыянальным узроўні. Гэта пытаньні легалізацыі, адкрыцьця банкаўскіх рахункаў і інш.
Напрыклад, Місіяй дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі кіруе прафэсійны дыплямат Уладзімер Астапенка.
Важную ролю выконвае Місія дэмакратычнай Беларусі ва Ўкраіне, якую ўзначальвае Генадзь Манько. Асабліва з улікам таго, што там няма афіцыйнай беларускай амбасады.
Другі ўзровень беларускага прадстаўніцтва за мяжой, альтэрнатыўнага афіцыйнаму, — гэта народныя амбасады. У пэўным сэнсе для сёньняшняга сьвету зьява ці не ўнікальная. Гэта народная дыпляматыя, ініцыятыва зьнізу, самаарганізацыя беларусаў на месцах.
Рэч у тым, што 2020 год «абудзіў» беларускую дыяспару, якая існавала дагэтуль. Людзі, якія выехалі раней, раптам заклапаціліся беларускай справай, заангажаваліся ў палітычныя працэсы. Ад пратэстаў супраць гвалту рэжыму Лукашэнкі перайшлі да салідарнасьці, дапамогі новай хвалі эміграцыі. Зьявілася патрэба запоўніць вакуўм, які ўзьнік, калі за мяжой апынулася шмат уцекачоў зь Беларусі, палітычных эмігрантаў. Імі не маглі займацца афіцыйныя амбасады, якія прадстаўлялі рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
Зь сьнежня 2020 году народныя амбасады пачалі каардынаваць сваю дзейнасьць. Час ад часу яны рэалізуюць агульныя праекты, ініцыятывы, актуальныя для беларусаў, якія жывуць у розных краінах.
Функцыі місіяў дэмакратычнай Беларусі за мяжой і народных амбасадаў моцна перасякаюцца. У краінах, дзе няма місіяў, прызначаных Ціханоўскай, іх задачы рэалізуюць менавіта народныя амбасады. Яны ўступаюць у кантакты, перамовы з органамі ўлады, МЗС краіны знаходжаньня, займаюцца адвакацыяй інтарэсаў беларускай дыяспары. Там, дзе беларусы селяцца кампактна, адбываецца актыўная супраца зь мясцовымі ўладамі, органамі самакіраваньня. Узьнікла неабходнасьць проста інфармаваць мясцовую публіку пра падзеі ў Беларусі. Ладзяцца культурныя імпрэзы, на якія прыходзяць замежныя дыпляматы.
У краінах ЭЗ беларускія народныя амбасады працуюць з улікам асаблівасьцяў краіны знаходжаньня. Напрыклад, у Італіі лідэрка дыяспары Юлія Юхно арганізоўвае адпачынкі для сем’яў уцекачоў і палітвязьняў.
У некаторых краінах беларуская дыяспара становіцца чыньнікам унутрыпалітычнага жыцьця. У Літве гэты працэс адбываецца хваравіта. У Польшчы суполкі беларусаў імкнуцца ўнесьці беларускі парадак дня ў мясцовы палітычны дыскурс.
Увогуле, місіі дэмакратычнай Беларусі за мяжой, народныя амбасады шмат робяць для ўмацаваньня супрацы міжнароднай супольнасьці з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, выконваюць важную ролю ў арганізацыі падтрымкі беларускага народу ў яго імкненьні да свабоды і дэмакратыі.
Лягічна ўзьнікае пытаньне пра эфэктыўнасьць дзейнасьці гэтай дэмакратычнай дыпляматыі. Якімі крытэрамі яе ацэньваць? Асабліва з улікам таго, што ўмовы легалізацыі беларусаў у краінах ЭЗ, мякка кажучы, не паляпшаюцца, а выезд беларускіх грамадзян у Эўропу ўскладняецца.
Але калі параўноўваць эфэктыўнасьць працы місіяў і народных амбасадаў з эфэктыўнасьцю афіцыйных амбасадаў Беларусі, то яны несувымерныя. Як казалі «народныя дыпляматы» на канфэрэнцыі «Новая Беларусь», Лукашэнка можа закрыць афіцыйныя амбасады ў ЭЗ, бо, у прыватнасьці, у справе дапамогі беларусам яны на парадак менш дзеяздольныя.
Рэжым гэта разумее і таму помсьціць. Ён спрабуе ўвогуле адрэзаць эміграцыю ад Беларусі — як тое рабілі бальшавікі пасьля грамадзянскай вайны ў Расеі. Палітычных мігрантаў судзяць завочна ў рамках так званага «спэцыяльнага вядзеньня», у іх забіраюць грамадзянства, канфіскуюць маёмасьць, пазбаўляюць выбарчых правоў. Сьледчы камітэт заводзіць крымінальныя справы за «стварэньне квазідзяржаўных структураў». Дзяржаўныя прапагандысты пэрыядычна зьвяртаюцца да дзейнасьці прадстаўнікоў народнай дыпляматыі, спрабуючы запэцкаць іх. Што лішні раз сьведчыць пра іх эфэктыўнасьць і дзеяздольнасьць.
Форум