Сьцісла
- Стратэгічная мэта папярэдняй адміністрацыі Трампа палягала ў тым, каб вывесьці Беларусь з геапалітычнай арбіты Расеі і Кітаю.
- Калі Трамп у выпадку перамогі на выбарах адразу паспрабуе ўрэгуляваць ваенны канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай, лёс Беларусі будзе адным з пунктаў перамоваў наконт гэтага.
- Зусім заплюшчваць вочы на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі новая адміністрацыя Трампа ня будзе.
- Вызваленьне Шклярава пасьля тэлефанаваньня дзяржсакратара Пампэо Лукашэнку было ці ня першым прыкладам посьпеху дыпляматыі ў вызваленьні палітвязьняў пасьля жніўня 2020 году.
- Ціск на Лукашэнку з боку Вашынгтону ў выпадку перамогі на выбарах Трампа можа і ўзмацніцца, але толькі за супрацу з Кітаем.
Няма падставаў казаць, што вяртаньне Дональда Трампа ў Белы дом — падзея непазьбежная. І да выхаду з перадвыбарчай гонкі дзейнага прэзыдэнта Джо Байдэна рэйтынгі кандыдатаў ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыяў былі блізкія. Самыя апошнія апытаньні паказваюць, што гэтыя суадносіны захаваліся і пасьля заявы Байдэна, якая зрабіла найбольш імаверным кандыдатам ад дэмакратаў віцэ-прэзыдэнтку Камалу Гарыс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новае апытаньне ў ЗША паказала невялікую перавагу Гарыс над Трампам у прэзыдэнцкай гонцыАле ў любым выпадку шанцы на тое, што Трамп будзе абраны прэзыдэнтам, вялікія. І варта паразважаць, якой можа быць ягоная палітыка адносна Беларусі. Такія развагі — не зусім гаданьне на гушчы ад кавы: ёсьць досьвед палітыкі, якую праводзіла адміністрацыя Трампа адносна Беларусі ў 2017–2020 гадах.
Якой была палітыка прэзыдэнта Трампа адносна Беларусі?
Няма падставаў наўпрост экстрапаляваць тую палітыку на гіпатэтычную сытуацыю вяртаньня Трампа ў Белы дом. Але некаторыя элемэнты курсу папярэдняга прэзыдэнцтва Трампа могуць захавацца і ў гэтым выпадку.
Калі коратка, то асноўнай мэтай палітыкі адміністрацыі Трампа адносна Беларусі было вывядзеньне краіны з геапалітычных арбітаў Расеі і Кітаю, зьмяншэньне ўплыву на Менск з боку Масквы і Пэкіну.
Менавіта тады дыпляматычны дыялёг ЗША з афіцыйным Менскам адбываўся на самым высокім узроўні за ўсе гады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. У Беларусь у той час прыяжджалі дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан і дзяржсакратар Майк Пампэо. Былі даволі інтэнсіўныя кантакты і на ніжэйшым узроўні: варта прыгадаць візыт у Менск памочніка дзяржсакратара ЗША Ўэса Мітчэла і ягоную заяву: «Нацыянальны сувэрэнітэт такіх краін, як Украіна, Грузія, нават Беларусь — гэта мур супраць расейскага нэаімпэрыялізму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можа Беларусь быць саюзьнікам Расеі і мурам супраць расейскага нэаімпэрыялізмуНават у рыторыцы ні да, ні пасьля амэрыканскія чыноўнікі не фармулявалі так рэзка свайго бачаньня існай і пажаданай геапалітычнай ролі Беларусі. Тады ж, пры прэзыдэнту Трампу, Беларусь упершыню ў сваёй гісторыі купляла ў ЗША нафту, што было прынамсі сымбалем зьмяншэньня і эканамічнай, і палітычнай залежнасьці ад Расеі.
У 2019 годзе Расея дамагалася ад Беларусі падпісаньня «дарожных мапаў» паглыбленай інтэграцыі. Лукашэнка тады адбіваўся ад самых радыкальных варыянтаў гэтых дакумэнтаў, якія прадугледжвалі стварэньне наддзяржаўных органаў і элемэнтаў палітычнай інтэграцыі. Магчыма, гэтыя сюжэты былі абумоўленыя пераважна дынамікай двухбаковых адносінаў. Ня выключана, што ўпартасьць Лукашэнкі была пераважна гульнёй, але ўсё ж варта заўважыць, што гэты супраціў расейскаму ціску, хай сабе і ўяўны, адбываўся менавіта падчас прэзыдэнцтва Трампа, калі Беларусь была абвешчаная «мурам супраць расейскага нэаімпэрыялізму».
Зь іншых важных геапалітычных сюжэтаў беларуска-амэрыканскіх адносінаў прыгадваюцца рэзкія фармулёўкі наконт супрацы Беларусі і Кітаю, якія прагучалі з вуснаў дарадцы прэзыдэнта ЗША Болтана падчас ягонага візыту ў Менск.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынікі візыту Болтана ў Беларусь. Погляд беларускі і польскіПры Трампу ЗША, магчыма, і не былі ў авангардзе барацьбы за правы чалавека ў Беларусі. Але былі прынамсі ў агульным рэчышчы заходняй палітыкі ў гэтым пытаньні. 18 жніўня 2020 году Трамп заявіў, што падзеі ў Беларусі не ствараюць уражаньня, што там шмат дэмакратыі, і падкрэсьліў мірны характар беларускіх пратэстаў. Пры адміністрацыі Трампа былі прынятыя два пакеты санкцыяў (2 кастрычніка і 23 сьнежня 2020 г.) адносна Беларусі за фальсыфікацыю выбараў 2020 году і гвалт супраць пратэстоўцаў. Ужо ў верасьні 2020 году пачаліся першыя кантакты амэрыканскай адміністрацыі са Сьвятланай Ціханоўскай.
Зь іншага боку, у кастрычніку 2020 году адбылася тэлефонная гутарка Аляксандра Лукашэнкі зь дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампэо, вынікам якой стала вызваленьне зь беларускай турмы палітвязьня, амэрыканскага грамадзяніна Віталя Шклярава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША: Майк Пампэо патрабаваў ад Лукашэнкі вызваліць Шклярава2024 год — не 2019-ы і не 2020-ы, з тых часоў сытуацыя ў Беларусі, у рэгіёне, у сьвеце зьмянілася кардынальна. Таму, калі нават Трампа абяруць прэзыдэнтам, ягоная палітыка адносна Беларусі ня будзе аўтаматычным працягам палітыкі 2017–2020 гадоў.
«Пугі» і «пернікі» для Лукашэнкі
Але можна меркаваць, што некаторыя яе структурныя элемэнты захаваюцца. Вельмі імаверна, што захаваецца стратэгічная мэта — вывядзеньне, вырываньне Беларусі з «абдымкаў» Расеі і Кітаю. Рабіцца гэта будзе камбінацыяй «пугаў» і «пернікаў». Сярод «пернікаў» можа быць і зьмякчэньне «пугаў», гэта значыць, санкцыяў.
Зусім заплюшчваць вочы на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі новая адміністрацыя Трампа ня будзе. Гэта супярэчыць амэрыканскай палітычнай культуры, традыцыі, гэтага не было і пры папярэдняй адміністрацыі Трампа.
Досьвед перамоваў прэзыдэнта Трампа наўпрост зь лідэрам КНДР Кім Чэн Ынам паказвае, што пры неабходнасьці ён гатовы размаўляць з самымі жорсткімі дыктатарамі. Уласна, гэта і ёсьць ягоны палітычны стыль — заключэньне зьдзелак. Яны бывалі ў яго ўдалыя, бывалі — ня надта, але капітуляцыямі перад партнэрам яны не былі.
Больш доўгі гістарычны досьвед падказвае, што калі ў Белы дом прыходзіць новая адміністрацыя, то да зьмены палітыкі адносна ня самых важных краінаў сьвету ў Дзярждэпартамэнту і Белага дому «рукі даходзяць» праз год-паўтара. У гэты час збольшага праводзіцца інэрцыйная палітыка — працягваецца папярэдняя лінія. Магчыма, так яно і будзе адносна Беларусі ў выпадку перамогі Трампа на выбарах. Калі не адно «але».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп прыняў намінацыю кандыдата ў прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі і выступіў з праграмнай прамовай. ФОТАБеларусь — мо і ня самая вялікая фігура на сусьветнай «шахматнай дошцы». Але Расея — адна з самых вялікіх. Сам Трамп абяцае ўрэгуляваць ваенны канфлікт паміж РФ і Ўкраінай нават да інаўгурацыі ў студзені 2025 году (прынамсі, абяцае пачаць такое ўрэгуляваньне). Сапраўдны плян, як ён зьбіраецца гэта рабіць, — дагэтуль загадка, і гэта наагул тэма асобнай гутаркі. Як і тое, ці ўдасца Трампу рэалізаваць гэты плян. Але нават спробы спыніць вайну наўпрост закрануць Беларусь, яе лёс будзе на перамовах адным з пунктаў парадку дня.
Беларусь як пункт парадку дня мірных перамоваў
Тэарэтычна ў Масквы можа быць спакуса абмяняць саступкі па Ўкраіне (ува Ўкраіне) на згоду Вашынгтону на паглыбленьне яе ўплыву на Беларусь. Але на гэта наўрад ці пагодзіцца Трамп у сьвятле ягонай ранейшай палітыкі адносна Беларусі.
Мір ці перамір’е, якімі б яны ні былі, могуць прывесьці да аслабленьня сувязяў Менску і Масквы. Зараз Лукашэнка — паплечнік Расеі ў яе вайне з Украінай, «суагрэсар», як ён сам называў сябе з сумесьсю гонару і сарказму. Калі вайны няма, то і матывацыя так ужо дапамагаць саюзьніку зьніжаецца. Таксама робіцца менш сэнсу трымаць расейскую ядзерную зброю ў Беларусі. Прынамсі, лёс гэтай зброі можа быць часткай парадку дня мірных перамоваў.
Словам, нявядомых у гэтым раўнаньні занадта шмат, цяжка нават сказаць, які знак яны будуць мець. Але з даволі высокай ступеньню імавернасьці можна меркаваць, што калі Трампа абяруць прэзыдэнтам і ён паспрабуе рэалізаваць свой плян урэгуляваньня канфлікту, Беларусь будзе ў ім фігураваць, хай і ўскосна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці дапаможа кітайскі балянсір? Роля Паднябеснай у замежнай палітыцы БеларусіЗ часоў візыту ў Беларусь Джона Болтана сувязі Менску і Пэкіну істотна пашырыліся. У эканамічнай сфэры мо і ня надта — «Вялікі камень» перажывае не найлепшыя часы, з прычыны санкцыяў Беларусь цяпер менш прывабны транзытэр кітайскіх тавараў у ЭЗ. А вось у палітычным сэнсе — так, сувязі паглыбіліся, знакам чаго стала ў тым ліку і ўступленьне Беларусі ў ШАС.
Выглядае, што калі Трамп стане прэзыдэнтам, у Вашынгтоне гэтыя сувязі Менску з Пэкінам будуць выклікаць значна большае незадавальненьне, чым пры папярэдняй адміністрацыі Трампа. Зразумела, збліжэньне Беларусі і Кітаю, мякка кажучы, засмучае і адміністрацыю Джо Байдэна. Але больш высокі для яе прыярытэт — беларуска-расейскія адносіны. Гэтыя прыярытэты ў выпадку перамогі Трампа могуць памяняцца, цяпер ягоная каманда разглядае ў якасьці галоўнага, экзыстэнцыйнага суперніка Амэрыкі менавіта Кітай, а не Расею.
І магчыма, што Беларусь для ЗША стане больш цікавай у якасьці «муру супраць кітайскага нэаімпэрыялізму».
Гарачая зацікаўленасьць у дэмакратызацыі Беларусі ў гэты халодны сьвет геапалітычных шахматаў упісваецца ня надта. Хоць некаторыя з варыянтаў разьвіцьця гэтай шахматнай партыі могуць станоўчым пераменам у Беларусі і паспрыяць. Вызваленьне Шклярава ў кастрычніку 2020 году было ці ня першым прыкладам посьпеху дыпляматыі ў вызваленьні палітвязьняў пасьля жніўня таго году.
Прапанаваны аналіз — ланцуг умоўнасьцяў, дрэва варыянтаў разьвіцьця падзеяў. Але пэўны трэнд, грунтуючыся найперш на досьведзе папярэдняй адміністрацыі Трампа, ацаніць можна.
Аналіз варыянтаў амэрыканскай палітыкі адносна Беларусі ў выпадку, калі прэзыдэнтам будзе абраны прадстаўнік ці прадстаўніца Дэмакратычнай партыі, — у бліжэйшы час на нашым сайце.