Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі візыту Болтана ў Беларусь. Погляд беларускі і польскі


Як Амэрыка можа абараніць незалежнасьць Беларусі? Ці могуць ЗША пераканаць Менск скараціць яго супрацу з Пэкінам? На якіх умовах Вашынгтон можа скасаваць санкцыі адносна Беларусі?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітолягі: польская экспэртка ў міжнародных справах Анна Дынэр і сустаршыня экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Дзяніс Мельянцоў.

Сьцісла:

  • Беларусь робіцца ўсё больш важным партнэрам ЗША ва Ўсходняй Эўропе
  • Беларусь не зьяўляцца саюзьнікам ЗША, таму пра гарантыі размова не ідзе
  • Нядаўна іранцы зьбілі амэрыканскі беспілётнік і хадзілі чуткі, што іранцы скарысталіся беларускімі тэхналёгіямі
  • Зараз Кітай разглядаецца Злучанымі Штатамі як большая пагроза, чым Расея
  • Паводле вайсковай дактрыны ЗША, самыя вялікія пагрозы яны бачаць і ў Расеі, і ў Кітаі
  • Магчыма, Болтан прапаноўваў пернікі, каб Менск спыніў канкрэтныя зьдзелкі зь Іранам ці КНР
  • Магчымае скасаваньне эканамічных санкцыяў — гэта пернік, і тут могуць супасьці інтарэсы Вашынгтону і Менску
  • Скасаваньне санкцыяў можа паўплываць на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў 2020 годзе

Дынэр: Ад пачатку было відавочна, што ніякіх канкрэтных рашэньняў падчас візыту прынята ня будзе. Але самае важнае, што адбылося — гэта самы візыт у Менск прадстаўніка ЗША такога высокага рангу, такіх візытаў не было апошнія 25 гадоў.

Ганна Дынэр
Ганна Дынэр

Гэты візыт засьведчыў, што з 2015 году палітыка ЗША адносна Беларусі мяняецца. Беларусь робіцца ўсё больш важным партнэрам ЗША ва Ўсходняй Эўропе.

Мальянцоў: Заявы Болтана наконт незалежнасьці Беларусі — у рэчышчы новага падыходу да Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, якое абвясьціў летась памочнік дзяржсакратара ЗША Уэс Мітчэл. Паводле яго ЗША вяртаюцца ў рэгіён і маюць намер канкураваць з Расеяй у гэтым рэгіёне.

Ён тады сказаў, што незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі зьяўляюцца фарпостам супраць расейскага імпэрыялізму.

Пра гэтае вяртаньне сьведчыць візыт Болтана ва Ўкраіну, Малдову і Беларусь.

Дракахруст: А як ЗША могуць абараніць незалежнасьць Беларусь?

Мельянцоў: Беларусь не зьяўляцца саюзьнікам ЗША, таму пра гарантыі не ідзе размова. Размова ідзе адно пра сымбалічныя жэсты ў бок Беларусі і ў бок Расеі.

У ЗША адзначылі і ацанілі тое, што Лукашэнка адмовіўся ад разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай авіябазы.

Болтан і цень «форту Трампа»

Дракахруст: Прапанова Польшчы аб разьмяшчэньні ў Польшчы «Форта Трампа» і праграма мадэрнізацыі польскага войска выклікаюць пэўную занепакоенасьць у беларускіх уладаў. Ці абмяркоўваліся гэтыя занепакоенасьці падчас візыту Болтана ў Менск?

Дынэр: Я не выкарыстоўваю гэты выраз — «форт Трампа». Бо ніякага форту ня будзе. Будзе толькі дадатковы амэрыканскі вайсковы кантынгэнт у Польшчы.

Што тычыцца мадэрнізацыі польскага войска, то размовы пра гэта ішлі яшчэ з часоў да расейскай анэксіі Крыму. У нас засталося шмат савецкіх узбраеньняў, яго трэба мяняць, патрэбныя вайсковыя сыстэмы, якія могуць стрымліваць расейскі вайсковы патэнцыял у Калінінградзкай вобласьці. Польшчы не хапае зьнішчальнікаў, апошнія 2 гады нашыя зьнішчальнікі Міг-29 не ляталі.

Усё гэта ўключана ў плян мадэрнізацыі польскага войска.

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

Мальянцоў: Місія Болтана была ня ў тым, каб пераконваць у нечым беларускага кіраўніка, а ў тым, каб разьведаць сытуацыю на месцы і паслухаць беларускі бок, як ён ацэньвае рызыкі бясьпекі.

Я мяркую, што размова калі і была, то не ў сувязі з мадэрнізацыяй польскага войска, а ў сувязі са значным павялічэньнем амэрыканскага вайсковага кантынгэнту ў Польшчы. І якім чынам на гэта будзе рэагаваць Расея і як гэта закране Беларусь.

Звужэньне калідору магчымасьцяў для Менску нясе пагрозу сувэрэнітэту.

Нераспаўсюд зброі: загадка парадку дня перамоваў Болтан-Лукашэнка

Дракахруст: Болтан некалькі разоў падчас візыту ў размовах з журналістамі назваў дзьве галоўныя тэмы перамоваў у Менску — правы чалавека і нераспаўсюд зброі. Другая тэма — што гэта азначае? Апошнім часам прэтэнзіі да Беларусі на гэты конт неяк не фігуравалі ў палітычным дыскурсе.

Напачатку нулявых былі публікацыі пра продаж беларускай зброі розным сумнеўным рэжымам. Але гэта было даўно.

Дынэр: Беларусь пачала супрацоўнічаць з ЗША і ў сфэры нераспаўсюду зброі, і ў сфэры барацьбы з тэрарызмам. Гэта важна і для краінаў ЭЗ, для Польшчы, якая мае мяжу з Беларусьсю. Важна каб нелегальная зброя не распаўсюджвалася, каб яе не маглі выкарыстаць групоўкі кшталту «Ісламскай дзяржавы».

Мельянцоў: Я думаю інакш, чым Анна. Калі б Болтан меў на ўвазе распаўсюд лёгкай стралковай зброі, гэта называецца trafficking, і гэта тэма ніжэй узроўню Болтана. А ён казаў пра nonproliferation, гэта нераспаўсюд больш сур’ёзнай зброі.

Тут прыгадваюцца падазрэньні наконт супрацы Беларусі зь Іранам у вайскова-тэхнічнай сфэры. Пра гэта напісаў напярэдадні візыту Болтана Сяргей Богдан. ЗША ў іх супрацьстаяньні зь Іранам хацелі б адсекчы любой супрацоўніцтва зь Іранам краінаў, якія маюць досыць прасунутыя вайсковыя тэхналёгіі.

Нядаўна іранцы зьбілі амэрыканскі беспілётнік. І хадзілі чуткі, што іранцы скарысталіся беларускімі тэхналёгіямі. З боку Беларусі гэта не было парушэньнем міжнароднага права. Але ЗША хацелі б забясьпечыць свае інтарэсы ў сфэры бясьпекі.

А магчыма гаворка ішла пра вайскова-тэхналягічную супрацу Беларусі зь Кітаем.

Дынэр: Я б дадала яшчэ і КНДР. Хадзілі чуткі, што Беларусь прадала празь Кітай у КНДР тэхналёгіі колавых цягачоў і яшчэ некаторыя тэхналёгіі.

«Кітайскае папярэджаньне» Болтана

Дракахруст: Многія зьвярнулі ўвагу на раздражнёныя словы Джона Болтана наконт офісу Huawei у Менску і наагул пра небясьпечную экспансію Кітаю. Можа быць галоўны сэнс пасланьня Болтана Менску быў — трымайцеся падалей ад Кітаю, а тое вам кепска будзе?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Мельянцоў: Зараз сапраўды гарачая фаза канфрантацыі паміж ЗША і КНР. На шляху ад аэрапорту ў Менск шмат кітайскіх шыльдаў, што, відаць, перапоўніла чашу цярпеньня Болтана. Тут таксама той жа матыў — ЗША хацелі б адсекчы кантакты зь Кітаем любых краінаў, якія валодаюць даволі высокімі вайсковымі тэхналёгіямі.

Зараз Кітай разглядаецца Злучанымі Штатамі як большая пагроза, чым Расея.

Дынэр: З пункту гледжаньня эканомікі сапраўды зараз моцнае напружаньне ў адносінах паміж ЗША і КНР, прычым, канфлікт пачаўся як раз з Huawei. Можа таму шыльда гэтай кампаніі ў Менску выклікала такое раздражненьне Болтана.

Паводле вайсковай дактрыны ЗША самыя вялікія пагрозы яны бачаць і ў Расеі, і ў Кітаі.

Калі б Менску давялося выбіраць паміж Вашынгтонам і Пэкінам, ён выбраў бы Пэкін.

Мельянцоў: ЗША няшмат могуць прапанаваць Беларусі. Яны могуць паспрабаваць перакупіць Беларусь, але беларускі прэзыдэнт выдатна ўмее гандлявацца. Таму кошт для ЗША будзе занадта вялікі.

Магчыма, Болтан вёў размовы пра канкрэтныя зьдзелкі Беларусі зь Іранам ці Кітаем, прапаноўваючы пернікі для іх спыненьня.

Лёс санкцыяў

Дракахруст: Пасьля завяршэньня перамоваў Болтан заявіў, што бакі пачнуць перамовы аб зьмене фармату санкцыяў. На якіх умовах яны маглі б быць скасаваныя?

Мельянцоў: Перамовы пра зьмену фармату санкцыяў ідуць даўно. Тут варта прыгадаць «Акт аб дэмакратыі для Беларусі», прыняты кангрэсам ЗША, які абмяжоўвае ўдзел Беларусі шмат у якіх праектах. Адміністрацыя прэзыдэнта ня можа так проста адмовіцца ад гэтага рашэньня кангрэсу.

Гаворка хутчэй за ўсё ідзе пра санкцыі супраць прадпрыемстваў. Яны сапраўды зараз замарожаныя, але там дзейнічае адмысловая працэдура, кожная зьдзелка з Беларусьсю павінная праходзіць ліцэнзаваньне. Натуральна, гэта перашкаджае бізнэсу.

Магчымае скасаваньне эканамічных санкцыяў — гэта пернік. Не агромністы, але пернік. І тут могуць супасьці інтарэсы Вашынгтону і Менску.

Дынэр: Мне здаецца, што інфармацыя аб перамовах наконт зьмены фармату санкцыяў — гэта добры піяр для Менску. У спалучэньні з пэрспэктывай вяртаньня паслоў гэта стварае вобраз, што Менск і Вашынгтон маюць нармальныя адносіны. Гэтак жа яно было з ЭЗ, калі санкцыі былі скасаваныя. Гэта можа зрабіць пэўны ўплыў на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў наступным годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG