Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа Беларусь быць саюзьнікам Расеі і мурам супраць расейскага нэаімпэрыялізму


Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і памочнік дзяржсакратара ЗША Ўэс Мітчэл,31 кастрычніка 2018
Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і памочнік дзяржсакратара ЗША Ўэс Мітчэл,31 кастрычніка 2018

Якія вынікі пасяджэньня Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, якое прайшло ў Менску? Ці магчыма рэалізаваць мірны плян Лукашэнкі для Ўкраіны? Ці наступіць новы этап у адносінах паміж Беларусьсю і Злучанымі Штатамі?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць кіраўнік варшаўскага Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў, галоўная рэдактарка інтэрнэт-выданьня «Наше мнение» Валерыя Касьцюгова і палітычны аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: Якія вынікі пасяджэньня Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы (МКБ), якая адбылася на гэтым тыдні ў Менску? Калі параўнаць гэтае пасяджэньне з форумам «Менскі дыялёг», які адбыўся сёлета ў Менску – на чыю карысьць параўнаньне? Пасяджэньне – крок на шляху далейшага ўмацаваньня пазыцыяў афіцыйнага Менску?

Валерыя Касьцюгова
Валерыя Касьцюгова

Касьцюгова: Гэта не канкуруючыя форумы. Але можна казаць, што гэта чарговы крок на шляху ўмацаваньня пазыцыяў афіцыйнага Менску ў спробе стварыць дадатковы капітал, даючы пляцоўку для перамоваў пра бясьпеку.
Гэта было б немагчыма, калі б міжнародныя партнэры Беларусі не лічылі, што размова пра бясьпеку неабходная. І паводле Вольфганга Ішынгера, галоўнага арганізатара Мюнхэнскай канфэрэнцыі, і паводле водгукаў, якія прагучалі пасьля «Менскага дыялёгу», сапраўды не хапае месцаў, дзе можна было размаўляць на гэтыя тэмы, асабліва такіх, дзе можна было б размаўляць на гэтыя тэмы з расейцамі. Хаця б з расейскімі вайсковымі экспэртамі. А ў гэтым ёсьць пільная патрэба, бо напружанасьць у рэгіёне ўзмацнілася. А дыялёгу няма.

Дракахруст: Падчас «Менскага дыялёгу» выказваліся папрокі, што на яго не былі запрошаныя крытыкі беларускай улады. А на Асноўную групу МКБ яны былі запрошаныя?

Вусаў: Наколькі я ведаю, яскравых крытыкаў беларускай улады на пасяджэньні Асноўнай групы МКБ не было. Былі тыя ж аналітыкі, якія былі і на форуме «Менскі дыялёг».

На мой погляд, пляцовак, дзе абмяркоўваюцца пытаньні бясьпекі ў рэгіёне, даволі шмат. Розных форумаў па бясьпецы робіцца ўсё больш, а бясьпекі – усё менш.

І нягледзячы на высілкі Менску па арганізацыі гэтых форумаў, сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі вельмі кепскай. Варта нагадаць, што неўзабаве пасьля «Менскага дыялёгу» пачалася «справа Белта» з арыштамі і ператрусамі ў рэдакцыя вядучых беларускіх мэдыя.

Вяртаючыся да пасяджэньня Асноўнай групы МКБ, варта сказаць, што яго мэтай была сустрэча асноўных стэйхолдэраў, а не пляцоўкай для выказваньняў апазыцыі. Да таго ж хоць арганізатарам пасяджэньня Асноўнай групы МКБ быў нямецкі фонд МКБ. але месцам правядзеньня быў Менск. Напэўна афіцыйны Менск і вызначаў, каму быць, а каму ня быць на гэтым пасяджэньні.

Калі ў Польшчы будзе разьмешчаны «Форт Трампа», то Расея, хутчэй за ўсё, на гэта адкажа. І Беларусь будзе пляцоўкай не для дыялёгу, а для расейскай экспансіі.

Цыганкоў: Нагадаю, што пасяджэньне Асноўнай групы МКБ у Менску рыхтавалася прынамсі год. Зь іншага боку, многія экспэрты ў апошнія мпесяцы ўсё часьцей выказвалі думку, што Менск саступае пад ціскам Масквы, як казаў Павал Вусаў у інтэрвію РС, Беларусь страчвае свой стратэгічны сувэрэнітэт.

І Менск вырашыў выкарыстаць гэтае выяздное пасяджэньне МКБ напоўніцу, каб заявіць, што «другое крыло» беларускай зьнешняй палітыцы не забытае, і на крок на Ўсход робіцца крок на Захад.
Вельмі паказальным было запрашэньне Хашыма Тачы, прэзыдэнта Косава, незалежнасьць якога Менск не прызнае.

Мірны плян Лукашэнкі для Ўкраіны: сьвятло ў канцы танэлю ці бязьлітасны самапіяр

Дракахруст: У сваёй прамове на пасяджэньні Асноўнай групы МКБ Аляксандар Лукашэнка агучыў свой мірны плян для Ўкраіны. Ці можа быць ён рэалізаваны, ці пагодзяцца на яго Ўкраіна і Расея? А можа мэтай яго абвяшчэньня і не была яго рэалізацыя?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Так, у мяне ўражаньне, плян быў агучаны не для таго, каб ён быў рэалізаваны. Лукашэнка ў свой час убачыў, як шмат дывідэндаў прынёс яму менскі працэс, калі кіраўнікі Нямеччыны, Расеі, Францыі і Ўкраіны прыехалі ў Менск. Гэта дагэтуль прыгадваецца як ці не галоўнае дасягненьне беларускай дыпляматыі.

І ён працягвае пэдаляваць гэтую міратворчую тэму. Але вырашаць гэта будзе далёка не Беларусь. Максымум, які ўнёсак можа зрабіць Беларусь – гэта быць перамоўнай пляцоўкай. Лукашэнка за гэты максымум трымаецца, бо ўвесь час ідуць размовы пра перанос перамоўнай пляцоўкі з Беларусі ў іншае месца – ад Казахстану да Швэйцарыі.

Вусаў: Зразумела, што Масква павінная была адрэагаваць на гэтыя прапановы. Яна – удзельніца менскага працэсу і непасрэдны ўдзельнік канфлікту.

Гэтая міратворчая рыторыка Лукашэнкі скіраваная выключна на заходнюю аўдыторыю. І толькі на гэтых форумах, дзе прадстаўлены бамонд эўрапейскай палітыкі, гучаць словы, што Беларусь гатовая быць донарам бясьпекі і пасылаць міратворцаў. Ніколі падчас сустрэчаў з расейскімі партнэрамі Лукашэнка не агучваў такіх прапановаў. Ён добра разумее, што гэтыя «прысмакі», якія ён прадае Захаду, у Маскве ніхто ня будзе купляць.

А на Захадзе гэтая рыторыка ўспрымаецца вельмі пазытыўна, як доказ таго, што Беларусь праводзіць досыць незалежную палітыку.

Касьцюгова: Я не згадзілася б з калегамі ў іх нізкай ацэнцы разумовых здольнасьцяў заходніх палітыкаў. Яны маюць дастаткова сур'ёзныя падставы, каб успрымаць магчымасьці Менску па правядзеньні адносна незалежнай зьнешняй палітыкі як цалкам дастатковыя, каб з гэтым лічыцца.

Што тычыцца мірнага пляну па Ўкраіне. Зразумела, што ён, як гаспадар гэтага пасяджэньня, мусіў выступіць зь нейкімі прапановамі.

На мой погляд, шмат у чым гэтыя прапановы адрасаваныя і Маскве. Не ў тым сэнсе, што беларускія войскі неяк будуць кантраляваць ўкраіна-расейскую мяжу ці Данбас. У Масквы ёсьць пытаньне, а ці можа Беларусь кантраляваць уласныя межы. Увесь час ідуць намёкі, што можа Беларусь з гэтым не спраўляецца, можа ёй трэба дапамагчы.

Прапановы Лукашэнкі мусяць прадэманстраваць Маскве, што Беларусь ня толькі цалкам кантралюе свае межы, але можа і іншым дапамагчы.

Беларусь-ЗША: ці будзе новы этап у адносінах?

Дракахруст: Таксама на гэтым тыдні адбылася сустрэча прэзыдэнта Лукашэнкі з памочнікам дзяржсакратара ЗША Уэсам Мітчэлам. «Калі мы з вамі прасунемся ў нашых адносінах, я вам абяцаю, што беларусы ў вас будуць самымі надзейнымі, сумленнымі і шчырымі партнэрамі. Прынамсі, калі мы дамовімся, і ў Беларусі нешта вам паабяцаем, нават на шкоду сабе мы гэта выканаем» – сказаў Лукашэнка Мітчэлу.

«Мы выдатна разумеем той посьпех, якога вы дамагліся ў справе забесьпячэньня стабільнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці. У першую чаргу палітычнай стабільнасьці ў Беларусі» – заявіў амэрыканскі дыплямат. Варта прыгадаць, што пэўны час таму менавіта Ўэс Мітчэл заявіў: «нацыянальны сувэрэнітэт такіх краін, як Украіна, Грузія, нават Беларусь – гэта мур супраць расейскага нэаімпэрыялізму».

Гэтая заява, яго візыт у Менск, тое, што ён і Лукашэнка казалі адзін аднаму – ці азначае гэта, што ў двухбаковых адносінах пачынаецца новы этап? І калі так, то чым будзе характарызавацца гэты этап?

Касьцюгава: На мой погляд, яшчэ рана казаць пра новы этап. Менск прэтэндуе на тое, каб быць субʼектам рэгіянальнай палітыкі, устрымліваючыся ад умяшаньня ад канфлікт ва Ўкраіне і даючы пляцоўку для перамоваў па Ўкраіне. У той жа час Польшча, Украіна, Літва зацікаўленыя ў адваротным. У сваім стратэгічным партнэрстве з ЗША і NATO яны хацелі б, каб Менск не ўлічваўся, як субʼект, а лічыўся, як цалкам расейская тэрыторыя.
Тут дыскусія будзе доўгай. Але гледзячы па словах амэрыканскага госьця Амэрыка лічыць, што інвэстыцыі ў сувэрэнітэт Беларусі апраўданыя.

Павал Вусаў
Павал Вусаў

Вусаў: Словы амэрыканскага дыплямата – хутчэй даніна дыпляматычнай ветлівасьці. Лукашэнка тое самае неаднойчы казаў і Парашэнку, і Пуціну – што Беларусь выканае ўсё, пра што дамовіцца зь імі, нават на шкоду сабе. Гэта яго звычайны падыход – падтрымліваць імідж «душэўнага чалавека», як назваў яго ў свой час маршалак Сэйму Польшчы Карчэўскі.

Ён гуляе ролю моцнага, самастойнага палітыка. На жаль, шмат хто з эўрапейскіх і амэрыканскіх палітыкаў купляюцца на гэтую карцінку.

Але мы ж ведаем, што за гэтымі словамі ніколі ня будзе ніякай палітыкі. І ня толькі па выкананьні інтарэсаў ЗША, але і па ўмацаваньні беларускага сувэрэнітэту.

Ну пра якую незалежнасьць можна казаць, калі Беларусь знаходзіцца ў саюзе з Расеяй, калі на нашай тэрыторыі праводзяцца маштабныя вучэньні з удзелам расейскіх войскаў, калі на нашай тэрыторыі адбываецца Сынод РПЦ, які разрывае стасункі з Канстантынопальскім патрыярхатам.

Дракахруст: Вы думаеце, што спадар Мітчэл пра гэта ня ведае?

Вусаў: Я ня ведаю, што ён ведае. Яго візыт – магчыма, зандаж, магчыма, праява дыпляматычнай ветлівасьці і ня больш за тое. Амэрыканскія палітыкі павінныя разумець, што Беларусь не зьяўляецца самастойным субʼектам зьнешняй палітыкі, не зьяўляецца ніякім мурам ад расейскага нэаімпэрыялізму.

Цыганкоў: У сёньняшнім сьвеце паняцьце сувэрэнітэту мяняе свой сэнс. Абсалютным сувэрэнітэтам сёньня валодаюць хіба толькі ЗША.

Я хачу заўважыць, што на пасяджэньні Асноўнай групы МКБ Лукашэнка кпіў над эўрапейскімі палітыкамі. Але не на адрас амэрыканскіх палітыкаў.

Дракахруст: Лукашэнка назваў Трампа «маладым палітыкам». Гэта таксама прынамсі падколка.

Цыганкоў: Ну, гэта можна разглядаць як камплімэнт. Пра амэрыканскую ўнутраную палітыку Лукашэнка не выказваўся так зьдзекліва, як пра эўрапейскую палітыку.

Што тычыцца выказваньняў Уэса Мітчэла, то яны былі зробленыя авансам.

Напэўна,вы, Юры, не пагадзіцеся, але мне бліжэй пазыцыя Паўла. Калі спадар Мітчэл кажа, што Беларусь – фарпост супраць расейскага імпэрыялізму, то гэта хутчэй заяўка на тое, як гэта хацелася б бачыць Злучаным Штатам, а не канстатацыя, што гэта так і ёсьць.

Экспэрты ў апошнія гады фіксуюць зьмену стаўленьня Захаду да афіцыйнага Менску. Гэта не падабаецца апазыцыі і беларускім праваабаронцам, але пытаньні сувэрэнітэту Беларусі Захад зараз лічыць галоўным. А не пытаньні правоў чалавека і дэмакратычных пераменаў і тым больш не пытаньне зьмены ўлады ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG