Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША паведаміў RFE/RL 24 кастрычніка, што Майк Пампэо патрабаваў вызваліць беларуска-амэрыканскага паліттэхноляга, затрыманьне якога ЗША назвалі «незаконным».
«Дзяржсакратар заклікаў да поўнага вызваленьня і неадкладнага выезду зь Беларусі незаконна затрыманага грамадзяніна ЗША Віталя Шклярава і пацьвердзіў падтрымку ЗША дэмакратычных памкненьняў народу Беларусі», — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту.
Дзяржаўныя СМІ Беларусі паведамлялі пра размову ў іншым ракурсе.
Хто такі Віталь Шкляраў
Палітвязень Віталь Шкляраў, палітычны аналітык з Вашынгтону з падвойным грамадзянствам — Беларусі і ЗША — быў арыштаваны ў канцы ліпеня ў Гомлі, дзе адведваў пажылых бацькоў. Яму закідаюць рыхтаваньне да парушэньня грамадзкага парадку. За кратамі ён перахварэў на каранавірус.
Шкляраву 44 гады. Як ён сам сябе пазыцыянаваў — «амэрыканскі, нямецкі і расейскі палітычны кансультант, паліттэхноляг, дарадца выбарчых кампаніяў Барака Абамы, Бэрні Сандэрса, Ангелы Мэркель, Ксеніі Сабчак». Жонка Шклярава — грамадзянка ЗША, дыплямат, працуе ў амбасадзе ЗША ў Кіеве.
Ён браў удзел у сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітвязьнямі ў СІЗА КДБ 10 кастрычніка. 19 кастрычніка яго перавялі з-пад варты на хатні арышт. 20 кастрычніка зьмянілі меру стрыманьня на падпіску пра нявыезд.
ЗША актыўна дамагаліся ад уладаў Беларусі вызваленьня Віталя Шклярава.