Суразмоўца Ганны Соўсь — намесьнік прадстаўніцы ў сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў пытаньнях аховы здароўя, доктар Станіслаў Салавей.
Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— Станіслаў, амаль чатыры месяцы, як вы ў Аб’яднаным кабінэце. Напачатку заяўлялася, што асноўная задача, якая перад вамі стаіць, — распрацоўваць праект рэформаў аховы здароўя пераходнага пэрыяду, а таксама абараняць правы беларускіх мэдыкаў у замежжы. Што атрымалася зрабіць, распачаць, ініцыяваць за гэты невялікі тэрмін?
— Ёсьць публічная і непублічная частка працы. З таго, што можна сказаць, плянуецца ў верасьні круглы стол па пытаньнях, куды рухацца з пункту гледжаньня аварыйных рэформаў сыстэмы аховы здароўя. На жаль, гэта галіна, якая ня можа быць пастаўленая на паўзу. Неабходныя дзеяньні павінны былі быць зробленыя яшчэ ўчора. На жаль, частка рашэньняў могуць быць непапулярныя. І тут трэба знайсьці вельмі тонкую мяжу паміж мэдычнымі работнікамі, паміж магчымасьцямі (прапанова павысіць заробкі дактарам у 25 разоў нерэалістычная) і пацыентамі. Калі мы робім рэформы дзеля таго, каб значна аблегчыць жыцьцё мэдычным работнікам, гэта будзе адбівацца на пацыентах. На гэтым мерапрыемстве мы хочам не распрацаваць канкрэтны плян, а разумець, куды рухацца ў першыя ўмоўныя 100 дзён, паўгода пераходнага пэрыяду. Каб не спыніць мэдычную дапамогу і каб запаволіць працэсы, якія ёсьць цяпер.
Трэба разумець, што крушэньне дыктатарскага рэжыму ня роўна «заўтра ўсё добра». На жаль, на кароткай дыстанцыі гэта можа справакаваць яшчэ большы адток мэдычных работнікаў, як бы гэта ні гучала парадаксальна. Цяпер улады вельмі актыўна яго стрымліваюць незаконнымі мэтадамі — не выдаюць неабходныя для камфортнага пераезду ў іншую краіну паперы, выпіскі, павялічваюць тэрміны разьмеркаваньня. Адпаведна, у пераходным пэрыядзе мы ня можам пакідаць падыход «не да законаў», што аблегчыць ад’езд тых мэдыкаў, якія рыхтуюцца. Ня будзе фактараў стрымліваньня, і на кароткую дыстанцыю гэта можа павялічыць адток мэдыкаў. Мы да гэтага павінны быць гатовыя, Але мы ня можам дзейнічаць тымі ж мэтадамі — не выдаваць паперы, прывязваць да працы астранамічнымі штрафамі.
— Я б хацела зараз пагаварыць пра палітзьняволеных мэдыкаў. Днямі стала вядома, што сківічнага хірурга Андруся Любецкага перавялі з бабруйскай калёніі ў жодзінскую турму. Яго затрымалі ў траўні 2021-га і асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня. Ягор Марціновіч, былы палітвязень, сядзеў разам зь Любецкім і напісаў з нагоды пераводу доктара на турэмны рэжым, што да Любецкага ў калёніі было больш-менш нармальнае стаўленьне, бо нават турэмнікам патрэбныя парады прафэсійнага мэдыка. Што вам вядома пра ўмовы, у якіх знаходзяцца за кратамі вашы зьняволеныя калегі, ці можа іх прафэсія крыху палепшыць ім умовы за кратамі?
— Паўсюль існуе невялікая лятарэя. Мы можам разьлічваць на тое, што да мэдычнага работніка заўсёды праяўляецца крыху больш павагі з боку іншых людзей. Мы павінны дакладна разумець, у чыіх турмах яны знаходзяцца. Калі ў кіраўніцтва турмы будзе загад ціснуць на палітвязьняў, каб зламаць, выбіць «пакаяньне», удзел у прапагандысцкіх шоў, яны будуць гэта рабіць, нягледзячы на іх асабістае стаўленьне да гэтага чалавека.
Безумоўна, уявіць сытуацыю, што адзін з найлепшых дактароў краіны сядзіць у турме па надуманым абвінавачаньні, — ужо прыкмета максымальнай ненармальнасьці. Мы ведаем, што яго прыцягваюць да вельмі цяжкай фізычнай працы. Рукі хірурга — занадта каштоўны інструмэнт, каб адпраўляць яго на такую вытворчасьць. Калі мэдык некалькі гадоў нічога не чытае, ён ужо адстае. Па сутнасьці, нават калі ўсё скончыцца і Андрэй выйдзе на волю, улады ўжо забілі ў ім вельмі моцнага спэцыяліста. Яму спатрэбіцца вельмі шмат часу на аднаўленьне свайго здароўя, сваіх навыкаў. Гэта злачынства супраць усіх грамадзянаў Беларусі, паколькі тое, што можа рабіць спэцыяліст такога ўзроўню... Незаменныя ёсьць. Андрэй Любецкі — адзін зь іх.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.