У Бабруйску 26 чэрвеня разгледзелі справу аб замене Андрэю Любецкаму рэжыму ўтрыманьня на турэмны, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Па выніках разгляду справы судзьдзя Павал Карцінін пастанавіў перавесьці палітвязьня ў турму да канца тэрміну.
Сківічны хірург Андрэй Любецкі 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай лякарні № 4 у Менску. Быў валянтэрам каля ізалятара на Акрэсьціна. Мае чатырох дзяцей. Жонка Андрэя Натальля Любецкая была вымушаная разам зь дзецьмі зьехаць з краіны: у «расьсьледаваньні» прапагандыстаў БТ яе абвінавацілі ў перадачы падстаўных «сакрэтных дакумэнтаў» экс-алмазаўцу Ігару Макару.
Андрэя Любецкага затрымалі 4 траўня 2021 году. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх),
- арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады),
- арт. 368 (Абраза Лукашэнкі),
- арт. 130 (Распальваньне варожасьці ці варажнечы).
У красавіку 2022 году судзьдзя Сьвятлана Чарапанава прысудзіла Андрэю Любецкаму пяць гадоў калёніі.
Тэрмін ён адбываў у бабруйскай калёніі № 2.
Форум