Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыватную мэдыцыну хочуць зрабіць філіялам дзяржаўнай». Дактары пра ідэю зраўняць цэны ў мэдцэнтрах


Архіўны фотакаляж. Нрыватныя мэдычныя цэнтры «ЛОДЭ» і «Нардзінм».
Архіўны фотакаляж. Нрыватныя мэдычныя цэнтры «ЛОДЭ» і «Нардзінм».

Міністра аховы здароўя Хаджаева засмучаюць занадта высокія цэны ў прыватных мэдычных цэнтрах. Ён хоча іх зраўнаць зь дзяржаўнымі на заканадаўчым узроўні.

Аляксандар Хаджаеў, міністар аховы здароўя Беларусі, выказаўся пра цэны ў прыватных мэдычных цэнтрах.

«Стаіць задача вырашыць праблему з разьбежкай цаны па ўсіх кампанэнтах дапамогі, якая аказваецца: пачынаючы ад стаматалёгіі і заканчваючы УГД і іншымі маніпуляцыямі. Нават па тых жа кансультацыях. Цана кансультацыі спэцыялістаў у арганізацыях аховы здароўя можа пачынацца ад 15 рублёў. Але чамусьці ў прыватных кампаніях яна пачынаецца ад 50 рублёў», — сказаў міністар.

І прапанаваў зрабіць цэны роўнымі і прапісаць гэта ў законе. Аналізуем, да чаго гэта можа прывесьці.

Як розьняцца цэны

Па змоўчаньні беларуская мэдыцына бясплатная для грамадзян Беларусі, але ў кожнай дзяржаўнай паліклініцы, лякарні ці мэдцэнтры ёсьць магчымасьць атрымаць і платныя паслугі, часта бяз чэргаў.

Напрыклад, кансультацыя лекара каштуе ад 11 да 20 рублёў у залежнасьці ад катэгорыі лекара і паліклінікі.

У прыватных цэнтрах пачатковая кансультацыя лекара будзе каштаваць ад 20 да 70 рублёў у залежнасьці ад спэцыяліста і цэнтру. Сярэдні кошт — каля 40 рублёў.

Ультрагукавое дасьледаваньне шчытападобнай залозы ў дзяржаўнай паліклініцы будзе каштаваць 14 рублёў, у прыватнай — 34 рублі.

Дыягностыка вачэй у дзяржаўным цэнтры будзе каштаваць у раёне 12–20 рублёў, у прыватным — ад 45 рублёў.

Гігіена зубоў, то бок выдаленьне налёту, у дзяржаўнай клініцы будзе каштаваць ад 100 рублёў.

Тое самае ў прыватным стаматалягічным цэнтры — ад 160 рублёў.

«У дзяржаўнай установе лекару плацяць за час, у прыватнай — за зробленую працу»

Свабода пагаварыла зь лекарам, які яшчэ нядаўна працаваў у прыватным мэдычным цэнтры ў Беларусі. Спэцыяліст мяркуе, што прыватныя цэнтры захаваюцца, нават калі цэны там дзяржава зьнізіць прымусова. Аднак шэраг паслуг можа зьнікнуць.

«Каб прыватнаму цэнтру атрымаць кліентаў, трэба прапаноўваць нешта апроч стандартнай паслугі: камфортнасьць, ветлівы рэцэпшн, адзіночная палата з тэлевізіяй. Усё гэта каштуе грошай. Глябальна, калі ўсё зраўнаць, то ніякай розьніцы паміж паслугамі ў дзяржаўным і прыватным цэнтры проста ня будзе. Прыватныя, верагодна, нават пасьля такіх зьменаў будуць існаваць. Бо яны могуць выйграць за кошт графіку працы. Дзяржаўная клініка працуе толькі ў працоўныя дні. А прыватныя — не», — прыводзіць прыклад лекар.

Ён кажа, што ў дзяржаўных і прыватных цэнтрах розьніцца і падыход да аплаты працы.

«У дзяржаўных установах лекарам плацяць за час, праведзены на працы, а ў прыватных — за зробленае. Колькасьць невялікіх прыватных цэнтраў можа скараціцца пасьля такіх зьменаў. Ёсьць вялікая розьніца і ў матэрыялах. Напрыклад, вы ідзяце лячыць зубы. Прыватны цэнтар можа прапанаваць выбар матэрыялу: ад беларускага і расейскага — да швайцарскага, францускага. Чалавек можа выбраць. Калі кошт паслугі будзе такі самы, як у дзяржаўнай, такога выбару ўжо ня будзе», — кажа лекар.

Адрозьніваецца і заробак лекараў у дзяржаўных і прыватных цэнтрах. Наш суразмоўца кажа, што ў прыватнай установе можна зарабіць да 5000 рублёў. Аднак і ў дзяржаўнай установе заробак лекара, які аказвае платныя паслугі, таксама можа быць высокі. Гэта залежыць ад адміністрацыі.

«Ёсьць дэфіцыт мэдычных кадраў. У прыватным цэнтры доктар можа мець да 5000 рублёў. У дзяржаўнай лякарні гэта нерэальна, нават калі браць 2–3 стаўкі. Чалавек шукае, дзе лепш. У большасьці дзяржаўных клінік за платныя паслугі лекару дастаецца вельмі мала. Аднак глябальна дзяржаўная сыстэма дапускае магчымасьць адэкватнай аплаты, і ў некаторых клініках так і адбываецца. Гэта залежыць ад адміністрацыі клінікі», — тлумачыць лекар.

Ён таксама мяркуе, што ўсе паслугі, якія робяць прыватныя клінікі, перакінуць на дзяржаўныя не атрымаецца. Ад гэтага пацярпяць людзі, якія лекуюцца бясплатна.

Да таго ж у прыватных цэнтрах іншыя выдаткі. За свае сродкі трэба ня толькі закупляць апаратуру, але і займацца ўтылізацыяй.

«Банальна шпрыц пасьля маніпуляцыі трэба ўтылізаваць, яго нельга выкідаць у агульную сьметніцу. Сыстэма дзяржаўнай утылізацыі мае вялікі паток і працуе за дзяржаўныя грошы. Прыватнаму цэнтру трэба заплаціць за ўтылізацыю, і часта гэта нашмат болей каштуе», — кажа мэдык.

«У прыватным цэнтры чалавек абірае сабе лекара»

Прафсаюзны актывіст, лекар Станіслаў Салавей расказвае, што ў прыватным цэнтры чалавек мае магчымасьць абраць сабе лекара. У дзяржаўных установах такой магчымасьці няма.

«Прыватныя цэнтры мусяць завабіць да сябе дасьведчанага лекара, і пасьля чалавек абірае сабе гэтага лекара. Дыплёмы ва ўсіх аднолькавыя, але колькі спэцыяліст траціць, каб чытаць асобныя публікацыі, трэніраваць свае мануальныя навыкі. Задума агулам платнага цэнтру — што чалавек ходзіць да лекара, якому давярае, які яму падабаецца. Калі цэны зраўнаць, гэта будзе проста нерэнтабэльны бізнэс», — мяркуе Станіслаў Салавей.

Чаму дзяржава наступае на прыватныя клінікі

У 2022 годзе сілавікі прыйшлі зь ператрусам у прыватны цэнтар «Нардзін», затрымлівалі заснавальніка цэнтру доктара Сайкова. Цяпер установа працуе. У ліпені мінулага году Мінздароўя адабрала ліцэнзію ў мэдычнага цэнтру «Новы зрок».

На думку Станіслава Салаўя, такім чынам дзяржава помсьціць прыватным цэнтрам за пазыцыю ў 2020 годзе, а таксама дбае, каб звольненыя за палітыку лекары не змаглі знайсьці сябе працу.

«Гэта звычайны рэкет таксама, каб можна было з кагосьці спагнаць грошы. Цяпер наезд зьвязаны з дэфіцытам кадраў, таксама з дэфіцытам паслуг. Задума — зрабіць прыватныя цэнтры філіялам дзяржаўных клінік, каб яны выконвалі тыя паслугі, якія немагчыма атрымаць у дзяржаўных, за тыя ж грошы. Можа, на іх месцы хочуць адкрыць свае, дзяржаўныя ўстановы», — кажа лекар.

Сваю тэхніку прыватныя цэнтры ня могуць лёгка прадаць, бо яна сэртыфікуецца. А выкупіць яе змогуць дзяржаўныя ўстановы.

  • На сёньня ў Беларусі не хапае 6529 лекараў, столькі вакансій ёсьць у агульнарэспубліканскай базе вакансій ад Міністэрства працы і сацабароны. Вакансіі прыватных цэнтраў сярод гэтай колькасьці — адзінкавыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG