Навошта Лукашэнка правёў «разгромную нараду» па мэдыцыне? Што з дактарамі наваполацкага шпіталя, куды прывозілі палітвязьня Віктара Бабарыку? Як Лукашэнка ставіцца да мэдыкаў? Які маштаб ад’езду дактароў зь Беларусі колькасна і якасна? Адказвае прадстаўнік незалежнага прафсаюзу беларускіх мэдыкаў «Панацэя», гінэколяг і доктар ультрагукавой дыягностыкі Станіслаў Салавей, якія цяпер жыве і працуе ў Адэсе.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты размовы
«Паглядзіце на ягоны ўзрост»
— Нагодай для размовы стала разгромная нарада па пытаньнях мэдыцыны, якую правёў Аляксандар Лукашэнка 23 траўня. На ёй ён крытыкаваў сытуацыю ў мэдычных установах, рэгіёнах, сыстэму перападрыхтоўкі кадраў, праблемы зь лекамі. Гэтая нарада плянавалася даўно, некалькі разоў пераносілася праз стан здароўя Лукашэнкі. Як вы мяркуеце, якая была яе сапраўдная мэта?
— Знайсьці таго, на каго павесяць развал сыстэмы аховы здароўя, пакараць за тое, што не хапае дактароў, абсталяваньня, за перабоі зь лекамі. Цар у нас добры, а не шанцуе вечна з баярамі. Публічны разнос, які мы бачылі разоў сто ва ўсіх галінах.
— Падчас нарады Лукашэнка выказаўся і пра стан свайго здароўя, агучыў дыягназ (нібы гэта адэнавірус) і папярэдзіў, што «зь ім яшчэ доўга будуць мучыцца». Насамрэч мэдыкі, і гэта не адзін, ня два чалавекі, нягледзячы на ўсю сакрэтнасьць, гэта людзі, якія рэальна ведаюць стан ягонага здароўя. Як ён ставіцца да мэдыкаў, ці давярае, ці прыслухоўваецца, ці баіцца?
— Чалавек, які так даўно знаходзіцца ва ўладзе, утрымліваючы яе праз тэрор, будзе ў кожным чалавеку шукаць змову, што яго хочуць атруціць ці нешта іншае. Я не зьдзіўлюся, калі потым высьветліцца, што ягоныя палёты на «рабочыя візыты» ў Арабскія Эміраты мелі на мэце праверыць агульны стан здароўя. А да дактароў унутры Беларусі ён будзе зьвяртацца толькі ў скрайніх сытуацыях. Ня думаю, што ён давярае камусьці, што ёсьць хоць адзін чалавек у сьвеце, каго ён будзе слухаць.
Просты прыклад. Ва ўсіх ёсьць узроставыя дзядулі і бабулі. Часам іх бывае складана пераканаць рабіць тое, што трэба для іх здароўя. Чым чалавек старэйшы, тым ён становіцца больш упарты і не жадае рабіць зьмены ў жыцьці, прымаць лекі, адмаўляцца ад чагосьці, мяняць лад жыцьця. А тут мы маем чалавека з маніяй улады, таму ня думаю, што ён хоць кагосьці слухае. Цяжка камэнтаваць ягоны стан здароўя, у нас няма дадзеных, акрамя выпадковых фатаздымкаў, нейкіх фразаў. Верыць, што перахварэў на адэнавірус? Можа, і быў адэнавірус, можа, быў ротавірус, што заўгодна. Але верыць яму сэнсу няма. Паглядзіце на ягоны ўзрост. Любы чалавек, любы пажылы чалавек можа захварэць. Чым чалавек старэйшы, тым вышэйшая імавернасьць захварэць цяжэй...
«Уявіце, што будзе з дактарамі, якія маюць доступ да стану здароўя Лукашэнкі»
— Што вядома пра стан здароўя Лукашэнкі? Наколькі гэта засакрэчаная сфэра? Як шмат людзей далучаныя да інфармацыі?
— Мала што вядома. Перакананы, што нават у прэзыдэнцкай бальніцы дапушчана да цела будзе вельмі абмежаваная група людзей. Насамрэч мы ня ведаем нічога. Уся інфармацыя пра здароўе засакрэчаная, бо яму важна быць «маладым і энэргічным».
Ня будзе публікавацца ніякая інфармацыя, акрамя той, што ён сам ухваліць ці сам скажа, кшталту — каранавірус перанёс на нагах. Ці быў той каранавірус, ці пераносіў на нагах, ці ў рэанімацыі ляжаў? Мы ня ведаем. Тыя, хто ведаюць, будуць маўчаць, бо калі яны гэта раскажуць... Можна згадаць, што зрабілі з доктарам Арцёмам Сарокіным, які сказаў не пра здароўе Лукашэнкі, а проста абверг ягоныя словы... (Сарокін сказаў, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі было нуль праміле алькаголю. — РС) Уявіце, што будзе з доктарам ці яго блізкімі, якія маюць доступ да стану здароўя Лукашэнкі...
«Могуць зрабіць паказальную расправу, каб больш ніводзін мэдык не дадумаўся паведаміць пра здароўе палітвязьня»
— За кратамі знаходзяцца лекары наваполацкага шпіталя, куды прывозілі палітвязьня Віктара Бабарыку, імаверна пасьля зьбіцьця. Што вядома пра лёс гэтых мэдыкаў, пра тое, якой інфармацыяй яны валодаюць, якая небясьпека ім пагражае?
— Любы доктар у любой бальніцы (калі мы не гаворым пра нейкія закрытыя ўстановы кшталту прэзыдэнцкай клінікі) мае доступ да электроннай карты любога пацыента, можа паглядзець пацыента ў любым аддзяленьні, ці ў прыёмным аддзяленьні, любы доктар бальніцы можа паглядзець яго рэнтгены, аналізы, што пісаў доктар у дзёньніку. Яны ўсе валодалі ці часткай, ці ўсёй інфармацыяй.
Да таго ж дактары, якія доўга працуюць, маюць звычку паміж сабой абмяркоўваць пацыентаў. Ты абмяркоўваеш пацыента без імя-прозьвішча, проста клінічны выпадак. Гэта прафэсійныя моманты. Што зь імі робяць? Дзе яны цяпер? Думаю, што шукаюць выцек, хто расказаў пра тое, што Бабарыка паступіў у бальніцу. Спадзяюся, што яны максымальна хутка выйдуць...
— Ці маюць арыштаваныя адказ на пытаньне, што здарылася зь Віктарам Бабарыкам?
— Не. Ёсьць такі стары выраз, які часта выкарыстоўваем у мэдыцыне — «мы разьбяромся як мае быць і пакараем, хто трапіцца». Ніхто ня ведае, ці сапраўды гэтыя людзі ў нечым вінаватыя ў вачах уладаў. Сказалі знайсьці таго, хто гэта расказаў, а далей — каго схопяць. Магчыма, затрыманыя сапраўды перадавалі нейкую інфармацыю праваабаронцам ці СМІ, магчыма, гэта маглі быць і не яны. Мы цябе ўзялі, значыць, ты вінаваты. Вось табе 15 сутак, 30 сутак, вось табе штраф.
Мы ня ведаем. Можа, гэтыя людзі ў той дзень былі на зьмене і нават у вочы ня бачылі гісторыю хваробы Бабарыкі і яго самога. А могуць зрабіць паказальную расправу, каб больш ніводзін мэдык не дадумаўся паведаміць пра здароўе палітвязьня ці проста зьбітага сілавікамі чалавека.