Трэцяга ліпеня, падчас вайсковага параду ў Менску, улады паказалі ўдарныя бесьпілётнікі «Герань-2» нібыта беларускай вытворчасьці. Вонкава яны выглядаюць як іранскія Shahed 136 ці іх расейскі варыянт з такой жа назвай, «Герань-2». Свабода з дапамогай экспэртаў паспрабавала разабрацца, ці сапраўды яны маглі быць вырабленыя ў Беларусі, як гэта аб’явілі на парадзе.
«Упершыню на парадзе новая айчынная распрацоўка — ударныя бесьпілётныя лятальныя апараты „Герань“. БПЛА здольныя несьці баявую частку масай да 52 кг, разьвіваць хуткасьць да 180 км/г і пераадольваць адлегласьці да 2 тысяч км», — так прадставіў новую тэхніку вядоўца параду.
Менавіта такія ўдарныя бесьпілётнікі выкарыстоўвае Расея ў атаках супраць Украіны. Але да гэтага моманту ў Беларусі нідзе не было афіцыйнай інфармацыі пра запуск уласнай вытворчасьці такіх дронаў.
Як «Герань» зьявілася ў Расеі
«Shahed 136» — бесьпілётнік іранскай вытворчасьці, які прадставілі масавай публіцы адносна, нядаўна, у 2020 годзе. У канцы жніўня 2022 году выданьне Washington Post паведаміла, што Іран паставіў у Расею партыю бесьпілётнікаў «Shahed-136» і «Mohajer-6». Гэтаму папярэднічаў візыт у Іран расейскай вайсковай дэлегацыі ў ліпені 2022 году. А ў верасьні ў іранскім навінавым агенцтве Kayhan паведамілі пра заяву генэрал-лейтэнанта Хусэйна Саламі аб продажы гэтых дронаў «замежным кліентам, у тым ліку некаторым буйным сусьветным дзяржавам».
Праз кароткі час характэрныя гукі дронаў, падобныя да тахканьня мапэда, пачулі жыхары Ўкраіны. 13 верасьня ўкраінскія вайскоўцы ўпершыню зьбілі «Shahed 136» паблізу гораду Купянску Харкаўскай вобласьці з маркіроўкай «М214 Герань-2».
Самі расейскія ўлады да апошняга адмаўлялі факт пастаўкі дронаў «Shahed-131/136» і заяўлялі, што расейская вытворчасьць спраўляецца сама.
Аднак у кастрычніку 2022-га на расейскай тэлевізіі здарыўся казус. Сябра грамадзкай рады пры Мінабароны Расеі, дырэктар Цэнтру аналізу стратэгій і тэхналёгій Руслан Пухаў, ня ведаючы, што ён ужо ў жывым этэры, папрасіў вядоўцаў тэлеканалу РБК не завастраць увагі на іранскіх дронах-камікадзэ, якія выкарыстоўваюцца ва Ўкраіне, тым самым пацьвердзіўшы гэты факт. «Гэта клясычная гісторыя: „ж... ёсьць, а слова няма“. Мы ўсе ведаем, што яны іранскія, але ўлады не прызнаюць», — сказаў Пухаў.
Летась у ліпеньскім нумары часопіса Міністэрства абароны РФ «Армейскі зборнік» расейскія журналісты заўважылі ў артыкуле «Дрон-унівэрсал» фатаздымак, на якім пералічаныя асноўныя характарыстыкі дрона «Shahed-136» з заўвагай: «Больш вядомы як БЛА „Герань-2“». Акрамя таго, на самой ілюстрацыі пазначана: «Краіна-вытворца: Іран».
На пачатку 2023 году The Wall Street Journal высьветліў, што для вытворчасьці іранскіх дронаў-камікадзэ «Shahed-136» улады Расеі і Ірану вырашылі пабудаваць завод у горадзе Алабуга ў Татарстане. Паводле іхных крыніц, высокапастаўленая іранская дэлегацыя прыбыла туды на пачатку студзеня 2023 году. Яны наведалі заплянаванае для заводу месца і абмеркавалі дэталі, неабходныя для запуску праекту.
Пра пачатак зборкі іранскіх дронаў у Расеі ў першай палове 2023 году разьведалі журналісты з выданьня «Протокол» і ютуб-каналу «Разварот». Паводле іхных дадзеных, Іран пастаўляў у Расею літаральна ўсе камплектуючыя. Паступова іх плянавалі замяняць на расейскія. Вытворчасьць для зборкі «Шахедаў» у ліпені 2023 займала 40 тысяч квадратных мэтраў. У плянах было пашырыць яе больш як да 100 тысяч квадратных мэтраў, а колькасьць вырабленых бесьпілётнікаў — да 6 тысяч на год.
У камэнтары Свабодзе двое з аўтараў расьсьледаваньня — журналісты Антон Рубін і Даша Літвішка зь ютуб-каналу «Разворот» — адзначылі, што для вытворчасьці дронаў прыцягвалі шмат працоўнай сілы. Патрабаваліся інжынэры, канструктары, мэнэджары, лягісты. Трэба было выбудаваць вялікі вытворчы працэс. Па словах журналістаў, інжынэры з Алабугі ня раз лёталі ў Іран і да іншых сусьветных вытворцаў, каб гэты працэс наладзіць. Камплектуючыя везьлі ў тым ліку з Кітаю.
Для вытворчасьці прыцягвалі таксама студэнтаў мясцовых навучальных установаў, у тым ліку тых, што прыехалі з Афрыкі. Журналіст Антон Рубін адзначае, што некаторыя з навучэнцаў нават ня ведалі, што яны зьбіраюць.
«Дроны называліся „лодкамі“. Так па дакумэнтах прыдумалі шыфраваць гэта. Гэта сапраўды ў жаргоне студэнтаў. Калі мы размаўлялі са студэнтамі, яны кажуць: „Ну, я вось лодкі ляпіў да поўначы“. І гэта значыць, што ён зьбіраў дроны. А Іран яны называлі Беларусьсю. Ніякіх лодак, ніякай Беларусі там задзейнічана не было. Там пастаўлялася ўсё наўпрост з Ірану: прылятаў самалёт і прывозіў гэтыя карпусы так званых „лодак“. Ва ўсіх дакумэнтах — у працоўных, ва ўнутраных, у зьнешніх прэзэнтацыях — гэта былі лодкі, і гэта быццам была Беларусь».
Журналісты «Разворота» мяркуюць, што для запуску такой вытворчасьці ў Беларусі патрэбна будзе даволі шмат працы, каб выстраіць працэсы і лягістыку пастаўкі камплектных частак.
«Для стварэньня, для запуску вытворчасьці бесьпілётнікаў у Беларусі трэба даволі шмат рэчаў, пачынаючы ад вытворчых плошчаў. Калі мы гаворым пра сэрыйны, буйнасэрыйны выпуск, то гэта дастаткова вялікія плошчы. І як мінімум ядро вельмі высокакваліфікаваных спэцыялістаў, якія добра разьбіраюцца ў пабудове вытворчасьці лятальных апаратаў і ў наладжваньні дакладнага лягістычнага ланцужка пастаўкі неабходных частак: корпус, мікраэлектроніка, рухавік, баявая частка. Беларусь павінна будзе закупляць значную колькасьць замежных камплектуючых: частку іранскіх і частку кітайскіх. Гэта электроніка, вядома, у першую чаргу, — расказваюць журналісты. — Наколькі Іран будзе гатовы супрацоўнічаць яшчэ з адной дзяржавай, рызыкуючы падставіць і Беларусь, і сябе пад чарговы шквал санкцыяў? Ня ведаем».
Экспэрт у замежнай і абароннай палітыцы Павал Лузін у камэнтары Свабодзе адзначае, што сам Іран мае абмежаваныя магчымасьці, каб пастаўляць камплектныя часткі, акрамя Расеі, яшчэ і ў Беларусь:
«Расея таксама сама гэтых бесьпілётнікаў не вырабляе — атрымлівае камплекты з Ірану, канструктар гэты зьбірае. У самога Ірану вытворчыя магчымасьці не бязьмежныя: можна пастаўляць гэтыя канструктары камусьці яшчэ, але тады для сябе будзе менш заставацца ці для тых, хто гэтыя канструктары ўжо атрымлівае».
Што паказалі на парадзе 3 ліпеня
Трэцяга ліпеня ў Менску на парадзе былі прадэманстраваныя чатыры бесьпілётнікі. На вінглетах (канцавых крылцах) у іх было напісана «Герань-2». Кожны з гэтых дронаў-камікадзэ меў ня толькі бартавы нумар, але і назву, што не характэрна для такога тыпу лятальных апаратаў. На кадрах з параду можна было разгледзець маркіроўкі: Ы3500 — «Панда», Ы3501 — «Кубань», Ы3502 — «Кочевник», Ы3503 — «Сангол».
Журналіст Антон Рубін адзначае:
«Па-першае, для мяне дзіўна, што беларускі бесьпілётнік называюць „Кубаньню“. Па-другое, гэта ж як трэба шанаваць кожны з чатырох бесьпілётнікаў, каб кожнаму даваць назвы. Пры гэтай умове асабліва ня верыцца ў вытворчасьць. Стомяцца даваць кожнаму асобную назву».
У пярэдняй частцы гэтых лятальных апаратаў былі відаць налепкі з савецкім сьцягам і надпісам «Сталинские соколы. 2022».
Тэлеграм-канал, які зьвязваюць з журналістамі крамлёўскага прэзыдэнцкага пулу, пракамэнтаваў гэта так: «Беларуская тэлевізія ўпершыню паказала „Сталінскіх сокалаў“ і іх „Герані“». Спасылка ў гэтым паведамленьні вядзе на тэлеграм-канал, створаны за дзень да паказу «Гераняў» на парадзе ў Менску.
У красавіку сёлета журналісты The Insider пісалі пра тое, што ў сацыяльных сетках набіраюць «вэтэранаў супрацьпаветранай абароны» для ўдзелу ў добраахвотніцкім батальёне «Сталінскія сокалы» для «працы на стратэгічна важным аб’екце ў Рэспубліцы Татарстан». Менавіта там разьмяшчаецца імавернае прадпрыемства па вытворчасьці расейскіх «Гераняў».
А на адным з праўладных тэлеграм-каналаў, які асьвятляе тэматыку, зьвязаную зь беларускім войскам, 6 ліпеня зьявіўся пост, у якім аўтар называе фэйкам камэнтар вядоўцы параду пра вытворчасьць дронаў «Герань» у Беларусі. А ў камэнтах на пытаньні карыстальнікаў адказвае: «Не. У нас няма ні сваіх, ні чужых».
На парадзе ў Менску бесьпілётнікі везьлі на кітайскіх джыпах GWM Poer. Відавочна, што гэтыя машыны выкарыстоўвалі толькі як стэнд, бо, як вядома, для запуску «Гераняў» патрабуецца асобная пускавая ўстаноўка.
Украінскі вайсковы экспэрт Алег Жданаў у камэнтары Свабодзе зазначыў, што для запуску такога тыпу бесьпілётнікаў сапраўды патрэбныя іншыя прылады:
«Там сапраўды было падобна да таго, што гэта стэнды, што бесьпілётнікі выстаўленыя для паказу. Там няма накіравальных, па якіх павінен стартаваць бесьпілётнік. Бо яго выбівае зь месца парахавы зарад, пакуль ён набярэ цягу рухавікоў і разгонны момант».
Рухавікі, якія стаяць на паказаных «Геранях», выглядаюць больш падобнымі да кітайскіх MD550 ад кампаніі Beijing MicroPilot. Гэта аналяг рухавіка MADO MD 550, які выкарыстоўваецца на іранскім дроне Shahed. Менавіта кітайскія рухавікі можна сустрэць на расейскіх «Геранях». Магчыма, таму, што яны таньнейшыя.
«Калі ўсё ж зьявіцца прататып Shahed беларускай вытворчасьці (няважна, як ён будзе называцца), то гэта будзе крок назад. Чаму? Таму што ён вычарпаў сябе як баявая адзінка», — адзначае ўкраінскі вайсковы экспэрт Алег Жданаў:
«На сёньняшні дзень ужо вельмі шмат сродкаў супрацьдзеяньня яму. Ён адстаў тэхналягічна, яго трэба дапрацоўваць, яго трэба мадэрнізаваць, падняць на ступень вышэй у пляне пераадоленьня радыёэлектроннай барацьбы, у пляне манэўранасьці, хуткасьці, аўтаномнасьці і гэтак далей».
Афіцыйныя адносіны Беларусі з Іранам
Летась Беларусь намагалася ўзмацніць супрацоўніцтва з Іранам. Спачатку ў сакавіку 2023-га Лукашэнка езьдзіў у Тэгеран, дзе сустрэўся з прэзыдэнтам Ібрагімам Раісі (ён загінуў у авіякатастрофе сёлета ў траўні. — РС). Як было заяўлена, тады яны падпісалі дарожную «мапу ўсебаковага супрацоўніцтва» да 2026 году.
У жніўні 2023 году з афіцыйным візытам Іран наведаў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін. Там ён сустрэўся з іранскім брыгадным генэралам Мухамадам Рэзо Аштыяні, а таксама з начальнікам Генштабу краіны Мухамадам Багеры. Пра што тады дамовіліся вайсковыя чыноўнікі, не паведамлялася, але яны падпісалі «мэмарандум аб узаемаразуменьні і плянах двухбаковага вайсковага супрацоўніцтва на бягучы год».
Тады пра гэта пісалі аналітыкі Інстытуту вывучэньня вайны. У іхным дакладзе была інфармацыя, што Іран можа наладзіць будаўніцтва заводаў па вытворчасьці бесьпілётнікаў у Беларусі. На іх думку, Аштыяні і Хрэнін, магчыма, абмяркоўвалі стварэньне ў Беларусі фабрык бесьпілётнікаў-камікадзэ Shahed для падтрымкі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
«Ізраільскія і ўкраінскія СМІ адзначаюць, што будаўніцтва іранскай фабрыкі бесьпілётнікаў у Беларусі зьмякчыць „лягістычныя праблемы“, зь якімі сутыкаецца Расея пры транспартаваньні іранскіх бесьпілётнікаў з Ірану ў Расею праз Блізкі Ўсход», — напісана ў дакладзе.
Выказвалася думка, што іранскія інжынэры вывучаюць спосабы пераабсталяваньня заводаў у Гомлі пад вытворчасьць бесьпілётнікаў. Але ніякіх іншых доказаў гэтаму за апошні год нікім не было прыведзена. Як не было і доказаў таго, што «Герань» хоць нейкім чынам магла недзе зьбірацца ў Беларусі. Не было намёкаў на гэта і за два тыдні да параду на вайсковай выставе «Нацыянальная бясьпека — 2024» у Менску. Там былі прадстаўленыя ўсе дасягненьні Беларусі ў бесьпілётнай авіяцыі за апошнія гады.
У камэнтары Свабодзе гэта пацьвердзіў і экспэрт Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў (Вашынгтон) Самуэль Бэндэт (Samuel Bendett). Ён спэцыялізуецца на расейскіх вайсковых тэхналёгіях, бесьпілётніках, рабатызаваных і аўтаномных вайсковых сыстэмах. А ў красавіку 2024 году група экспэртаў зь ягоным удзелам выпусьціла даклад пра стан расейскай абароннай прамысловасьці пасьля двух гадоў вайны.
«Мая ацэнка такая, што гэтыя «Герані», пэўна, былі падораныя Беларусі. Расея была б удзячная за магчымасьці беларускай вытворчасьці, але да гэтага часу мы ня бачылі ніводнага доказу таго, што беларускія бесьпілётнікі працуюць ва Ўкраіне ў нейкай значанай ступені ў параўнаньні з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў расейскай вытворчасьці. Але, улічваючы, што абедзьве краіны маюць вельмі цесныя ўзаемаадносіны, усё магчыма».
Украінскі вайсковы экспэрт Алег Жданаў таксама кажа, што ў адкрытых крыніцах няма дадзеных, што дроны, вырабленыя на тэрыторыі Беларусі, прымяняюцца расейскімі войскамі супраць Украіны.
Усе экспэрты Свабоды сышліся на думцы, што прадэманстраваныя на парадзе ў Менску «Герані» вырабленыя не ў Беларусі.
Палітоляг, экспэрт у замежнай і абароннай палітыцы Павел Лузін кажа:
«Гэта пыл у вочы, імітацыя і карга-культ. Калі пакінуць за дужкамі прыдуркаватасьць Лукашэнкі, то гэта проста сымбалічная дэманстрацыя саюзьніцкіх адносін з Расеяй. Але таксама і дэманстрацыя таго, што беларускае войска ня мае ніякай суб’ектнасьці, а абсалютна ляяльнае Маскве: сказалі маршыраваць з пазычанай „Гераньню“ — маршыруюць з гэтай „Гераньню“».
Алег Жданаў дадае:
«Скажу так, гэта наўрад ці дроны беларускай вытворчасьці. Але гэта можа быць заяўка на тое, што гэтыя дроны ў найбліжэйшай будучыні, у хуткай пэрспэктыве могуць зьявіцца ва Ўзброеных сілах Беларусі. Таму я думаю, што перад парадам папрасілі некалькі штук для таго, каб прадэманстраваць. Але што неўзабаве яны зьявяцца ў беларускім войску, я нават не сумняваюся».
«Лукашэнка паказаў гэтыя дроны, значыць, ён хацеў, каб усе думалі, што ў яго ёсьць вытворчасьць, — кажуць журналісты Антон Рубін і Даша Літвішка зь ютуб-каналу «Разворот», якія рабілі расьсьледаваньне пра вытворчасьць бесьпілётнікаў у татарстанскай Алабузе. — Калі б у яго сапраўды была вытворчасьць, ён бы ня стаў яе хаваць. Калі ўжо так хоча пахваліцца, ён бы паказаў. І самі цэхі, і саму вытворчасьць. «Вось глядзіце, мы ўмеем рабіць». Я думаю, што гэта быў бы добры спосаб піяру для Лукашэнкі, добрая нагода для гонару. Калі ён паказаў толькі чатыры бесьпілётнікі і не паказаў вытворчай лініі, якая працуе, значыць, яму проста няма чаго паказаць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На стратэгічным узроўні Беларусь ужо разглядаецца ў якасьці сур’ёзнай праблемы бясьпекі для краін NATO, — КазакевічBild: Іран упершыню перадаў Расеі найноўшыя кіраваныя авіябомбы для ўдараў па ЎкраінеУ выведцы Ўкраіны назвалі дэталі, якія вырабляюць у Беларусі і перадаюць Расеі для вайсковай тэхнікіУ Беларусі праходзяць зборы з апэратарамі дронаў. Удзельнічаюць прадстаўнікі РасеіХто такі Махамад Махбэр, які часова заняў пасаду прэзыдэнта Ірану, і якія сувязі ён мае з Масквой і Менскам