Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На стратэгічным узроўні Беларусь ужо разглядаецца ў якасьці сур’ёзнай праблемы бясьпекі для краін NATO, — Казакевіч


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступае на саміце NATO ў Вашынгтоне
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступае на саміце NATO ў Вашынгтоне

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч аналізуе вынікі саміту NATO, адзначае, што вайсковая дапамога Ўкраіне абмежаваная не палітыкай, а вытворчымі магчымасьцямі, і камэнтуе сэнс беларуска-кітайскіх вайсковых вучэньняў.

Сьцісла:

  • Вэктар на эўраатлянтычную інтэграцыю Ўкраіны будзе працягвацца — па ўсіх кірунках, акрамя фармальнага сяброўства.
  • Палітычная воля была, напрыклад, паставіць Украіне мільён снарадаў. Аднак атрымалася так, што проста няма дзе іх знайсьці.
  • Далей пры плянаваньні, пры распрацоўцы сваёй палітыкі бясьпекі краіны NATO будуць улічваць Беларусь у якасьці крыніцы пагрозы, патэнцыйнага праціўніка.
  • Вучэньні з Кітаем у Беларусі — найперш інфармацыйная акцыя беларускіх уладаў.

— На саміце NATO у Вашынгтоне было заяўлена пра стварэньне «моста да сяброўства» Ўкраіны ў NATO. Сярод іншага, гэта азначае, што NATO стварае цэлае новае камандаваньне ў Вісбадэне ў Нямеччыне для падтрымкі Ўкраіны ў навучаньні, каардынацыі, абсталяваньні, лягістыцы, разьвіцьці войскаў. Лідэры краін NATO падтрымалі «незваротны шлях» Украіны да сяброўства, заявіўшы, што Кіеў мае права выбіраць свае ўласныя захады бясьпекі і што яго «будучыня ў NATO».

Як бы вы ацанілі гэтыя вынікі? Зразумела, што ў дадзенай сытуацыі непасрэднае запрашэньне Ўкраіны ў NATO пакуль немагчымае. Ці адпавядаюць выніку саміту таму, што чакала Ўкраіна? Можа, афіцыйны Кіеў хацеў большага?

— Заўседы можна хацець большага. Але з гледзішча фармулёвак гэта сапраўды дае Ўкраіне адмысловы статус. Мы ня можам ведаць, якое будзе практычнае напаўненьне гэтай рыторыкі — бо некаторыя рэчы можна ставіць на паўзу і звужаць іх значэньне.

Андрэй Казакевіч, архіўнае фота
Андрэй Казакевіч, архіўнае фота

Але, у прынцыпе, відавочна, што з боку NATO ёсьць разуменьне і палітычная воля для таго, каб выпрацоўваць для Ўкраіны адмысловы фармат партнэрства, які прадугледжвае шырокі спэктар супрацоўніцтва, дапамогі, але таксама і мэханізмы ўніфікацыі стандартаў, сумесныя навучаньні.

Фактычна размова ідзе пра тое, што вэктар на эўраатлянтычную інтэграцыю Ўкраіны будзе працягвацца — па ўсіх кірунках, акрамя фармальнага сяброўства, якое прадугледжвае абарону межаў і гарантыі бясьпекі. Гэта цалкам выказваньне падтрымкі Ўкраіны, той фармат, які рэалістычны зараз і можа разьвівацца. Украінскае кіраўніцтва, мне здаецца, можа быць задаволеным, хаця заўсёды можна хацець большага.

— Апошнія месяцы былі адметныя тым, што Расея атрымала на фронце пэўныя невялікія тактычныя посьпехі, і ўкраінскія палітыкі заяўлялі, што ў Расеі існуе перавага ў снарадах ды іншых узбраеньнях, зьявіліся нават пэўныя алярмічныя прагнозы. Ці ёсьць уражаньне, што NATO зноў прачнулася, зразумела складанасьць праблем, і пачало дапамагаць Кіеву больш актыўна?

— Не, я думаю, варта адрозьніваць гэтыя два ўзроўні. Палітычны бок — гэта адна справа. А другі бок — гэта рэальная вайсковая дапамога, якая абмежаваная проста вытворчымі магчымасьцямі.

Палітычная воля была, напрыклад, паставіць Украіне мільён снарадаў. Аднак атрымалася так, што проста няма дзе іх знайсьці. У Эўропе няма дастаткова заводаў, якія маглі б столькі вырабіць. Набыць гэта ўсё па сьвеце таксама даволі складана, бо Расея таксама шукае і «выграбае» снарады паўсюль, дзе магчыма, ёй таксама патрэбна гэтая зброя.

Плюс ёсьць праблема інфляцыі ў гэтай сфэры, бо попыт на ўзбраеньні настолькі вырас, што асобныя там адзінкі падаражэлі ў два-тры разы. І на выдаткаваныя мільярды цяпер можна купіць значна меней, чым у 2022 годзе.

Таму, калі казаць канкрэтна пра тое, што даходзіць до поля бою, то тут усё ўскладняецца рознымі тэхнічнымі абмежаваньнямі і фінансавымі абставінамі.

— Беларусь згадалі ў Дэклярацыі саміту NATO як дзяржаву, што спрыяе вайне. Як бы вы ацанілі гэтую канстатацыю, і што гэта можа азначаць у канкрэтным палітычным жыцьці для адносін Беларусі з Захадам?

— Сама згадка была зьвязаная з падтрымкай Менскам Расеі ў вайне. Там згадваліся і іншыя краіны — Паўночная Карэя, Іран і Кітай. Захад акрэсьліў асноўныя пагрозы для сябе. І калі асноўная пагроза — гэта вайна ва Ўкраіне, то пагрозай зьяўляюцца і ўсе краіны, якія падтрымліваюць Расею ў гэтай вайне.

Таму гэта сапраўды сур’ёзна: гэта значыць, што ўжо на стратэгічным узроўні Беларусь разглядаецца ў якасьці сур’ёзнай праблемы бясьпекі для краін NATO.

Згадваюць, што Беларусь зацягваецца ў розныя гібрыдныя атакі супраць эўрапейскіх краінаў, той жа мігранцкі крызіс. Згадваюць, што Менск робіцца ўсё больш залежным ад Расеі. Краіны NATO даюць зразумець, даюць мэсэдж, што гэта ўжо сур’ёзна, што за гэтым сочаць і, адпаведна, гэта можа мець вельмі істотныя наступствы для Беларусі.

Саміт NATO ў Вашынгтоне. 11 ліпеня 2024
Саміт NATO ў Вашынгтоне. 11 ліпеня 2024

Аднак пры гэтым, трэба разумець, што ў беларускім выпадку ўсё канцэнтруецца вакол Расеі. Беларусь зьяўляецца вельмі залежнай ад Масквы ў палітычным пляне. У эканоміцы прыблізна тое самае, бо асновай для эканомікі зьяўляецца гандаль альбо з Расеяй, альбо праз Расею. Інвэстыцыі, які ідуць у вытворчасьць, стымулююцца вайной ва Ўкраіне і попытам у Расеі, прамымі інвэстыцыямі з Расеі ці рознымі праграмамі фінансаваньня ВПК і памежных галінаў.

Таму, напэўна, цяжка чакаць, што беларуская ўлада мае магчымасьць неяк зьмяніць свае стасункі з Масквой. Ды і Расеі важна захаваць хаця б аднаго надзейнага саюзьніка ў рэгіёне.

Але ўсё гэта азначае, што далей пры плянаваньні, пры распрацоўцы сваёй замежнай палітыкі і палітыкі бясьпекі краіны NATO будуць улічваць Беларусь у якасьці крыніцы пагрозы, патэнцыйнага праціўніка, як саюзьніка Расеі, як суагресара. І ў пэўнай пэрспэктыве гэта можа мець вельмі істотныя нэгатыўныя наступствы.

— У саміце NATO бярэ ўдзел і Сьвятлана Ціханоўская. Як бы вы ацанілі гэты факт і фармат яе ўдзелу?

— Добра, што беларускія дэмакратычныя сілы могуць быць прадстаўленыя на такіх пляцоўках і прынамсі ўдзельнічаць у камунікацыях з сусьветнымі лідэрамі. Ёсьць магчымасьць актуалізаваць беларускае пытаньне, паказаць, што ёсьць альтэрнатыва для Беларусі. Гэта таксама дае магчымасьць дэмакратычным сілам лепш разумець, як усё працуе. Сама прысутнасьць і ўключанасьць у дыскусіях на палях такіх самітаў вельмі важная.

— У гэтыя ж дні на фоне саміту NATO ў Беларусі адбываюцца сумесныя вучэньні беларускіх узброеных сіл з кітайскімі. Ці варта надаваць гэтаму нейкае істотнае палітычнае значэньне?

— Ня думаю, што гэтаму варта надаваць істотнае значэньне. Мне здаецца, што гэта найперш інфармацыйная акцыя беларускіх уладаў, каб паказаць, што ў іх ёсьць партнэры, што ідзе вайсковае супрацоўніцтва ў розных кірунках.

Я за гэтым ня бачу нейкага істотнага інстытуцыйнага супрацоўніцтва. Самі гэтыя вучэньні ня першы прыклад такога ўзаемадзеяньня, ягоныя маштабы вельмі абмежаваныя. Дзясяткі краінаў у сьвеце праводзяць значна больш маштабныя сумесныя вучэньні з Кітаем, гэта не выглядае чымсьці надзвычайным і нават прыкметным.

Гэта ўсё нагадвае гісторыю з паркам «Вялікі камень», які вельмі рэклямаваўся, меў магутнае дзяржаўнае інфармацыйнае суправаджэньне. Але калі глядзець на лічбы кітайскіх інвэстыцыяў у іншыя эўрапейскія краіны, то інвэстыцыі ў Беларусь проста дробязь на гэтым фоне.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG