Прэзыдэнт Ірану Эбрахім Раісі 19 траўня загінуў пры крушэньні верталёта ў іранскай правінцыі Ўсходні Азэрбайджан. Разам зь ім у катастрофе загінулі яшчэ сем чалавек: кіраўнік МЗС Ірану Хасэйн Амір Абдалах’ян; аятала Аль Хашам, імам Джума-Тэбрызу; кіраўнік правінцыі Ўсходні Азэрбайджан Малік Рахмаці і іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі.
Выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта 20 траўня прызначылі віцэ-прэзыдэнта Махамада Махбэра.
Як піша Іранская служба Радыё Свабода, з 2007 году Махбэр узначальваў штаб дзеля выкананьня распараджэньняў былога духоўнага лідэра Ірану аяталы Рухалы Хамэйні.
Цягам 50 дзён у Іране павінны адбыцца пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары. Згодна з тым жа артыкулам Канстытуцыі, іх павінна арганізаваць «рада, які складаецца са сьпікера парлямэнту, кіраўніка судовай улады і першага віцэ-прэзыдэнта». Ці возьме ўдзел у выбарах сам Махбэр, пакуль невядома.
Раісі да ўступленьня на пасаду амаль ня меў кіраўнічага досьведу, і менавіта Махбэр з моманту ўступленьня Раісі на пасаду фактычна кіраваў ягонай выканаўчай уладай. У прыватнасьці, ён узяў на сябе кіраваньне ўрадам Раісі і нават адыгрываў прамую ролю ў прызначэньні міністраў эканомікі. Таксама ён кантралюе значныя актывы ў Іране: менавіта падчас прэзыдэнцтва Раісі Махбэр быў прызначаны кіраўніком рады, якая павінна была прадаць дзяржаўныя актывы ў рамках прыватызацыі.
Махамад Махбэр Дэзфулі нарадзіўся ў 1955 годзе ў горадзе Дэзфуль на паўднёвым захадзе Ірану. Ён мае доктарскую ступень і ступень магістра ў галіне міжнароднага права і кіраваньня. Ён быў афіцэрам у мэдычным падразьдзеле Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі ў гады ірана-ірацкай вайны.
Радыё Фарда згадвае, што Махбэр пачаў кар’еру ў розных дзяржаўных структурах Ірану яшчэ ў 1980-я гады, у прыватнасьці ва Ўпраўленьні лідэра Ісламскай Рэспублікі і ў Фондзе ісламскай рэвалюцыі Мастазафан (прыгнечаных). Гэта фонд духоўнага лідэра Ірану: ён кантралюе сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі, жылыя комплексы, прадпрыемствы, будынкі, гатэлі, бібліятэкі, школы, мячэты, рэлігійныя навучальныя ўстановы.
Маёмасьць фонду расьсьледнікі ВВС ацэньвалі ў сотні мільярдаў даляраў. Кіраўнік арганізацыі прызначаецца непасрэдна самім духоўным лідэрам Ірану. Пры гэтым фонд ня плаціць падаткаў і не падсправаздачны ўраду, а павінен даваць справаздачу толькі непасрэдна перад аяталой.
У 90-я гады Махбэр быў выканаўчым дырэктарам кампаніі Dezful Telecommunications, а затым намесьнікам губэрнатара правінцыі Хузэстан. Ягоны сын Саджад фігураваў у карупцыйным скандале, зьвязаным з продажамі нафты. А Хузэстан — якраз асноўны нафтаздабывальны рэгіён дзяржавы.
З 2007 году Махбэр узначальваў Setad, інвэстыцыйны фонд, зьвязаны зь вярхоўным лідэрам Ірану, уплывовую пазабюджэтную структуру іранскай эканомікі. Фонд быў створаны ў 1989 годзе на аснове актываў, канфіскаваных ісламістамі пасьля перамогі Ісламскай рэвалюцыі 1979 году.
Як піша CurrentTime са спасылкай на Reuters, фонд здабывае ўласнасьць у тым ліку шляхам захопу нерухомасьці і прадпрыемстваў, якія належаць простым іранцам, рэлігійным меншасьцям, бізнэсоўцам і іранцам, якія жывуць за мяжой. Ёсьць зьвесткі, што гэтая структура, а таксама іншыя структуры, якія належаць Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі, кантралююць больш за палову эканомікі Ірану.
Сувязі з Масквой і Менскам
Махамэд Махбэр уваходзіць у групу іранскіх палітыкаў, якія маюць шчыльныя сувязі з Расеяй. У кастрычніку 2022 году, калі ўжо некалькі месяцаў ішла поўнамаштабная фаза расейска-ўкраінскай вайны, ён у складзе афіцыйнай дэлегацыі наведаў Маскву. Тады ж, праўдападобна, Тэгеран і Крэмль заключылі пагадненьне аб пастаўках у Расею бесьпілётных лятальных дронаў «Шагед», а таксама ракет клясы «зямля-зямля». Неўзабаве зьбіраць дроны паводле іранскай тэхналёгіі пачалі ў падкантрольным Маскве рэгіёне — Татарстане.
Яшчэ ў 2010 годзе Махамад Махбэр трапіў пад санкцыі Эўразьвязу за сувязь зь ядзернай і ракетнай праграмамі Ірану. Праз два гады яго выключылі з санкцыйнага сьпісу, але ў 2013 годзе Міністэрства фінансаў ЗША дадало Setad і 37 кампаній, якія курыравала структура, у свой санкцыйны сьпіс. А ў 2019-м Махбэр трапіў яшчэ пад адны санкцыі ЗША.
Пасьля гэтага віцэ-прэзыдэнт Ірану адкрыта прызнаўся, што выкарыстоўваў пасольствы Ірану, каб абыходзіць санкцыі Захаду, у тым ліку банкаўскія, і закупляць неабходнае Ірану абсталяваньне.
У кастрычніку 2023 году Махамад Махбэр наведаў Менск, дзе праводзіў перамовы зь беларускім кіраўніцтвам, у тым ліку Аляксандрам Лукашэнкам, пра далейшае супрацоўніцтва дзьвюх дзяржаў.
Форум