Ці карыснае чырвонае віно для сэрца? Ці сапраўды апрацаваныя прадукты шкодныя для людзей? Газэта The New York Times сабрала адказы на папулярныя пытаньні пра здаровае харчаваньне, акутальныя паводле стану на 2024 год.
1. Ці варта паспрабаваць міжземнаморскую дыету
Ёсьць прычына, якая робіць міжземнаморскую дыету фаварытам сярод экспэртаў па харчаваньні: дзесяцігодзьдзі дасьледаваньняў паказалі яе перавагі для здароўя. Сярод іх зьніжэньне рызыкі сардэчна-сасудзістых захворваньняў, дыябэту другога тыпу, зьніжэньня кагнітыўных функцый і некаторых відаў раку. І самае галоўнае: гэта не «дыета» ў дакладным сэнсе слова, прытрымліваючыся яе, ня трэба падлічваць калёрыі ці адмаўляцца ад нейкіх прадуктаў.
Пры міжземнаморскай дыеце асноўная ўвага надаецца цельназерневым прадуктам, садавіне і гародніне, бабовым, арэхам, а таксама карысным тлушчам, такім як аліўкавы алей і рыбін тлушч з марскіх прадуктаў.
2. Ці варта выпіваць келіх віна кожны дзень
Некалькі дзесяцігодзьдзяў таму навукоўцы вырашылі, што адзін-два келіхі чырвонага віна ў дзень карысныя для сэрца. Гэта была прывабная ідэя, падмацаваная дасьледаваньнямі таго часу. Але цяпер навука пайшла далёка наперад, і апошнія вынікі сьведчаць аб тым, што рызыка ўжываньня алькаголю, у тым ліку чырвонага віна, перавешвае любыя патэнцыйныя выгады.
3. Ці сапраўды авакада вельмі карыснае
Незалежна ад таго, ці ясьце вы авакада разам з хлебам ці ў складзе салату, авакада зьяўляецца крыніцай вельмі карысных пажыўных рэчываў. Авакада багатае на карысныя для сэрца тлушчы і клятчатку, а таксама на вітамін Е, які неабходны для здаровай скуры, і на калій, які рэгулюе артэрыяльны ціск.
4. Ці праўда, што з раніцы ня варта піць напоі з кафэінам — чай ці каву
Некаторыя людзі сьцьвярджаюць, што адмова ад кафэіну на працягу першых дзьвюх гадзін пасьля абуджэньня дапаможа вам прачнуцца больш натуральным чынам і прадухіліць дзённы спад энэргіі. Але экспэрты кажуць, што навуковых дадзеных, якія пацьвярджалі б гэтую стратэгію, недастаткова. А для людзей пэўных прафэсій, дзе патрабуецца асабліва пільная ўвага, адтэрміноўка ранішняй кавы можа быць спалучаная зь некаторымі рызыкамі на працы.
5. Ці сапраўды крэвэткі карысныя
З пункту гледжаньня пажыўнасьці і карысьці для здароўя, крэвэткі — нядрэнны выбар: у іх шмат бялку, кальцыю і вітаміну B12, а таксама мала шкодных насычаных тлушчаў. Але як вырашчаныя штучна, так і вылаўленыя ў моры крэвэткі могуць несьці адказнасьць за забруджваньне навакольнага асяродзьдзя падчас іх лоўлі, а некаторыя імпартаваныя крэвэткі могуць утрымліваць у сабе антыбіётыкі і не маркіраваныя кансэрванты. Так што трэба аддаваць перавагу крэвэткам надзейнага паходжаньня.
6. Ці варта скарачаць спажываньне солі (натрыю)
У апошнія дзесяцігодзьдзі дасьледнікі спрачаюцца, пры якіх дозах соль робіцца шкоднай. Але апошнія навуковыя дадзеныя ясна паказваюць, што большасьць людзей спажывае солі значна больш, чым рэкамэндуецца. І сачыць за сваім спажываньнем варта самім, асабліва калі ў вас высокі крывяны ціск або калі вы дбаеце пра здароўе сардэчна-судзіннай сыстэмы. Норма — ня больш чым 2300 міліграмаў натрыю ў дзень, гэта прыблізна адна чайная лыжка солі.
7. Ці варта выкарыстоўваць яблычны воцат
Калі паглядзець публікацыі ў сацыяльных сетках, дык там можна знайсьці сьпісы зь дзясяткаў хваробаў, якія нібыта лечыць яблычны воцат. Некаторыя людзі сьцьвярджаюць, што воцат можа супакоіць страўнік, зьнізіць узровень цукру ў крыві, прыбраць вугры, дапамагчы схуднець і шмат чаго яшчэ. Большасьць гэтых ідэй ня маюць навуковага абгрунтаваньня, але некаторыя дасьледаваньні сапраўды паказваюць, што ўжываньне гэтага вострага прадукту сапраўды можа прынесьці пэўную карысьць.
8. Ці сапраўды пры лячэньні кішэчніка дыета можа быць ня менш важнай, чым лекі
Сындром раздражнёнага кішэчніка — распаўсюджаны і зьнясільваючы стан з такімі прыкметамі, як боль у жываце, уздуцьце жывата, дыярэя і запор. Адным з залатых стандартаў лячэньня зьяўляецца дыета зь нізкім утрыманьнем групы прадуктаў пад агульнай назвай FODMAP. Гэта адмова ад прадуктаў на аснове пшаніцы, а таксама ад бабовых, некаторых арэхаў, падсаладжальнікаў, большасьці малочных прадуктаў і многіх відаў садавіны і гародніны, прынамсі часова.
Але, паводле нядаўняга дасьледаваньня, захаваньне нізкавугляводнай дыеты можа аказацца такім жа эфэктыўным. Так што абедзьве дыеты — і з паніжаным утрыманьнем вугляводаў, і зь нізкім утрыманьнем FODMAP — могуць быць эфэктыўнымі. Яны могуць паскорыць выздараўленьне, калі іх практыкаваць разам з адпаведнымі лекамі.
9. Ці сапраўды ультраперапрацаваныя прадуктаў шкодныя
Усе мы бачым нярэдкія высновы дыетолягаў: спажываньне занадта вялікай колькасьці ультраперапрацаваных прадуктаў — такіх як салодкія газаваныя напоі, апрацаванае мяса, салёныя закускі і замарожаныя стравы — можа павялічыць рызыку такіх захворваньняў, як хваробы сэрца, дыябэт другога тыпу, атлусьценьне і некаторыя страўнікава-кішачныя хваробы.
Экспэрты ўсё яшчэ спрабуюць зразумець, як і калі ўльтраперапрацаваныя прадукты выклікаюць пагаршэньне здароўя. Але адначасова залатым стандартам сучаснай дыеталёгіі лічыцца наступная парад: лепш скараціць спажываньне такіх прадуктаў, калі гэта магчыма.