Сьцісла
- Кіраўніком сваёй адміністрацыі Лукашэнка прызначыў даволі маладога па мерках беларускай намэнклятуры чыноўніка
- Раней Лукашэнка называў Крутога ў якасьці свайго магчымага пераемніка
- Круты запэцканы і ў палітычных рэпрэсіях, і ў расейскай агрэсіі супраць Украіны
- 43 гады Крутога і 69 гадоў Лукашэнкі — красамоўныя лічбы для параўнаньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эйсмант будзе цяжка». Што азначае вяртаньне Натальлі Пяткевіч у Адміністрацыю Лукашэнкі
Сёньня Аляксандар Лукашэнка прызначыў кіраўніком сваёй адміністрацыі Дзьмітрыя Крутога, які да апошняга часу быў амбасадарам Беларусі ў Маскве.
Па мерках беларускай уладнай эліты Круты вельмі малады, яму 43 гады. І раней ён праходзіў прыступкі кар’ернай лесьвіцы хутчэй за іншых. У 2018 годзе ўзначаліў Міністэрства эканомікі, стаўшы самым маладым міністрам у тым урадзе. Праз год стаў першым віцэ-прэмʼерам, у чэрвені 2020 году — у разгар прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі — намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Круты: Беларусь і Расея заявілі пра намер аб'яднаць сьпісы «экстрэмістаў» і «экстрэмісцкіх рэсурсаў»Ягоная менш як двухгадовая (са жніўня 2022 году) служба амбасадарам у Расеі з гледзішча сёньняшняга прызначэньня выглядае як своеасаблівыя агледзіны. Ня тое каб патрэбны быў крамлёўскі ярлык на прызначэньне кіраўніка адміністрацыі, але кандыдату на гэтую пасаду, працуючы ў Маскве, карысна завесьці больш шырокае кола расейскіх знаёмстваў, чым іх мае звычайны беларускі чыноўнік, які ўсё жыцьцё працуе ў Беларусі. І знаёмствы завесьці, і атрымаць лепшае разуменьне, што такое Расея.
Такім чынам, — ярлык ці не ярлык (практыкі Чынгісхана беларусам, як нядаўна высьветлілася, не чужыя), але каб ключавая асоба ў беларускай уладзе была вядомая і зразумелая крамлёўскім — гэта прынамсі не пашкодзіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці рыхтуе Лукашэнка сабе пераемніка? Меркаваньне Юрыя ДракахрустаУ жніўні 2022 году Лукашэнка неяк агучыў думку, што прэзыдэнтам Беларусі мог бы стаць і Аляксандар Турчын, тагачасны кіраўнік Менскага аблвыканкаму, альбо Дзьмітры Круты, толькі прызначаны тады амбасадарам у РФ. Такі «кастынг» Лукашэнка неаднаразова рабіў і раней, кажучы тое самае пра іншых асобаў. Мо ў жніўні 2022 году яму проста на вочы выпадкова трапіліся Турчын і Круты.
А можа, сказана тое было і не выпадкова. Бо варта прыгадаць і шэраг іншых заяваў Лукашэнкі — што надыходзяць новыя часы, прыходзіць новае пакаленьне. Ня тое каб ён быў гатовы прадстаўнікам гэтага пакаленьня проста вось зараз перадаць уладу — зусім не. Але з чыста біялягічных прычынаў відавочна, што Лукашэнку Круты перажыве. І пытаньне пераемнасьці так ці інакш вырашацца будзе. Ці кантралявана, з мадэрацыяй Лукашэнкі, ці спантанна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Беларусі ў Расеі: «48% беларускай эканомікі — пад заходнімі санкцыямі»Многія незалежныя экспэрты любое кадравае прызначэньне ў беларускай уладзе тлумачаць стандартна — прызначаюць адданых і ляяльных. Гэта справядліва, аднак банальна да бессэнсоўнасьці. Неляяльных там даўным-даўно няма.
Зразумела, што Круты — ляяльны і адданы. Дададзім — і запэцканы. Ён пад усімі магчымымі санкцыямі. І не без падставы: на пасадзе намесьніка кіраўніка адміністрацыі наўпрост меў дачыненьне і да фальсыфікаваньня выбараў у 2020 годзе, і да здушэньня народнага паўстаньня.
А на пасадзе амбасадара ў Расеі сустракаўся і з адміністратарамі акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны, і са шматлікімі іншымі расейскімі чыноўнікамі, якія забясьпечваюць расейскую агрэсію. А сам спрыяў удзелу Беларусі ў гэтай агрэсіі і ў акупацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзіцячы амбудсмэн РФ абмеркавала зь беларускім амбасадарам далейшую дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у БеларусьГэтая запэцканасьць у расейскую агрэсію — магчыма, таксама адзін з чыньнікаў, паводле якіх Круты быў прызначаны на новую пасаду. Але зноў жа — не адзіны.
У тых жа развагах пра шанцы Турчына і Крутога на прэзыдэнцкі фатэль Лукашэнка сказаў: «А калі ня зможа? І ўжо потым не ўмяшаесься». Нядаўна былы палітвязень Віталь Шкляраў расказаў пра гутарку Лукашэнкі з палітвязьнямі ў КДБ у 2020 годзе. Паводле Шклярава, Лукашэнка тады сказаў: «Як добра, што ў вас нічога не атрымалася. Вы дзеці, вы яшчэ не разумееце, што такое палітыка, вас бы расейцы і Пуцін зжэрлі б, як ельцынскіх дэмакратаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паранаідальна шукаў маскоўскі, амэрыканскі сьлед». Новыя дэталі ад Шклярава пра сустрэчу Лукашэнкі з палітвязьнямі ў «Амэрыканцы»Тут размова пра хрыбет, пра спрыт, пра здольнасьць манэўраваць, абдурыць «заклятых братоў». І ня толькі іх. Як казаў рымскі імпэратар Тыбэрый, «улада — гэта воўк, якога я трымаю за вушы». Здавалася б, які воўк, нашто яго за вушы трымаць? Тыбэрый, як і Лукашэнка, быў паўнаўладным дыктатарам, што захацеў, тое і рабіў, што загадаў, тое і выканалі. Але гэта нам з вамі, шаноўныя чытачы, так здаецца. А для тых, хто ўнутры сытуацыі, яна выглядае зусім інакш.
Вось паспрабаваў, выпрабаваў Крутога Лукашэнка на розных пасадах — ці здольны ён «трымаць ваўка за вушы». Пасада кіраўніка адміністрацыі будзе чарговым выпрабаваньнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што Лукашэнка хоча памяняць у Канстытуцыі, ці Як утрымаць ваўка за вушыНядаўна Лукашэнка расчуліўся і расказаў, што сьніць, як доіць каровы. Наўрад ці ў Крутога такія ж сны. Ён нарадзіўся ў Бялынічах — які-ніякі, але ўсё ж горад. І пры ўсіх сустрэчах з адыёзнымі пэрсанажамі расейскай палітыкі ад яго, здаецца, ніхто ня чуў вызначэньняў кшталту «адзінай айчыны ад Берасьця да Ўладзівастоку», на што шчодрыя і Лукашэнка, і які Аляксей Талай. Не, калі будзе загад, дык скажа — не пытаньне. Але, відаць, загаду не было. А ад душы не казаў, бо ў душы таго проста няма. У 1991 годзе яму было толькі 10 гадоў. То адкуль узяцца настальгіі па СССР?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін узнагародзіў ордэнам беларускага паралімпійца Талая, якога абвінавачваюць у незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцейГэта ўсё не да таго, што Круты — таемны лібэрал, апалягет Захаду і вораг Расеі. Зусім не. Але можна меркаваць, што пры прэзыдэнту Віктару Бабарыку ці Сьвятлане Ціханоўскай гэты беларускі чыноўнік не прапаў бы. Ну так, грэшны. Але ж не Карпянкоў, не катаваў уласнаручна людзей. Ну, а што служыў аддана, дык адданыя чыноўнікі любой уладзе спатрэбяцца.
У 50-я гады дыктатар Гішпаніі Франсіска Франка запрасіў ва ўрад чальцоў каталіцкага ордэну Opus Dei — маладых, дынамічных, сучасных. І яны ператварылі Гішпанію ў больш сучасную краіну. Яны былі ляяльныя дыктатару. Але шмат што ў Гішпаніі тады зьмянілася задоўга да сьмерці дыктатара. Са спадара Крутога чалец Opus Dei — ну такі, умоўны, мякка кажучы. Тут жа і тэрор супраць уласнага народу, і вайна найбліжэйшага саюзьніка з суседам. Таму спадзявацца на тое, што новы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі задасьць нейкі іншы трэнд, не выпадае. Але адценьні, акцэнты могуць і зьмяніцца.
Галоўны вораг Лукашэнкі — гэта не апазыцыя і ня Захад. Гэта — час. І 43-гадовы ўзрост супраць 69-гадовага — гэта званочак, што час усё ж мяняецца.