Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці рыхтуе Лукашэнка сабе пераемніка? Меркаваньне Юрыя Дракахруста


Дзьмітры Круты, Аляксандар Лукашэнка, Аляксандар Турчын, каляж
Дзьмітры Круты, Аляксандар Лукашэнка, Аляксандар Турчын, каляж

Днямі Аляксандар Лукашэнка выказаў меркаваньне, што ягонымі пераемнікамі могуць стаць альбо старшыня Менскага аблвыканкаму Аляксандар Турчын, альбо нядаўна ўзгоднены новым амбасадарам Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты.

Сьцісла

  • Днямі Лукашэнка назваў сваімі магчымымі пераемнікамі старшыню Менаблвыканкаму Турчына і прызначанага амбасадарам у РФ Крутога.
  • Падобныя заявы — не рэальныя пляны, а спосаб матывацыі ўладнага апарату.
  • Падобную ж няпэўнасьць наконт уласнага ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах захоўвае і Пуцін.
  • Называньне розных пераемнікаў — гэта падвядзеньне вынікаў «конкурсу» на самага адданага і эфэктыўнага.
  • Падобныя дэманстрацыі — вынік сутыкненьня разуменьня, што раней ці пазьней сыходзіць давядзецца, і вострага адчуваньня, што няма каму перадаць уладу, што любы ўсё разваліць.

«Вось я гляджу, думаю, Турчын зможа кіраваць краінай ці не? А калі ня зможа? І ўжо потым не ўмяшаесься. Як жа, перашкаджаць не будзеш прэзыдэнту. Не, я да прыкладу кажу. Ну, Круты, скажам так», — заявіў Лукашэнка падчас наведваньня ААТ «Казловічы-Агра».

Сказана было паўжартам, няпэўна. Але што азначаюць гэтыя заявы?

Варта адзначыць, што робяцца яны не ўпершыню.

У сакавіку летась ён гэтак жа заявіў, што новым прэзыдэнтам можа стаць альбо Ўладзімер Каранік, кіраўнік Горадзенскай вобласьці, альбо Юры Караеў, памочнік прэзыдэнта па Горадзеншчыне.

«Транзыт улады адзін — выбары. Народ выбраў — усё. Мае дзеці пасьля мяне ня будуць прэзыдэнтамі. Вось у мяне два чалавекі маіх тут, яны могуць удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Прытым будуць моцнымі кандыдатамі. Адзін — генэрал, другі — губэрнатар. Маладыя, новае пакаленьне, разумныя. Ведаюць цану гэтай краіне», — казаў тады Лукашэнка.

Матывацыя няпэўнасьцю

І летась, і сёлета размовы пра магчымых пераемнікаў — у апошнюю чаргу пра рэальныя пляны перадачы прэзыдэнцкай улады, хай сабе і істотна абмежаванай паводле новай Канстытуцыі.

Гэта найперш своеасаблівы сродак матывацыі чыноўнікаў, намёк, што ўзнагародай за адданую працу можа стаць і найвышэйшая пасада ў дзяржаве: працуй з усіх сілаў, рві жылы — і хто ведае, можа і пасаджу ў свой фатэль.

На першы погляд, нявызначанасьць уладнай пэрспэктывы хутчэй дэстабілізуе сыстэму кіраваньня — як сябе паводзіць беднаму дзяржслужбоўцу, калі невядома, што будзе праз 2–3 гады? Аднак наяўнасьць невялічкай долі няпэўнасьці якраз мабілізуе «гасударавых людзей». Калі з будучыняй усё да болю зразумела, то чаго напінацца? А Лукашэнку трэба, каб напіналіся. Таму час ад часу і пасылаецца такі сыгнал — а па-рознаму можа быць, магу ж і сысьці.

Дарэчы, падобным жа чынам паводзіць сябе і Ўладзімір Пуцін. Як бы ўсім зразумела, навошта ўводзілі ў Канстытуцыю РФ «абнуленьне» прэзыдэнцкіх тэрмінаў, сьпікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін даўно сказаў: «Ёсьць Пуцін — ёсьць Расея, няма Пуціна — няма Расеі». А сам Пуцін наконт 2025 году маўчыць. Невялічкая інтрыга ў гэтым пытаньні — гэта ня толькі захаваньне набору варыянтаў, але і сродак трымаць сыстэму кіраваньня ў тонусе.

Дык і ў Лукашэнкі — тое самае.

Да таго ж чарговае называньне імёнаў магчымых пераемнікаў — гэта і абвяшчэньне сёньняшніх фаварытаў, падвядзеньне вынікаў «конкурсу» на самага адданага і эфэктыўнага. Учора гэта былі Караеў і Каранік, сёньня — Турчын і Круты, заўтра можа яшчэ іншыя будуць, «конкурс» працягваецца ўвесь час.

Адначасова гэта і тэст для чынавенства. Абвешчаным фаварытам іншыя чыноўнікі павінны аказваць належны рэспэкт. Аднак барані Бог палічыць іх будучымі «бацькамі» і падумаць, што Лукашэнка — гэта ўжо адыходзячая натура.

Хто здолее вытрымаць гэты тонкі апаратны балянс, той, прынамсі, утрымаецца на пасадзе. Гэта такі сурагат канкурэнтнай публічнай палітыкі ў аўтарытарнай сыстэме — здольнасьць правільна выбудаваць адносіны з фаварытамі.

«Перадушаць вас, як сьляпых кацянят»

Ну, і за ўсім гэтым — сутыкненьне разуменьня, што сыходзіць раней ці пазьней давядзецца, хаця б зь біялягічных прычын, і вострага адчуваньня, што няма каму перадаць уладу, што ніхто ж не пацягне, што любы напартачыць, а то і прывядзе да катастрофы.

Адсюль, дарэчы, і рэпліка ў развагах наконт шанцаў Турчына — «А калі ня зможа? І ўжо потым не ўмяшаесься». Ёсьць сьвятая ўпэўненасьць, што ня зможа і што без умяшаньня ўсё разваліцца.

Ясна, што гэта часткова вытворная ад вар’яцкай прагі ўлады, ад доўгага яе трыманьня, ад штодзённага выслухоўваньня лісьліўцаў, якія ўпэўніваюць: «Няма Лукашэнкі — няма Беларусі». Але гэта і адносна самастойнае перакананьне, якое ў яго падмацоўваецца і ўласным досьведам краху СССР, і расейскай культурай, да якой ён належыць, зь яе траўмамі Смутаў.

Прыйдзе слабы цар, ня будзе жалезнай волі і моцнай рукі, усё ня проста стане горш — усё разваліцца, рассыплецца ўшчэнт. Паўнамоцтваў — і фармальных, і нефармальных — у Гарбачова было, бадай, ня менш, чым у Сталіна. Але што стала з Гарбачовым і з кіраванай ім дзяржавай?

Дарэчы, паводле ўспамінаў Хрушчова, незадоўга да сьмерці Сталін сказаў чальцам Палітбюро: «Безь мяне імпэрыялісты перадушаць вас, як сьляпых кацянят».

Вось і для Лукашэнкі — што Турчын, што Круты, што іншыя: добрыя, кампэтэнтныя хлопцы, але пра сябе ён думае пра іх, як тады Сталін пра партыйны арэапаг — «перадушаць вас, як сьляпых кацянят».

А зь іншага боку, менш як празь месяц будзе 68 гадоў. Ня росквіт, мякка кажучы. Гадзіньнік цікае.

Перад гэтай невырашальнай дылемай толькі і застаецца, што ладзіць шоў зь «пераемнікамі», кшталту зладжанага ў «Казловічы-Агра».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG