Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіцячы амбудсмэн РФ абмеркавала зь беларускім амбасадарам далейшую дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Беларусь


Упаўнаважаная пры прэзыдэнце РФ па правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова і амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты
Упаўнаважаная пры прэзыдэнце РФ па правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова і амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты

Амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты сустрэўся 12 ліпеня з упаўнаважанай пры прэзыдэнце РФ па правах дзіцяці Марыяй Львовай-Бяловай, якую Міжнародны крымінальны суд хоча прыцягнуць да адказнасьці за незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны.

Марыя Львова-Бялова паведаміла ў сваім тэлеграм-канале, што па выніках сустрэчы бакі дамовіліся «аб магчымасьці арганізацыі санаторна-курортнага лячэньня і адпачынку ў Беларусі для дзяцей з новых рэгіёнаў (так у Расеі называюць акупаваныя рэгіёны Ўкраіны. — РС).

«Мы ж гатовыя прыцягваць да нашых праектаў беларускіх дзяцей», — дадала яна.

У паведамленьні амбасады Беларусі ў РФ гаворыцца, што бакі «абмяняліся думкамі па пытаньнях разьвіцьця двухбаковага ўзаемадзеяньня ў сфэры аховы правоў дзяцей».

«Спыніліся на магчымым гуманітарным садзейнічаньні Рэспублікі Беларусь у працы па рэабілітацыі і рэсацыялізацыі дзяцей і падлеткаў, якая праводзіцца расейскім бокам, дапамогі дзецям з парушэньнямі здароўя», — паведамляе прэс-служба амбасады.

  • 17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны.
  • Кіеў кваліфікуе падобную практыку як незаконнае перамяшчэньне. Офіс генпракурора Ўкраіны пачаў крымінальнае вядзеньне па факце «прымусовай дэпартацыі больш як 19 тысяч дзяцей» з акупаваных тэрыторый Данбасу, Луганскай, Запароскай, Херсонскай і Харкаўскай абласьцей, у тым ліку ў Беларусь.
  • У канцы красавіка ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, якая тычыцца прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і дарослых у Расею. У ёй адзначаецца, што згодна з нормамі міжнароднага права прымусовая дэпартацыя — гэта прыкмета генацыду, таму ўсе выпадкі павінны расьсьледавацца, а ўсе, хто мае да іх дачыненьне, — панесьці адказнасьць.
  • У канцы чэрвеня НАУ перадала пракурору Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карыму Хану доказы ваенных злачынстваў у выглядзе незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый у Беларусь. Паводле матэрыялаў дасье, у пэрыяд зь верасьня 2022 году па цяперашні час у Беларусь з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны вывезьлі больш за 2100 дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG