Сьцісла:
- Папярэдняя мігранцкая атака эўрапейскіх межаў, арганізаваная Масквой і Менскам у 2021 годзе, была злавесным прадвесьцем блізкай вайны;
- Новая гібрыдная спэцапэрацыя супраць Эўразьвязу можа быць уступам да вырашальнай спробы Пуціна максымальна разьдзьмуць вогнішча вайны і дарэшты абвастрыць сытуацыю, каб дамагчыся ад Захаду прызнаньня сваіх «заваёў».
- Памежныя абарончыя лініі звычайна будуюць тыя краіны, якія не без падстаў асьцерагаюцца нападу з боку непрадказальнага агрэсіўнага суседа.
- Калі Польшчы ўдасца рэалізаваць праект «Усходні шчыт», «беларускі калідор» для нелегальных мігрантаў страціць сваю прывабнасьць: ён стане надзвычай небясьпечным і цяжкапераадольным;
- Стваральнікам новай «жалезнай заслоны», якая неўзабаве адгародзіць Беларусь ад Захаду, у гісторыі застанецца найперш Лукашэнка.
Міграцыйныя хвалі зноў захліснулі беларуска-польскую мяжу. Шукальнікі палітычнага прытулку з Азіі, Блізкага Ўсходу і Афрыкі, якія апынуліся ў беларускіх лясах і балотах пад Горадняй і Берасьцем, у пераважнай большасьці маюць у сваіх пашпартах расейскія і беларускія турыстычныя візы. Спробы нелегальна трапіць у Эўразьвяз празь беларускі «калідор» штомесяц вымяраюцца 5-6 тысячамі — такіх лічбаў не было з 2021 года, часу першага штучна створанага міграцыйнага крызісу. Дзеля чаго Лукашэнка і Пуцін зноў атакуюць Эўропу з дапамогай мігрантаў? І чым такія атакі могуць скончыцца?
Назіраючы гэтую яўна не стыхійную хвалю, якая раптам узьнялася і вырасла да вялізных маштабаў, міжволі ўспамінаеш падобныя ж падзеі восені 2021 года. Тады блізкаўсходніх і афрыканскіх «турыстаў» звозілі ў Беларусь паветранымі спэцрэйсамі — празь некалькі дзён ці тыдняў усе яны апыналіся ў лясах пад Горадняй і Берасьцем, адкуль, зьбіўшыся ў натоўпы, штурмавалі мяжу Эўразьвязу. У той час маштабная гібрыдная атака выклікала шмат зьдзіўленых пытаньняў: навошта ўсё гэта спатрэбілася Лукашэнку на тле і без таго складаных дачыненьняў з Захадам? Адказ стаў зразумелым пазьней, у лютым 2022-га: мігранцкая атака эўрапейскіх межаў, як выявілася, была злавесным прадвесьцем куды больш драматычных і страшных падзей, загадзя сплянаваных Пуціным.
Ці ня стане чарговая мігранцкая хваля, якая хлынула на польскую мяжу зараз, падобным жа прадвесьцем, злавесным папярэджаньнем пра набліжэньне чагосьці значна больш сур’ёзнага і страшнага? Зусім магчыма, што нас чакае апошні рывок Пуціна — ягоная спроба максымальна разьдзьмуць вогнішча вайны, дарэшты абвастрыць сытуацыю, паспрабаваць запалохаць Захад да такой ступені, каб той пагадзіўся сесьці зь ім за стол перамоваў і заняўся перадзелам на карысьць Масквы калі ня сьвету, то хаця б часткі Ўсходняй Эўропы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр польскі вайсковец, якога паранілі на мяжы зь Беларусьсю«Мігранты пераадольваюць гэту сьцяну без праблем»
Чаму Пуцін і Лукашэнка аднавілі міграцыйныя атакі на межы Эўразьвязу, хоць папярэдні досьвед наўрад ці можна назваць удалым? Тады, увосень і ўзімку 2021-2022-га, здавалася, што ўся гэта гісторыя пакрысе сыдзе на нішто. Гуманітарнай катастрофы і грамадзкіх забурэньняў у памежных краінах Эўразьвязу яна ня выклікала. Разьлік на бездапаможнасьць уладаў ня спраўдзіўся. Замест просьбаў пра перамовы і кампрамісы Лукашэнка і Пуцін атрымалі даволі жорсткі адказ: сталёвую сьцяну ўздоўж усяго пэрымэтру беларуска-польскай мяжы, закрыцьцё многіх памежных пераходаў, новыя санкцыі. І ўсё ж на трэцім годзе вайны да старых практык вырашана вярнуцца? Чаму?
Набор інструмэнтаў гібрыднай вайны, як выявілася, абмежаваны, прыдумаць тут нешта абсалютна новае і эфэктыўнае складана. А праблема мігрантаў застаецца для Захаду датклівай. Націснуўшы на гэты балявы пункт, тэарэтычна магчыма дамагчыся свайго — даставіць Захаду настолькі сур’ёзныя праблемы, каб ён стаў больш згаворлівым у гандлі з Масквой, пагадзіўся на перамовы, кампрамісы і саступкі. Асабліва актуальна гэта цяпер, напярэдадні эўрапейскіх выбараў. Навадніць Эўразьвяз эмігрантамі азначала б падкінуць дроў у агонь антымігранцкіх настрояў, а значыць, падвысіць шанцы на посьпех на выбарах ультраправых партый — саюзьніц Масквы, якія здольныя разбурыць Эўразьвяз знутры.
Лукашэнку яўна натхнілі зьвесткі пра тое, што збудаваная Польшчай сталёвая агароджа на практыцы, як выявілася, не такая ўжо непераадольная. У канцы студзеня сёлета, праводзячы нараду з памежнікамі, ён зьвярнуў на гэта ўвагу:
«Мяне інфармуюць мае крыніцы, у тым ліку і памежнікі, вайскоўцы, пра тое, што гэта агароджа супраць мігрантаў практычна не працуе. Мігранты яе пераадольваюць без праблем».
На што старшыня Памежнага камітэту генэрал Маластоў паслужліва пацьвердзіў:
«Так. Самі палякі ацэньваюць эфэктыўнасьць сваёй агароджы ўсяго толькі на 60 адсоткаў. Ня больш за тое».
Што выявілася на практыцы? Сталёвыя вэртыкальныя чатырохмэтровыя профілі, зь якіх змантавана агароджа, сапраўды могуць быць перашкодай, але толькі для тых мігрантаў, у якіх у руках няма нічога, апроч іхных заплечнікаў і валізаў. Але калі раптам у багажы мірных падарожнікаў апынецца спэцыяльны гідраўлічны інструмэнт вагой некалькі дзясяткаў кіляграмаў, доўгія сталёвыя профілі можна лёгка выгнуць і атрымаць у агароджы шчыліну, дастаткова шырокую для таго, каб праціснуцца чалавеку. Якім чынам нятаннае і цяжкае абсталяваньне апынаецца ў руках нібыта абяздоленых і бедных уцекачоў, чаму ім лёгка ўдаецца даставіць гэты спэцінструмэнт праз многія дзясяткі кілямэтраў, празь лясы, балоты і беларускую памежную зону да самай польскай мяжы — пытаньне асобнае. У кожным разе, менавіта ў апошнія тыдні атакі шматлікіх мігранцкіх груп, аснашчаных такім абсталяваньнем, сталі асабліва частымі. І гэта не выглядае выпадковасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы заявілі, што многія мігранты, якія спрабуюць прарваць мяжу, маюць расейскія візы«Здымайце і паказвайце гэтых нягоднікаў»
Лукашэнка ніколі не хаваў свайго даволі грэблівага стаўленьня да дэмакратый. Мігранцкія атакі і задумваліся менавіта ў разьліку на «мяккацеласьць» Захаду, на тое, што заходнія грамадзтвы знаходзяцца ў палоне ўласных гуманістычных каштоўнасьцяў, а таму ня знойдуць ніякага эфэктыўнага сродку, каб супрацьстаяць хітраму пляну двух дыктатараў. Калі б плян зь мігрантамі аказаўся пасьпяховым, Менск і Масква атрымалі б пастаянны і дзейсны інструмэнт ціску на Захад, высокаліквідны тавар для палітычнага і эканамічнага гандлю. Напачатку, улетку 2021 году, яно так і працавала. Да мяжы з польскага боку дапамагаць натоўпам мігрантаў кінуліся дзясяткі харытатыўных арганізацый, апазыцыя распачала на гэту тэму сваркі з урадам. Да абароны правоў мігрантаў падключыліся лібэральныя СМІ. Плян нібыта пачаў спрацоўваць. Але цягнулася гэта зусім ня доўга. Палякі і літоўцы, зыходзячы з уласнага гістарычнага досьведу, добра ведаюць норавы суседа: стагодзьдзі барацьбы з імпэрскімі памкненьнямі Масквы не мінулі дарэмна. І пляны Лукашэнкі і Пуціна вельмі хутка сталі яўнымі. Сёньня ні ў Польшчы, ні ў Літве няма ніякіх ілюзій адносна сапраўдных прычынаў мігранцкіх атак на іхныя межы.
Лукашэнку гэта яўна раздражняе. Ён дагэтуль час ад часу, раздаючы дырэктывы прапагандзе, настойліва патрабуе «здымаць і паказваць гэтых нягоднікаў, якія забіваюць мігрантаў і выкідаюць на нашу тэрыторыю». Апошні раз такое заданьне ён даваў на пачатку красавіка міністру інфармацыі Пярцову, прызначаючы яго намесьнікам сваёй адміністрацыі:
«Нам ня трэба нічога прыдумляць. Вазьміце, дапусьцім, інфармацыйна-псыхалягічныя апэрацыі на мяжы. Навошта нам хлусіць? Паглядзіце, колькі трупаў валяецца сёньня на мяжы. Сьнег сышоў — жах. Мне кожную раніцу дакладваюць».
Калі б здабыткам галоснасьці стала нешта падобнае, пэўна, такія кадры сапраўды сталі б пасьпяховай «інфармацыйна-псыхалягічнай апэрацыяй» — з шырокім грамадзкім розгаласам і ўплывам на міграцыйную палітыку тых дзяржаў, якія падобнае дапускаюць і дазваляюць. Але ні пра якія сэнсацыйныя рэпартажы з падобнымі кадрамі нешта не чуваць, нягледзячы на шматлікія анонсы з боку Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы пачынае працу камісія па расьсьледаваньні беларускага і расейскага ўплыву«Гэта ня тыя людзі, якія шукаюць прытулку»
Адметную ацэнку таго, што адбываецца зь мігранцкімі атакамі, даў прэм’ер Польшчы Дональд Туск 29 траўня, прыбыўшы на польска-беларускую мяжу на Падляшша разам зь міністрамі абароны і ўнутраных спраў. Гэта адбылося адразу пасьля інцыдэнту, калі адзін з нелегалаў цяжка параніў нажом польскага памежніка. Дональд Туск сказаў:
«Мы тут маем справу зусім не з асобамі, якія шукаюць прытулку, а з арганізаванай і вельмі эфэктыўнай на многіх узроўнях апэрацыяй для прарыву польскай мяжы і спробай дэстабілізаваць дзяржаву... У нас няма ніякага сумневу адносна характару дзеяньняў, зь якімі мы маем справу... Размова не ідзе ні пра якую-кольвек дапамогу мігрантам з Расеі ці Беларусі — толькі аб арганізацыі ўсё больш прадуманых мэтадаў гібрыднай вайны, накіраваных на дэстабілізацыю польскай дзяржавы».
Гаворачы пра тое, як у такой сытуацыі на мяжы павінны дзейнічаць памежнікі і вайскоўцы, Туск зрабіў акцэнт на тым, што, выконваючы службовы абавязак, яны не павінны адчуваць сябе безабароннымі ці абмежаванымі ў дзеяньнях:
«Вы маеце поўнае права, ня кажучы ўжо пра абавязак, выкарыстоўваць усе даступныя вам мэтады. І наша задача ў тым, каб у вас было адчуваньне прававой абароненасьці і поўнага даверу і падтрымкі з боку ўсіх палякаў».
Прэм’ер недвухсэнсоўна даў зразумець: нават калі давядзецца рашыцца на самыя радыкальныя дзеяньні адносна ўдзельнікаў атак на дзяржаўную мяжу, службоўцы могуць быць пэўнымі, што атрымаюць поўную падтрымку зь ягонага боку.
6 чэрвеня паранены мігрантам польскі вайсковец памёр у шпіталі. Выявілася таксама, што раней былі затрыманыя двое польскіх вайскоўцаў за папераджальныя стрэлы ў бок вялікіх групаў мігрантаў, якія прарываліся праз мяжу. У Польшчы і адзін, і другі інцыдэнты імгненна выклікалі шырокі розгалас.
Прэзыдэнт Анджэй Дуда ў сувязі з гэтым склікае на пачатку наступнага тыдня адмысловае паседжаньне Рады бясьпекі. Няма сумневу, што размова будзе ісьці найперш пра тое, каб памежнікі і вайскоўцы, абараняючы мяжу, самі не адчувалі сябе безабароннымі і абмежаванымі ў сваіх дзеяньнях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Найбуйнейшая апэрацыя з 1945 году». Мінабароны Польшчы прадставіла праект «Шчыт Усход» па ўмацаваньні мяжы зь Беларусьсю і РасеяйПлян Туска. «Усходні шчыт»
Польскія ўлады анансавалі стварэньне ў блізкай будучыні (на працягу наступных двух з паловай гадоў) «Усходняга шчыта» — паласы ўмацаваньняў уздоўж усёй польска-беларускай і польска-расейскай межаў. Цяперашняя 5-мэтровая сталёвая агароджа захаваецца, але набудзе новы кшталт і стане часткай значна больш шырокай паласы памежных збудаваньняў. Плянуецца, што на гэтай агароджы ў дадатак да вэртыкальных профіляў зьявяцца папярэчныя стальныя бэлькі. Разагнуць такую агароджу, як дагэтуль рабілі мігранты з дапамогай гідраўлічных дамкратаў, будзе немагчыма: хіба толькі рэзаць мэтал аўтагенам.
Зьявяцца таксама яшчэ адна паралельная цяжкапераадольная агароджа на некаторай адлегласьці ад першай, назіральныя вежы, удасканаленая сыстэма відэаназіраньня. Але, магчыма, найважнейшае ў новым праекце, на які Варшава пры падтрымцы Брусэля зьбіраецца выдаткаваць больш як 2,5 мільярда даляраў — адначасовае ўзьвядзеньне на мяжы вайсковых абарончых збудаваньняў — бункераў, супрацьтанкавых равоў і жалезабэтонных «вожыкаў», а магчыма, і мінных палёў. Пэўным элемэнтам абароны таксама могуць стаць штучныя балоты і паглыбленыя мэліярацыйныя каналы. Такім чынам, плянуецца, што гэтая памежная паласа будзе выконваць адразу некалькі функцый. Калі дойдзе да рэалізацыі ўсяго заплянаванага, у арганізатараў мігранцкіх атак з боку Беларусі і Расеі застанецца надзвычай мала шанцаў на посьпех. Нават калі ўдасца нейкім чынам з дапамогай спэцтэхнікі пераадолець сталёвыя агароджы, у патэнцыйных парушальнікаў мяжы будуць усе шанцы далей трапіць на вайсковыя інжынэрныя бар’еры — уваліцца ў супрацьтанкавыя рвы і балоты ці трапіць на мінныя палі. Завабіць кліентаў з Азіі і Афрыкі на такую паласу перашкод рэжыму Лукашэнкі наўрад ці ўдасца. Беларускі маршрут перастане быць папулярным сярод мігрантаў: проста з той прычыны, што ён зробіцца надзвычай небясьпечным і цяжкапераадольным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія ўлады ня бачаць падстаў адкрыць памежны пераход у БаброўнікахМяжа цывілізацый
У свой час Лукашэнка зь вялікім піетэтам паставіўся да ідэі мэмарыялізацыі «Лініі Сталіна» — перадваеннай абарончай лініі, якую ўзводзіў сталінскі рэжым у 1928–1939-х гадах уздоўж заходніх межаў СССР, баючыся нападу з боку Эўропы. Лукашэнка, відавочна, і сам быў бы ня супраць увекавечыць уласнае імя ў назьве якога-небудзь агромністага стратэгічнага збудаваньня. Праўда, да стварэньня «Лініі Лукашэнкі» справа наўрад ці дойдзе. Па-першае, у яго няма такіх грошай. Па-другое, у гэтым няма ніякага сэнсу: Лукашэнка сам гэта выдатна разумее, хоць і палохае суайчыньнікаў тым, што Захад нібыта плянуе напасьці на Беларусь.
Памежныя абарончыя лініі звычайна будуюць тыя, хто не без падстаў асьцерагаецца нападу з боку непрадказальнага агрэсіўнага суседа. Такой паласой памежных умацаваньняў («Лініяй Мажыно», названай так па імені тагачаснага францускага вайсковага міністра) працягласьцю больш за 1000 кілямэтраў Францыя спрабавала ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя адгарадзіцца ад фашысцкай Нямеччыны.
У той жа пэрыяд Фінляндыя, чакаючы агрэсіі з боку СССР, збудавала на Карэльскім перашыйку «Лінію Манэргэйма» — 130-кілямэтровую паласу абарончых збудаваньняў.
Перадваенная Польшча, не без падстаў баючыся савецкай атакі, будавала ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне «Лінію Палесьсе».
Ня ўсе яны спраўдзілі спадзевы і чаканьні сваіх стваральнікаў. «Лінію Мажыно» гітлераўскія войскі проста абышлі з поўначы праз Ардэны. «Лінія Палесьсе» не спатрэбілася Польшчы, бо ў выніку гітлераўскай агрэсіі ў верасьні 1939-га ў краіны ўжо не заставалася сіл, каб арганізаваць значны супраціў яшчэ і супраць савецкага ўварваньня. А вось «Лінія Манэргэйма» выканала выключна важную ролю падчас савецкага нападу 1939–1940 гадоў, дапамагла Фінляндыі выратаваць сваю незалежнасьць.
У канцы 90-х гадоў здавалася, што ўсе гэтыя «лініі» назаўжды засталіся ў гісторыі мінулага стагодзьдзя. Цяпер выявілася, што лічыць іх архаікай было заўчасна.
«Лінія Лукашэнкі» на мапе наўрад ці калі-небудзь зьявіцца: увекавечваць ягонае імя ніхто не зьбіраецца. Хоць тое, што чацьвёра зь пяці суседзяў Беларусі імкнуцца адгарадзіцца ад яе сталёвымі сьценамі і супрацьтанкавымі рвамі, назаўсёды будзе зьвязана менавіта з прозьвішчам Лукашэнкі — чалавека, якога гісторыя на пераломе стагодзьдзяў надзяліла ўнікальным шанцам зрабіць сваю краіну часткай аб’яднанай Эўропы і зьнішчыць усе межы паміж сабой і суседзямі. І які замест гэтага аддзяліў краіну ад цывілізаванага сьвету цяжкапераадольнай глухой сьцяной працягласьцю больш як 2000 кілямэтраў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча выдаткуе каля $2,5 млрд на ахову мяжы зь Беларусьсю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тлумачым з Гурневічам. Як палякі рыхтуюцца да нападу зь Беларусі