Паранены нажом 28 траўня каля беларускай мяжы вайсковец знаходзіўся ў стане клінічнай сьмерці, паведамляе RMF FM са спасылкай на неафіцыйную інфармацыю.
Польскі тэлеканал TVN24 пасьля абеду 6 чэрвеня перадаў, што жаўнер памёр у Вайсковым мэдычным інстытуце.
Гаворка ідзе пра жаўнера, якога ў канцы траўня падчас дзяжурства на мяжы пад Белавежай паранілі нажом, прымацаваным да галіны дрэва, іншаземцы, якія спрабавалі нелегальна трапіць на тэрыторыю Польшчы зь Беларусі.
Вайскоўца перавезьлі ў Варшаву з Гайнаўкі, дзе яго лячылі спачатку, даведаўся журналіст RMF FM. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, лекары і іх сваякі меліся вырашаць, ці працягваць жыцьцезабесьпячэньне пацярпелага вайскоўца і калі так, то якім чынам.
28 траўня каля памежнай заставы ў Дубічах Царкоўных адбыўся напад на польскіх жаўнераў у форме. У штурме ўдзельнічалі каля 50 іншаземцаў. Яны штурмавалі памежную агароджу, кідалі камяні і галіны дрэваў у польскіх памежнікаў і вайскоўцаў, а таксама выкарыстоўвалі вострыя прылады, прымацаваныя да галінаў. Адзін зь іх ударыў такім нажом вайскоўца, калі той спрабаваў перакрыць пралом у сталёвай агароджы.
- Агулам пра напады мігрантаў, якія спрабавалі нелегальна трапіць у Эўразьвяз зь беларускай тэрыторыі, на польскіх вайскоўцаў і памежнікаў паведамлялі 28 і 31 траўня, а таксама 3 чэрвеня.
- Як паведамлялі польскія СМІ, у польскага памежніка, параненага на мяжы зь Беларусьсю 3 чэрвеня, дактары дыягнаставалі пералом асновы чэрапа, таксама ў мужчыны была пашкоджаная вачніца, існавала рызыка, што «вока ня ўдасца ўратаваць». Стан памежніка мэдыкі ацэньвалі як цяжкі.
- 29 траўня прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск пабываў ля мяжы зь Беларусьсю ў Дубічах Царкоўных (Падляскае ваяводзтва) і заявіў пра пляны аднавіць 200-мэтровую буфэрную зону каля мяжы зь Беларусьсю.
- 1 чэрвеня віцэ-прэмʼер Польшчы — міністар нацыянальнай абароны Ўладыслаў Касіняк-Камыш заявіў, што буфэрную зону на мяжы зь Беларусьсю адновяць 4 чэрвеня. Аднак 3 чэрвеня кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк паведаміў, што вяртаньне буфэрнай зоны будзе перанесена на пазьнейшы тэрмін.
Форум