На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае палітык Вадзім Пракопʼеў.
— Блёк Пракопʼева-Ягорава заняў другое месца на выбарах у КР. З чым я вас і віншую. Ці дасягнулі выбары ў Каардынацыйную раду мэтаў, дзеля якіх ладзіліся? Калі не, то якіх дасягнулі?
— Выбары пераўзышлі мае чаканьні, якія я агучваў падчас выбарчай кампаніі. У нас былі дэбаты з Паўлам Латушкам на ўкраінскім канале BalaganOFF. Я думаў, што яўка будзе 5000. Яна атрымалася 6723.
Я там сказаў, што калі б нашае палітычнае кіраўніцтва ў Вільні зрабіла пэўныя крокі дзеля папулярызацыі гэтых выбараў, калі б спрацавалі СМІ ў адзінай агітацыйнай кампаніі, яўку можна было павялічыць на пару дзясяткаў тысячаў. Таму я, у прынцыпе, задаволены.
— Я спытаўся, якія мэты ставіліся і якія былі дасягнутыя.
— Я ставіў сабе за мэту правесьці ў КР усіх 34 кандыдатаў ад блёку Пракопʼева-Ягорава. Выканаў мэту менш чым напалову, бо прайшло 13 кандыдатаў. Гэта таксама добры вынік.
Я б хацеў памяняць некаторыя нумары ў сьпісе, але выбарчая камісія нам у гэтым адмовіла ў апошні дзень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стомленыя ад палітыкі. Пра якія настроі сярод дыяспары сьведчаць вынікі выбараў у КР— Але, наколькі я разумею, справа была ня толькі ў тым, каб правесьці сваіх кандыдатаў у Раду, а каб сама Рада мела палітычную вагу.
А вось з гэтым якраз праблемы. У многіх вынікі гэтых выбараў выклікалі скепсіс ці нават роспач, найперш яўкай. 6723 удзельнікі агульнанацыянальных выбараў — гэта няшмат, мякка кажучы. Расчараваньне ў сувязі з гэтым ёсьць у многіх. Вы маглі б яго разьвеяць?
— З задавальненьнем, дзякуй за пытаньне. Нядаўна, пасьля апытаньня на адным папулярным тэлеграм-канале, адзначалася, у чым прычыны такой нізкай яўкі.
Першая прычына — гэта праблемы бясьпекі. А другая — людзі не разумеюць, навошта гэтая КР існуе.
Праблема бясьпекі сапраўды рэальная — гэта вынік дзеяньняў уладаў, запалохваньня. А таксама наступства ранейшых праблемаў зь бясьпекай і памылак, якія былі зробленыя. Гэта таксама вынік таго, што ў Паўла Лібера было недастаткова рэсурсаў на маркетынг і тлумачальную кампанію.
А іншая прычына нізкай яўкі, устаноўка «А навошта мне гэтая КР?», магла б быць пераадоленая пры дапамозе праактыўнай пазыцыі офісу Сьвятланы Ціханоўскай (ОСЦ).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шрайбман: Выбары ў Каардынацыйную раду — зьверка з рэальнасьцюАрцём Шрайбман тлумачыць, што гэта палітычная барацьба і навошта ж офісу ствараць сабе альтэрнатыву ці канкурэнта і суперніка. Але гэта нейкае вузкае мысьленьне. Я лічу, што калі б ОСЦ добра падумаў пра неабходнасьць КР і актыўна ўключыўся — вынік быў бы іншы. Але іх паралізаваў страх.
Мяркую, што прычына «А навошта мне гэтая КР?» аказалася пераважнай.
Для некага гэта жахлівы вынік. А для мяне — рэальнасьць, якая пераўзышла мае жаданьні. І гэта не ацэнка патрэбы ў КР, не дыягназ дэмакратычным сілам у цэлым, а дыягназ палітычнаму цэнтру ў Вільні.
Што тычыцца скептыкаў. Сярод гэтых прадстаўнікоў лініі «ўсё прапала» я заўважыў Арцёма Шрайбмана, Паўла Вусава ды іншых. Іх варта спытаць — а ў чым альтэрнатыва, якую вы прапануеце? Прыхільнікі гэтай лініі, уключна з вамі, Юры, прызнаюць, што дэмакратычныя сілы ў крызісе. Мой плян выхаду з крызісу я ў сваёй выбарчай праграме і расьпісаў.
Што можна пачуць ад крытыкаў — Шрайбмана, Астапені, Вусава, Міколы Бугая з «Нашай нівы»? Маўляў, лідэрства зьявіцца ўнутры краіны. Але гэтая тэорыя лёгка разьбіваецца, бо ўнутры краіны ўсё закатана пад асфальт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары Каардынацыйнай рады: высновы і ўрокі— Каб сьцьвярджаць, што нешта разьбіваецца, усё ж варта было б, каб вы, Латушка, Турарбекава, нехта іншы прадʼявілі рэальнае абвяржэньне, рэальны палітычны субʼект у эміграцыі. Што да альтэрнатываў вашаму праекту, то можна прывесьці ў прыклад Маратон салідарнасьці з палітвязьнямі. У ім удзельнічала значна больш людзей, чым у выбарах у КР. Але і там многія ўдзельнікі маглі перасьцерагацца — а ці ня трапіць у ГУБАЗІК інфармацыя пра мой данат, а ці можна давяраць BySol і ByHelp? Але ў выпадку Маратону гэтыя перасьцярогі і сумневы многія пераадолелі. Можа, таму, што гэта не была чыстая палітыка? А выбары ў КР — чыстая палітыка.
— Што я чуў ад іншых? Чуў прапанову Рыгора Астапені «не злаваць дзеда». Чуў прапанову дачакацца лідэра ўнутры краіны. Чуў прапанову пра нейкі загадкавы кангрэс дэмакратычных сілаў. Зь якой прычыны выбары ў такі кангрэс пройдуць лепш, чым выбары ў КР? Так што прапановаў я ня бачу.
У праграме нашага блёку прапанова сфармуляваная. Чым можна эфэктыўна займацца ў эміграцыі? Я лічу, што нам давядзецца збудаваць палітычны субʼект з дыяспары. Я лічу, што ў Беларусі больш імаверная рэвалюцыя зьверху, чым зьнізу.
Але яна можа адбыцца толькі пры наяўнасьці палітычнага субʼекта ў дыяспары.
Я лічу, што трэба займацца новай вонкавай палітыкай. Мы для Захаду зараз уяўляем сабой валізку бяз ручкі. Калі выканаць праграму нашага блёку, у валізкі зьявіцца ручка.
Дэпалітызацыя ў грамадзтве і ў дыяспары — вынік дзеяньняў кіраўніцтва дэмакратычных сілаў з 2020 году.
З гэтай дэпалітызацыяй Каардынацыйная рада трэцяга скліканьня і павінна справіцца. Мая мэта — не рэформа Абʼяднанага пераходнага кабінэту, хоць ён і недабудаваны, і ня мае дарослай стратэгіі. Мая мэта — уцягнуць беларусаў назад у палітыку. Стварэньне масавага беларускага руху і ёсьць мэтай новай Каардынацыйнай рады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нас засталіся толькі два добрыя хады». Што задумаў Пракоп’еў— А вось наконт стварэньня шырокага грамадзкага руху ў дыяспары. Вы сказалі, што адна з прычынаў сьціплага ўдзелу ў выбарах у КР — гэта страх: страх выцеку дадзеных пра гэты ўдзел, страх рэпрэсіяў супраць сваякоў і канфіскацыі маёмасьці ў Беларусі. Але хіба гэты ж страх не паралізуе стварэньне шырокага грамадзкага руху? Рух — гэта ж таксама нейкая актыўнасьць, камунікацыя. Зарэгіструецца эмігрант у шырокім руху Пракопʼева, а заўтра зьвесткі пра гэта трапяць у ГУБАЗІК. Хіба гэта ня страшна?
— Па-першае, адразу гэта не атрымаецца. Па-другое, ніхто ж і не спрабаваў. Па-трэцяе, калі не рабіць высілкаў, дык нічога і ня будзе. Па-чацьвёртае, колькасьць эмігрантаў будзе павялічвацца. Зараз, паводле самых кансэрватыўных ацэнак, гэта 350 тысячаў. Давайце ўявім сабе, што прынамсі 100 тысячаў зь іх ніколі ня вернуцца ў Беларусь. Іх там нічога не чакае, акрамя турмы.
І ў пэўны момант фактар страху ў іх зьнікне, а іх сваякі пераедуць да іх. Я не магу сьцьвярджаць, што мая (наша) прапанова абавязкова будзе рэалізаваная. Я кажу, што ў нас няма іншага выйсьця.
Калі такі субʼект у дыяспары ня будзе створаны, у нас застанецца некалькі палітычных гульцоў зь невялікай, як мы бачым, грамадзкай падтрымкай.
У нас не атрымліваецца жыць на беларускія грошы, а значыць, мы перасьледуем чужыя нацыянальныя інтарэсы. Мы ня можам уплываць на настроі ўнутры краіны, бо ў нас няма масавасьці.
Я б марыў, каб у 2025 годзе ўдзельнікі руху, стварыць які мы прапануем, запоўнілі стадыён у Варшаве на 75 тысячаў чалавек. Але гэты рух можа існаваць на больш сучаснай лічбавай плятформе. Я ў лічбавую плятформу веру больш.
У маіх думках пра такі шырокі рух няма супярэчнасьці з намерамі офісу Ціханоўскай. Аляксандар Дабаравольскі марыць пра такі рух ужо 4 гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму вучаць паразы беларускіх паўстаньняў? Гутарка з гісторыкам Захарам Шыбекам— Паўстаньне 2020 году — ня першае ў гісторыі Беларусі. Былі і паўстаньне Касьцюшкі, і паўстаньне 1831 году, і паўстаньне Каліноўскага. І кожнае такое паўстаньне спараджала хвалю палітычнай эміграцыі. І кожная хваля імкнулася неяк кансалідаваць дыяспару. Але дамагчыся ў гэтым посьпеху не атрымлівалася ніколі.
— І што? У тыя часы, якія вы прыгадваеце, мне, каб даць вам інтэрвію, спатрэбілася б некалькі тыдняў. Я ўпэўнены, што лічбавы сьветапарадак цалкам перафарматаваў палітыку і перафарматуе яшчэ больш. І ніякай праблемы няма стварыць палітычны субʼект у дыяспары. Цэнтрам можа быць не абавязкова Варшава. Юрысдыкцыя можа быць любой, хоць у Лацінскай Амэрыцы.
— Наступнае пытаньне мо будзе для вас ня вельмі прыемнае. Дазволю сабе пачаць з мэтафары.
Вось вырашылі вы пайсьці ў краму па хлеб. Гэтаму можа перашкодзіць шмат што — пайшоў дождж, а парасон вы не ўзялі; хлеб не завезьлі; крама на пераўліку. Усё — важкія тлумачэньні. Але важны вынік — вы не купілі хлеба.
Вы ў 2022 годзе абвясьцілі, што ствараеце моцную вайскова-палітычную сілу — полк «Пагоня». Напэўна, былі важкія прычыны, чаму гэты праект ня быў рэалізаваны. Але важны вынік — полк «Пагоня» як вайскова-палітычны субʼект не зьявіўся. Што рабіць з гэтым фактам?
— Нічога. Трэба зразумець, чаму гэтага не адбылося. Полк «Пагоня», сапраўды, фармаваўся як інструмэнт уплыву на Беларусь. Была канкурэнцыя паміж добраахвотніцкімі фармаваньнямі, і гэта вельмі перашкаджала. Полк пачаў фармавацца, трэніравацца і расьці. Але ў пэўны дзень нас проста выселілі з казармы, а мне патлумачылі, што я непажаданая асоба ва Ўкраіне. Я думаў, што гэта вынік унутрывідавой барацьбы са штабам палку Каліноўскага.
Але цяпер я разумею, што гэта вынік зьдзелкі Кіева з Лукашэнкам. І яна не прадугледжвае стварэньня беларускага палітычнага полюсу ва Ўкраіне. Мы бачым, што і полк Каліноўскага ня здолеў стварыць такі полюс.
Апошнія чатыры гады я, як Архімэд, шукаю пункт апоры. І прыйшоў да высновы, што КР — адзіны такі пункт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракоп'еў, Ягораў і Сахашчык зьвярнуліся да беларусаў з трох краінаў з адным пасланьнем— Я якраз пра ваш пошук. Стан, адказнасьць палітычнага аналітыка і палітыка — розныя. Заяўлю, скажам, я, што Вадзім Пракопʼеў стане галоўным лідэрам дэмсілаў. А вы ня станеце. Ну, значыць, я проста памыліўся. Мяне ня будуць ацэньваць па гэтай памылцы.
Калі ж палітык абвяшчае, што зробіць тое ці гэтае, а абяцаньня не выконвае, то ён можа прыводзіць сто прычынаў, чаму не зрабіў. Але ацэньваць яго будуць па тым, што ён зрабіў і што абяцаў, але не зрабіў.
— А хто зрабіў? Я сачу за сваімі абяцаньнямі. Я імкнуся пазьбягаць заяваў, што нешта ў нас дакладна будзе. Мая гіпотэза палягае ў тым, што КР можа стаць інструмэнтам рамонту нашага палітычнага поля. Я не гатовы даць вам клятву, што ў нас зьявіцца моцнае лідэрства і мабілізацыя людзей. Але гэта — пункт апоры.
Вы маеце рацыю — словы палітыка павінны фільтравацца. У мяне было няшмат заяваў і абяцаньняў, за якія мне сорамна. Прынамсі адно было. Я ня думаў, што мы зойдзем у такі тупік. Я думаў, што лёс палітвязьняў павернецца ў лепшы бок.
Ва Ўкраіне я нічога не абяцаў. Я настойваў на тым, што гэтае вакно магчымасьцяў можна выкарыстаць.
Так, масавы рух дыяспары можа і не атрымацца. Але як у кнізе Кена Кізі «Палёт над гняздом зязюлі»: я хаця б паспрабаваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары новага кіраўніцтва, візавыя пытаньні. Што прадстаўнікі Каардынацыйнай рады будуць рабіць далей— Ці чакаеце вы, што нейкія парлямэнты ці ўрады краінаў сьвету пасьля выбараў КР усталююць зь ёю адносіны на нейкім узроўні, у нейкай форме прызнаюць яе прадстаўнічым органам беларускага народу?
— У вашым пытаньні няправільная пасьлядоўнасьць. У КР новага скліканьня ёсьць функцыя, безь якой усе спробы дасягнуць міжнароднага прызнаньня бессэнсоўныя. Калі мы пры дапамозе КР не мабілізуем беларусаў, ня створым масавы рух, то нашыя адносіны з парлямэнтамі краінаў сьвету магчымыя. Хоць гэта будзе залежаць не ад яўкі на выбары ў КР, а ад асабістых адносінаў чальцоў КР з парлямэнтарамі розных краінаў.
Той факт, што я менавіта абраны ў КР, нават з такой яўкай, хутчэй падвышае маю палітычную вагу ў вачах замежных партнэраў. Але галоўны прыярытэт — вярнуць беларусаў у палітыку.
У чым я ня згодны з аналізам Шрайбмана ў інтэрвію вам? Ён лічыць, што выбары ў КР — гэта пра палітыку ўнутры дэмсілаў, гэта спаборніцтва, і ўсе чамусьці хочуць пасунуць Ціханоўскую. І ён ня згодны з фармулёўкай францускай Le Monde, што беларуская апазыцыя спрабуе набыць другое дыханьне. Гэта памылковы аналіз.
Можа, хтосьці з кандыдатаў і ішоў у КР з мэтай палітычнай канкурэнцыі, каб некага штурхаць локцямі.
Шрайбман адмаўляе, што гэта збор неабыякавых, разумных людзей, якія разумеюць, што трэба дапамагчы. А Арцём малюе іх як палітычных карʼерыстаў.
Адрозьненьне заходняй цывілізацыі ад праваслаўнай, ардынскай — у тым, што на Захадзе спрабуюць дзейнічаць. Ня ўсё атрымліваецца, але тады яны знаходзяць новыя мэтады. А праваслаўная цывілізацыя толькі адаптуецца да існых умоваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка пра сакрэтныя пляны рэжыму, 100 спробаў ліквідацыі і свае амбіцыі— Вашая фракцыя ў КР — 13 чалавек з 80-ці. Гэта далёка не палова. Ці вызначылі вы, з кім будзеце спрабаваць сфармаваць кааліцыю?
— Мы — важны элемэнт у гэтым разьмеркаваньні. Мне здаецца, што з Паўлам Латушкам цалкам магчымая кааліцыя. Усе ўжо зразумелі, што ў яго вялікае палітычнае лібіда. У мяне няма такіх палітычных амбіцыяў, як у яго. Мне хацелася б, каб ён зразумеў, што я маю на ўвазе, калі кажу, што гэта бег на месцы.
Калі мы паразумеемся, у нас будзе дастаткова моцная кааліцыя.
У мяне добрыя адносіны зь лідэрамі многіх фракцыяў, якія ўвайшлі ў склад КР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбаркам Каардынацыйнай рады зацьвердзіў канчатковыя вынікі галасаваньня— Якімі вам бачацца адносіны КР з офісам Ціханоўскай, які вы ў гэтым інтэрвію неаднаразова прыгадвалі?
— Я ўжо бачу крокі насустрач зь іх боку. Сьвятлана Ціханоўская выказала жаданьне пагаварыць з кожным чальцом нашай фракцыі. Я не чакаю зашмат ад гэтай камунікацыі. На працягу чатырох гадоў мая камунікацыя зь Ціханоўскай была аднабаковай. Я ёй тэлефанаваў, я ёй пісаў, яна мне — ніколі. Я бачу, што зараз ініцыятыва размаўляць належыць офісу.
Ці зможам мы дабудаваць Абʼяднаны пераходны кабінэт хутка? Я б на гэта надта не спадзяваўся. Але я разьлічваю пераканаць офіс, што беларусаў трэба вяртаць у палітыку. Мая прапанова ім — разам будаваць шырокі грамадзкі рух.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія ў Каардынацыйную Раду — першая спроба арганізаваць незалежны выбарчы працэс, заяўляе Ціханоўская
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.