Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары Каардынацыйнай рады: высновы і ўрокі


Канфэрэнцыя кандыдатаў у Каардынацыйную раду. Варшава, 19 траўня 2024
Канфэрэнцыя кандыдатаў у Каардынацыйную раду. Варшава, 19 траўня 2024

Каардынацыйная рада так і ня вызначылася, якое месца яна павінна займаць у канфігурацыі іншых апазыцыйных структур.

Ці гэта парлямэнт у выгнаньні, які можа ўплываць на рашэньні выканаўчых органаў (Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінэту)? Ці дыскусійны клюб, які павінен гарманізаваць розныя, часам канфліктныя інтарэсы і настроі розных групаў, і арганізацыя беларускай дыяспары?

Сьцісла:

  • Кампанія выбараў КР ня трапіла ў фокус грамадзкіх настрояў і ўвагі.
  • Калі б выбраньне КР было праведзена 25 лютага, у Адзіны дзень галасаваньня, то колькасьць удзельнікаў галасаваньня была б у дзясяткі разоў большая.
  • Самае парадаксальнае палягае ў тым, што найбольшую ўвагу да выбараў у КР выявілі беларускія ўлады. І прынялі беспрэцэдэнтныя захады, каб іх сарваць.
  • Невялікая колькасьць людзей, якая ўдзельнічала ў выбарах, перакрэсьлівае намеры арганізатараў падвысіць статус КР.

У многіх, хто ўважліва назіраў за выбарамі ў Каардынацыйную раду, было ўстойлівае адчуваньне, што нешта падобнае ўжо бачылі ў недалёкім мінулым. Ня столькі па форме, колькі па сутнасьці. Так, гэтыя выбары ў чымсьці нагадвалі праймэрыз, які ладзіла тытульная апазыцыя ў пачатку 2020 году, каб выбраць адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары. Тая кампанія ня трапіла ў нэрву грамадзкіх чаканьняў, прайшла па-за ўвагай шырокай публікі, скончылася скандалам, палітыкі перасварыліся. У выніку апазыцыя рыхтавалася да байкоту выбараў. Сапраўдная палітычная барацьба ў той год пайшла іншым шляхам. Апазыцыйныя палітыкі (далёка ня ўсе) ледзь пасьпелі заскочыць у апошні вагон цягніка, які адыходзіў.

Агульнае ў гэтых кампаніях тое, што як тады, так і цяпер палітыкі ня трапілі ў фокус грамадзкіх настрояў. А можа, ня вельмі і імкнуліся да гэтага. Бо ці ня бачылі ў гэтым патрэбы, ці выбіралі больш камфортныя для сябе ўмовы.

Выбары ў КР першапачаткова задумваліся як альтэрнатыва выбарам у Палату прадстаўнікоў і ў мясцовыя саветы, якія ладзілі беларускія ўлады 25 лютага. Але не пасьпелі падрыхтаваць. І ня вельмі засмуціліся з гэтай нагоды. Маўляў, якая розьніца, усё роўна ўсе бачаць кантраст паміж сапраўднымі выбарамі ў нас і імітацыяй у іх.

Справа ў тым, што хоць 25 лютага ў Беларусі сапраўдных выбараў не было, але была палітычная кампанія пад умоўнай назвай «Адзіны дзень галасаваньня».

Любая палітычная кампанія палітызуе грамадзтва, тым больш тая, якую штучна разгортваюць улады. Калі б выбары КР праводзіліся ў тыя лютаўскія дні, яны трапілі б у рэзананс з увагай насельніцтва да палітыкі. Але замест таго, каб прапанаваць беларусам альтэрнатыву, згуляць на кантрасьце паміж дэкарацыяй, сурагатнымі выбарамі, якія ладзяць улады, і рэальным, канкурэнтным выбарчым працэсам, арганізаваным апанэнтамі, апазыцыя заклікала да байкоту. Можна меркаваць, што калі б галасаваньне ў КР было праведзена 25 лютага, то вынікі былі б зусім іншымі. Вядома, колькасьць удзельнікаў не дайшла б да 1 млн, як у 2020 годзе (столькі людзей паведамілі пра вынікі свайго галасаваньня) ці нават да 200 тысяч, як падчас рэфэрэндуму 2022 году, але ўсё роўна лічба была б у дзясяткі разоў большай, чым цяпер.

Досьвед шматгадовай дзейнасьці «старой» апазыцыі паказвае, што калі не трапляеш у фокус, у рэзананс з грамадзкімі настроямі, то хутка апынаесься ў палітычным гета, дзе доўгі час будзеш гуляць у дзіцячай пясочніцы, ладзячы барацьбу фракцый, стварэньне кааліцый, аб’яданьні-разьяднаньні, прымаючы ўсё гэта за рэальную палітыку.

Самае парадаксальнае ў тым, што найбольшую ўвагу да выбараў у КР выявілі беларускія ўлады. І прынялі беспрэцэдэнтныя захады, каб іх сарваць. І сама КР, і ўсе выбарчыя сьпісы былі абвешчаны экстрэмісцкімі фармаваньнямі. Супраць усіх 257 кандыдатаў распачатыя крымінальныя справы, а іх маёмасьць у Беларусі арыштаваная. Блякаваліся сэрвісы VPN у Беларусі, была ўчыненая DDOS-атака на выбарчую аплікацыю. Захады, зробленыя ўладамі, можна параўнаць хіба з тымі, якія рабіліся ў інфармацыйнай прасторы ў першыя дні пасьля выбараў 2020 году.

Зь якой прычыны такая нэрвовая рэакцыя? Бо робіцца спроба стварыць альтэрнатыўны орган улады. Менавіта яго не хапіла пратэстоўцам у крытычныя дні 2020 году, каб пераламіць сытуацыю на сваю карысьць. Калі б цяпер у выбарах КР узялі ўдзел сотні тысяч беларусаў, гэта стала б важным чыньнікам уплыву на беларускую сытуацыю.

З 1918 году існуе Рада БНР — таксама альтэрнатыўны орган улады. Але цягам 30 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі гэтая структура яго мала хвалявала. Ён успрымаў яе як нейкае непаразуменьне, гістарычны кур’ёз. Праўда, летась і яна трапіла пад агульную кампанію перасьледу ўсіх неляяльных замежных структур, супраць Рады БНР Генпракуратура Беларусі завяла шэраг крымінальных справаў. Але да такіх маштабаў рэпрэсій, як супраць КР, справа не дайшла.

Гэта тлумачыцца там, што да 2020 году легітымнасьць улады Лукашэнкі большасьць насельніцтва Беларусі ня ставіла пад сумнеў. Можна было не баяцца такіх сымбалічных структур, як Рада БНР. А масавыя пратэсты ўсё памянялі.

Палітычная вага Рады БНР грунтуецца на падзеях больш як 100-гадовай даўнасьці. А Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт, Каардынацыйная рада паўсталі як вынік народнага выбуху 2020 году. Яны могуць стаць сапраўды альтэрнатыўнай уладай у нейкі крызісны момант. Гэта зараджанае ружжо, якое да пары да часу вісіць на сьцяне.

...Як бы там ні было, КР выбраная. Што далей?

Першая праблема палягае ў тым, што КР так і не вызначылася, якое месца павінна займаць у канфігурацыі іншых апазыцыйных структур. Ці гэта парлямэнт у выгнаньні, які можа ўплываць на рашэньні выканаўчых органаў (Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінэту)? Ці дыскусійны клюб, які павінен гарманізаваць розныя, часам канфліктныя інтарэсы і настроі групаў, і арганізацыя беларускай дыяспары?

Меркавалася, што пасьля выбараў КР будзе прэтэндаваць на статус протапарлямэнту. Бо ягоная палітычная вага павінна падвысіцца. Па-першае, Рада выбраная на дэмакратычных выбарах. Па-другое, легітымнасьць КР сьвежая, а не чатырохгадовай даўнасьці.

Аднак колькасьць людзей, якая ўдзельнічала ў выбарах, перакрэсьлівае гэтыя аргумэнты. Можна меркаваць, што сьпікерам рады будзе выбраны кіраўнік сьпісу, які перамог, Павал Латушка. Калі б выбары былі масавымі, то, пэўна, ён мог бы прэтэндаваць на ролю, супастаўную са статусам Сьвятланы Ціханоўскай. Аднак цяпер яму давядзецца трохі суцішыць свае амбіцыі.

Перагорнутая яшчэ адна старонка беларускай драмы. Ідзем далей.

Што такое Каардынацыйная рада

  • Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
  • Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
  • 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
  • На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
  • ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
  • Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
  • Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
  • Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
  • 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.
  • З 25 па 27 траўня адбыліся выбары ў ІІІ скліканьне Каардынацыйнай рады. Яны праходзілі онлайн з дапамогай праграмы шыфраваньня зьвестак.
  • Напярэдадні выбараў за рассылку падпісантам чат-боту «Перамога» з гонкі зьнялі сьпіс «Закон правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым. Скандал пачаўся ня толькі праз падобны сродак агітацыі, але і праз тое, што апавяшэньні прыходзілі людзям, якія даўно заблякавалі або выдалілі бот, што магло падставіць людзей, якія жывуць у Беларусі.
  • У сьпісе Розы Турарбекавай «Наша справа» ў апошні момант адбыліся вымушаныя зьмены. Пасьля зьняцьця са сьпісу дзьвюх жанчын кіраўніца аб'яднаньня мусіла выкрэсьліць са сьпісу і двух паплечнікаў-мужчын, каб адпавядаць гендарным квотам, уведзеным на выбары. Сам сьпіс раскрытыкаваў факт гендарных квотаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG