Дзе і калі пройдуць акцыі да Дня салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі

Постэр да Дня салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі

21 траўня ў сьвеце чарговы раз адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі.

Гэтую дату выбралі да гадавіны сьмерці ў калёніі № 17 пад Шкловам палітвязьня, актывіста зь Бярозаўкі Горадзенскай вобласьці Вітольда Ашурка, які памёр за кратамі 21 траўня 2021 году.

Свабода сабрала расклад падзей з нагоды Дня салідарнасьці з палітвязьнямі ў розных гарадах сьвету.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі Беларусі прайшлі па ўсім сьвеце

Літва

Вільня

  • 21 траўня праваабарончы цэнтар «Вясна» ў Вільні правядзе адкрыты запіс падкасту «Як захаваць сябе ў зьняволеньні?». На імпрэзу, якая пройдзе з 17:00 да 19:00 у Цэнтры беларускай супольнасьці і культуры (Vilniaus gatvė, 20), праваабаронцы запрашаюць былых палітвязьняў і ўсіх, каму цікавая гэтая тэма.
  • У той жа дзень, 21 траўня а 19-й, у Вільні валянтэрская арганізацыя «Дапамога» правядзе на Катэдральнай плошчы мітынг з імпрэзай і канцэртам, прымеркаванымі да Дня палітвязьня.

«Просім прыходзіць і захапіць з сабой пачастункі да вялікага стала, за якім разам будзем сустракаць палітвязьняў», — сказала Свабодзе старшыня «Дапамогі» Натальля Калегава. Заяўка на правядзеньне акцыі пададзеная на час з 19 да 21 гадзіны.

Клайпэда

  • 21 траўня, 18:30. Паездка на роварах ад Molas'a.
  • 21 траўня, 19:30. Напісаньне лістоў палітвязьням у Tremtinių skvere.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 300 дэпутатаў Эўрапарлямэнту падпісалі паштоўкі для беларускіх палітычных вязьняў

Польшча

Беласток

  • У 21 траўня ў 18 гадзін пройдзе акцыя каля кансуляту Беларусі, адрас: Skwer Wolnej Białorusi, 1.

Варшава

  • 19 траўня ў Варшаве адкрыецца інтэрактыўная выстава «Муры», прысьвечаная беларускім палітвязьням. Выставу арганізуе Беларуская асацыяцыя палітвязьняў «Да Волі» пры дапамозе «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», Музэю Вольнай Беларусі, прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэньні Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Беларускага моладзевага хаба, Радыё Рацыя.

Адкрыцьцё выставы «Муры» адбудзецца ў 14:00 на плошчы каля помніка Капэрніку.

  • 20 траўня праваабаронцы «Вясны» зладзяць адкрыты паказ фільму «Фіялетавыя сьлёзы» пра былую палітзьняволеную Дарʼю Кароль. Пасьля прагляду адбудзецца абмеркаваньне фільму. Таксама плянуецца размова пра ўмовы ўтрыманьня палітвязьняў, праблемы са здароўем, зь якімі сёньня яны сутыкаюцца, і пра тое, як ім можна дапамагчы.

Імпрэза адбудзецца ў «Прасторы» (Hoża 41) у 19:00. Уваход вольны, але трэба зарэгістравацца па спасылцы.

  • 21 траўня «Купалаўцы» сыграюць дабрачынны спэктакль «Слова з-за кратаў» у Музэі Вольнай Беларусі, праекце НАУ.

Спэктакль складаецца зь лістоў, апавяданьняў і вершаў беларусаў, якія апынуліся ў турмах, аднак не здаліся, нягледзячы на нечалавечыя ўмовы, што ствараюцца адмыслова для «палітычных». Сродкі ад продажу квіткоў будуць перададзеныя ініцыятыве «Палітвязынка» на падтрымку сем’яў палітвязьняў, у якіх дзеці засталіся бяз маці і бацькі.

  • 26 траўня ў Музэі Вольнай Беларусі адбудзецца спэктакль «Мора Хрысьціны» — яшчэ адзін праект, падтрыманы «Нацыянальным антыкрызісным упраўленьнем». П’еса расказвае пра падзеі 9–14 жніўня 2020 году ў беларускіх РАУСах. Героі спэктакля «Мора Хрысьціны» праходзяць праз жудасныя катаваньні і зьдзекі, у той час як для міліцыянтаў гэта звычайны працоўны дзень.

  • З 15 траўня ў Варшаве адкрытая выстава партрэтаў палітвязьняў «Беларускі мартыралёг» мастачкі Ксішы Анёлавай.

«Партрэтаў ужо больш за 700, а дакладнай лічбы палітвязьняў мы ня ведаем. Мы ня ведаем, што зь імі і ў якім яны стане. Але я ўпэўненая, што наша салідарнасьць — гэта тое, што дае ім сілы», — сказала ў адмысловым відэазвароце да адкрыцьця выставы Сьвятлана Ціханоўская. Выстава дзейнічае па адрасе: plac Bankowy 3/5. Выстава адкрытая да 16 чэрвеня.

Люблін

21 траўня з 10 да 15 гадзін пройдзе акцыя «Напішы ліст палітвязьню».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская на зьезьдзе Эўрапейскай народнай партыі параўнала становішча беларускіх палітвязьняў з сталінскімі часамі

Бэльгія

Брусэль

  • 20 траўня, 14:00. Вулічная дэманстрацыя на плошчы Альбэртына (Albertine Square), арганізаваная Місіяй дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі.
  • Пасьля гэтага ў штаб-кватэры Місіі пройдзе напісаньне лістоў палітвязьням і прагляд фільма пра іх. Падрабязнасьці.

Італія

Рым

  • 19 траўня, з 15.00 да 17.00 па адрасе piazza dell'Esquilino у Рыме пройдзе мітынг салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі.

Турын

  • 20 траўня, 14:30. У Нацыянальнай студэнцкай бібліятэцы Турына (Piazza Carlo Alberto 3, першы паверх бібліятэкі ў прасторы асацыяцыі Firpo) пройдзе адкрыцьцё выставы беларускай мастачкі Ксішы Ангелавай, прысьвечанай беларускім палітвязьням. Адной з удзельніц сустрэчы будзе Ася Булыбенка, былая палітзьняволеная, якая пагадзілася ўзгадаць цяжкія дні ў турме і падзяліцца з наведвальнікамі сваёй гісторыяй.

Флярэнцыя

  • 21 траўня, 12:00. У Форуме Мандэла ў Флярэнцыі адбудзецца арт-пэрформанс, прысьвечаны беларускім палітвязьням. Будуць гучаць іх галасы, галасы з-за кратаў. У пэрформансе будуць браць удзел былыя палітзьняволеныя Ася Булыбенка і Віталь Жук.

Чэхія

Прага

  • 23 траўня ў Празе адкрыецца Кангрэс аб палітзьняволеных у Беларусі #WithoutJustCause. Ён будзе доўжыцца тры дні. Адна з арганізатараў Кангрэсу Крысьціна Шыянок расказала пра будучы форум:

«Кангрэс пройдзе ў гістарычным будынку Каралінума (Karolinum) у Празе. Над праграмай працавалі беларускія праваабарончыя арганізацыі, ініцыятывы гуманітарнай дапамогі, а таксама палітычныя прадстаўнікі і прадстаўніцы дэмакратычнай Беларусі».

У кангрэсе возьмуць удзел болей за 70 палітыкаў, экспэртаў, дасьледчыкаў і праваабаронцаў. Арганізатары разьлічваюць, што кангрэс стане плятформай ня толькі для дыялёгу, але і для каардынацыі дзеяньняў, якія б дазволілі спыніць эскаляцыю рэпрэсій у Беларусі.

Арганізуе сустрэчу Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы пры падтрымцы амбасады ЗША ў Чэхіі і пад патранатам Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе. Пачатак 9.30, адрас: Vlastenecký sál, Karolinum, Ovocný trh 5, Praha 1 – Staré Město

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік амэрыканскай дыпляматычнай місіі расказаў, якім будзе Стратэгічны дыялёг ЗША зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. ВІДЭА

Швэцыя

Стакгольм

  • 21–22 траўня ў сталіцы Швэцыі Стакгольме пройдзе «Стакгольмская канфэрэнцыя па Беларусі», якую арганізуе Інстытут замежнай палітыкі Швэцыі з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ды іншых прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі.
  • У першы дзень працы канфэрэнцыі ў 18:30 на плошчы Sergels torg адбудзецца мітынг салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі.
  • У 19:30 на той жа плошчы Sergels у «Horsalen» у залі Kulturhuset Stadsteatern пройдзе вечарына з удзелам беларускіх літаратараў Сьветы Бень, Евы Вежнавец і Вальжыны Морт, а з швэдзкага боку — Парысы Лільестранд, Мікеля Нюдаля і Стэфана Інгварсана. Імпрэза будзе арганізаваная Міністэрствам культуры Швэцыі, уваход на яе вольны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі Беларусі: у Шатляндыі паставілі сьцяжкі з імёнамі больш чым 1500 рэпрэсаваных
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нарвэскі ПЭН прыняў у ганаровыя сябры Алеся Бяляцкага