Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская на зьезьдзе Эўрапейскай народнай партыі параўнала становішча беларускіх палітвязьняў з сталінскімі часамі


Сьвятлана Ціханоўская выступае з прамовай на кангрэсе Эўрапейскай народнай партыі. Бухарэст, 6 сакавіка 2024 году
Сьвятлана Ціханоўская выступае з прамовай на кангрэсе Эўрапейскай народнай партыі. Бухарэст, 6 сакавіка 2024 году

«Наш маральны абавязак — змагацца за палітзьняволеных», — з такой заявай выступіла Сьвятлана Ціханоўская, прамаўляючы на кангрэсе Эўрапейскай народнай партыі.

Ціханоўская на форуме Эўрапейскай народнай партыі расказала пра беларускіх палітвязьняў.

Разам з прэзыдэнткай Эўрапейскага Парлямэнту Рабэртай Мэтсалай Ціханоўская выступіла з прамовай перад кангрэсам Эўрапейскай народнай партыі. Ціханоўская расказала пра жахлівую сытуацыю зь беларускімі палітвязьнямі і заклікала рабіць усё, каб тэма не сыходзіла з міжнароднага парадку дня, паведаміла яе прэсавая служба.

«Наш маральны абавязак — змагацца за палітвязьняў. Яны разьлічваюць на нас. І яны разьлічваюць на вас. Мы павінны зрабіць іх вызваленьне нашым прыярытэтам і абавязкам. У нас няма ключа ад турмаў. Але ёсьць іншыя інструмэнты. Калі рэжым будзе ведаць, што за кожную сьмерць, за кожнага чалавека за кратамі ён панясе адказнасьць, сытуацыя можа зьмяніцца».

На думку Ціханоўскай, «рэжым робіць усё, каб палітвязьні адчулі сябе пакінутымі, прымушае іхных сваякоў публічна асуджаць дзяцей, сёстраў і братоў як ворагаў дзяржавы:

«Мы чыталі пра гэта ў кнігах пра сталінскія часы, але ніколі ня верылі, што такое магчыма ў ХХІ стагодзьдзі», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

«Я перамагла. Мы перамаглі. Але як клясычны баязьлівец Лукашэнка адмовіўся сыходзіць у адстаўку. Замест гэтага ён разьвязаў тэрор супраць уласнага народу. Наш цудоўны мірны пратэст быў патоплены ў крыві, сьлязах, болі», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы з маладымі сябрамі Эўрапейскай народнай партыі ў рамках яе зьезду 6 сакавіка ў Бухарэсьце.

Як паведаміў «Позірку» галоўны дарадца дэмакратычнага лідэра Франак Вячорка, Ціханоўская выступіла разам з прэзыдэнткай Эўрапейскага Парлямэнту Рабэртай Мэтсалай.

На думку Ціханоўскай, калі б Лукашэнка апынуўся ў адным памяшканьні з жанчынамі-лідэрамі, яго хапіў бы сардэчны прыступ.

«У яго састарэлым сьветапоглядзе месца жанчыны — на кухні варыць боршч, але не ў палітыцы. Калі ў 2020 годзе я балятавалася ў прэзыдэнты замест свайго зьняволенага мужа, дыктатар зарэгістраваў мяне жартам. „Ніхто ня будзе галасаваць за жанчыну“, — сказаў ён», — нагадала Ціханоўская.

Лукашэнка, канстатавала яна, часта паўтарае, што не ваюе з жанчынамі, «аднак менавіта гэта ён і робіць».

«І гэта тычыцца ня толькі жанчын. Сярод 1.500 палітвязьняў амаль палова — моладзь. Гэта актывісты і валянтэры, прадпрымальнікі і журналісты, парамэдыкі і маладыя інжынэры. Рэжым таксама нападае на студэнтаў», — сказала Ціханоўская.

Паводле яе словаў, многіх палітвязьняў, у тым ліку яе мужа, трымаюць бяз сувязі з вонкавым сьветам, у поўнай ізаляцыі, у карцарах. «Гэта найгоршая форма катаваньняў», — мяркуе Ціханоўская.

Яна адзначыла, што некаторыя спрабавалі ўчыніць самагубства, «атрымаўшы драконаўскія тэрміны — 5, 8, 12 гадоў».

«Адзін (Сьцяпан Латыпаў падчас суду над ім) больш ня мог выносіць такіх пакутаў і паспрабаваў перарэзаць сабе горла асадкай — адзінай асабістай рэччу, якую яму дазволілі мець... У вельмі рэдкіх лістах дадому палітвязьні пішуць, што больш ня мараць пра свабоду. Іхныя мары — пра ежу, проста пра нармальную ежу... Сьцяпан Латыпаў памірае ад скарбуту... Некаторыя іншыя ўжо страцілі надзею на вызваленьне і гатовыя скончыць гэтак жа, як Аляксей Навальны», — заявіла палітык.

Ціханоўская заклікала зрабіць вызваленьне палітвязьняў прыярытэтам і абавязаньнем.

«Відавочна, у нас няма ключа ад турмаў. Але ў нас ёсьць іншыя інструмэнты. Цягам амаль двух гадоў ня ўводзілася ніякіх жорсткіх санкцыящ за рэпрэсіі, катаваньні і палітвязьняў. Калі рэжым будзе ведаць, што за кожную сьмерць, за кожнае незаконнае затрыманьне будзе наступаць адказнасьць — сытуацыя можа быць зусім іншай», — упэўнена Сьвятлана Ціханоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG