На тэрыторыі Беларусі Рубэн Аруцюнян пасьпеў папрацаваць менш за год. У лютым 2022 году ён пераехаў у Вільню, калі амбасаду ЗША ў Менску закрылі зь меркаваньняў бясьпекі пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі ва Ўкраіне пры саўдзеле беларускіх уладаў.
Тым ня менш Рубэн Аруцюнян, як і іншыя дыпляматы ЗША, акрэдытаваныя ў Менску, езьдзіў у Беларусь і працягваў дыялёг з уладамі і грамадзтвам.
Сярод іншага, Рубэн Аруцюнян расказаў Свабодзе пра свае перамовы з уладамі, пра амэрыканскую падтрымку беларускага грамадзтва, палітвязьняў, незалежнага бізнэсу, СМІ, пра «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі», стратэгічны дыялёг з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, абвешчаны сёлета Дзяржаўным дэпартамэнтам ЗША.
Што сказаў Рубэн Аруцюнян, сьцісла:
- Разьмяшчэньне ядзернай зброі — чарговая правакацыйная акцыя беларускіх уладаў, якая будзе падрываць сувэрэнітэт, здаваць пазыцыі расейскім інтарэсам у Беларусі і якая карэнным чынам супярэчыць волі беларускага народу.
- Нягледзячы на тое, што зь лютага 2022 году амбасада ЗША ў Менску не працуе, дыялёг зь беларускімі ўладамі захаваўся, у прыватнасьці з МЗС і Мінабароны.
- ЗША прынцыпова лічаць, што выбары 2020 году ў Беларусі былі фальшывымі, не прадстаўлялі волю беларускага народу.
- Кожны з 1500 беларускіх палітычных зьняволеных павінен разглядацца як асоба.
- ЗША хочуць, каб улады ў Менску прынялі іншы комплекс мер, выканалі свае абавязаньні — ня толькі перад грамадзянамі, але і ўзятыя на сябе ў рамках АБСЭ і ААН.
- ЗША папрасілі ўлады Беларусі зрабіць іншы выбар, і калі яны гэта зробяць, можна будзе сур’ёзна падумаць пра адмену санкцый.
- Абедзьве партыі ў ЗША аднадушна падтрымліваюць палітыку ў дачыненьні да Беларусі, заснаваную на спрыяньні дэмакратычным памкненьням беларускага народу.
- Абвешчаны Дзяржаўным дэпартамэнтам Стратэгічны дыялёг паміж ЗША і беларускімі дэмакратычнымі сіламі мае пачацца да канца 2023 году і ахапіць усе складнікі дэмакратычнага руху.
- Сьвятлана Ціханоўская — лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі, такой яе бачаць у ЗША.
Коратка пра суразмоўцу Свабоды:
- Рубэн Аруцюнян — часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі. З 2008 году ў Беларусі не было амбасадараў ЗША.
- Ён заступіў на пасаду намесьніка кіраўніка місіі ў амбасадзе ЗША ў Менску 24 траўня 2021 году.
- Непасрэдна перад гэтым працаваў старшым дарадцам у Школе кіраваньня і лідэрства Інстытуту замежнай службы і дырэктарам Офісу па працы з прэсай Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.
- Раней займаў пасады ў амбасадах ЗША ў Альжыры, Ерэване, Маскве, Тэль-Авіве, быў памочнікам дзяржсакратароў Клінтан і Кэры.
- Мае ступень магістра міжнародных адносін са спэцыялізацыяй у кіраваньні канфліктамі з Унівэрсытэту Джонза Гопкінза і ступень бакаляўра ў сфэры моваў і культур Блізкага Ўсходу і Азіі ў Калюмбійскім унівэрсытэце.
- Разам з жонкай Астхік выхоўвае дачку і сына.
— Спадар Аруцюнян, вялікі дзякуй за гатоўнасьць адказаць на пытаньні Радыё Свабода, як гэта рабілі многія вашыя папярэднікі, амбасадары і часовыя павераныя ў справах ЗША ў Беларусі. Мы размаўляем у Вільні, дзе цяпер ваш офіс, але ўсё роўна можна сказаць, што апошнія гады сталі беларускім пэрыядам вашай дыпляматычнай карʼеры. Цяпер вы пакідаеце пасаду часовага паверанага. Што вы лічыце сваімі дасягненьнямі? Аб чым вы будзеце сумаваць і што вас найбольш уразіла падчас працы ў Беларусі?
— Дзякуй вам за магчымасьць пагутарыць. Для мяне быў вялікі гонар папрацаваць у Беларусі на карысьць беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў. Я вельмі ўражаны мужным беларускім народам, тым, як ён працягвае ісьці па шляху да дэмакратыі, да сьветлай будучыні. І я перакананы, што гэты дзень абавязкова настане.
— Ці ўдалося вам крыху вывучыць беларускую мову? Можа ў вас ёсьць нейкія любімыя фразы, словы?
— Калі шчыра, то я на беларускай не гавару, але гэта вельмі прыгожая мова, і гэта я пакіну на будучыню.
— У 2008 годзе, калі быў адзін са складаных пэрыядаў у адносінах Беларусі і ЗША, дзяржсакратар Кандаліза Райс заявіла, што яна не хацела б зачыняць амбасаду ў Беларусі, каб не спускаць амэрыканскі сьцяг у Менску. Але ў мінулым годзе гэта здарылася. Раскажыце, як удалося арганізаваць працу, дыпляматычныя адносіны без амбасады?
— Так, у лютым 2022 году мы былі вымушаныя прыпыніць працу амбасады ЗША ў Менску. Гэта быў для нас цяжкі пэрыяд, мы былі вымушаныя прыняць такое рашэньне ў выніку пэўных дзеяньняў беларускіх уладаў супраць нашай місіі. Але я павінен сказаць, што, нягледзячы на ўсе іх намаганьні, мы працягвалі працаваць дзеля беларускага народу, мы працягвалі выпрацоўваць палітыку, якая падтрымлівае дэмакратычныя памкненьні беларускага народу. І самае галоўнае, мы таксама працягвалі патрабаваць, каб рэжым Лукашэнкі і беларускія ўлады адказалі за ўсе парушэньні імі правоў чалавека і ўсё, што яны ўчынілі — пасадку рэйса Ryanair, арганізаваны міграцыйны крызіс на межах Эўразьвязу, садзейнічаньне вайне Расеі ва Ўкраіне і іншае. Мы падыходзілі да гэтага рашуча, і мы прынцыпова сьцьвярджаем, што гэтым дзеяньням ня месца ў XXI стагодзьдзі. Гэтым дзеяньням ня месца ў Эўропе. І мы будзем надалей дамагацца, каб рэжым адказаў за гэтыя дзеяньні.
— А вы самі часта бывалі ў Менску за гэты час?
— Ну, як вы ведаеце, першы год у якасьці кіраўніка амбасады ЗША я працаваў у Менску, і для мяне быў вялікі гонар быць там і трохі пабачыць краіну. Але гэта быў цяжкі пэрыяд. Ведаеце, я прыехаў у Менск у той самы дзень, калі ўлады прымусілі сесьці самалёт Ryanair. І з таго часу, дзень за днём, урад ЗША прымае шэраг прынцыповых рашэньняў, пасьлядоўна пацьвярджаючы, што крызіс зь мігрантамі, прымус самалёта грамадзянскіх авіякампаній да пасадкі — рэчы непрымальныя. Вы ня можаце працягваць садзейнічаць вайне Расіі ва Ўкраіне, вы ня можаце працягваць рэпрэсіі супраць уласнага насельніцтва без наступстваў. І гэта тое, над чым мы працавалі ў першую чаргу, таму што мы хочам, каб улады ў Менску прынялі іншы комплекс мер, каб выканаць свае абавязаньні — ня толькі перад грамадзянамі, але і свае абавязаньні ў адпаведнасьці з тым, што яны падпісалі як краіна-сябра АБСЭ, як сябра-заснавальнік ААН і іншых міжнародных арганізацый. Гэта іхныя абавязаньні, і мы проста заклікаем іх выконваць.
— Цяпер я хачу прадоўжыць пытаньнем, якое лічу самым важным на сёньня. Некалькі дзён таму Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін заявілі, што расейская ядзерная зброя ўжо разьмешчаная ў Беларусі, гэта адбылося за некалькі тыдняў да саміту NATO ў Вільні. Ці лічыце вы, што гэта пагроза для саміту і для NATO?
— Мы ясна пачулі заявы, мы вельмі ўважліва сачылі за гэтым. Як сказалі дзяржаўны сакратар і прэзыдэнт ЗША, у нас цяпер няма прычын мяняць нашу ядзерную стратэгію. Што тычыцца Беларусі, то гэта, па сутнасьці, проста чарговая безадказная правакацыйная акцыя беларускіх уладаў, якая будзе яшчэ больш падрываць сувэрэнітэт, яшчэ больш здаваць пазыцыі расейскім інтарэсам у Беларусі і будзе карэнным чынам супярэчыць волі беларускага народу. І ці мы гаворым пра ядзерную зброю, ці мы гаворым пра тое, як Беларусь садзейнічае вайне Расеі ва Ўкраіне, мы разумеем, што беларускі народ прынцыпова супраць вайны і супраць таго, каб стаць дзяржавай, дзе разьмешчана ядзерная зброя. І зноў жа, тое, да чаго мы заклікаем беларускія ўлады, — гэта проста апраўдаць чаканьні беларускага народу.
— Ці можна сказаць, што гэтая зброя — пагроза і самой Беларусі?
— Зноў жа, я думаю, што тое, што мы бачылі цягам апошніх двух гадоў, — гэта комплекс рашэньняў беларускага рэжыму, накіраваных на здачу Расеі пазыцый у сфэрах эканомікі, войска, культуры, інфармацыі, бясьпекі, і яны карэнным чынам пярэчаць волі беларускага народу. І зноў жа, да чаго мы заклікаем беларускія ўлады — проста прыслухацца да свайго народу і дзейнічаць у адпаведнасьці з інтарэсамі Беларусі.
— Ці могуць ЗША і NATO папярэдзіць далейшае разьмяшчэньне і выкарыстаньне ядзернай зброі зь Беларусі?
— Што тычыцца ядзернай зброі, то, як вы ведаеце, прэзыдэнт Пуцін і Аляксандар Лукашэнка заявілі, што яна ўжо ў Беларусі. Мы ж перакананыя, што гэта не ўмацуе бясьпеку Беларусі. Мы перакананыя, што бясьпека Беларусі ўмацуецца, калі Беларусь зноў наладзіць плённае міжнароднае супрацоўніцтва, асабліва са сваімі суседзямі. Такія дзеяньні, як мігранцкі крызіс на межах, або пасадка цывільнага самалёта, або працяг рэпрэсій ва ўласнай краіне, — гэта поўная процілегласьць тым дзеяньням, якія павінны распачаць беларускія ўлады, каб стварыць новыя масты, стварыць новыя магчымасьці для ўзаемадзеяньня са сваімі суседзямі, у першую чаргу зь Літвой, Латвіяй, Украінай і Польшчай, але таксама і з усёй Эўропай. Менавіта гэта падвысіць бясьпеку Беларусі, а не разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў краіне.
— Вяртаючыся да пытаньня пра амбасаду ЗША ў Беларусі, якая была закрытая з прычыны вайны. Як вы лічыце, ці магчыма будзе аднавіць працу амбасады ў Менску, калі вайна скончыцца? Ці адзіная гэта ўмова?
— Як я казаў, мы былі вымушаныя прыпыніць дзейнасьць амбасады ЗША ў Менску ў лютым 2022 году ў выніку агрэсіўных дзеяньняў беларускіх уладаў, якія прымусілі нас скараціць колькасьць пэрсаналу, аховы і гэтак далей. І таму мы будзем ацэньваць, ці мае сэнс узнавіць тую дзейнасьць, перадусім — ці ўпэўненыя мы ў бясьпецы амбасады.
Але важней тое, я мушу сказаць, што хоць зь лютага амбасада ў Менску ў нас не працуе, мы захавалі шляхі для дыялёгу зь беларускімі ўладамі. Я некалькі разоў езьдзіў у Менск і меў размовы з калегамі ў Міністэрстве замежных спраў. У Менск для перамоваў у Мінабароны езьдзіў наш аташэ па пытаньнях абароны. І гэтыя размовы надзвычай важныя, асабліва ў той час, калі мы прынцыпова разыходзімся ў настолькі многіх рэчах.
Важна працягваць гэты адкрыты і шчыры дыялёг, каб мы мелі магчымасьць выказваць сваю пазыцыю па пытаньнях, якія маюць фундамэнтальную важнасьць для інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі ЗША і для беларускіх уладаў. Тады, вядома, Мінабароны, МЗС маюць магчымасьць адказаць і падзяліцца сваім пунктам гледжаньня. І, урэшце, наша праца як дыпляматаў заключаецца ў тым, каб спрабаваць знайсьці агульную мову паміж двума бакамі. Гэта было і ёсьць вельмі цяжка, таму што мы шмат у чым нязгодныя. Але я прынцыпова перакананы, што мы павінны падтрымліваць гэтыя шляхі для дыялёгу і размовы, каб разам знаходзіць новыя шляхі і прасоўвацца наперад.
— Ужо згаданая мною Кандаліза Райс у 2005 годзе назвала Беларусь пад уладай Лукашэнкі апошнім фарпостам тыраніі ў Эўропе. Як вы цяпер ставіцеся да Аляксандра Лукашэнкі з фармальнага і з практычнага пункту гледжаньня?
— Ну, як я ўжо сказаў, мы працягваем узаемадзейнічаць зь беларускімі ўладамі. Нашы кантакты перадусім у МЗС і Мінабароны. Таксама існуе дыялёг паміж Вашынгтонам і Менскам, у тым ліку на самым высокім узроўні Міністэрства абароны і Міністэрства замежных спраў. Мы лічым, што падтрымліваць гэты дыялёг вельмі важна.
Мы глыбока перакананыя, што выбары, якія адбыліся ў жніўні 2020 году, былі фальшывыя. Яны не прадстаўлялі волю беларускага народу. І з таго часу мы заклікаем беларускія ўлады падрыхтаваць глебу для новых свабодных выбараў, якія будуць адлюстроўваць волю беларускага народу.
І мы заклікаем беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі супраць свайго грамадзтва, якія пачаліся яшчэ перад выбарамі жніўня 2020 году і працягваюцца дагэтуль. Мы заклікаем беларускія ўлады вызваліць усіх палітвязьняў. Ведаеце, калі я заступіў на сваю пасаду ў траўні 2021 году, лік беларускіх палітвязьняў ішоў на сотні. А цяпер гаворка ідзе пра 1500 як мінімум. І за гэты пэрыяд гэтая лічба толькі расла, і вызваліць палітвязьняў не ўдаецца, і рэпрэсіі працягваюцца. Але мы настойліва заклікалі вызваліць палітычных зьняволеных і каардынавалі гэтыя заклікі з нашымі партнэрамі ў Эўрапейскім Зьвязе, Канадзе, Вялікай Брытаніі і ва ўсім сьвеце.
— ЗША і іншыя заходнія краіны ўвялі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку эканамічныя. Як вы думаеце, наколькі гэта эфэктыўна з пункту гледжаньня ўдзелу Беларусі ў вайне і вызваленьня палітычных вязьняў?
— Санкцыі, якія ўвялі Злучаныя Штаты сумесна з нашымі эўрапейскімі партнэрамі, Вялікай Брытаніяй, Канадай, Японіяй, Швайцарыяй, — даволі шырокая кааліцыя, — гэта комплекс захадаў, каб заахвоціць улады Беларусі прыняць іншы комплекс рашэньняў — адносна саджаньня людзей у турму за палітычныя перакананьні, адносна садзейнічаньня вайне Расеі ва Ўкраіне. Наша просьба да іх была — прыняць іншы комплекс рашэньняў, і калі яны гэта зробяць, мы можам сурʼёзна разгледзець скасаваньне гэтых санкцый. На жаль, да сёньня гэтага не адбылося. Рэпрэсіі толькі нарастаюць, і садзейнічаньне вайне Расеі працягваецца.
Аднак санкцыі прадэманстравалі, што сусьветная супольнасьць, міжнародны сьвет у адзін голас заклікаюць беларускія ўлады да такіх дзеяньняў. І мы прадэманстравалі, што маем цьвёрды намер захаваць сваю прысутнасьць і рашучую пазыцыю ў гэтых пытаньнях, і што мы не забудзем і не дазволім такім рэчам адбывацца проста так, без адказнасьці.
— Наконт сытуацыі з палітычнымі вязьнямі — магчыма, у вас ёсьць уяўленьне, вы нешта можаце параіць, што рабіць міжнароднай супольнасьці, каб дапамагчы беларускім палітвязьням, іх семʼям?
— За апошнія два гады, што я тут працую, для мяне быў вялікі гонар, адзін з найвялікшых, пазнаёміцца з былымі палітвязьнямі, семʼямі палітвязьняў, пачуць іх гісторыі і даць ім нагоду расказаць сваю гісторыю некаму, хто выслухае яе ўважліва, некаму, хто пакажа, што ўрад, які стаіць за ім, прагне зразумець, што яны перажылі. Гэта быў проста вялікі гонар. І хоць гэта вялізная лічба — 1500 палітычных зьняволеных, сама менш 1500, — мы хочам, каб кожны з гэтых людзей разглядаўся як асоба.
Таму што гэта гісторыі бацькоў, якія бачылі, як іх дзеці трапляюць у турму ў лепшыя гады свайго жыцьця. Гэта гісторыі маці альбо бацькі, якія раптам аказаліся адзінокімі бацькамі, бо іх партнэр за кратамі. Гэта гісторыі дзяцей, якія ў некаторых выпадках засталіся без абаіх бацькоў, бо тыя трапілі за краты. І гэта незьлічоныя гісторыі прыватных прадпрыемстваў, якія былі вымушаныя зачыніцца, праваабарончых і экалягічных арганізацый, якія засталіся без сваіх кіраўнікоў. Гэта гісторыі СМІ, у тым ліку некаторых журналістаў і супрацоўнікаў Радыё Свабода, якія цяпер у зьняволеньні проста за тое, што рабілі сваю журналісцкую працу, давалі людзям доступ да інфармацыі. Гэта гісторыі людзей, якія проста лайкнулі пост у Фэйсбуку, вывесілі пэўны сьцяг або ішлі па вуліцы, адзетыя ў пэўныя колеры.
Гэта не злачынствы, за якія людзі павінны сядзець у турме. Гэта дзеяньні грамадзтва, народу, які цьвёрда верыць у дэмакратычную будучыню сваёй краіны, які цьвёрда верыць у сваю здольнасьць вырашаць уласны лёс у будучыні.
І гэта гордыя людзі, якія хочуць жыць мірна ў стабільным рэгіёне, дзе яны могуць даць сваім дзецям лепшую будучыню, чым тая, што была ў іх.
Мы прынцыпова стаім за іх, і я хачу, каб кожны з тых людзей, зь якімі я меў велізарны гонар пазнаёміцца, ведаў, што Злучаныя Штаты іх бачаць, чуюць і падтрымліваюць.
— Амаль 20 гадоў таму Кангрэс ЗША прыняў Акт аб дэмакратыі ў Беларусі як асноўны заканадаўчы акт ЗША ў палітыцы адносна Беларусі. Наколькі цяпер гэты закон актуальны?
— На мой погляд, Акт аб дэмакратыі ў Беларусі дэманструе, што ў Злучаных Штатах існуе неверагодна аднадушная падтрымка абедзьвюма партыямі палітыкі ЗША ў дачыненьні да Беларусі, палітыкі, у аснове якой — спрыяньне дэмакратычным памкненьням беларускага народу. І ў Палаце прадстаўнікоў ЗША, і ў Сэнаце, і ў выканаўчай уладзе, на чале, вядома, зь Белым домам і прэзыдэнтам... Рада нацыянальнай бясьпекі, дзяржсакратар Дзярждэпартамэнту ЗША, міністар абароны, міністар працы ЗША... Сьпіс можна працягваць. Усе ведамствы ЗША аднадушна, прынцыпова і адназначна адданыя палітыцы, якая, па-першае, падтрымлівае беларускі народ у яго імкненьні да дэмакратычнай будучыні, а па-другое, патрабуе, каб беларускія ўлады адказалі за рэпрэсіі супраць свайго грамадзтва і за далейшае садзейнічаньне вайне Расеі ва Ўкраіне.
— Ці магу я спытаць пра Сьвятлану Ціханоўскую? У лістападзе мінулага году яна заявіла, што яна прэзыдэнт-элект, бо за яе прагаласавала большасьць беларусаў. Ці прызнаюць гэта Злучаныя Штаты? І як вы супрацоўнічаеце са спадарыняй Ціханоўскай і яе офісам, фармальна і практычна?
— Я зь вялізнай павагай стаўлюся да Сьвятланы Ціханоўскай і да таго, што яна перажыла і працягвае перажываць, у першую чаргу як асоба, як грамадзянка Беларусі, як жонка, як маці, вымушаная са сваімі дзецьмі пакінуць краіну. І для мяне неверагодны гонар працаваць на карысьць беларускага народу ў партнэрстве зь ёю і з усімі іншымі прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў. Яна адназначна лідэр дэмсілаў, і такой мы яе бачым. Яна зрабіла надзвычайную працу, каб абʼяднаць дэмакратычныя сілы і пашырыць магчымасьці ўдзелу, і яна ўзначальвае гэты рух у вельмі складаных умовах, нягледзячы на вялікую асабістую рызыку для сябе і ўсіх сваіх калег.
Вось жа, адзін з шляхоў, па якіх мы разьлічваем працягнуць супрацоўніцтва ня толькі са Сьвятланай Ціханоўскай, але з усімі складнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў — у тым ліку з палітычнымі інстытутамі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці, незалежнымі мэдыя, прыватным сэктарам, культурніцкімі арганізацыямі, — гэта ўдзел у Стратэгічным дыялёгу, які абвясьціла намесьніца дзяржсакратара Вэндзі Шэрман, дыялёгу паміж Злучанымі Штатамі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Спадзяюся, ён пачнецца да канца 2023 году.
Гэта дасьць нам магчымасьць дзейнічаць супольна і сканцэнтравана і накіруе наша ўзаемадзеяньне на пэрспэктыўны канцэптуальны шлях, каб і надалей знаходзіць агульнае разуменьне і агульныя рашэньні ў пытаньні, якое стаіць перад намі: як падтрымаць беларусаў і іх імкненьне да дэмакратычнай будучыні.
— Маё апошняе пытаньне — пра тое, якую падтрымку ЗША могуць аказаць ахвярам рэпрэсій, грамадзянскай супольнасьці, палітвязьням, незалежным СМІ ў рамках таго Стратэгічнага дыялёгу, які абвясьціў Дзярждэпартамэнт ЗША. Не маглі б вы патлумачыць для нашых чытачоў і гледачоў?
— Стратэгічны дыялёг, які абвясьціла намесьніца дзяржсакратара, дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол з усімі складнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару, — каб разам вызначыць, як нам надалей падтрымліваць разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці, як нам надалей падтрымліваць разьвіцьцё палітычных інстытутаў, як нам надалей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, як нам надалей дапамагаць незалежным СМІ. Беларускія незалежныя СМІ працягваюць разьвівацца і працаваць і даваць беларускім людзям доступ да інфармацыі. Такім чынам, мы будзем разам шукаць рашэньні, як надалей падтрымліваць беларускі дэмакратычны рух і як надалей дапамагаць беларускаму народу ў ягоным імкненьні да дэмакратычнай будучыні.