Пра гэта піша Юры Дракахруст у калёнцы на партале «Люстэрка».
Пакуль можна гаварыць толькі пра сукупнасьць варыянтаў, пра аналіз, ад чаго залежыць той ці іншы набор кандыдатаў.
Сэрыя нядаўніх заяваў Аляксандра Лукашэнкі сьведчыць пра тое, што аб прэзыдэнцкіх выбарах ён ужо думае ў практычнай плашчыні. Сёлетнія парлямэнцкія і мясцовыя выбары — гэта для яго і падрыхтоўка, і рэпэтыцыя галоўнай, прэзыдэнцкай кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня бачу ніякіх прыкметаў транзыту ўлады ад Лукашэнкі да кагосьці іншага, — КазакевічПершыя ростані — гэта фармаваньне ў гэтым годзе Ўсебеларускага народнага сходу з новымі паўнамоцтвамі, прапісанымі ў Канстытуцыі, прынятай на рэфэрэндуме 2022 году. Інтрыга гэтага працэсу — у тым, ці зойме Лукашэнка пасаду старшыні сходу. Калі не, гэта дакладна будзе азначаць, што ён рыхтуе транзыт улады: што ў 2025 годзе пераабярэцца на пасаду кіраўніка дзяржавы, але пасьля паступова будзе адыходзіць ад спраў. Такі варыянт здаецца малаверагодным — ня дзеля таго ўпісвалі ў Канстытуцыю ў 2022 годзе фактычнае права пэрсанальна Лукашэнкі ўзначаліць УНС.
Транзыт можна пачаць і празь перамену роляў: Лукашэнка ў 2024 годзе ўзначальвае УНС, а ў прэзыдэнты ідзе нейкі іншы прадстаўнік кіроўнай эліты. Але досьвед постсавецкіх краінаў паказвае, што падобныя схемы дуумвіратаў, плаўнага адыходу ад справаў — рэч ненадзейная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Астане з тэрыторыі ўнівэрсытэта абароны прыбралі помнік Нурсултану НазарбаевуСамы сьвежы прыклад — Казахстан. Нурсултан Назарбаеў паставіў прэзыдэнтам нібыта адданага паплечніка, пакінуўшы за сабою некаторыя ўладныя паўнамоцтвы і ролю нацыянальнага лідэра, «бацькі нацыі». І дзе ў выніку апынуўся той лідэр і «бацька нацыі»? Падзабыўся ўжо прыклад з прэзыдэнцтвам Дзьмітрыя Мядзьведзева ў Расеі. Але напрыканцы яго кіраваньня былі відавочныя нелады паміж яго прэзыдэнцкай камандай і камандай тагачаснага прэм’ера Ўладзіміра Пуціна.
У выніку, палічыўшы досьвед няўдалым, вярнуліся да status quo.
Лукашэнка наўрад ці хоча апынуцца ў цяперашнім становішчы Назарбаева ці нават у становішчы Пуціна часоў прэзыдэнцтва Мядзьведзева. І справа нават не ў асаблівасьцях асобаў Мядзьведзева ці Касым-Жамарта Такаева. Проста дуумвірат — канструкцыя няўстойлівая, хісткая, якая можа весьці да абвалу ўсёй сыстэмы ўлады.
Таму магістральны варыянт — сёлета Лукашэнка ўзначальвае ЎНС, а налета удзельнічае ў прэзыдэнцкіх выбарах. Хто можа апынуцца разам зь ім у бюлетэні?
Калі экстрапаляваць на выбары 2025 году досьвед выбарчай кампаніі 2024 году, найлепшы для Лукашэнкі адказ — ніхто. Адметна, што на сёлетнія выбары не пайшлі ўдзельнікі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году Ганна Канапацкая і Сяргей Чэрачань. Не захацелі, ім параілі не ісьці — усё роўна. Важна тое, што на выбарах 2024 году няма патрэбы ў стварэньні нават уяўнай, бутафорскай альтэрнатывы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога старшыню ліквідаванай партыі «Зялёныя», які хацеў удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах, нават не зарэгістраваліТаксама вельмі павучальны кейс Дзьмітрыя Кучука — былога старшыні ліквідаванай партыі «Зялёных», які паспрабаваў зарэгістраваць ініцыятыўную групу. Не сказаць, каб гэтая партыя, калі яшчэ існавала, неяк вельмі рашуча кідала выклік уладзе. Гэтак жа як і сам спадар Кучук, абвяшчаючы пра намер зьбіраць подпісы за сваё вылучэньне, гаварыў толькі пра тое, каб пазначыць хоць нейкую альтэрнатыву.
Маглі потым забракаваць подпісы, маглі на выбарах напісаць паўадсотка галасоў. Не, не зарэгістравалі нават ініцыятыўную групу. Любая ненулявая рызыка недапушчальная, усе цьвікі павінны быць забітыя па плешку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гарачая тэма». Чаму Лукашэнка баіцца выбараў?Так што, разважаючы паводле аналёгіі, можна меркаваць, што паводле такога ж прынцыпу ўлада будзе дзейнічаць і на прэзыдэнцкіх выбарах. Невыпадкова некаторы час таму Лукашэнка пашкадаваў, што дарма не запісалі ў Канстытуцыю мэханізм абраньня прэзыдэнта Ўсебеларускім народным сходам.
Але не запісалі ж. І не таму, што нехта (і ўжо тым больш апазыцыя) гэтаму перашкаджаў. Зрэшты, у 2025 годзе ўсенародныя выбары прэзыдэнта можна ліквідаваць фактычна. Не, не мяняць Канстытуцыю, а правесьці прэзыдэнцкія выбары з адным прозьвішчам. А чаму не? Вяртаемся ж у савецкі «залаты век», вось год якасьці праводзім. А хіба ў Сталіна ці Брэжнева ў бюлетэнях былі нейкія канкурэнты?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Год якасьці» як машына часуАле гэта ўсё ж такі крайні варыянт. Уяўляецца, што самаразьвіцьцё сыстэмы яшчэ не дайшло да такога пункту. Пакуль гэта ўсё ж выглядала б пераборам. Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў 2025 годзе з адным прозьвішчам у бюлетэні, можа, грамадзтва і праглыне і ня пікне. А можа і не.
Таму ўсё ж базавы варыянт бюлетэня на 2025 год — гэта Лукашэнка плюс кандыдаты-спойлеры. Хутчэй за ўсё, ад партыяў, якія прайшлі перарэгістрацыю. Сказана ж было, што роля партыяў падвысіцца. Вось няхай і вылучаюць кандыдатаў для стварэньня масоўкі і ілюзіі нейкага выбару.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гайдукевіч заявіў, што выдаваць пашпарты за мяжой забаранілі, каб уратаваць беларусаў ад рабстваУ 2020 годзе Алег Гайдукевіч зьняў сваю кандыдатуру, калі стала зразумела, што на выбары пойдуць і сурʼёзныя альтэрнатыўныя кандыдаты. Пайшлі яны — і неабходнасьць у ім адпала.
Але калі ў 2025 годзе альтэрнатыўных ня будзе, як іх няма на сёлетніх выбарах, то ў 2025-м спатрэбіцца і Гайдукевіч. Каб было не зусім ужо як пры Брэжневу.
Ну, і, нарэшце трэці варыянт — з альтэрнатывай, прынамсі фармальнай (якой Гайдукевіч «со товарищи» не зьяўляюцца).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дымавая завеса». Амбасадар ЗША пра адмову Лукашэнкі запрашаць назіральнікаў АБСЭУлада і цяпер кажа, што праводзіць выбары не для Захаду. Вось не запрасілі назіральнікаў АБСЭ. І ў наступным годзе будуць казаць тое самае, і назіральнікаў ад АБСЭ таксама наўрад ці запросяць.
Але жыцьцё — штука непрадказальная. Асабліва можа паўплываць вайна, якая палае ля межаў Беларусі і ў якую тая ўцягнутая, няхай і ўскосна. І залежнасьць Беларусі ад Расеі, якая паглыбляецца, можа спарадзіць там спакусу зрабіць гэтую залежнасьць поўнай і незваротнай.
Так што зьбег абставінаў можа спарадзіць неабходнасьць усё ж неяк узаемадзейнічаць з Захадам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ЗША бачаць у Беларусі дваяўладзьдзе», — вынікі стратэгічнага дыялёгу беларускіх дэмакратычных сілаў і ЗША паводле амэрыканскага экспэртаЗь іншага боку, у 2023 годзе ў палітыцы Захаду адносна Беларусі акрэсьлілася новая тэндэнцыя, якую можна назваць паўзучым прызнаньнем Сьвятланы Ціханоўскай і структур, якія яна ўзначальвае. Прадстаўніцтва пры ЭЗ, кансультатыўная група па ўзаемадзеяньні Абʼяднанага кабінэта з ЭЗ, стратэгічны дыялёг з ЗША, дыпляматычныя прадстаўніцтвы шэрагу краін пры дэмакратычных сілах, той факт, што швэдзкі і польскі міністры называюць Ціханоўскую прэзыдэнтам — гэта ня поўнае прызнаньне, але раней гэтага не было. У Ціханоўскай было шмат сустрэч на высокім узроўні і раней, але інстытуцыйнае супрацоўніцтва і прызнаньне пачалося толькі летась. Ня тое што гэта азначае пралёг краху рэжыму Лукашэнкі, але ягоную стабільнасьць гэта ўжо дакладна не ўмацоўвае.
Нарэшце, з трэцяга боку, прадстаўнікі каманды Ціханоўскай ужо даўно агучылі сваю трактоўку будучых выбараў 2025 году: гэта ня выбары, яны ня маюць значэньня, і пасьля іх Ціханоўская застанецца абраным прэзыдэнтам. Калі выбараў няма, то прадстаўнік народу — той, хто быў абраны апошні раз. Ня факт, што заходнія краіны прымуць такую трактоўку. Але могуць і прыняць. І на іх выбар некаторы ўплыў будзе аказваць хада кампаніі 2025 году і склад кандыдатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кожнае вашае слова і дзеяньне мае значэньне». Ціханоўская прапанавала беларусам 5 спосабаў, як рэагаваць на выбары 2024 годуІ ў гэтым сэнсе бюлетэнь з адным прозьвішчам Лукашэнкі ці з парай «Лукашэнка-Гайдукевіч» будзе толькі ўзмацняць аргумэнты каманды Ціханоўскай у заходніх калідорах улады: ну вы ж бачыце, якія выбары праводзяцца ў Беларусі.
І працэс паўзучага прызнаньня тады можа працягвацца і пасьля выбараў 2025 году, нібыта іх і не было.
А каб гэта прадухіліць, ва ўладзе загучаць галасы, што выбары 2025 году варта ўсё ж праводзіць не паводле мадэлі парлямэнцкіх выбараў 2024 году, што варта стварыць хаця б ілюзію спаборнасьці выбараў.
Відавочныя кандыдаты — ужо згаданыя Канапацкая і Чэрачань, удзельнікі прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. Магчымыя і іншыя кандыдатуры. Які варыянт абяруць — стане зразумела ўжо сёлета. Гэта наўрад ці вырашана ўжо цяпер, але аргумэнты за тое, каб правесьці выбары 2025 году прынамсі з ілюзіяй палітычнай канкурэнцыі, будуць ва ўладзе даволі важкімі. Ідэя будзе палягаць у тым, каб паўтарыць сцэнар прэзыдэнцкіх выбараў, але не 2020 году, а 2015-га. Прадказальных, вонкава канкурэнтных, якія ня выклікалі ніякіх пратэстаў. І якія сталі важным элемэнтам тагачаснай нармалізацыі адносінаў з Захадам.
У гэтым палітычным раўнаньні выбараў 2025 году ёсьць, зразумела, галоўная невядомая — гэта беларускі народ, яго настроі, якімі яны складуцца падчас выбараў наступнага году. Іх цяперашні стан ніякіх нечаканасьцяў не абяцае. Але ў 2019 годзе таксама нічога не прадказвала, што ў 2020 годзе адбудзецца тое, што адбылося.
І за тое, каб у 2025 годзе не рызыкаваць і не экспэрымэнтаваць з альтэрнатывай, ва ўладзе таксама будзе шмат галасоў. Які варыянт абяруць — стане зразумела ўжо сёлета.