На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае прафэсар паліталёгіі ўнівэрсытэту штату Тэнэсі (ЗША) Андрэй Карабкоў.
— На гэтым тыдні дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі на чале зь Сьвятланай Ціханоўскай была з візытам у ЗША. Падзеі ў рамках гэтага візыту бакі называюць стратэгічным дыялёгам. Фармулёўка «стратэгічны дыялёг» выкарыстоўваецца ў дакумэнтах Дзяржаўнага дэпартамэнту для апісаньня адносін ЗША з 50 краінамі — ад Японіі да Гандурасу. Але што такое стратэгічны дыялёг з палітычнымі сіламі краіны, якія не пры ўладзе?
— Гэта была ўдалая паездка для Ціханоўскай і для беларускай апазыцыі ў цэлым.
Па-першае, узровень прыёму як у Дзяржаўным дэпартамэнце, так і ў Кангрэсе (прынамсі, у Сэнаце) быў вельмі высокі.
Па-другое, перад гэтым візытам быў пашыраны санкцыйны сьпіс афіцыйных асобаў і бізнэсоўцаў Беларусі.
Па-трэцяе, навідавоку падвышэньне адносінаў на новы ўзровень.
Такая фармулёўка — «стратэгічны дыялёг» — падкрэсьлівае, што Ціханоўская разглядаецца ў якасьці афіцыйнага прадстаўніка сваёй краіны, які атрымаў мандат праз выбары, нягледзячы на тое, што яна ня мае рэальнай улады ў краіне. Гучалі заявы амэрыканскіх уладаў, што яны лічаць Ціханоўскую законна абраным прэзыдэнтам, у той час як урад Лукашэнкі разглядаецца як інстытут, які незаконна ўтрымлівае ўладу. Гэта значны крок насустрач беларускай апазыцыі з боку амэрыканскага кіраўніцтва.
У Сэнаце Ціханоўская сустрэлася з Джын Шагін, сэнатаркай ад Нью-Гэмпшыру. Яна фактычна другая асоба ў камітэце міжнародных адносінаў Сэнату. Шагін заявіла, што будзе прасоўваць новую рэзалюцыю аб дапамозе беларускай апазыцыі, якая будзе прызнаваць яе легітымнай сілай у Беларусі. Гэта адчыняе пэўныя дзьверы для атрыманьня фінансавай і арганізацыйнай дапамогі з боку ЗША. Відавочна, што будзе спрыяньне з боку ЗША спробам беларускай апазыцыі атрымаць афіцыйны статус у шэрагу міжнародных арганізацыяў, прынамсі, у якасьці міжнароднага назіральніка.
Шагін таксама сказала, што будзе дамагацца ў Дзяржаўным дэпартамэнце ўвядзеньня пасады адмысловага пасланьніка ў справах Беларусі, які будзе працаваць наўпрост з апазыцыяй.
І ў выніку ЗША будуць успрымаць сытуацыю як дваяўладзьдзе: афіцыйная амбасада ў Менску, якая дэ-факта не функцыянуе, і такая пасада пасланьніка. Невідавочна, што гэта атрымаецца, але адно ўжо імкненьне прасоўваць гэтую ініцыятыву вельмі важнае для Ціханоўскай і падкрэсьлівае яе легітымнасьць у вачах значнай часткі амэрыканскага палітычнага істэблішмэнту.
— Удакладніце — якой часткі? У калёнцы, апублікаванай у панядзелак у The Washington Post, Ціханоўская напісала: «Я сфармавала ўрад у выгнаньні — Абʼяднаны пераходны кабінэт» ( I formed a government in exile — the United Transitional Cabinet). Стратэгічны дыялёг — гэта прызнаньне гэтага ўраду ў выгнаньні, а Ціханоўскай — прэзыдэнтам-электам?
— Тут трэба падзяляць. Дэ-юрэ — не. Дэ-факта — у сутнасьці, так. Але заявіць, што Ціханоўская — легітымны прэзыдэнт, а Лукашэнка — не — на гэта ЗША зараз не ідуць. Улічваючы сытуацыю ва Ўкраіне, можна меркаваць, што і ня пойдуць. Ідзе палітычная гульня. Калі мы паглядзім на новы санкцыйны сьпіс, то ў яго трапілі пераважна асобы і прадпрыемствы, зьвязаныя з ВПК і ўзаемадзеяньнем з расейскім войскам. У гэтай сытуацыі цалкам разрываць адносіны з Лукашэнкам і ісьці на канфрантацыю ЗША ня хочуць. Ёсьць пэўны запас добрай волі, ёсьць жаданьне працаваць, але няма жаданьня зараз афіцыйна пайсьці на такую «ракіроўку».
— А вось якраз наконт украінскага кантэксту. Як уплывае на падыходы ЗША да Беларусі вайна ва Украіне, у прыватнасьці, вострыя дыскусіі паміж Белым домам і Кангрэсам наконт працягу амэрыканскай падтрымкі Украіны ў вайне? Вайна ўзмацняе ўвагу да Беларусі як ускоснага ўдзельніка вайны, ці наадварот — аслабляе гэтую ўвагу?
— Думаю, што вайна робіць Беларусь важнейшай. Менавіта таму мае месца пэўная асьцярожнасьць адносна і Ціханоўскай, і Лукашэнкі. Ёсьць моцнае жаданьне не дапусьціць глыбейшага ўцягваньня Беларусі ў гэты канфлікт. Украінская сытуацыя стала закладніцай амэрыканскіх унутрыпалітычных гульняў.
У Кангрэсе «завіс» пакет дапамогі аб’ёмам 106 мільярдаў даляраў дапамогі, зь якіх 61 мільярд павінен быў пайсьці на патрэбы Ўкраіны. І тут два блёкі перашкодаў. Рэспубліканцы вельмі жорстка сказалі, што будуць галасаваць гэты законапраект толькі тады, калі будзе вырашанае пытаньне з аховай паўднёвай мяжы.
Яны дамагаюцца зьмены парадку запыту статусу ўцекача. Рэспубліканцы хочуць, каб гэта адбывалася на тэрыторыі Мэксыкі. Каб людзі, якія зьвярнуліся па гэты статус на тэрыторыі ЗША, не зьнікалі бясьсьледна на амэрыканскай зямлі.
Джо Байдэн ня можа на гэта пагадзіцца, бо гэта прывядзе да падрыву яго электаральнай базы, найперш сярод моладзі Дэмакратычнай партыі, якая і бяз гэтага незадаволеная Байдэнам у сувязі зь яго палітыкай адносна Ізраілю. Але нават калі кампраміс будзе дасягнуты і рэспубліканцы пагодзяцца прагаласаваць за дапамогу Ўкраіне, узьнікне іншая перашкода.
Ладная частка рэспубліканскага электарату ў прынцыпе супраць працягу дапамогі Ўкраіне. І ёсьць канфлікт наконт памераў такой дапамогі. Таму не выключаю, што, акрамя адтэрміновак, будзе торг наконт памеру дапамогі, які, імаверна, будзе істотна скарочаны. Будучыня няпэўная, і значэньне Беларусі ў сувязі з гэтым узрастае.
— Прэсавая сакратарка МЗС РФ Марыя Захарава пракамэнтавала ў Тэлеграме цяперашнія сустрэчы Ціханоўскай і яе калегаў у ЗША. Захарава ў сваім допісе абрынулася і на Зяленскага. Але МЗС Расеі ня вельмі часта рэагуе на міжнародныя кантакты Ціханоўскай. Чаму адрэагавалі гэтым разам?
— Гэты допіс Захаравай быў пераважна не пра Ціханоўскую, а пра Зяленскага. Яму Захарава зычыць апынуцца на Карыбскіх выспах. Але ў цэлым гэта дэманструе ўзровень рыторыкі і канфліктнасьці ў адносінах паміж Масквой і Вашынгтонам (і Захадам у цэлым). Гэты допіс — намёк на тое, што зараз усе сродкі добрыя.
— А для Масквы, для Крамля — ці важны той аспэкт палітыкі ЗША, пра які вы сказалі: што Вашынгтон фактычна прызнае стан дваяўладзьдзя ў Беларусі? Што для іх — Ціханоўская яшчэ не прэзыдэнт, але Лукашэнка — ужо не прэзыдэнт?
— Так, гэта для Масквы важна. Але, як ні парадаксальна, для Масквы гэта важна ў станоўчым сэнсе. Бо гэта рэзка звужае прастору манэўру для Лукашэнкі. У пэўным сэнсе Маскве гэта нават выгадна.
— Ціханоўская падчас шматлікіх сустрэч у Вашынгтоне на гэтым тыдні казала пра мэты, якія яна і яе аднадумцы ставяць перад сабой у дыялёгу з ЗША. А якія мэты ЗША ставяць перад сабой адносна як дэмакратычных сілаў Беларусі, так і Беларусі ў цэлым?
— Мэты ЗША адносна Беларусі — прасоўваньне дэмакратыі і правядзеньне свабодных выбараў. Але ў ЗША ёсьць і яшчэ адна мэта — гэта перадухіленьне ўцягваньня Беларусі наўпрост ва ўзброены канфлікт з Украінай. І гэтая апошняя мэта ў пэўнай ступені супярэчыць папярэднім. ЗША не зацікаўленыя зараз у поўным разрыве адносінаў з Лукашэнкам. І хацелі б, каб у яго была хоць якая свабода манэўру адносна Масквы.
— Ёсьць думка, у тым ліку і ў ЗША, што Лукашэнка — гэта поўная марыянэтка Пуціна, што ён такі беларускі Пушылін (кіраўнік «ДНР». — РС). Ніхто не клапоціцца пра свабоду манэўру Пушыліна.
— Тут пытаньне, чыя гэта думка. Калі гэта Тымаці Фрай ці Эн Эплбаўм, яны разглядаюць Лукашэнку як цалкам залежнага ад Масквы. Але людзі, якія доўга назіраюць за Лукашэнкам, ведаюць яго заўсёдныя палітычныя гульні, зыходзяць з таго, што ён мае пэўную самастойнасьць нават у сытуацыі, калі тэрыторыя краіны знаходзіцца фактычна пад расейскім вайсковым кантролем. Таму і зараз з боку ўладаў ЗША ёсьць намер даць яму магчымасьць нешта адыграць назад, калі ён гэтага захоча.
— Падчас сустрэчаў з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі прэсавы сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэт’ю Мілер заявіў, што да вызваленьня палітвязьняў зьмякчэньня санкцыяў ня будзе. Між тым з 2020 году амэрыканская дыпляматыя здолела дамагчыся вызваленьня прынамсі двух палітвязьняў зь беларускіх турмаў — Віталя Шклярава і Алега Грузьдзіловіча.
Наконт Шклярава Лукашэнку патэлефанаваў тагачасны дзяржаўны сакратар Майк Пампэо. І, мяркуючы па ўсім, званок і быў платай за вызваленьне. Ці будуць падобныя выпадкі і надалей ad hoc, а нейкая шырэйшая ўгода немагчымая?
— Падыход палягае ў тым, што нельга зачыняць усе дзьверы, трэба пакідаць альтэрнатыўныя шляхі. Мы можам прыгадаць міграцыйны крызіс 2021 году і званок Лукашэнку тагачаснай канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель. І яна гэта зрабіла, нягледзячы на ўсю палітыку Нямеччыны і ЭЗ пасьля выбараў 2020 году. Так і тут — ёсьць імкненьне пакінуць дзьверы крыху прачыненымі.
— Ці можа зараз дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен патэлефанаваць Лукашэнку і паразмаўляць пра нешта? Як Пампэо ў 2020 годзе. Ці стратэгічны дыялёг паміж дэмакратчнымі сіламі Беларусі і ўладамі ЗША не дазваляе пазваніць?
— Зараз ён званіць ня будзе. Але мы ня ведаем, як сытуацыя будзе разьвівацца далей. Лукашэнка — майстар стварэньня крызісаў. І вырашэньня іх праз гандаль і кампраміс. Таму нельга выключаць, што ён ня створыць новы крызіс, які можа тычыцца і новых арыштаў сваіх апанэнтаў. Такі крызіс можа быць зьвязаны і з больш актыўнай роляй Беларусі ў вайне. І ні ў Белага дому, ні ў Дзяржаўнага дэпартамэнту няма намеру спыняць дыялёг і зь ім.