Сьцісла:
- Уладам нібыта непакоіцца няма чаго: выбарчы працэс канчаткова ператварыўся ў бюракратычную працэдуру, тэхнічную цырымонію.
- Аднак дзіўным чынам улады чамусьці моцна напружваюцца праз гэтую палітычную кампанію.
- Нават дзеля ажыцьцяўленьня і апраўданьня гвалту ад імя дзяржавы патрэбна такая даволі абстрактная катэгорыя, як легітымнасьць, якую даюць выбары.
- Пасьля 2020 году само слова «выбары» Лукашэнка стаў успрымаць як страшны сон. Зьявілася навязьлівая думка, як бы ад іх пазбавіцца.
- Выбары 25 лютага шмат у чым будуць нагадваць савецкія выбары ці нават пераўзыходзіць іх па ступені стэрыльнасьці і выпусташанасьці ад рэальнага зьместу.
Ужо шмат гадоў даводзіцца канстатаваць, што сапраўдных выбараў у краіне няма, ёсьць толькі іх імітацыя. Гэтая выснова была слушная і да 2020 году. А цяпер, пасьля ўсталяваньня жорсткага рэпрэсіўнага рэжыму, гаварыць пра нейкія выбары тым больш не выпадае. Апазыцыйныя партыі і структуры грамадзкай супольнасьці цалкам ліквідаваныя, юрыдычна і палітычна. Нават фармальная канкурэнцыя зьнішчаная. 3 кастрычніка кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлана Ціханоўская падчас паседжаньня ў Варшаве заявіла, што «мы ў выбарах Лукашэнкі ня ўдзельнічаем — яны незаконныя. Але мы павінны скарыстацца гэтым як нагодай расказаць пра сваю альтэрнатыву». Гэтак альтэрнатывай павінны стаць выбары ў Каардынацыйную раду.
То бок уладам нібыта непакоіцца няма чаго, выбарчы працэс канчаткова ператварыўся ў бюракратычную працэдуру, тэхнічную цырымонію. І, здавалася б, тэмы для абмеркаваньня няма.
Аднак дзіўным чынам заўважна, што ўлады чамусьці моцна напружваюцца праз гэтую палітычную кампанію. Выбары становяцца галоўным стрыжнем увагі Аляксандра Лукашэнка падчас самых розных сустрэч і нарадаў. Вось прыклады толькі за апошні месяц.
- 12 верасьня падчас сустрэчы са старшынём Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам Лукашэнка ўзгадвае тэму маючых адбыцца выбараў у парлямэнт.
- 21 верасьня на нарадзе па пытаньнях адукацыі ён нагадаў, што ў Беларусі хутка пройдзе электаральная кампанія, вялікі ўклад у арганізацыю выбараў заўсёды ўносяць пэдагагічныя калектывы.
- 22 верасьня падчас сэмінару-нарады ў Салігорску аб разьвіцьці жывёлагадоўлі Лукашэнка, зьвяртаючыся да чыноўнікаў, раптам узгадаў выбары: «Вам праводзіць там электаральныя кампаніі. Мы павінны паказаць усім, што ў нас ёсьць краіна і мы гэтай краінай будзем кіраваць».
- 25 верасьня Аляксандар Лукашэнка даў наказ новапрызначаным кіраўнікам вэртыкалі Віцебскай вобласьці: «Наперадзе буйныя электаральныя кампаніі, дзе ідэалягічны складнік мае першараднае значэньне... Мы абсалютна не хаваем таго, што мы кагосьці будзем падтрымліваць... Вызначайце годных патрыятычных людзей, прафэсіяналаў. І падтрымлівайце іх на парлямэнцкіх выбарах і ва Ўсебеларускі народны сход».
- 2 кастрычніка Лукашэнка, прымаючы старшыню Савету Рэспублікі Натальлю Качанаву, казаў: «Вельмі гарачая чацьвёртая тэма — гэта выбары. Я прасіў бы вас перш за ўсё, Адміністрацыю прэзыдэнта, калі трэба, парлямэнт (ніжнюю палату) падключыцца да правядзеньня гэтых выбараў. Тым больш вы — упаўнаважаная па Менску».
Такім чынам, для Лукашэнкі выбары — гарачая тэма! Чаму так?
Бо любыя выбары паводле самой сваёй прыроды — складаная і супярэчлівая рэч. Напрыклад, яны чамусьці праводзяцца нават у дыктатарскіх рэжымах, якія, здавалася б, трымаюць уладу выключна гвалтам. Аказваецца, нават дзеля ажыцьцяўленьня і апраўданьня гвалту ад імя дзяржавы патрэбна такая даволі абстрактная катэгорыя, як легітымнасьць, якую і даюць выбары.
Для самога Лукашэнкі фэномэн выбараў меў вельмі канкрэтнае значэньне. Менавіта яны далі яму мандат на кіраваньне ад імя народу ў 1994 годзе. На ім грунтавалася ўся міталягема пра «народнага прэзыдэнта». Апэлюючы да мандату народу, Лукашэнка фармаваў аўтарытарны рэжым, ігнаруючы ці нэўтралізуючы іншыя дзяржаўныя інстытуты, парушаў законы, ствараў дзяржаўны лад пад сябе, пад свае патрэбы. Хоць выбары ў Беларусі страцілі свой рэальны зьмест, але засталіся ў якасьці неабходнага рытуалу. Народ прызнаваўся крыніцай улады, але ад яго імя выступала сама тая ўлада.
Аднак падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году міт сутыкнуўся з рэальнасьцю. Народ, як і ў 1994 г., паспрабаваў вярнуцца на палітычную арэну як суб’ект. Скарыстаўшыся тым самым фармальным правам выбару ўлады, якое запісана ў Канстытуцыі, але, здавалася б, даўно забытае. У гісторыі шмат падобных прыкладаў так званых «перакульваючых выбараў».
У выніку тых падзей Лукашэнку ўдалося захаваць уладу. Але з таго часу само слова «выбары» ён стаў успрымаць як страшны сон, стыхійнае бедзтва, фільм жахаў, горар. Зьявілася навязьлівая думка, як бы ад іх пазбавіцца. Ці хоць бы максымальна адцягнуць час іх правядзеньня. Пра гэта сьведчыць той факт, што і мясцовыя выбары, якія мелі адбыцца ў 2022 годзе, і парлямэнцкія выбары, якія павінны былі прайсьці ў 2023 годзе, былі з парушэньнем Канстытуцыі перанесеныя на 2024 год. Такім чынам, амаль чатыры гады краіна жыве бяз выбараў. За гэты час, як мяркуе Лукашэнка, павінны загаіцца душэўныя раны, псыхалягічныя траўмы ад падзей 2020 году. Адначасова ў пераробленай Канстытуцыі галоўным органам улады становіцца нявыбарны орган — Усебеларускі народны сход.
На нарадзе 30 жніўня 2022 году Лукашэнка раптам заявіў: «Я ўсё больш прыходжу да таго, ад чаго адышоў у момант прыняцьця Канстытуцыі... Мы дарма не рызыкнулі прапанаваць людзям абіраць органы ўлады, асабліва прэзыдэнта, на Ўсебеларускім народным сходзе... Сёньня адчуваю, што мы дарма не ішлі ад гэтага жыцьця... Але мы гэта ўжо ўпусьцілі. Гэта не катастрофа. Будзе неабходнасьць — мы да гэтага вернемся».
25 лютага выбары ўсё ж павінны прайсьці. Але яны будуць шмат у чым нагадваць савецкія выбары ці нават пераўзыходзіць іх па ступені стэрыльнасьці і выпусташанасьці ад рэальнага зьместу. Без апазыцыі, без альтэрнатыўных кандыдатаў. Без назіральнікаў (замежных і ўнутраных). Бяз выбарчых акругаў у замежжы. Бяз шторак на кабінах для галасаваньня. Склад выбарчых камісій будзе засакрэчаны.
Аднак усё гэта не супакойвае Лукашэнку. Бо ў страху вочы вялікія. Да таго ж няма разуменьня, што ў рэальнасьці адбываецца ў грамадзтве. Бо няма зваротнай сувязі паміж уладай і народам. Таму назіраецца перабольшваньне небясьпекі. Адсюль — пастаянныя заклікі да вэртыкалі, чынавенства ня траціць пільнасьці.