Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога старшыню ліквідаванай партыі «Зялёныя», які хацеў удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах, нават не зарэгістравалі


Дзьмітры Кучук, архіўнае фота
Дзьмітры Кучук, архіўнае фота

Ініцыятыўную групу па зборы подпісаў выбарнікаў за былога старшыню ліквідаванай уладамі партыі «Зялёныя» Зьмітра Кучука не зарэгістравалі. Падставай для адмовы паслужыла памылка друку ў дакумэнтах.

Пра гэта сам Зьміцер Кучук паведаміў 23 сьнежня ў Фэйсбуку.

«Скончылася мая выбарчая кампанія. На жаль, не ўдалося зарэгістраваць ініцыятыўную групу. Фармальнай падставай для адмовы паслужыла памылка друку ў дакумэнтах», — напісаў Зьміцер Кучук.

У допісе ён таксама падзякаваў усім, хто быў побач зь ім «у гэты няпросты час», адзначыўшы, што для яго гэтыя людзі — героі, і ўсім, «хто не губляе надзеі і мае ўласнае меркаваньне, прыходзячы на выбарчы ўчастак».

«Рабіць выбар пад ціскам заўсёды няпроста, але бяз гэтага ніколі не будзе перамог», — адзначыў Кучук.

Пра намер удзельнічаць у выбарах у Палату прадстаўнікоў Кучук паведаміў 20 лістапада. Ён тады адзначыў, што не спадзяецца атрымаць дэпутацкі мандат, але жадае стаць голасам беларусаў, якія застаюцца ў краіне.

  • Выбары ў Палату прадстаўнікоў і і ў мясцовыя Саветы павінны прайсьці 25 лютага 2024 году.
  • Па стане на 23 сьнежня ў Менску 45 асобаў зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў выбарнікаў па вылучэньні сябе ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Сярод іх — скандальны дэпутат Алег Гайдукевіч, Дзьмітры Шаўцоў, пад кіраўніцтвам якога Беларускі Чырвоны Крыж удзельнічаў у вывазе дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны Беларусь, галоўны ідэоляг Лукашэнкі Вадзім Гігін, былы намесьнік начальніка МУС Аляксандар Барсукоў, адыёзны прапагандыст Аляксандар Шпакоўскі, дэпутат-камуніст Сяргей Клішэвіч, сьпікерка Генпракуратуры Анжаліка Курчак, якая змагаецца з чайлдфры ды іншыя.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG