Ад музэю маляванкі да сям’і для сабакі палітзьняволенай. Успамінаем добрыя навіны 2023 году

Настасься Горбань, Віталь Тысеў, сабака Эрык, сям'я Аліны Нагорнай і Ігара Случака. Каляж

Свабода падсумавала добрыя беларускія навіны году. Хаця і ў іх ёсьць налёт суму — час такі.

1. Адкрыцьцё музэю маляванкі

У траўні ў Заслаўі адкрылі першы ў Беларусі музэй маляванкі. Ён прысьвечаны традыцыйнаму народнаму мастацтву — росьпісу па тканіне, так званым маляваным дыванам. У экспазыцыі выставілі працы Язэпа Драздовіча і самабытнай вандроўнай мастачкі Алены Кіш. Ёсьць і творы невядомых аўтараў. Музэй стваралі цягам сямі гадоў.

Язэп Драздовіч, які меў прафэсійную адукацыю мастака і захапляўся космасам, стаў маляваць дываны ў 1930-х гадах, калі гэта стала модным, ня толькі каб зарабіць, але і каб разьвіваць эстэтычны густ у народзе, расказваў раней экскурсавод і лектар Мікіта Моніч у сваёй праграме «Каля культуры». Алена Кіш ня мела прафэсійнай мастацкай адукацыі, але была таленавітым самародкам. Яе імя ўключылі ў сусьветную энцыкляпэдыю наіўнага мастацтва. Яна вандравала па вёсках і малявала дываны, часам за ежу. Абое былі беднымі людзьмі і скончылі жыцьцё трагічна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Заслаўі адкрылі Музэй беларускай маляванкі

Калекцыю маляванак зьбіралі дзесяцігодзьдзямі, падзяліўся са Свабодай Мікіта Моніч. Яна налічвала каля 250 твораў. Пасьля этапу захаваньня твораў мастацтва варта іх вывучаць, папулярызаваць, дэманстраваць. Таму так важна, што адкрылі музэй.

«Экспазыцыя быццам падказвае, што перад табой помнік, артэфакт, нешта значнае, карыснае. Ты бачыш не адну, а шэраг маляванак. Гэта дазваляе больш зразумець карысьць гэтых рэчаў, увайсьці зь імі ў кантакт. Такім чынам мы можам іх спажыць. Мы зрабілі высілак: заказалі экскурсію, даехалі, зайшлі туды і гэта пабачылі. Такія практычныя крокі важныя, каб фізычна адчуць сваю прыналежнасьць, сувязь з культурай», — кажа Моніч.

Уладзімер Бербераў на адкрыцьці музэя Заслаўі

2. Уратавалі ад паралічу рэпрэсаванага беларуса

«Я на дахі магу цяпер глядзець! — радуецца Віталь у размове са Свабодай. — Бачу шыльды крамаў. Спаць магу нармальна, на сьпіне, раней мог толькі на баку».

Віталь Тысеў — 48-гадовы жыхар Стоўпцаў. У 2020 годзе яго затрымлівалі за пратэсты. Неўзабаве пасьля гэтага ён выехаў у Польшчу, у Беларусі ён лічыцца ў вышуку. Пасьля зьняволеньня ў Віталя абвастрылася даўняя траўма хрыбетніка. Мужчыну пагражаў параліч.

Віталь Тысеў, былы палітвязень у сакавіку 2023 году

Гісторыя ягонага ўратаваньня доўжылася каля пяці месяцаў. Беларусы за паўдня сабралі патрэбныя на апэрацыю грошы. Але клінікі ў Польшчы і Літве нечакана адмовілі Монічу. Калі знайшлі патрэбны шпіталь у Нямеччыне, кошт апэрацыі назвалі амаль удвая вышэйшы — 55 тысяч эўра. У выніку беларусы дазьбіралі патрэбную суму, хаця звычайна паўторны збор ня мае такога эфэкту.

Апэрацыю Віталю зрабілі ў жніўні ў клініцы «Шарытэ». Яна прайшла пасьпяхова.

«Мне цяпер шыя не баліць зусім. Пасьля апэрацыі доўга балела, але цяпер добра згінаецца хрыбетнік. Есьці і піць можна нармальна, раней усё гэта было цяжка. Бегаю дома на трэнажоры па 5 кілямэтраў на дзень. Займаюся на фітболе», — расказвае беларус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бэрліне зрабілі апэрацыю Віталю Тысеву, якому беларусы зьбіралі грошы

Раней Віталь ледзьве хадзіў. Адна нага была карацейшая за другую на 4 сантымэтры, бо хрыбетнік скрывіўся на бок.

«Жыву, як нармальны чалавек. Хачу на працу пайсьці, але мяне не пускаюць. Па спэцыяльнасьці хіба нельга будзе да канца жыцьця. Трэба чакаць дазволу лекараў. Праз тры месяцы пасьля апэрацыі трэба ехаць на кансультацыю ў „Шарытэ“», — тлумачыць ён.

3. Вывезьлі ў бясьпеку сям’ю, якая хавалася ў Беларусі два гады

Сям’ю абаронцаў беларускай мовы Аліны Нагорнай і Ігара Случака эвакуавала зь Беларусі ініцыятыва BySol у кастрычніку. Сужэнцы вырашылі пакінуць Беларусь, калі іхныя акаўнты ў сацыяльных сетках прызналі «экстрэмісцкімі». Перад гэтым два з паловай гады сям’я хавалася. Яны выехалі са свайго вясковага дома, мянялі патаемныя месцы жыхарства, не карысталіся сваімі sim-карткамі, асьцярожна наведвалі нават лекараў, не маглі аддаць дзяцей у садок.

Сям’я пасьля эвакуацыі. Аліна Нагорная і Ігар Случак з сынамі Тадэвушам і Стэфанам у Вільні, Літва. 25 кастрычніка 2023

Як расказала Свабодзе Аліна Нагорная, цяпер сям’я жыве ў Вільні. Празь месяц пасьля пераезду яны ўсё яшчэ шукаюць пастаяннае жытло. Пакуль жывуць на кватэры, якую можна арандаваць на кароткі тэрмін: «Нешта сярэдняе паміж гостэлам і гатэлем».

«У нас няма нармальнай кухні. Я набыла мультыварку, у нас ёсьць мікрахвалёўка. Няпроста знайсьці жытло, калі ты пастаянна заняты, ды і шмат якія гаспадары адмаўляюць, бо ў нас дзеці», — тлумачыць суразмоўца.

Цяпер сужэнцы маюць нейкія падпрацоўкі, але шукаюць пастаянную інтэлектуальную працу, пажадана з занятасьцю на паўдня, каб даглядаць сваіх малых дзяцей. Яны працягваюць займацца абаронай беларускай мовы, але гэта хутчэй валянтэрства, якое нясе больш выдаткаў, чым прыбытку.

«Жыцьцё ў Літве нятаннае... Нам вельмі дапамагае, калі людзі падтрымліваюць нас праз Patreon. Гэта дапамагае нам крыху аплаціць няню, набыць нейкія расходнікі для дзейнасьці, але гэта не прыбытак», — кажа яна.

Пакуль сям’я знаходзілася ў Беларусі, ім самім дапамагалі людзі з-за мяжы. Прыкладам, калі ў іх была вельмі цяжкая фінансавая сытуацыя, хлопец зь Нямеччыны замаўляў ім дастаўку харчу дадому і аплочваў падгузкі для дзяцей.

Аліна кажа, што ёй цяжка ацаніць іхную эвакуацыю адназначна. Яны цяпер у бясьпецы, гэта лепш для дзяцей, але яна не адчувае радасьці. Аліна так хацела заставацца ў Беларусі, што адмовілася ад працы сваёй мары ў Нямеччыне, а таксама ад стажу ў амэрыканскім Ейльскім унівэрсытэце. На ейную думку, цяпер яны менш могуць зрабіць для радзімы.

«Наколькі зьмяніліся паняцьці добрага і кепскага! Цяпер лічыцца добрымі падзеямі тое, што людзі пакінулі свой дом, вымушаныя былі яго прадаць, выехалі са сваёй краіны. Сумна, што лічыцца добрай навіной, бо чалавека не пасадзілі і не забілі, а верагоднасьць гэтага была вялікая. Але мы не ў турме, нашыя дзеці не ў дзіцячым доме», — разважае Аліна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы не маглі карыстацца карткамі, тэлефонамі, аўта, часам нават сваімі імёнамі». Гісторыя падпольнага жыцьця Нагорнай і Случака. ВІДЭА

4. Вызваленьне Соф’і Сапегі

Соф’ю Сапегу вызвалілі праз памілаваньне Лукашэнкі ў чэрвені. Яна правяла за кратамі больш за два гады.

Сафія Сапега

Соф’я мае расейскае грамадзянства. Вучылася ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Дзяўчыну затрымалі 23 траўня 2021 году разам з былым галоўным рэдактарам тэлеграм-каналу Nexta​ Раманам Пратасевічам у менскім аэрапорце пасьля прымусовай пасадкі самалёта авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню. Дзяўчыну асудзілі на 6 гадоў у справе «Чорнай кнігі Беларусі».

Пасьля выхаду на волю Соф’я не давала інтэрвію і камэнтары. Вядома, што пасьля вызваленьня яна паляцела з бацькам у Тайлянд. Дзяўчына вярнулася ў сацыяльныя сеткі. З публічных допісаў у яе толькі некалькі фатаздымкаў на фоне мора, у тым ліку з маладымі мужчынамі і з дошкай для сёрфінгу.

Як расказала Соф’я Сапега Свабодзе, яна дагэтуль устрымліваецца ад камэнтароў з многіх прычынаў.

«Але магу сказаць, што я аднаўляюся. Для гэтага, як і для ўсяго іншага, проста патрэбен час», — напісала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нарадзілася ва Ўладзівастоку, вучылася ў ЭГУ, супрацоўнічала з «ЧКБ». Расказваем пра Соф’ю Сапегу, якую памілаваў Лукашэнка

5. Вызвалілі з-пад варты маці немаўляці

Тацяну Пыцько выпусьцілі ў лістападзе. Яна правяла за кратамі амаль паўгода. Дома зьняволеных бацькоў чакала аднагадовая дачка Ева.

Тацяна Пыцько

Сёлета ў лютым за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат» затрымалі відэаапэратара зь Віцебску Вячаслава Лазарава. У чэрвені прыйшлі і па ягоную жонку Тацяну Пыцько, якая нібыта дапамагала мужу ў працы. Без бацькоў пакінулі маленькую дачку Еву, якой на той момант было 1 год і 1 месяц. Дзяўчынку спачатку аддалі пад апеку ў лякарню. Толькі празь некалькі тыдняў сваякі здолелі аформіць дакумэнты і забраць дзіця дадому. Старэйшыя дзеці Тацяны ад іншага шлюбу ў гэты час знаходзіліся разам са сваім бацькам.

У верасьні Тацяну асудзілі на 3 гады калёніі, Вячаслава — на 5,5 года. Аднак пасьля разгляду апэляцыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе Тацяну вырашылі вызваліць з-пад варты, адтэрмінаваўшы пакараньне, а Вячаславу зьменшыць тэрмін на паўгода. Вядома, што цяпер Тацяна ўжо разам са сваімі дзецьмі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка журналіста Вячаслава Лазарава Тацяна Пыцько выйшла на волю

6. Беларуска выратавала дзяўчыну, якая скочыла з моста ў Нью-Ёрку

Беларуска Настасься Горбань, якая цяпер жыве ў ЗША, падчас ранішняй прабежкі заўважыла маладую жанчыну, якая хацела забіць сябе. Настасься пасьпела схапіць яе за нагу, калі тая ўжо зьбіралася скінуцца з моста. Аказалася, што незнаёмка страціла ненароджанае дзіця і ад гэтага моцна пакутавала. Выпадак здарыўся ў жніўні.

Настасься Горбань

Настасься прызнаецца, што сама доўга думала, ці добрая гэта навіна, ці тая жанчына хацела, каб яе ратавалі.

«Але калі я даведалася, што больш спробаў самагубства ў яе не было і што яна паступова ачуньвае, я зразумела, што гэтая яе спроба хутчэй была крыкам аб дапамозе і што калі яна гэта рабіла, гэта не было яе сьвядомым рашэньнем», — разважае Настасься.

Дзяўчына думае, што гэтая гісторыя пазытыўная таксама для іншых людзей, якія нешта зь яе бяруць, калі даведваюцца пра гэты выпадак.

«Хтосьці радуецца, што прачытаў хаця б адну добрую навіну за дзень. Для кагосьці гэта супэрпэрсанальная гісторыя, якая дазваляе пераасэнсаваць нешта ў сваім жыцьці», — мяркуе беларуска.

Настасься дзеліцца, што ёй самой гэты выпадак дапамог быць больш упэўненай у сабе, расказваць больш пра сябе і свае думкі.

«Мне гэта было не ўласьціва, бо калі са мной штосьці здаралася ці я штосьці глядзела, знаходзіла, чым магла б падзяліцца, я думала: „Каму гэта патрэбна?“. У сваёй галаве я заўсёды ўспрымала людзей навокал мяне як людзей, якія ведаюць, як жыць», — расказвае дзяўчына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​«Яна прамовіла: „Мамачка, прабач“ — і адпусьціла рукі». Беларуска расказала, як уратавала чалавека ў ЗША

7. Беларусы сабралі амаль 600 тысяч эўра для сем’яў палітвязьняў

Маратон салідарнасьці з палітвязьнямі «Нам ня ўсё адно» праходзіў у ліпені. Падчас яго сабралі каля 575 тысяч эўра. Удзел узялі 11 тысяч чалавек. Сілавікі Лукашэнкі прызналі маратон «экстрэмісцкім», а на 60 вядоўцаў жывога эфіру завялі крымінальную справу.

Сродкі разьмеркавалі паміж грамадзкімі арганізацыямі і дабрачыннымі фондамі. Па стане на лістапад ужо выплацілі амаль 200 тысяч эўра палітвязьням і іхным сем’ям. Працэс выплат яшчэ ня скончаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьням і іх сем’ям выплачана амаль 200 тысячаў эўра, сабраных падчас маратону салідарнасьці «Нам ня ўсё роўна!» — АПК

8. Большасьць расейскіх войскаў пакінулі Беларусь

Пра гэта заяўляла ініцыятыва «Беларускі Гаюн», якая адсочвае дзейнасьць расейскіх і беларускіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Зь Беларусі вывелі амаль увесь кантынгент Рэгіянальнай вайсковай групоўкі Беларусі і Расеі. Паводле падлікаў «Гаюна», у верасьні ў Беларусі заставаліся каля 2100 расейскіх вайскоўцаў. Пасьля гэтага ў краіне не было паўторнага наплыву вайскоўцаў з Усходу.

Беларуска-расейскія вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022», 10 лютага 2022

Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў Кіеве. Паводле іхных ацэнак, у Беларусі ўвесну знаходзіліся да 11 тысяч расейскіх вайскоўцаў, а ў верасьні засталося ня больш як 2 тысячы.

Улетку зьліквідавалі палявыя лягеры на палігонах «Обуз-Лясноўскі», «Лепельскі» і «Асіповіцкі». Расейскія вайскоўцы адтуль выехалі на радзіму. Аднак яны заставаліся на аэрадромах «Мазыр» і «Зябраўка», на радыётэхнічным вузьле «Баранавічы» і 43-м вузьле сувязі «Вілейка».

У верасьні «Гаюн» паведамляў пра дэмантаж намётаў у палявым лягеры наймітаў ПВК «Вагнэр» у вёсцы Цэль. Іх стала на 55% менш, чым у канцы ліпеня. Свабода публікавала спадарожнікавы здымак ад Planet Labs, які паказваў, як ідзе дэмантаж.

Параўнаньне вонкавага выгляду намётавага лягера вагнэраўцаў у вёсцы Цэль пад Асіповічамі. Зьлева — спадарожнікавы здымак за 1 жніўня 2023 году, справа — за 9 верасьня 2023 году.

На пачатак лістапада «Гаюн» налічыў у Беларусі каля 500 вагнэраўцаў, яшчэ ў верасьні іхную колькасьць ацэньвалі ў 4 тысячы чалавек. У кастрычніку і лістападзе ў Беларусь прылятаў самалёт, зьвязаны з ПВК «Вагнэр», які потым адляцеў у Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку. «Гаюн» дапускаў, што частку вагнэраўцаў маглі вывезьці двума рэйсамі ў Афрыку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі Гаюн»: у Беларусі рэзка зьменшылася колькасьць расейскіх вайскоўцаў. Кіеў пацьвярджае

9. Рэпрэсаваных праваслаўных сьвятароў узяў пад крыло Канстантынопаль

Сьвятары Георгі Рой і Аляксандар Кухта выехалі зь Беларусі празь перасьлед і ўціск з боку цывільных і царкоўных уладаў. У красавіку Канстантынопаль прыняў іх пад сваю юрысдыкцыю.

Сьвятары Аляксандр Кухта і Георгій Рой. Каляж

Як патлумачыў айцец Георгі Рой Свабодзе, нарэшце ў беларускіх праваслаўных сьвятароў зьявілася альтэрнатыва — падпарадкоўвацца не РПЦ, а іншаму патрыярхату. Апошнім часам Беларускую праваслаўную царкву асацыявалі перадусім з Расеяй. Цымус у тым, што пераход адбыўся не празь перамовы і пагадненьне царкоўных уладаў Масквы і Канстантынопалю. Апошні прыгарнуў да сябе сьвятароў, якім пагражаў перасьлед на радзіме.

Беларускія сьвятары цяпер жывуць у Вільні. Там яны стварылі беларускую праваслаўную грамаду. Службы праходзяць па нядзелях і царкоўных сьвятах. Акрамя богаслужэньняў, супольнасьць ладзіць рэлігійныя сустрэчы, паэтычныя вечары, даглядае беларускія магілы на віленскіх праваслаўных могілках. Адбылася сустрэча з Маляванычам, музычная імпрэза з дударом, зьбіраецца група псыхалягічнай дапамогі, рэпэтуе дзіцячы хор. Рыхтуюцца да рэабілітацыйна-адукацыйнага праекту для дзяцей. Плянуюць галерэю абразоў і выставу беларускага праваслаўя, расказаў айцец Георгі Рой.

У сярэднім беларускую царкву ў Вільні наведваюць 30 чалавек. Максымальна на Вялікдзень прыходзілі каля 200 чалавек. Супольнасьць наймае памяшканьне ў цэнтры гораду, дзе праводзяць усю дзейнасьць. Арэнда досыць дарагая, асабліва ў пэрыяд ацяпленьня.

«Гэта рэальна барацьба за выжываньне. Мы ледзь зводзім канцы з канцамі. Гаворкі пра заробак сьвятарам няма», — прызнаецца айцец Георгі.

Дзеці Роя вучацца ў літоўскіх і польскіх установах адукацыі. Айцец Георгі вучыць літоўскую мову. Пачаў яе вучыць яшчэ раней, падчас турыстычных паездак у Літву.

«Я заўсёды чытаў рэклямы, шыльды і перакладаў. Мне вельмі падабаецца літоўская мова. Мне падабаецца шукаць паралелі паміж літоўскай і беларускай мовай у лексыцы, пабудове сказаў. Я цяпер разумею, чаму на Лідчыне і Воранаўшчыне казалі „хадзіўшы“, „рабіўшы“, „глядзеўшы“. Людзі гавораць па-беларуску, але выкарыстоўваюць характэрныя граматычныя канструкцыі літоўскай мовы», — тлумачыць сьвятар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне ўжо была алергія на слова „духоўнасьць“». Вялікая гутарка са сьвятаром Георгіем Роем

10. Сабака палітзьняволенай праваабаронцы пераехаў у Чэхію

Эрык быў сабакам праваабаронцы Насты Лойкі. Гэта нямецкая аўчарка, яму 7 гадоў. Калі Насту затрымлівалі, сілавікі хацелі забіць Эрыка, бо баяліся яго. Аднак удалося зачыніць сабаку ў прыбіральні і гэтым яго ўратаваць. Ужо ў СІЗА Наста напісала Эрыку шчымлівы ліст.

«Бывай, дарагі пёс. Ты самае дарагое, што ў мяне было ў жыцьці. Я буду любіць цябе заўжды», — так заканчвалася пасланьне Насты.

Наста Лойка

Эрык «напісаў» Насьце адказ.

«У мяне ўсё добра, людзікі мяне бяруць у лес кожны дзень, там можна шчасьліва ганяць без павадка, нюхаць усё і зьбіраць кляшчоў (Ганка потым іх хутка знаходзіць, гэта яе хобі). На выходныя любім прагуляцца далей, я нават ужо ехаў два прыпынкі ў цягніку да суседняй вёскі, і норм — цёця правадніца ў мяне, здаецца, закахалася», — расказаў Насьце Эрык.

Сёлета ў чэрвені Насту асудзілі на 7 гадоў калёніі нібыта за «распальваньне сацыяльнай варожасьці». Падставай стаў даклад праваабаронцаў пра перасьлед актывістаў у Беларусі.

Эрык знайшоў новую сям’ю, якая прытуліла яго, пакуль Наста знаходзіцца ў зьняволеньні. Гэта Янэк і Ганка, яны жывуць у Чэхіі, у рэгіёне Ходзка. Ганка згодная, што гэта добрая навіна, бо хаця б Наста можа не пераймацца за свайго гадаванца.

«Эрыку 7 гадкоў ужо, але нам хочацца верыць, што Насту ён дачакаецца (во як Альма Ягора Марціновіча нядаўна). Пакуль ён тут добра акліматызаваўся. Людзі часта прызнаюць яго за мясцовую пароду аўчаркі — ходзкага сабаку. Добра і нам, бо Эрык не дае засумаваць. Добра, бо так і беларусы ў дыяспары могуць узяць на сябе частку падтрымкі палітвязьняў», — расказала Свабодзе новая гаспадыня Эрыка Ганка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малюнкі на шпалерах. Як мастачка-іканапісец стварыла галерэю партрэтаў палітвязьняў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЭГУ адкрылі выставу, прысьвечаную зьняволеным актывістам прафсаюзнага руху Беларусі. ФОТА