Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарадзілася ва Ўладзівастоку, вучылася ў ЭГУ, супрацоўнічала з «ЧКБ». Расказваем пра Соф’ю Сапегу, якую памілаваў Лукашэнка


Соф’я Сапега. Архіўнае фота.
Соф’я Сапега. Архіўнае фота.

Грамадзянку Расеі Соф'ю Сапегу 7 чэрвеня вызвалілі паводле памілаваньня: адпаведны ўказ падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

Софʼю Сапегу перадалі дэлегацыі Прыморскага краю, якую ўзначальвае губэрнатар Алег Кажамяка. Паводле адваката Сапегі Антона Гашынскага, кіраўнік Прыморскага краю асабіста зьвярнуўся да Лукашэнкі з просьбай аб памілаваньні Сапегі.

Расказваем пра грамадзянку Расеі Соф'ю Сапегу, якую ў Беларусі абвінавацілі ў адміністраваньні тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі» і асудзілі на 6 гадоў калёніі, а пасьля нечакана вызвалілі праз памілаваньне.

Была сяброўкай Пратасевіча

Соф’я Сапега — былая сяброўка блогера Рамана Пратасевіча. Паводле абвінавачаньня, яна была адміністратаркай «Чорнай кнігі Беларусі». Сапега — палітзьняволеная, якую ўлады прызналі «асобай, датычнай да тэрарыстычнай дзейнасьці». Мае грамадзянства Расейскай Фэдэрацыі.

Соф’і Сапезе 23 гады. Яна нарадзілася ў расейскім Уладзівастоку. У пяцігадовым узросьце пераехала з бацькамі ў Беларусь. Але ў яе засталося расейскае грамадзянства. Скончыла школу ў Менску. Вучылася ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў Вільні. Там жа пазнаёмілася з блогерам, адным з супрацоўнікаў праектаў Nexta і «Беларусь галаўнога мозгу» Раманам Пратасевічам.

Соф’я Сапега супрацоўнічала з праектам «Чорная кніга Беларусі», дзе выкладаліся зьвесткі пра беларускіх міліцыянтаў, пракурораў, прадстаўнікоў улады.


У калёніі «прэсавалі»

23 траўня 2021 году Софʼя вярталася з адпачынку ў Грэцыі, дзе была разам з Раманам Пратасевічам. Самалёт зрабіў вымушаную пасадку ў Менску ў выніку «спэцапэрацыі» беларускіх уладаў. Рамана і Соф’ю затрымалі.

Соф’ю Сапегу абвінавацілі ў тым, што яна адміністравала «Чорную кнігу Беларусі». Суд над Сапегай пачаўся 28 сакавіка 2002 году ў Горадні. 6 траўня 2022 году яе асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня. У сакавіку 2023 году ўнесьлі ў «тэрарыстычны сьпіс».

Адбываць пакараньне Соф’ю накіравалі ў гомельскую калёнію. Там, па сьведчаньні былых зьняволеных, яе «жорстка прэсавалі, прычым доўгі час».

Пратасевіч пасьля арышту ня зьвязваўся

Раман Пратасевіч быў пад хатнім арыштам і публічна заявіў, што ня мае стасункаў з Соф’яй Сапегай, больш за тое, па словах блогера, ён пасьпеў ажаніцца зь іншай.

3 траўня 2023 году Раману Пратасевічу прысудзілі 8 гадоў зьняволеньня. Неўзабаве Аляксандар Лукашэнка яго памілаваў.

Перад судом у траўні 2022 году Соф’я дала некаторыя камэнтары расейскай журналістцы. У прыватнасьці, яна заявіла, што Пратасевіч зь ёй ня зьвязваўся пасьля арышту:

«Для мяне ён больш не існуе. І мой самы слушны адказ на ўсе пытаньні аб Пратасевічу, што мне такі чалавек незнаёмы», — сказала Соф’я.

Раман Пратасевіч у траўні 2022 году расказаў, што расстаўся з Соф’яй і ўжо пасьпеў ажаніцца. Паводле яго, стасункі зь дзяўчынай былі ў крызісе яшчэ перад паездкай у Грэцыю, якая стала «апошняй спробай захаваць адносіны», а ў момант падарожжа яны прынялі рашэньне разысьціся пасьля вяртаньня ў Вільню. Ён заявіў, што пад хатнім арыштам адносіны яшчэ больш ускладніліся, і маладых людзей расьсялілі з прычыны шматлікіх канфліктаў. З тых часоў, па словах блогера, яны з Соф’яй не размаўлялі. Таксама падкрэсьліў, што ён ня лічыць крыніцай праблем Сапегі зь сілавікамі тое, што яна была яго дзяўчынай.

Маці ў Беларусі, бацька ў Расеі

Айчым Соф’і Сяргей Дудзіч пасьля спатканьня зь дзяўчынай у турме таксама заявіў, што «для нас гэтага чалавека (Рамана Пратасевіча. — РС) не існуе».

«Я ня знаю і знаць не хачу, хто ён і што ён. Як яго завуць, я забыўся. Няма яго, няма. Я спадзяюся, для Соф’і таксама», — патлумачыў Сяргей Дудзіч.

Пасьля памілаваньня Пратасевіча цётка Соф’і Геля Дудзіч выказалася:

«Я не разумею, што наагул адбываецца. У памілаваньні ёй [Соф’і] было адмоўлена. Мама таксама нічога ня ведае. Цяпер робіцца ўсё, каб яе выцягнуць. У мяне слоў няма. У мяне сьлёзы. Наша дзяўчынка ўсё гэта цягне. А гэты (...) і ажаніўся, і памілавалі яго», — выказалася цётка асуджанай.

Бацькі Соф’і Сапегі разьведзеныя. Яе маці Ганна Дудзіч жыве ў Лідзе. Бацька Андрэй Сапега жыве ў Расеі. Ён выплаціў за дачку штраф — 175 тысяч беларускіх рублёў. Такую суму Соф’і налічыў суд на карысьць «пацярпелых ад яе дзеяньняў» сілавікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG