Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бэрліне зрабілі апэрацыю Віталю Тысеву, якому беларусы зьбіралі грошы


Віталь Тысеў, травень 2023
Віталь Тысеў, травень 2023

Пра гэта паведаміла ягоная апякунка, былая лекарка з Украіны Вілена.

Паводле нямецкіх хірургаў з бэрлінскай клінікі «Шарытэ», апэрацыя прайшла пасьпяхова.

З гэтай нагоды кіраўнік грамадзкай ініцыятывы ByHelp Аляксей Лявончык напісаў у Фэйсбуку:

«Апэрацыя ў Шарытэ завершаная, Віталь пад назіраньнем, але не ў рэанімацыі, што азначае, што ўсё прайшло паводле пляну. Калі ўсё будзе добра, то ўвечары яго перавядуць у звычайную палату. Мы напішам пазьней, як будзе інфармацыя ад лекараў. Але пакуль усё выглядае без адхіленьняў ад пляну. Трымаем пальцы, каб далей усё было добра».

Падчас зьняволеньня ў 2020 годзе ў жыхара Стоўпцаў Віталя Тысева пагоршылася хранічнае захворваньне. Пасьля ўцёкаў зь Беларусі лекары дыягнаставалі ў Тысева сур’ёзную праблему. Віталю сабралі грошы на апэрацыю — амаль 20 тысяч эўра, аднак польская клініка ў апошні момант адмовілася рабіць апэрацыю. Таксама Тысеў прайшоў абсьледаваньне ў Літве, але і там атрымаў адмову.

Бэрлінская клініка «Шарытэ» пагадзілася прыняць беларуса і зрабіць апэрацыю. Цана — 55 100 эўра, і на гэтую суму таксама зьбіраюць ахвяраваньні.

Паводле Вілены, пасьля апэрацыі плянуюць адкрыць новы збор грошай на рэабілітацыю Віталя Тысева.

Шмат гадоў таму ў Віталя Тысева была траўма хрыбта. Але яна дазваляла яму жыць і працаваць. Складанасьці пачаліся ў 2020 годзе, калі арышт у ізалятары справакаваў запаленьне.

У Віталя разьвіўся анкілязуючы спандыліт (аўтаімунная хвароба злучальнай тканкі), зрасьліся ўсе суставы хрыбетніка і іншыя суставы. Лекары казалі, што калі за бліжэйшыя тыдні не зрабіць апэрацыю, яго можа паралізаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG