Пра гэта паведамляе маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» і пацьвярджае дзяржаўная памежная служба Ўкраіны.
«Мы можам канстатаваць, што ў ліпені-жніўні адбылося значнае памяншэньне колькасьці расейскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў Беларусі» – піша «Беларускі Гаюн». Адзначаецца, што былі ліквідаваныя палявыя лягеры на палігонах «Абуз-Лясноўскі», «Лепельскі» і «Асіповіцкі», а вайскоўцы, якія там знаходзіліся, адправіліся ў Расею, «і гэта была не ратацыя».
Паводле ацэнкі Кіева, у краіне некалькі месяцаў таму знаходзіліся да 11 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Цяпер там засталося ня больш як 2 тысячы расейскіх вайскоўцаў. «Беларускі Гаюн» сьцьвярджае, што да 600 чалавек разьмешчаныя на аэрадромах Мазыр і Зяброўка, да 1450 – на вузлах сувязі ў Баранавічах і Вілейцы. Акрамя таго, каля 100 чалавек удзельнічаюць у вучэньнях АДКБ. Усе гэтыя вайскоўцы не ўваходзяць у склад Рэгіянальнай групоўкі войскаў, гэта значыць колькасьць расейскіх вайскоўцаў у яе складзе, разьмешчаных у Беларусі, зьменшылася да нуля. Афіцыйных камэнтароў Міністэрстваў абароны дзьвюх краін няма.
Як адзначае «Беларускі Гаюн», працягваецца таксама дэмантаж намётаў у палявым лягеры наймітаў ПВК «Вагнэр» у вёсцы Цэль. Іх ужо на 55% менш, чым напрыканцы ліпеня. Тэхнікі ў лягеры, аднак, менш ня робіцца. Паводле ацэнак назіральнікаў, у Беларусі могуць заставацца каля 4 тысяч наймітаў. Іхх перамяшчэньняў па тэрыторыі краіны пасьля гібелі Яўгена Прыгожына практычна не фіксавалася.
- Хаця беларускія вайскоўцы ня ўдзельнічаюць у расейскім уварваньні ва Ўкраіну, рэжым Аляксандра Лукашэнкі аказвае Расеі лягістычную і тэхнічную падтрымку. У Кіеве неаднаразова падкрэсьлівалі, што ня бачаць актуальнай пагрозы ўварваньня ва Ўкраіну з боку Беларусі, нават нягледзячы на разьмяшчэньне тут расейскага кантынгенту. З чым зьвязаны вывад большай часткі расейскіх войскаў зь Беларусі апошнім часам – незразумела.