«Афіцыянты» дзяржаўнага абвінавачаньня. У што за тры гады ператварылася беларуская пракуратура

Генэральны пракурор Андрэй Швед (зьлева) і пракурор Фёдар Сініцкі. Каляж

Як пракуратура зь ведамства, якое павінна забясьпечваць «вяршэнства права», ператварылася ў адзін з галоўных рэпрэсіўных органаў краіны. Расказваем, як яна «пахавала» справу Рамана Бандарэнкі, хто дае загад на «касьмічныя» тэрміны палітвязьням і чаму іх агучваюць юныя пракуроры.

Паводле беларускага заканадаўства, пракуратура павінна «забясьпечваць вяршэнства права, законнасьці і правапарадку, абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў і арганізацый, а таксама грамадзкіх і дзяржаўных інтарэсаў» у краіне.

У рэальнасьці дзейнасьць дзяржаўных абвінаваўцаў часта выклікае пытаньні ў праваабаронцаў, журналістаў і прафэсійных юрыстаў. Свабода паразмаўляла з былымі адвакатамі і супрацоўнікам Генпракуратуры аб тым, у што ператварыўся інстытут дзяржаўнага абвінавачваньня за тры гады, якія мінулі з пратэставай восені 2020-га.

Першы генэральны пракурор незалежнай Беларусі Мікалай Ігнатовіч (зьлева) і Сяргей Антончык. Менск, 1991, фота Ул. Сапагова, vytoki.net

Дзевяць генпракурораў

Генэральныя пракуроры, у адрозьненьне ад старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы, які займае пасаду больш за 27 гадоў, у Беларусі мяняюцца. З 1991-га па 2023 год ведамства ўзначальвалі 9 генпракурораў: Мікалай Ігнатовіч, Васіль Шаладонаў, Васіль Капітан, Алег Бажэлка, Віктар Шэйман, Пётра Міклашэвіч, Рыгор Васілевіч, Аляксандар Канюк.

Апошнія перамены адбыліся адразу пасьля выбараў 2020 году, калі Лукашэнка зьмяніў Канюка на Андрэя Шведа. Прыгадаем найбольш прыкметных генпракурораў Беларусі.

Першы генпракурор часоў незалежнасьці Мікалай Ігнатовіч прабыў на сваёй пасадзе крыху больш за год — з кастрычніка 1991 году па сьнежань 1992-га. Ігнатовіч расьсьледаваў гібель першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава ў 1980 годзе, знакамітую «мазырскую справу», сэрыю забойстваў жанчын у Віцебскай вобласьці ў 1971-1985 гадах (удзельнічаў у расьсьледаваньні справы маньяка Генадзя Міхасевіча). Быў дэпутататам зьезду народных дэпутатаў СССР, членам Вярхоўнага Савету СССР. 5 сьнежня 1992 году Мікалай Ігнатовіч заўчасна памёр. Пахаваны на Ўсходніх могілках.

Алег Бажэлка быў на пасадзе з 1996-га па 2000 год. Пры ім адбыліся гучныя зьнікненьні вядомых палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, прадпрымальніка Анатоля Красоўскага і апэратара Дзьмітрыя Завадзкага. Бажэлка даў дазвол на затрыманьне тагачаснага камандзіра АМАПу Дзьмітрыя Паўлічэнкі праз падазрэньне ў датычнасьці да зьнікненьня Ганчара, Захаранкі і Красоўскага. Паўлічэнку тады хутка вызвалілі, а Бажэлку зьнялі з пасады. Пасьля звальненьня Бажэлка жыў у Расеі. Дзе ён цяпер і чым займаецца, невядома.

Аляксандар Канюк

Аляксандар Канюк — даўгажыхар у параўнаньні з усімі генпракурорамі. Ён займаў пасаду з 2011-га па 2020 год. Роўна празь месяц пасьля выбараў і пачатку масавых пратэстаў Лукашэнка прызначыў новага генпракурора — Андрэя Шведа. Прычынай магла быць залішняя мяккасьць Канюка падчас пратэстаў — Генпракуратура нават удзельнічала ў датэрміновым вызваленьні затрыманых падчас масавых акцый па ўсёй Беларусі. Пазьней Канюк паехаў працаваць амбасадарам Беларусі ў Армэнію.

Алег Талерчык, які адпрацаваў у Генпракуратуры 11 гадоў і звольніўся ў 2020-м, успамінае:

«З кожным новым генпракурорам было ўсё горш і горш. Я пачынаў пры Шэйману, потым былі Міклашэвіч, Васілевіч, Канюк. Канюк, напэўна, быў лепшым за папярэднікаў, стараўся ў палітыку ня лезьці і крыху клапаціўся пра іміджавы статус пракуратуры. А Васілевіч, калі прыйшоў на пасаду, прыбраў усіх намесьнікаў — не аднаго, ня двух, а ўсіх цягам году. Яго стыль кіраўніцтва быў такі: „Я начальнік, ты дурань“. Пасьля 2020 году сумленных прафэсіяналаў у Генпракуратуры засталося зусім мала».

Аляксандар Лукашэнка і Андрэй Швед (справа)

Амбітны прафэсіянал Швед

Цяперашні генпракурор Андрэй Швед нарадзіўся ў 1973 годзе ў вёсцы Глушкавічы Лельчыцкага раёну. Бацька быў дырэктарам вясковай школы, маці — настаўніцай матэматыкі. Скончыў юрфак БДУ, пачынаў у пракуратуры стажорам, памочнікам пракурора. У 2006 годзе стаў начальнікам юрыдычнага ўпраўленьня Дзяржсакратарыяту Савету бясьпекі. У 2010-м Швед вярнуўся ў пракуратуру, на пасаду намесьніка генпракурора.

Узначальваў сьледчую групу па выбуху ў менскім мэтро, асабіста дапытваў падазраванага, а потым асуджанага за выбух Канавалава. У канцы 2011 году быў прызначаны першым намесьнікам старшыні толькі што створанага Сьледчага камітэту. У сакавіку 2013 году ачоліў створаны ім самім Дзяржаўны камітэт судовых экспэртыз, манапалізаваўшы правядзеньне ўсіх экспэртыз у краіне. На гэтай пасадзе пабудаваў катэдж у элітным пасёлку Дразды-2 на вуліцы Вербнай, па суседзтве з Шэйманам.

Жанаты, мае траіх дзяцей. Старэйшы сын Кірыл працаваў пад кіраўніцтвам бацькі ў Дзяржкамітэце судовых экспэртыз, сыну Сямёну 18 гадоў, дачцэ Марыі 9. Сам Андрэй Швед тройчы быў заўважаны за перавышэньнем хуткасьці (у 2013, 2019 і 2020 гадах), паведамілі Свабодзе ў BelPol. Пра іншыя правапарушэньні зьвестак няма.

Прадстаўляючы Шведа на пасаду генпракурора, у верасьні 2020 году Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ў краіне «часам не да законаў», фактычна разьвязаўшы рукі сілавікам і праваахоўным органам.

Адразу пасьля прызначэньня Швед сабраў пракурораў і абвесьціў, што тыя, хто ня згодны з палітыкай дзейных уладаў, павінны звольніцца. Новы генпракурор таксама заявіў, што ніводзін арганізатар і ўдзельнік несанкцыянаваных акцый не пазьбегне адказнасьці.

«Усе вінаватыя будуць пакараныя рана ці позна. Ніводзін блогер, ніводная асоба, якая зьдзейсьніла злачынства ня толькі на несанкцыянаваных мерапрыемствах, але і ў інтэрнэце, не пазьбегне адказнасьці».

Алег Талерчык

Алег Талерчык звольніўся з Генпракуратуры перад самым прыходам Шведа.

«Я пад яго кіраўніцтвам не працаваў, але чуў, што ён прафэсіянал. Аднак кар’ерыст і вельмі амбітны. Швед жа спачатку быў ініцыятарам стварэньня Сьледчага камітэту пад сябе. Але яму не ўдалося яго ачоліць — кіраваць СК прызначылі Валерыя Вакульчыка, Швед быў намесьнікам. Але калі Вакульчыка перамясьцілі на месца старшыні КДБ, то СК узначаліў нечакана для ўсіх Валянцін Шаеў (былы пракурор Гомельскай вобласьці). Швед быў моцна пакрыўджаны, бо зрабіў шмат падрыхтоўчай працы».

Па словах Талерчыка, менавіта Швед прыдумаў пад сябе новую ініцыятыву — стварыў Дзяржаўны камітэт судовых экспэртыз. Былы супрацоўнік Генпракуратуры кажа, што ва ўсе структуры Швед прыходзіць са сваёй адданай камандай набліжаных, тое самае адбылося і тады, калі ён узначаліў дзяржаўнае абвінавачаньне ў Беларусі.

Народны мэмарыял на месцы затрыманьня Рамана Бандарэнкі, 15 лістапада 2020 году

«Пахаваньне» справы пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

З прыходам Шведа Генпракуратура стала адным з галоўных рэпрэсіўных органаў краіны. Ведамства адмовілася разглядаць больш за 1800 заяў грамадзян, якія пацярпелі ад жорсткіх дзеяньняў сілавікоў.

Генпракуратура таксама ініцыявала ўзмацненьне адказнасьці за «экстрэмізм». Швед прапанаваў караць «за любыя праявы экстрэмізму», ня толькі за арганізацыю і кіраўніцтва «экстрэмісцкім фармаваньнем», а за фінансаваньне, прапаганду і нават выкарыстаньне сымболікі. Пазьней адпаведныя зьмены былі прынятыя Палатай прадстаўнікоў. Усё гэта вылілася ў шматлікія крымінальныя справы супраць беларусаў, недзяржаўных арганізацый і СМІ.

Менавіта Генпракуратура «пахавала» справу аб гібелі Рамана Бандарэнкі на «плошчы Перамен». Расьсьледаваньне перадалі ў ведамства Андрэя Шведа па даручэньні Лукашэнкі, сьцьвярджае Алег Талерчык:

«Пракуратура ператварылася ў той орган, што прыкрывае, вуалюе, маскуе тыя парушэньні, якія робяць сьледчыя, міліцыя. Сыстэма паламалася, але ў пракуратуры засталіся людзі кваліфікаваныя, якія разумеюць, як і чым можна маскаваць парушэньні, злачынствы, як выкарыстаць слоўную казуістыку. Памятаеце, як Ціцянкоў некалі рваў сьцяг? І што выдумала пракуратура, каб крымінальную справу не ўзбуджаць? Ціцянкоў „утылізаваў“ стары сьцяг, які знасіўся. Таму Генпракуратура і забрала праверку па Бандарэнку. І хутка прыпыніла з прычыны „немагчымасьці вызначэньня“ асобаў, датычных да гібелі Рамана. Хаця ёсьць сотні матэрыялаў: відэа, аўдыё. Пракуратура выканала функцыю афіцыянта — услужыць і прыкрыць беззаконьне. Пракурор падчышчае тое, што „накасячылі“ сьледчыя, і прыкрывае, як коўдра, іхны непрафэсіяналізм, парушэньні закону, усё непрыгляднае».

Пракурор Сяргей Мінаў падчас суду над праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам, 2017 год

Як пракуратура страціла частку сваіх асноўных функцый

Да стварэньня ў 2012 годзе Сьледчага камітэту пракуратура ажыцьцяўляла функцыю сьледзтва ў асабліва цяжкіх справах, забойствах, згвалтаваньнях ды іншых. І тыя, хто хацеў быць сьледчым, імкнуліся трапіць у пракуратуру, а не ў міліцыю. На пачатку 2000-х разьмеркавацца ў пракуратуру было ня горшым варыянтам, бо гэта не міліцыя, успамінае былы адвакат і выкладчык юрыдычнага факультэта БДУ Антон (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС).

«10-15 гадоў таму здавалася, што пракуроры павінны быць кваліфікаванымі юрыстамі, яны самі сябе пазыцыянавалі нібыта разумнейшымі за міліцыянтаў, крытыкавалі сьледзтва і нават судзьдзяў. Раней у пракуратуры было 4 асноўныя функцыі: нагляд за сьледзтвам; падтрымка дзяржаўнага абвінавачаньня ў судзе; агульны нагляд (скаргі грамадзян) і нагляд за месцамі пазбаўленьня волі, ІЧУ, СІЗА. І пракуратура была адзіным органам, які санкцыянаваў узяцьце пад варту».

Пасьля заснаваньня ў 2012 годзе Сьледчага камітэту былі ўнесеныя чарговыя зьмены ў Крымінальна-выканаўчы кодэкс, якія дазволілі старшыні СК, старшыні КДБ санкцыянаваць затрыманьні пад варту і апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы. Калі раней пракуратура мела шмат паўнамоцтваў і іх выконвала, мела ўласнае сьледзтва, паступова функцыі яе істотна звузіліся.

«А зараз калі адвакат піша скаргу на сьледзтва ў пракуратуру, скарга перасылаецца на разгляд у тое ж сьледзтва. Па сутнасьці, пракуратура страціла сваю ролю як нагляднага органу, страціла ўладу і прэстыж, — мяркуе юрыст Антон. — Супрацоўнікі Генпракуратуры, гарадзкой пракуратуры — гэта ж не АМАП ці ГУБАЗіК, яны цудоўна разумеюць, што ў палітычных справах няма складу злачынства. Але выконваюць функцыю дзяржабвінавачаньня, нягледзячы на здаровы сэнс. І ў рэальнасьці ўсё „вымылася“ такімі ўмоўнымі юнымі пракурорамі Таратынкамі, якія атрымалі званьні і рэзка падняліся па кар’ернай лесьвіцы з раённай да Генэральнай пракуратуры».

Міхаіл Кірылюк прапрацаваў юрыстам, адвакатам у Беларусі 15 гадоў. На яго думку, у цяперашняй сыстэме самае каштоўнае месца працы ня там, дзе можна атрымаць высокі «белы» заробак, а там, дзе можна «вырашаць пытаньні». А пракурор тут ня самая важная фігура ў сыстэме, ня самае моцнае зьвяно ў ланцугу.

«Я ня веру, што нехта ідзе ў сыстэму, каб змагацца з правапарушэньнямі. Ідуць, каб атрымаць грошы і вырашаць пытаньнечкі. Але цяпер нефармальная вага сілавікоў, ГУБАЗіКу, КДБ, міліцыі значна ўзрасла дзякуючы барацьбе з палітычнымі праціўнікамі Лукашэнкі. Можаце ўявіць пракурора, які скажа сьледчаму, што „справу вось гэтага ўмоўнага „экстрэміста“ мы ня будзем падтрымліваць у судзе, бо доказы непераканаўчыя“, ці што ён увогуле не вінаваты? Каб пракурор перакваліфікаваў артыкул, „завярнуў“ справу праз адсутнасьць доказаў — такога не было. І таму роля пракуратуры, яе ўплыў у сыстэме зьнізілася», — разважае Міхаіл Кірылюк.

Алега Талерчык перакананы, што ў Генпракуратуры яшчэ засталіся прафэсіяналы, але толькі тыя, у якіх адсутнічаюць прынцыпы.

«Вяршэнствам права пракуроры дакладна не кіруюцца. Іх галоўны прынцып — захаваць сябе. Пракуратура даўно ператварылася ў свайго роду афіцыянтаў, якія бегаюць ад аднаго органа правапарадку да другога і пытаюцца: «Чего изволите?», — мяркуе былы супрацоўнік Генпракуратуры Талерчык.

Дзяржаўная абвінаваўца на працэсе над удзельнікам Маршу недармаедаў Сьвятаславам Барановічам, 2018 год

Помста былым «сваім»

Пасьля брутальных дзеяньняў сілавікоў падчас пратэстаў 2020 году некаторыя пракурорскія работнікі паспрабавалі звольніцца. Генпракуратуру пакінулі дасьведчаныя спэцыялісты, у тым ліку начальнікі аддзелаў і намесьнікі начальнікаў упраўленьняў. Звольніўся дасьведчаны пракурор Эльдар Сафараў (у канцы 2023-га зьявілася інфармацыя пра затрыманьне Сафарава на 10 сутак разам з жонкай-адвакаткай. — РС). Звольніўся Алег Талерчык, старшы пракурор упраўленьня па наглядзе за выкананьнем заканадаўства Сьледчага камітэту.

Памочнік пракурора Першамайскага раёну Менску Яўген Бабак у жніўні 2020 году напісаў дакладную запіску аб правядзеньні праверкі па факце пабіцьця байкераў ва Ўруччы. Празь бязьдзейнасьць свайго ведамства звольніўся. 10 чэрвеня 2021 году Бабака затрымалі і асудзілі на 15 сутак за незаконнае «пікетаваньне шляхам разьмяшчэньня на бальконе бел-чырвона-белага сьцяга», потым дадалі яшчэ 15 сутак. Кватэру Бабака разграмілі, на былога пракурора завялі крымінальную справу. Абвінаваўцай на ягоным працэсе была юная калега Аліна Касьянчык, яна запрасіла Бабаку 4 гады калёніі.

Юрыст 1-й клясы, былы супрацоўнік пракуратуры Алег Ермакоў быў асуджаны на 6 гадоў за перадачу дадзеных. Былая супрацоўніца пракуратуры Фрунзэнскага раёну Натальля Лашч атрымала 6 гадоў за зьліў зьвестак сілавікоў у «Чорную кнігу Беларусі».

«Калі я сядзеў на Валадарцы зімой 2022-га, у нас ў камэры быў малады мужчына, які раней працаваў у пракуратуры, — успамінае былы палітвязень і журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч. — Звольніўся, бо ня змог фактычна фабрыкаваць справы супраць людзей — то нібыта за падаткі, ці што яшчэ, як скажуць. Расказваў пра адну гісторыю, калі ўступіў у канфлікт зь міліцыянтамі. Маці хлопца, на якога тыя сфабрыкавалі доказы, напісала скаргу ў пракуратуру, гэты чалавек зь ёй разьбіраўся і дамогся, што справу закрылі. За гэта мянты на яго ціснулі, паклёпнічалі. У тым ліку пасьля той гісторыі ён прыняў рашэньне звольніцца з пракуратуры. А як апынуўся на Валадарцы, на яго дадаткова ціснула адміністрацыя, бо лічыўся „здраднікам“. Ад нас яго забралі ў карцар. Больш пра яго мы ня чулі».

Працэс па справе праваабаронцаў «Вясны», 2023 год

«Гарчычнікі»

На першых судах у крымінальных справах удзельнікам пратэстаў, блогерам, журналістам давалі па 2-3 гады. Многія зь іх ужо выйшлі на волю, цалкам адбыўшы тэрміны. Пазьней у гучных палітычных справах людзі атрымлівалі ад 8 да 19 гадоў турмы. Тэрміны магчымага пакараньня першым агучвае дзяржаўны абвінаваўца; зыходзячы зь іх судзьдзя выносіць прысуд. Алег Талерчык мяркуе, што ў самых гучных справах прапановы аб прысудах пракурорам прыходзяць пасьля ўзгадненьня з Лукашэнкам.

«Бяляцкі, Бабарыка, іншыя — Аляксандар Рыгоравіч, думаю, у курсе. Указаньні ідуць з Адміністрацыі прэзыдэнта. Мы і раней у Генпракуратуры атрымлівалі так званыя „гарчычнікі“ — указаньні на жоўтых лістах з рэзалюцыяй Лукашэнкі аж да меры пакараньня. Ён не цураецца і такога», — кажа Алег Талерчык.

Паводле суразмоўцы, у рэзанансных палітычных справах, згодна з унутраным загадам генпракурора, дзяржабвінаваўца павінен узгадніць пакараньне з пракурорам, які накіраваў справу ў суд. Гэта парушэньне Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, дзе запісана, што дзяржабвінаваўца незалежны, дзейнічае на падставе ацэнкі доказаў і свайго ўнутранага перакананьня, а фактычна ён — «шрубка ў гэтай сыстэме».

Гучныя справы часьцяком разглядаюцца ў закрытым рэжыме, а даведацца пра абвінавачаньні немагчыма, бо адвакаты пад падпіскай аб невыдаваньні. На думку былога адваката Антона, пракурорскія работнікі хочуць мінімальна пацярпець пасьля зьмены ўлады. Самі яны рашэньні, як судзьдзя, не прымаюць, злачынстваў не расьсьледуюць.

«Мне здаецца, яны хочуць максымальна «саскочыць». Бо, як судзьдзі, яны не прымаюць рашэньняў. А тое, што яны запрошваюць такія тэрміны... «Доказы добрыя? Добрыя. Экспэртыза ёсьць. А хто іх сфабрыкаваў, мы ня ведаем».

Само абвінаваўчае заключэньне — гэта аснова як будучага выраку, так і абвінавачаньня. Дакумэнт павінен быць кароткі і канкрэтны: паводле КПК, гэта месца, час, спосаб, абставіны зьдзяйсьненьня злачынства. А ў тым заключэньні — спрэс белетрыстыка пра мэтадычку Шарпа. Я запытваўся ў пракурора: «Вось у вас 20 старонак абвінавачваньня, 18 зь іх — пра суб’ектыўны погляд пракурора на электаральную кампанію 2020 году, Ціханоўскую, якую мой падабаронны ніколі ня бачыў. Пры чым тут Джон Шарп? Чаму вы сьцьвярджаеце, што мой падабаронны чытаў кнігу Шарпа?» — не хавае эмоцый юрыст Антон.

Былы адвакат Міхаіл Кірылюк лічыць, што ў шараговых, ня вельмі значных справах генэральная лінія — саджаць, зрэдку даваць «хімію».

«Калі важная справа — скажуць, колькі трэба запрасіць. Не дасі столькі — канец тваёй кар’еры. Бо ўсё вырашае Адміністрацыя прэзыдэнта, СК, МУС, суд. А пракурор — чыноўнік, ён робіць тое, што яму скажуць. Старшыня калгасу больш самастойны, бо сам вырашае, дзе сеяць, а пракурору кажуць: „Падпісвай. Калі ты не падпішаш, падпіша іншы“», — перакананы Міхаіл Кірылюк.

«Ні законнасьці, ні грошай, ні славы»

Адбор студэнтаў, якія хочуць трапіць у пракуратуру, адбываецца на апошніх курсах навучаньня. Ахвочыя праходзяць адмысловую гутарку. Асаблівых «пернікаў» у пракуратуры няшмат, акрамя арэнднага жытла і магчымасьці па-за чаргой ільготна купіць нерухомасьць. На пачатку кар’еры заробкі невысокія, кажа былы супрацоўнік Генпракуратуры Алег Талерчык.

«Маладыя людзі, якія прыходзяць на гутарку, часам тоўпяцца ў фае пракуратуры. Я аднойчы запытаўся: „Што вас сюды вядзе? Тут няма ні законнасьці, ні грошай, ні славы. Навошта вы сюды імкняцеся?“. Маладыя людзі зьбянтэжыліся, а я пайшоў на абед», — успамінае былы пракурор.

Па яго словах, слаць дзяржаўнымі абвінаваўцамі імкнуцца ў асноўным іншагароднія. Гэта дае магчымасьць хутка атрымаць арэнднае жытло, хоць пасьля яго аплаты ад заробку маладога пракурора часта мала што застаецца.

«Асаблівых льготаў пры будаўніцтве жытла няма. Як цяпер, ня ведаю. Я браў крэдыт у 2013 годзе, у мяне была стаўка 16% пры агульнай 20%. Розьніца невялікая. Але ў чарзе на будаўніцтва не стаіш: пракурорскія і судзьдзі ў першую чаргу», — кажа Алег Талерчык.

Генацыд і абаср*ныя каровы

У сакавіку 2021 года генпракурор Швед анансаваў завядзеньне крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народу падчас Другой сусьветнай вайны. Ведамства праводзіла раскопкі, дзялілася шматлікімі посьпехамі, патрабавала перадачы матэрыялаў ад розных краін, пагражала адказнасьцю і меркаваным злачынцам, і тым, хто адмаўляе факт генацыду. Сам Швед стаў ляўрэатам конкурсу «Мастацтва кнігі» — за дзьве часткі выданьня «Генацыд беларускага народу».

Паводле навінаў з сайту Генпракуратуры, пракурораў цяпер таксама запрашаюць на сустрэчы з выхаванцамі дзіцячых садкоў і школьнікамі. З удзелам Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэя Шведа ў гімназіі № 1 Дзяржынску адкрывалася кляса прававой накіраванасьці «Юны пракурор».

«Такія клясы будуць адкрытыя ў кожным рэгіёне Беларусі», — запэўніў Швед.

Пры Шведу пракуратура таксама пачала займацца праблемамі падзяжу буйной рагатай жывёлы. Сайт Генпракуратуры паведамляе аб гэтым рэгулярна. Так, у Бярозе прайшло паседжаньне пад кіраўніцтвам пракурора з прычыны масавага падзяжу быдла, у Калінкавіцкім раёне пракуратура выкрыла падзеж 42 цялят.

Памочніца пракурора Віцебскай вобласьці Дар’я Каваленка таксама «далажыла» СМІ пра падзеж скаціны.

Пракурор Фёдар Сініцкі

«Няхай будзе 5 гадоў памылак, чым 50 гадоў сабатажу»

Былы адвакат з 15-гадовым стажам Міхаіл Кірылюк перакананы, што сваволя, якая цяпер адбываецца ў праваахоўнай сыстэме, — вынік таго, што пасьля 1991 году ў Беларусі не адбылося люстрацыі.

«Людзі паверылі развагам, што нельга пазбавіцца ад прафэсіяналаў. Але, на мой погляд (дый сучасныя падручнікі па НR, MBA пішуць), галоўнае — маральна-якасныя, этычныя рысы, яны важнейшыя за прафэсійныя. Бо навучыць чалавека пісаць, напрыклад, код прасьцей, чым навучыць яго быць сумленным і прынцыповым.

Калі ў Беларусі будзе наступнае акно магчымасьцяў, як у 1991-м, 1994-м, 2020-м, неабходна правесьці люстрацыю. Не павінны людзі, якія самі ажыцьцяўлялі гвалт, якія бачылі, што ўчыняла лукашэнкаўская сыстэма і пагаджаліся з гэтым, заставацца на працы. Як Саакашвілі рабіў у Грузіі: «усіх на пераатэстацыю, на „кісларод“. „Няхай лепш будзе 5 гадоў памылак, чым 50 гадоў сабатажу“, як казаў некалі Вацлаў Гавал», — перакананы Міхаіл Кірылюк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Камісія па вяртаньні за краты. Чаму некаторыя палітэмігранты пачынаюць верыць уладамБеларуска вярнулася з-за мяжы праз «камісію па вяртаньні», яе будуць судзіцьУ Беларусі будуць судзіць падазраванага ў спаленьні Хатыні. Ён памёр 8 гадоў тамуУ лягеры «Зубраня» для дзяцей арганізавалі гульню «Суд над экстрэмістам»Беларусь дэнансуе міжнародныя дамовы ў галіне барацьбы з карупцыяй