22 лістапада Палата прадстаўнікоў прыняла ў адным чытаньні законапраект аб дэнансацыі некаторых міжнародных дамоваў у галіне барацьбы з карупцыяй, паведаміла прэс-служба Палаты прадстаўнікоў.
Праект закону «Аб спыненьні міжнародных дамоваў у пытаньнях барацьбы з карупцыяй» прадставіў генпракурор Беларусі Андрэй Швед.
Дакумэнт падрыхтаваны «ў мэтах дэнансацыі Рэспублікай Беларусь Канвэнцыі аб крымінальнай адказнасьці за карупцыю, Дадатковага пратаколу да Канвэнцыі аб крымінальнай адказнасьці за карупцыю, Канвэнцыі аб грамадзянска-прававой адказнасьці за карупцыю».
Як піша выданьне «Позірк», мэта прынятага законапраекту — спыніць дзеяньне пагадненьня паміж Беларусьсю і Радай Эўропы адносна прывілеяў і імунітэту прадстаўнікоў чальцоў Групы дзяржаваў супраць карупцыі (GRECO ) і чальцоў інспэкцыйных групаў ад 22 студзеня 2010 году, а таксама выканаць унутрыдзяржаўныя працэдуры для спыненьня ўдзелу Беларусі ў GRECO.
- Беларусь далучылася да дадатковага пратаколу да Канвэнцыі аб крымінальнай адказнасьці за карупцыю ў 2014 годзе. Ад імя краіны ў штаб-кватэры Рады Эўропы ў Страсбургу (Францыя) дакумэнт падпісаў цяперашні намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту, кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка, які тады быў амбасадарам Беларусі ў Францыі.
- У 2019 годзе GRECO выступіла з публічнай заявай аб невыкананьні Беларусьсю антыкарупцыйных стандартаў арганізацыі. У заяве адзначалася, што з часу, калі ў 2012 годзе GRECO адрасавала Беларусі 24 рэкамэндацыі і зьвярнулася да яе ўладаў з просьбай дазволіць публікацыю даклада аб ацэнцы, 20 рэкамэндацыяў так і засталіся нявыкананымі.
- GRECO — міжнародная арганізацыя, створаная Радай Эўропы ў 1999 годзе з мэтай дапамогі краінам-удзельніцам ва ўдасканаленьні мэханізмаў барацьбы з карупцыяй. На гэты момант у GRECO уваходзіць 50 дзяржаваў. Расея запусьціла працэс выхаду з GRECO на пачатку 2023 году.