«Сёньня мною накіравана ў Вярхоўны суд для вызначэньня падсуднасьці крымінальная справа ў дачыненьні да Катрука. Гэта адзін з катаў, які ў тым ліку браў удзел у спаленьні Хатыні, але, схаваўшыся на тэрыторыі Канады, пазьбег пакараньня. Памёр у 2015 годзе», — цытуе словы Шведа ягоная прэс-служба.
У ліпені Лукашэнка падпісаў закон, які дазваляе заводзіць крымінальныя справы супраць мёртвых і выносіць ім прысуды па 10 артыкулах Крымінальнага кодэксу (генацыд, экацыд, міжнародны тэрарызм, падрыхтоўка або вядзеньне агрэсіўнай вайны, ужываньне зброі масавага паражэньня й іншыя ваенныя злачынствы).
Што вядома пра Ўладзіміра Катрука
У красавіку 2012 году газэта «Toronto Star» паведаміла, што ўладам Канады ўдалося знайсьці аднаго з самых шуканых нацысцкіх злачынцаў, якія хаваліся ад правасудзьдзя. 91-гадовы пчаляр Уладзімір Катрук (Vladimir Katriuk) займае чацьвёртае месца ў сьпісе Цэнтру Сымана Візэнталя — арганізацыі, якая займаецца пошукам нацысцкіх злачынцаў ува ўсім сьвеце.
Паводле знойдзеных тады архіўных дакумэнтаў, Катрук быў датычны да забойства жыхароў вёскі Хатынь у сакавіку 1943 году. Салдаты сагналі жыхароў у хлеў і падпалілі яго. Дакумэнты адзначаюць: «Задача Катрука — расстрэльваць тых, хто спрабаваў выбегчы з хлява і ўратавацца ад полымя».
Ураджэнец Украіны Ўладзімір Катрук эміграваў у Канаду ў 1951 годзе. Яго і да 2012 году спрабавалі пазбавіць канадзкага грамадзянства праз падазрэньні ў сувязях з нацыстамі, але тады не хапіла доказаў.
Сам Катрук адмаўляў сваё дачыненьне да якіх-колечы злачынстваў, але ў той жа час адмаўляўся расказваць пра сваё мінулае. Катрук жыў у Ормстаўне ў правінцыі Квэбэк, дзе меў фэрму, на якой разводзіў пчолаў. Ён памёр ва ўзросьце 93 гадоў у траўні 2015 году.
Незадоўга да ягонай сьмерці Сьледчы камітэт Расеі заклікаў Канаду дэпартаваць Катрука ў Расею, каб ён паўстаў перад судом, але канадзкі ўрад праігнараваў гэты зварот. У выніку Сьледчы камітэт Расеі 14 кастрычніка 2016 году справу Катрука закрыў.
Рэакцыя Ўкраіны на перасьлед Катрука ў Расеі
У 2015 годзе Міністэрства замежных справаў Украіны падрыхтавала даведку аб унёску ўкраінцаў у перамогу ў Другой усясьветнай вайне.
Сярод іншага ў ёй адзначаецца, што справы ў савецкі час датычна ўкраінцаў, якія, як і Ўладзімір Катрук, служылі ў 118-м паліцэйскім батальёне, сфармаваным у Кіеве, былі прапагандысцкім інструмэнтам.
«Шэфам батальёну быў штурмбанфюрэр Эрых Кернэр, ягоным намесьнікам — Канстанцін Смоўскі. Начальнікам штабу быў Эміль Зас, а ягоным намесьнікам — Грыгорый Васюра. Увосень 1942 году батальён перавялі ў Беларусь, дзе ён змагаўся супраць савецкага партызанскага руху да лета 1944 году. Летам 1944 году яго вывелі ва Ўсходнюю Прусію, дзе ўключылі ў склад 30-й грэнадэрскай дывізіі СС, пераведзенай у Францыю. Там батальён разам зь іншымі ўкраінскімі часткамі перайшоў на бок францускага антынацысцкага руху Супраціву», — паведамляецца ў матэрыяле МЗС Украіны.
Паводле ўкраінскіх дыпляматаў, у 1946 годзе ўкраінцы батальёну «шуцманшафт» атрымалі ад 10 да 15 гадоў зьняволеньня ў савецкіх лягерах. У 1970-я гады савецкая ўлада арганізавала паказальныя працэсы яшчэ над двума ўкраінцамі з гэтага батальёну — Аляксандрам Мялешкам і Грыгорыем Васюрам, якіх прымусілі абвінаваціць сваіх таварышаў па службе ў злачынствах у Бабіным Яры (Кіеў. — РС) і ў спаленьні Хатыні. Але на судовым пасяджэньні Грыгорый Васюра не прызнаў сваёй віны.
Пасьля развалу СССР, калі справу Мялешкі і Васюры рассакрэцілі, у Канадзе арыштавалі Ўладзіміра Катрука. «Пасьля доўгага працэсу на базе наяўных матэрыялаў суд абвясьціў поўную невінаватасьць Катрука ў выстаўленых абвінавачаньнях», — адзначаецца ў матэрыялах МЗС Украіны.