Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лягеры «Зубраня» для дзяцей арганізавалі гульню «Суд над экстрэмістам»


Падчас гульні «Суд над экстрэмізмам». Фота з сайту Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтру «Зубраня» (zubronok.by)
Падчас гульні «Суд над экстрэмізмам». Фота з сайту Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтру «Зубраня» (zubronok.by)

2 сьнежня 2023 году ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» для дзяцей правялі гульню «Суд над экстрэмізмам».

Яе ўдзельнікамі былі навучэнцы профільнага атраду «Клюб будучых выбарнікаў», паведамляе сайт цэнтру.

Перад гульнёй пад кіраўніцтвам загадчыка аддзелу вучэбнай працы, настаўніка гісторыі і грамадазнаўства Ігара Новікава дзеці запоўнілі анкету «Што вы ведаеце і думаеце аб экстрэмізьме?», пасьля ім расказалі правілы гульні, разьмеркавалі ролі — судзьдзя, сакратар, пракурор, адвакат, сьведкі, пацярпелыя, экспэрты, прысяжныя — і пачалі падрыхтоўку, паведамляецца ў прэс-рэлізе.

Перад пачаткам гульні Ігар Новікаў «акцэнтаваў увагу на важнасьці і актуальнасьці тэмы». Потым пачалі «судовае паседжаньне, якое праводзілася ў форме дзелавой гульні», мэтай якой у цэнтры называюць «стварэньне ўмоваў для фармаваньня ўстойлівай адмоўнай пазыцыі ў адносінах да праяваў экстрэмізму ў вучняў».

  • За «экстрэмізм» у Беларусі судзяць у палітычна матываваных справах. Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед на пачатак лістапада 2023 году налічыў у краіне ажно 16 000 «экстрэмісцкіх» крымінальных справаў з 2020 году. У «сьпісе экстрэмістаў» ад МУС Беларусі фігуруюць амаль 3,5 тысячы чалавек.

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG