«Усё гэта пачалося яшчэ да вайны ва Ўкраіне, і спачатку плянавалася, што ўдзел будуць браць толькі беларускія пісьменьнікі»
— #FreeAllWords — што гэта за праект? Як і калі ён узьнік?
— Гэты праект заснаваны Эўрапейскай радай пісьменьнікаў (European Writers’ Council), каб падтрымаць украінскіх і беларускіх аўтараў, якія працягваюць ствараць ва ўмовах расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне і брутальнага задушэньня свабоды слова і самаяўленьня ў Беларусі.
Ініцыятыва стартавала летам 2022 году, хоць сама ідэя зьявілася значна раней. Калі ў Беларусі пачаліся рэпрэсіі, Эўрапейская рада пісьменьнікаў ня раз выказвала падтрымку беларускім калегам.
З часам, калі стала відавочна, што рэпрэсіі не сьціхаюць, а толькі разгортваюцца, перад Радай паўстала пытаньне, як практычна дапамагчы беларускім творцам.
Так, калектыўна, нарадзілася ідэя перакладаў твораў беларускіх аўтараў на мовы Эўропы. Нямецкая пісьменьніца, грамадзкая дзяячка Ніна Георге была на той момант прэзыдэнткай Эўрапейскае рады пісьменьнікаў. Яна загарэлася гэтай ідэяй і стала фактычна яе рухавіком. Ідэю падтрымалі аб’яднаньне аўтараў і перакладнікаў Швайцарыі і Зьвяз пісьменьнікаў Нарвэгіі.
Усё гэта пачалося яшчэ да вайны ва Ўкраіне. Спачатку плянавалася, што ўдзел будуць браць толькі беларускія пісьменьнікі. Але з пачаткам вайны ні ў кога ня ўзьнікла сумневаў, што трэба запрашаць да ўдзелу ў праекце і ўкраінскіх калегаў. Пазьней да праекту далучыўся і Зьвяз пісьменьнікаў Літвы.
На гэты момант у праекце ўзяў удзел 31 аўтар з Украіны і Беларусі. Сярод удзельнікаў — украінскія паэты Натальля Бельчанка, Надзея Гаўрылюк, Аляксандар Бабошка, Мар’яна Кіяноўская. Ад Беларусі ўдзельнічаюць Наста Кудасава, Раман Абрамчук, Віка Трэнас, былы палітзьняволены Анатоль Хіневіч, творы палітзьняволеных журналісткі Кацярыны Андрэевай і праваабаронцы, нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага.
Над перакладамі твораў працуюць 39 перакладнікаў. Творы ўдзельнікаў перакладаюць на 13 моваў — дацкую, нямецкую, ангельскую, гішпанскую, літоўскую, румынскую, фінскую, вугорскую, партугальскую, францускую, італьянскую, латыскую, нарвэскую.
«Гэтым праектам міжнародная пісьменьніцкая супольнасьць мае магчымасьць засьведчыць аўтарам, што пра іх памятаюць, што яны й іхныя творы важныя»
— Якія мэты гэтага праекту?
— Праект #FreeAllWords адназначна асуджае злачынствы расейскай дзяржавы ва Ўкраіне і ставіць за мэту пазнаёміць эўрапейскую аўдыторыю з творчасьцю ўкраінскіх і беларускіх аўтараў у часы жахаў вайны і рэпрэсіяў, даць аўтарам міжнародную пляцоўку для выказваньня.
Каштоўнасьць праекту — у грамадзкім узьдзеяньні, у публічнасьці. Чым болей будзе перакладаў на эўрапейскія мовы і публікацыяў у эўрапейскіх мэдыя, тым больш людзей даведаюцца пра трагічныя падзеі ва Ўкраіне і Беларусі беспасярэдне з вуснаў самых творцаў.
Безумоўна, каштоўнасьць праекту таксама і ў падтрымцы ўкраінскіх і беларускіх аўтараў, некаторыя зь якіх у Кіеве пад авіяўдарамі, некаторыя — у турме ў Беларусі, хтосьці мае статус уцекача альбо ў вымушанай эміграцыі. Гэтым праектам міжнародная пісьменьніцкая супольнасьць мае магчымасьць засьведчыць аўтарам, што пра іх памятаюць, што яны й іхныя творы важныя.
Яшчэ адна вельмі важная мэта #FreeAllWords — стварэньне своеасаблівага пулу перакладнікаў, якія могуць працаваць беспасярэдне й наўпрост з украінскай і беларускай мовамі.
Большасьць перакладнікаў, якія далучыліся да праекту, раней перакладалі толькі з расейскай мовы, а большасьць тэкстаў, якія даслалі ўдзельнікі, вядома, на ўкраінскай і беларускай. Каб усе перакладнікі змаглі паўдзельнічаць, мы вынайшлі наступнае рашэньне — для першых перакладаў мы зрабілі расейскамоўныя падрадкоўнікі, але прапанавалі наступным разам паспрабаваць пераклад ужо з моваў арыгіналу. Большасьць перакладнікаў зацікавіліся прапановай і цудоўна справіліся з задачай. Цяпер яны працуюць з украінскай і беларускай мовамі без падрадкоўнікаў. Калі ўзьнікаюць пытаньні, зьвяртаюцца да нас, мэнэджмэнту праекту, ці наўпрост да аўтараў. І, што вельмі здорава, такая супраца часам дае старт ужо самастойным праектам аўтараў і перакладнікаў.
«Ёсьць выпадкі, калі заяўкі за аўтараў слалі родныя альбо сябры, бо ў гэты момант тыя знаходзяцца ў беларускіх турмах»
— Як вы выбіраеце аўтараў для перакладаў?
— Адбірае працы на конкурснай аснове адмысловае журы з прадстаўнікоў пісьменьніцкіх і перакладніцкіх арганізацыяў Украіны, Літвы і Беларусі. У першую чаргу разглядаюцца тэксты, якія адпавядаюць тэме праекту і на якія аўтар мае эксклюзіўныя правы (не перададзеныя трэцяй асобе).
Гэтай восеньню стартаваў другі сэзон праекту, таму, карыстаючыся момантам, запрашаем аўтараў да ўдзелу: дасылайце тэксты (ня болей за 7 тысяч знакаў з прабеламі) з пазнакай «аўтар/аўтарка» на адрас: contact@freeallwords.org. Прымаюцца як вершы, так і проза.
Інфармацыю пра #FreeAllWords мы распаўсюджваем праз мэдыя, сацыяльныя сеткі, асабістыя кантакты.
Ёсьць выпадкі, калі заяўкі за аўтараў слалі родныя ці сябры, бо ў гэты момант тыя знаходзяцца ў беларускіх турмах.
«Удзел многіх перакладнікаў у гэтым праекце — магчымасьць хоць крыху дапамагчы Ўкраіне і рэпрэсаванай Беларусі»
— А як і хто вызначае мовы, на якія перакладуць творы таго ці іншага аўтара?
— Наша задача, каб кожны твор быў перакладзены на максымальную колькасьць моваў, якімі сёньня валодае праект. Тут мы ня ставім абмежаваньняў. Як толькі дадаецца новая мова, мы працуем і зь ёю. Глядзім, зь якімі мовамі працуе перакладнік, з паэзіяй ці прозай, які ў яго працоўны графік. Вядома, ёсьць пытаньне якасьці. Калі да нас прыходзіць новы перакладнік, мы замаўляем першы пераклад і пасьля зьвяртаемся да носьбітаў мовы — звычайна гэта кіраўнікі пісьменьніцкіх арганізацыяў, таксама пісьменьнікі, якія ўваходзяць у Эўрапейскую раду. Яны і ацэньваюць літаратурнасьць перакладу. У праекце насамрэч шмат валянтэрскай працы.
Трэба адзначыць, што ўсе перакладнікі максымальна ўключаныя ў працэс і амаль заўсёды адкрытыя да супрацы. Удзел у гэтым праекце для многіх зь іх — магчымасьць хаця б крыху дапамагчы Ўкраіне і рэпрэсаванай Беларусі, расказаць пра сытуацыю празь пераклады.
У часы панаваньня глябальнага зла, калі людзям здаецца, што яны ня здатныя нічога зрабіць, такія праекты даюць магчымасьць зрабіць цалкам рэальныя практычныя крокі — перакласьці твор, зьмясьціць яго ў сваёй сацыяльнай сетцы ці ў СМІ. Гэта дае чалавеку адчуваньне вартасьці, здольнасьці зрабіць нешта для агульнай перамогі. Гэта вельмі важна.
«Мы самі часам ствараем той кантэкст, што перакладаць з беларускай — дзіўна»
— Дацкая, гішпанская, фінская, француская, літоўская, ангельская ды іншыя. Няўжо ёсьць перакладнікі на гэтыя мовы, якія пераствараюць вершы беларускіх паэтаў з арыгіналаў? Дзе вы знаходзіце гэтых дзівакоў?
— Так, вядома, у праекце шмат перакладнікаў беларускай паэзіі. На гэты момант зь беларускай перакладаюць дацкі перакладнік Гараль Гартвіг Епсэн, літоўскія перакладнікі Юргіта Яспаніце, Артурас Валёніс, Вітаўтас Дзякшніс, Аліна Барзянкайце, фінская перакладніца Тацяна Пічуліна, перакладніца і паэтка з Гішпаніі Анхэля Эсьпіноса Руіс і іншыя. Названыя перакладнікі даўно апантаныя беларускай і ўкраінскай культурай, ведаюць іх каштоўнасьць. Хтосьці зь іх мае беларускіх ці ўкраінскіх сяброў або сваякоў, беларускія ці ўкраінскія карані.
Дарэчы, у фінскай перакладніцы Тацяны Пічулінай беларуска-ўкраінскія карані, а адна зь яе бабуляў — украінская палітзьняволеная часоў СССР Ірына Лапчук. Яе вершы таксама разьмешчаныя ў праекце, яшчэ Тацяна пераклала падборку бабуліных вершаў на фінскую.
Сярод нашых перакладнікаў таксама ёсьць і вялікі аматар беларускай і ўкраінскай культуры Джон Фарндан, які не перакладае зь ніводнай з гэтых моваў. Ён працуе ў дуэце зь беларускай паэткай і перакладніцай Ганнай Комар. Ганна робіць ангельскія падрадкоўнікі, а Джон стварае вершы. Пры гэтым Джон просіць паэтаў начытваць свае вершы ў арыгінале і слаць яму запісы, бо яму важна перадаць рытм арыгіналу.
Мяне, як залучаную ў працу праекту, веданьне такіх рэчаў захапляе і дае натхненьне і сілы на далейшую працу.
А наагул перакладнікаў паэзіі зь беларускае мовы мне складана называць дзівакамі. Яны, можа, у нечым і ўнікальныя, але такімі сябе ня лічаць — яны лічаць беларускую мову роўнаю іншай мовам. Напрыклад, я цяпер жыву ў Вільні і разумею, што для літоўскіх перакладнікаў беларуская мова заўсёды была і застаецца прадметам цікавасьці. Калі глядзець на адчуваньне статусу беларускае мовы іншымі народамі, гэта мяняе оптыку; мы самі часам ствараем такі кантэкст, быццам перакладаць зь беларускай дзіўна. Гэта мы дзівакі, што так лічым. А перакладнікі акурат робяць звычайную для сябе справу — перакладаюць з адной мовы на другую.
А для тых, хто раней перакладаў з расейскай мовы, засваеньне ўкраінскай і беларускіх моваў — гэта і прафэсійны рост, і ўваход у культурны кантэкст іншых краін, раней малавядомых. Перакладнікі ўспрынялі гэты выклік з энтузіязмам, нам ніхто не адмовіў.
— А хто і дзе можа прачытаць сучасную беларускую паэзію, перакладзеную ў гэтым праекце на дзясятак эўрапейскіх моваў?
— Самая першая крыніца, дзе можна пачытаць творы, — сайт праекту #FreeAllWords.Тут зьмешчаныя арыгіналы твораў, пераклады, а таксама біяграфіі аўтараў. Таксама мы зараз працуем над рэарганізацыяй сайту — робім яго зручнейшым, каб было яшчэ прасьцей чытаць творы і дзяліцца імі ў сацыяльных сетках.
Пераклады некаторых твораў друкаваліся ў такіх замежных выданьнях, як нямецкае Leipziger Zeitung, вугорскае Papageno, нарвэскіх і гішпанскіх мэдыя ды іншых.
Пераклады твораў палітзьняволеных зьмяшчае сумесны праект ініцыятывы «Вольныя паштоўкі» і Народнай амбасады Беларусі ў Бразыліі «Вершы з-за кратаў».
«Перакладнікі казалі, што ім складана даецца пераклад твораў, бо аўтарскія аповеды пра вайну і рэпрэсіі вельмі балюча чытаць»
— Ці ёсьць водгукі замежных чытачоў на перакладзеныя і надрукаваныя творы беларускіх аўтараў?
— Я асабіста больш за ўсё кантактую зь перакладнікамі і аўтарамі, таму магу сказаць пра іхныя ўражаньні.
Як я казала раней, перакладнікі эмпатычна ўцягнутыя ў праект, таму напачатку шмат хто з іх адзначаў, што ім складана даецца пераклад твораў, бо аўтарскія аповеды пра вайну і рэпрэсіі вельмі балюча чытаць. Але важна, каб іншыя таксама маглі пачытаць, паплакаць, скласьці сваю думку пра падзеі, якія зараз адбываюцца ва Ўкраіне і ў Беларусі.
Шмат водгукаў ад аўтараў, якія дзякуюць за праект і падтрымку, магчымасьць зьвяртацца да шырокай міжнароднай аўдыторыі ў гэтыя цёмныя часы.
— Ці можаце назваць прыклады, якія паказваюць, што цікавасьць да беларускай паэзіі за час існаваньня праекту вырасла? Можа, недзе зацікавіліся канкрэтнымі аўтарамі настолькі, што хочуць выдаць іхныя кнігі?
— Вядома, у першую чаргу склаліся сяброўскія дачыненьні паміж некаторымі аўтарамі і перакладнікамі. Яны зараз бачацца і кантактуюць па-за праектам.
У ходзе праекту таксама пачалася супраца паміж асобнымі аўтарамі й перакладнікамі. Напрыклад, творы адной зь беларускіх пісьменьніц так спадабаліся дацкай перакладніцы Трынэ Сёнэргор, што яна хоча перакласьці ўсю яе кнігу і дапамагае шукаць магчымасьці выданьня.
Як вы таксама бачыце, цікавасьць ёсьць у літоўскіх перакладнікаў, яны цяпер вельмі шмат працуюць над перакладамі асабліва ўкраінскіх аўтараў, але працягваюць працу і зь беларускімі. Упэўненая: пераклады, зробленыя ў межах гэтага праекту, могуць стаць пачаткам новага сумеснага літоўска-беларускага праекту ці кнігі перакладаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Кніга Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» выйшла на ўкраінскай мове
«Працуем, каб яшчэ болей папулярызаваць творы беларускіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў»
— Што далей?
— Будзем працаваць. З бліжэйшых задачаў, як я казала, рэарганізацыя сайту, паляпшэньне яго чытэльнасьці і зручнасьці.
У плянах таксама стварэньне электроннага выданьня з творамі аўтараў, якія ўзялі ўдзел у праекце, і перакладамі.
Шукаем больш выхадаў на літаратурныя выданьні іншых краін, супрацу зь імі ў друку і распаўсюду, каб яшчэ болей папулярызаваць творы беларускіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў. І, вядома, пашырыць кола перакладнікаў з украінскай і беларускай моваў.