Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Кніга Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» выйшла на ўкраінскай мове


Кніга Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» на расейскай мове. Архіўнае фота
Кніга Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» на расейскай мове. Архіўнае фота

Паштоўкі ад палітвязьня даходзяць у прамежках паміж адседкамі ў ШЫЗА.

Былы баец палку Кастуся Каліноўскага Яўген Жураўскі ў размове з карэспандэнтам Польскага Радыё паведаміў пра выдадзеную ва Ўкраіне кнігу вядомага беларускага анархіста.

Паводле беларускага добраахвотніка Яўгена Жураўскага, ён арганізаваў пераклад і друк кнігі Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» на ўкраінскай мове і цяпер будзе шукаць спосабы яе распаўсюджваньня. Гэтая кніга магла б дапамагчы частцы ўкраінскага грамадзтва зразумець, што адбываецца ў Беларусі, мяркуе Яўген Жураўскі.

Тым часам у Варшаве па кнізе Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» 13 і 14 лістапада адбылася прэм’ера аднайменнага спэктакля тэатру «3 + КК» з чэскага гораду Брно. Спэктакль паставілі Адам Штайнбаўэр i Лiбар Брзабагаты. «Еду ў Магадан» гралі на чэскай мове на сцэне варшаўскага тэатру Druga Strefa з польскімі і беларускімі субтытрамі.

Ігар Аліневіч у судзе
Ігар Аліневіч у судзе

У 2013 годзе за кнігу «Еду ў Магадан», напісаную падчас ранейшага зьняволеньня (2010–2015 гг. — РС), Ігар Аліневіч першым сярод беларускіх палітвязьняў атрымаў прэмію імя Францішка Аляхновіча.

У 2021 годзе Ігара Аліневіча асудзілі на 20 гадоў зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме ды яшчэ двух злачынствах. Са жніўня мінулага году Ігара Аліневіча ўтрымліваюць у турме № 8 у Жодзіне, куды яго зьмясьцілі як парушальніка рэжыму на 3 гады. У 2022 годзе Ігар Аліневіч трымаў у турме галадоўку пратэсту. Сёлета ціск на вязьня працягваецца.

«За год яго зьмяшчалі ў ШЫЗА ня менш як 5 разоў. Апошні раз выйшаў з ШЫЗА на пачатку лістапада, пасьпеў даслаць паштоўку. Там ёсьць такія словы: „Вашы адносіны і любоў для мяне важнейшыя за ўсё“. А іншай сувязі зь ім няма, тэлефонных званкоў яму не дазваляюць», — паведаміла крыніца, абазнаная ў справах Ігара Аліневіча.

Паводле гэтай крыніцы, Ігар Аліневіч ніколі ня скардзіцца ні на ўмовы ўтрыманьня, ні на здароўе. Сваякі дасылаюць яму мэдычныя бандэролі, у якія ўкладаюць вітаміны і лекі ад запаленьня страўніка, але ня ўсе бандэролі даходзяць да адрасата.

Беларускія праваабаронцы прызналі Ігара Аліневіча палітычным вязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG