Польскамоўны пратэст. Рэпэтытары расказваюць, як беларусы пасьля 2020 году кінуліся вывучаць польскую

Каляж

Растуць цэны, не стае выкладчыкаў, яны часта ня маюць філялягічнай адукацыі, але зарабляюць да $1000 за месяц. Моўныя школы працягваюць перасьледаваць і кантраляваць.


«Людзі тэлефануюць кожныя 3-4 хвіліны»


Выкладчык польскай мовы Міхась* (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС) вядзе групавыя і індывідуальныя заняткі ў адной з моўных школ Менску. Ён расказаў Свабодзе, што попыт на вывучэньне польскай мовы вырас прыкладна ў 2021-2022 гадах і дагэтуль застаецца высокім. Паводле ягоных назіраньняў, у Менску больш ахвотнікаў вучыць польскую, чым у Горадні, якая фактычна мяжуе з Польшчай.

«Ужо ў 2020 годзе польскіх групаў у моўных школах стала так шмат, што выкладчыкаў не хапала. Мне зь іншых школ пастаянна тэлефанавалі і прапаноўвалі індывідуальныя заняткі, запрашалі паралельна яшчэ ў дзьве школы. Мой знаёмы выкладчык таксама мог выбіраць зь некалькіх школаў, і ўсе вельмі-вельмі хацелі, каб ён прыйшоў», — камэнтуе Міхась.

Сёлета пад канец лета ў адной папулярнай моўнай школе ў Менску раптоўна зь невядомай прычыны закрылі польскі кірунак.

«У іх ужо былі набраныя групы, шмат людзей. Усе гэтыя людзі, якія чакалі курсаў у верасьні, сталі зьвяртацца ў іншыя школы», — камэнтуе выкладчык.

Сядзіба Саюзу палякаў Беларусі ў Горадні, архіўнае фота. СПБ на чале з Анжалікай Борыс пазбавілі права карыстацца гэтым будынкам

Гэта таксама выклікала рост кліентаў у іншых школах. Ажыятаж зьвязаны і з тым, што выкладчыкі працягваюць выяжджаць на пастаяннае жыхарства за мяжу, кажа суразмоўца. Хтосьці ўжо ў Польшчы адкрывае свае польскамоўныя курсы.

«Адміністратары ў нас увесь час на тэлефоне. Людзі тэлефануюць, каб нешта спытаць, прыкладна кожныя 3-4 хвіліны», — кажа выкладчык.

Міхась успамінае, што гадоў 10-15 таму ў Менску было ўсяго пару месцаў, дзе можна было вучыць польскую мову.

«У тыя часы ты адчуваў сябе, быццам ходзіш на курс туземнай мовы. Вас дваццаць чалавек, і вас усіх быццам у космас адпраўляюць. Мы ехалі на іспыты з усёй Беларусі, нас было 40-60 чалавек. Мы адчувалі, быццам за хвост злавілі ўдачу. Раней, калі хтосьці расказваў, што вучыўся ў Польшчы, рэагавалі: „Ого, крута!“», — успамінае выкладчык.

Цяпер жа польскіх прыватных школаў шмат. Існуе нават топ-15 менскіх польскамоўных курсаў. Выпускнікі больш абазнаныя ў тым, якія ёсьць унівэрсытэты ў Польшчы, куды і як лепш паступаць.

«Інфармацыі стала больш, стала больш варыянтаў. Гэта стала звыклай справай. У школьнікаў у Польшчы вучацца знаёмыя, і яны разумеюць, што раз Вася паступіў, няўжо я не паступлю», — камэнтуе Міхась.

Яшчэ адна суразмоўца Свабоды Марыя, якая выкладае польскую мову ў Менску шмат гадоў, падзялілася, што ў ейным выпадку попыт заўжды быў высокі і такім застаецца дагэтуль. Выкладчык польскай мовы з усходу Беларусі Мацьвей заўважыў, што ў ягоным рэгіёне попыт на польскасьць апошнім часам падае.

Польскае школьнае таварыства ў Горадні, архіўнае фота


«Ніхто ня вучыць польскую дзеля забавы»

Большасьць людзей, якія прыходзяць вучыць польскую мову, маюць намер выехаць за мяжу, расказваюць суразмоўцы Свабоды.

«Для падарожжаў людзі вучылі польскую мову раней. Апошнія 3-5 гадоў людзі вучаць польскую мову толькі для таго, каб выехаць і жыць у Польшчы», — адзначае Марыя.

«Няма ніводнага чалавека, які вучыць польскую мову дзеля забавы ці для турызму або паездак на закупы», — дадае Міхась.

Большасьць наведнікаў польскіх курсаў — гэта вучні старшых клясаў школы або студэнты, якія хочуць паступаць у Польшчу, кажуць суразмоўцы. Некаторыя зь іх такім чынам рыхтуюцца, каб хутка ўцячы, калі іх прызавуць у войска.

«Звычайна 1-2 чалавекі ў групе — гэта „рэлякейт“ або жонка ці муж рэлякаванага сужэнца. Дзеля пераезду вучаццца людзі ад 18 да 35-40 гадоў. Бывае, прыходзяць цэлымі сем’ямі. Дарослыя запісваюцца на свой асобны курс, дзеці гадоў 7-8 — на дзіцячы. Некаторыя прыходзяць, каб вучыць мову цэлы год, і цяпер плянуюць эміграцыю на 2025-ы. Значыць, гэтая хваля яшчэ ня скончыцца», — расказвае Міхась.

У 2018 годзе Польскае школьнае таварыства ў Горадні адзначыла стагодзьдзе існаваньня, архіўнае фота. Пазьней улады яго зьліквідавалі

Людзі ва ўзросьце 65–70 гадоў таксама ходзяць на курсы — каб езьдзіць да дзяцей і ўнукаў за мяжу і адчуваць сябе там камфортна ў моўным пляне.

«Хтосьці стаміўся жыць у гэтай атмасфэры і вырашыў зьехаць. Вучацца людзі, у якіх ёсьць шмат грошай, яны прыяжджаюць на дарагіх машынах, але ім ужо стала цяжка псыхалягічна жыць у Беларусі. Была лекарка, якая мае вялікі стаж, але вырашыла пераехаць у Польшчу і стаць касмэтолягам», — расказвае суразмоўца.

У беларускія польскамоўныя прыватныя школы зьвяртаюцца таксама беларусы, якія ўжо выехалі ў Польшчу і адтуль дыстанцыйна давучваюць мову. Трапляюцца ўкраінцы, якія пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны прыехалі ў Беларусь, бо тут былі сваякі, а цяпер хочуць выехаць у Польшчу.

Паводле рэпэтытараў, зь якімі пагутарыла Свабода, самыя папулярныя курсы цяпер — ад нуля да В1-В2 (сярэдні ўзровень валоданьня мовай. — РС). Каб паступіць у польскія ВНУ, звычайна акурат дастаткова ўзроўню В1 або В2.

«Многія выбіраюць інтэнсіўны курс, максымальна хуткі, 6 гадзін на тыдзень. Дарослыя разумеюць, навошта ім гэта трэба, яны вучаць мову хутчэй і больш эфэктыўна. Студэнты ж больш разьняволена», — кажа выкладчык.

Папулярнымі застаюцца курсы падрыхтоўкі да іспыту на «карту паляка».

«Ад гэтых групаў многія выкладчыкі адмаўляюцца, бо гэта чырвоная ануча для ўладаў. „Карту паляка“ яны ня моцна любяць. Рэдка хто адмаўляецца з ідэалягічных прычын, многія таму, што гэта дадатковыя высілкі. Асноўны курс ты ўжо ведаеш, а тут кожны раз трэба рыхтавацца. Ты разумееш, што тыя ж грошы заробіш на звычайных занятках», — камэнтуе Міхась.

Бібліятэка ў Польскім школьным таварыстве, архіўнае фота

Бывала, што на курс запісваліся «вельмі падазроныя людзі», успамінае Міхась.

«І мы трымаем язык за зубамі, бо, магчыма, гэта агенты. Яны вучацца 2-3 месяцы і прападаюць. Прыяжджаюць на дарагіх машынах. Прыдумляюць нейкія гісторыі, але ты да канца не разумееш, хто гэта. Ня ведаю, былі ў нас агенты ці не былі, але я не магу сказаць на занятках: „Жыве Беларусь!“. Адкрыта ніхто такога не гаворыць, каб яго затрымлівалі ці нешта такое», — дадае ён.

З 2020 году ў Польшчу выехалі ад 80 да 150 тысяч беларусаў

Польшча стала самай папулярнай краінай для пераезду беларусаў пасьля 2020 году. Яна мяжуе зь Беларусьсю, краіны зьвязаныя гістарычна і культурна. Беларуская і польская мовы блізкія, уваходзяць у адну моўную групу. Польскія ўлады найлепш з краінаў Эўразьвязу вырашылі некаторыя юрыдычныя пытаньні для беларусаў-мігрантаў: дазволу на жыхарства, міжнароднай абароны, праязнога дакумэнту, грашовай дапамогі ўцекачам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё адно я вярнуся». Гісторыя лекара, які ў 2016-м пераехаў на радзіму продкаў у Беларусь, а пасьля мусіў эміграваць у Польшчу

За тры гады, з 2020-га, у Польшчу зь Беларусі выехалі, паводле розных ацэнак беларускага і польскага бакоў, ад 80 да 150 тысяч беларусаў.

Больш за 500 тысяч візаў выдала Польшча грамадзянам Беларусі са жніўня 2020-га па канец 2022-га, паводле інфармацыі Beroc, а таксама больш за 100 тысяч візаў па праграме Poland Business Harbour і звыш 50 тысяч гуманітарных візаў са жніўня 2020-га па сакавік 2023 году, паводле Ўправы ў справах замежных грамадзян Польшчы.

З 2020-га па сакавік 2023 году ў Польшчы выдалі амаль 80 тысяч дазволаў на жыхарства для беларусаў.

На верасень 2023 году ў Польшчы вучыліся каля 12 тысяч беларускіх студэнтаў.

Лекары зь Беларусі атрымалі ў Польшчы 800 ліцэнзій на працу за тры гады, зь 2020 году.

Ня менш за 160 тысяч грамадзян Беларусі мелі «карты паляка», якія даюць шэраг ільготаў у Польшчы, у 2022 годзе. Толькі за 2022 год беларусы падалі амаль 10 тысяч заяваў, каб атрымаць «карту паляка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 80 тысяч беларусаў атрымалі дазвол на жыхарства ў Польшчы са жніўня 2020 году. ВІДЭА


1000 даляраў заробку

Прапановаў вывучэньня польскай мовы для беларусаў безьліч на любы густ. Для пераезду, паступленьня ў ВНУ, вучобы, працы, падарожжаў, для падрыхтоўкі да іспыту на «карту паляка», для пачаткоўцаў, моўны курс і гістарычна-культурны, онлайн і стацыянарна, для дзяцей і дарослых, у меншых і большых групах. Курс у залежнасьці ад мэтаў і інтэнсіўнасьці доўжыцца ад трох месяцаў да поўнага навучальнага году.

Цэны на курсы моцна адрозьніваюцца ў залежнасьці ад школы, працягласьці курсу, інтэнсіўнасьці, узроўню, мэтаў. Курс для пачаткоўцаў можна знайсьці і за 430 рублёў ($130), і за 1500 ($450).

Індывідуальныя гадзінныя заняткі польскай мовы ў Менску даражэйшыя. Каштуюць у сярэднім 30-40 рублёў за занятак, можна знайсьці па 60 рублёў за гадзіну. Адзін урок для пары можа каштаваць 100 рублёў. У групе гадзіна каштуе прыкладна ўдвая менш. Весьці прыватных кліентаў больш выгадна, таму некаторыя выкладчыкі пакідаюць школы і пачынаюць займацца толькі індывідуальна, расказвае Міхась.

У сярэднім выкладчык, які вядзе польскую мову на поўную стаўку, можа зарабіць 1,5–2 тысячы рублёў у месяц. Калі працаваць з ранку да позьняга вечара з панядзелка па суботу, то можна атрымліваць каля 3 тысяч рублёў (амаль 1000 даляраў), дадае наш суразмоўца.

«Польская мова стала дарагая. Мая знаёмая выкладае ангельскую ў вельмі кляснай школе на вельмі крутым узроўні, і ў нас расцэнкі будуць аднолькавыя», — параўноўвае Міхась.

Аўдыторыя для заняткаў у Польскім школьным таварыстве ў Горадні, архіўнае фота

Выкладчыкаў польскай, якія маюць адпаведную адукацыю, мала, адзначае суразмоўца. Сярод калег ён ведае толькі аднаго чалавека, які мае філялягічную вышэйшую адукацыю. Часта курсы вядуць людзі, якія жылі ў Польшчы і добра ведаюць размоўную мову.

«Настолькі вялікі попыт», — падсумоўвае ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гістарычна так склалася». Ці законна маліцца па-польску ў Беларусі?


Небясьпечны занятак

Польскія моўныя школы, як і ўсё, зьвязанае з польскасьцю, застаюцца пад ціскам уладаў Беларусі. Канфлікт паміж афіцыйным Менскам і Варшавай абвастрыўся неўзабаве пасьля выбараў 2020 году, калі ў кастрычніку МЗС Беларусі запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх дыпляматаў у краіне.

Пасьля было закрыцьцё межаў нібыта праз каранавірус, масавыя арышты кіраўнікоў Саюзу палякаў Беларусі ў сакавіку 2021-га. У тым жа месяцы пачаліся праверкі ў іншых польскіх арганізацыях. У тым ліку ў тых, якія прапаноўвалі беларусам моўныя курсы. У 2022 годзе на расейскую мову перавялі польскія школы ў Горадні і Ваўкавыску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады ўзяліся за курсы польскай мовы, патрабуюць сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў


«Пытаньне небясьпекі абгаворваюць адразу пры прыёме на працу. Усе сядзяць і чакаюць, што ў любы момант могуць прыйсьці ў школу. Ня тое, што страшна, але ўсе разумеюць, што небясьпека ёсьць. Гэта прычына, зь якой настаўнікі пастаянна выяжджаюць за мяжу», — камэнтуе Міхась.

Вядома, што дырэктара адной моўнай школы выклікалі на гутарку ў КДБ. Пасьля гэтага ён выехаў у Польшчу. У іншай школе затрымлівалі дырэктарку і некалькі супрацоўнікаў. Яны адсядзелі на «сутках». Наколькі ведае суразмоўца, заводзілі крымінальную справу, але за што, няясна. Потым іх адпусьцілі, прэтэнзіі да іх празь нейкі час зьнялі. Некаторыя школы пачынаюць задумвацца пра тое, каб перавозіць юрыдычную асобу за мяжу, а навучаньне весьці онлайн дзеля большай бясьпекі.

«У нашую школу нядаўна прыходзілі нейкія чыноўнікі. Папярэдзілі, што яны могуць у любы час прыйсьці на заняткі», — дзеліцца выкладчык.

Пасьля гэтага візыту ў кабінэтах зьявіўся чырвона-зялёны сьцяг і дзяржаўны герб.

Амаль усім моўным школам пасьля 2020 году блякавалі сайты, некаторым па некалькі разоў, у тым ліку сёлета. Адзін з сайтаў заблякавалі за фатаздымак. Там была выява герба Беластоку, на якой было відаць «беластоцкую Пагоню». Фота загадалі прыбраць.

«На нас і на іншых ціснула Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. Хутчэй за ўсё, гэта адбывалася, бо на сайтах месьцілася рэкляма польскіх вучэльняў. Сапраўды, ёсьць нейкі закон, які забараняе гэта. Мы працавалі бяз сайту некалькі месяцаў», — успамінае Міхась.

У гэты час, кажа суразмоўца, чакалі, што закрыюць і школу.

«Усе сядзяць і чакаюць. А што рабіць? Іншай працы няма. Усе выкладчыкі ў такім стане: „Дзе зарабіць?“», — камэнтуе ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: дырэктарка «Слаўцэнтру» — на Акрэсьціна, яе мужа арыштавалі на 14 дзён; у Гомлі затрымалі музыку


Марныя высілкі

Кіраўнік кансультацыйнага пункту пры Акадэміі добрай адукацыі ў Варшаве Ягор Сурскі пракамэнтаваў Свабодзе, што, на ягоную думку, попыт на польскую мову ў Беларусі застаецца высокім, нягледзячы на перасьлед, з гістарычных прычын.

«Мову суседа трэба ведаць, тым больш калі ў нас агульная гісторыя. Як ацэньваць дынастычныя уніі? Як ацэньваць Дзяржаву абодвух народаў? Польскія навукоўцы дасьледуюць гісторыю, улічваючы тое, што адбывалася ў межах усёй дзяржавы Рэчы Паспалітай. Таму жаданьне вывучаць мову суседа натуральнае. Можа быць, нават сорамна ня ведаць мову суседа», — разважае Ягор Сурскі.

Ён лічыць, што вывучаць польскую мову неабходна, калі беларус хоча пераехаць у Польшчу.

«У любой краіне веданьне дзяржаўнай мовы абавязковае. У Польшчы патрабаваньне да веданьня польскай мовы павысіліся пры паступленьні ў ВНУ аж да ўзроўню С1, бо вялікі конкурс сярод абітурыентаў», — кажа выкладчык.

На ягоную думку, большасьць беларусаў выбіраюць Польшчу як краіну для іміграцыі, бо стандарты гэтай краіны шмат у чым адпавядаюць беларусам.

«Не было „жалезнай заслоны“ і Польшча не была для нас закрытай краінай. Доўгі час існаваў тып візы „на закупы“. Людзі мелі магчымасьць даведацца пра Польшчу больш. Шмат у чым стандарты жыцьця, узровень разьвіцьця інфраструктуры, сфэры паслуг адпавядаюць, таму людзі і робяць такі выбар», — мяркуе Ягор Сурскі.

Ён перакананы, што вывучыць польскую мову прасьцей, чым літоўскую ці грузінскую (у Літву і Грузію таксама выяжджаюць жыць шмат беларусаў), бо яна лексычна і структурна блізкая да беларускай мовы. Асноўныя цяжкасьці, на думку выкладчыка, зьвязаныя з тым, што амаль немагчыма стварыць аўтаномнае польскамоўнае асяродзьдзе. Беларус і ў Польшчы можа працягваць камунікаваць на роднай мове.

Ягор Сурскі думае, што перасьлед польскасьці ў Беларусі не ўплывае на тых, хто хоча вучыць польскую мову ці выяжджаць у Польшчу.

«Заўсёды існавалі формы падпольнага навучаньня, калі ёсьць пэўныя абмежаваньні. Людзі насуперак атрымлівалі веды. Тут ёсьць матывацыя. Калі чалавек адчувае несправядлівасьць, матывацыя будзе вышэйшай, каб атрымаць правільныя веды. Я думаю, што такія высілкі марныя. Мы ж ня можам перакрэсьліць частку сваёй гісторыі і культуры, у тым ліку ўзаемныя дачыненьні за апошнія 40 гадоў», — перакананы беларус.

Ён прыгадвае, як у 1980-х гадах у Польшчу прывозілі тавары зь Беларусі, бо стан польскай гаспадаркі тады быў кепскі. Цяпер краіны памяняліся месцамі і Польшча падтрымлівае беларусаў.

«Гэта адбылося дзякуючы слушнасьці гістарычнага выбару палякаў, дзякуючы „Салідарнасьці“, нацыянальнаму паразуменьню ў канцы 1980-х і свабодным дэмакратычным выбарам. Гэта грунт эканамічных і гаспадарчых працэсаў, якія адбываюцца ў краіне і якія прывабліваюць іншаземцаў», — падсумоўвае Сурскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра атрыманьне вышэйшай адукацыі ў Беларусі гаворкі ўжо няма». Што стала з прыватнымі школамі і садкамі пад канец навучальнага году