Як паведамілі Свабодзе ва Ўправе па справах замежных грамадзян Польшчы, з 2020-га па сакавік 2023 году ў Польшчы выдалі 79 030 дазволаў на жыхарства для беларусаў.
Гэта часовыя і сталыя дазволы на жыхарства разам. Паводле польскіх уладаў, большасьць беларусаў атрымліваюць працоўны дазвол на жыхарства ў Польшчы, іх колькасьць складае 62% ад агульнай. На другім месцы ўзьяднаньне сям’і — 17%.
З пачатку палітычнага крызісу зь Беларусі выехала мінімум 120 тысяч чалавек. Мы сабралі дакладныя лічбы па самых папулярных краінах і вызначылі, як выглядае партрэт беларускага эмігранта.
Сярод тых беларусаў, якія за тры гады пераехалі ў Польшчу на сталае месца жыхарства, большасьць складаюць людзі ва ўзросьце ад 18 да 34 гадоў. Зь іх мужчын — 57%, жанчын — 43%. Большасьць беларусаў Польшчы жывуць у Мазавецкім ваяводзтве (дзе Варшава) і Падляскім (дзе Беласток).
Акрамя дазволаў на жыхарства, са жніўня 2020-га па сакавік 2023 году ўлады Польшчы выдалі грамадзянам Беларусі 101 949 візаў па праграме Poland Business Harbour і 50 831 гуманітарную візу.
Агулам, паводле польскіх уладаў, у іхнай краіне цяпер жывуць сама меней 79 030 беларусаў (без уліку тых, хто знаходзіцца ў краіне па візе і пакуль не атрымаў дазволу на жыхарства). Калі ўлічваць выдадзеныя візы, то беларусаў у Польшчы можа быць значна больш.