У сярэдзіне верасьня 2022 году Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі Аляксандрам Вальфовічам даў загад «зачысьціць усё да немагчымасьці ў сыстэме адукацыі». Пасьля той размовы ў краіне з 35 прыватных школ засталося 3.
«Хацелі зьнішчыць прыватную адукацыю, а пацярпелі дзеці»
У 2022 годзе толькі ў Менску ў прыватных школах навучаліся больш за 2 тысячы дзяцей. Складаная сытуацыя склалася ў верасьні, калі вучні прыйшлі ў прыватныя школы, а школы пачалі закрываць пасярод чвэрці. Бацькам загадалі пераводзіць дзяцей у звычайныя дзяржаўныя школы.Толькі ў Фрунзэнскім раёне сталіцы давялося ўладкоўваць больш за 500 дзяцей.
Асабліва перажывалі бацькі старшаклясьнікаў. Маці выпускніка спадарыня Алена расказала, што яе муж-айцішнік вымушаны быў рэлякавацца ў Польшчу, а яна з сынам наўмысна засталася ў Менску, каб падлетак атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі. Да таго ж у хлопца былі думкі здаваць ЦТ і паступаць у БДУІР. Аднак у сярэдзіне кастрычніка давялося пераводзіць сына з прыватнай, дзе ён вучыўся апошнія 5 гадоў, у звычайную школу. Прыватную проста закрылі, кажа Алена.
«Хацелі зьнішчыць прыватную адукацыю, а пацярпелі дзеці. Ня буду называць нумар школы, куды мы змаглі трапіць (бо ўсе гімназіі і ліцэі былі ўкамплектаваныя), але гэта жах у параўнаньні з нашай прэстыжнай школай. Неба і зямля: кантынгент і настаўнікаў, і вучняў. У 11-й выпускной клясе 32 чалавекі! Кожную раніцу то з угаворамі, то са скандалам ішоў у школу. Пра ўзровень ведаў я ўжо і не кажу: па чатырох прадметах займаемся з рэпэтытарамі.
А паглядзеўшы, што зараз адбывацца ў сыстэме адукацыі Беларусі, як звальняюць няўгодных выкладчыкаў, „наяжджаюць“ на лепшых (якая жахлівая гісторыя зь Лівянтам!), пра атрыманьне вышэйшай адукацыі тут, у Беларусі, гаворкі ўжо няма. Мара — хутчэй атрымаць атэстат і зьехаць», — прызнаецца Алена.
Міністэрства адукацыі абвесьціла пра абавязковае ліцэнзаваньне прыватных навучальных устаноў. Дакумэнты падалі толькі 12 з былых 35. У выніку ліцэнзіі атрымалі толькі 3 школы.
Адна зь іх — Менская міжнародная гімназія — прайшла яшчэ і плянавую акрэдытацыю. Гэтую навучальную ўстанову летась скончыў Мікалай Лукашэнка, а адна з заснавальніц яе — Ірына Абельская.
На сайце гімназіі гаворыцца, што прымаюцца заяўкі на 2023/2024 навучальны год у 5-10 клясы. Пазначаны і кошт навучаньня — 1100 рублёў у месяц.
У Менску не засталося ніводнага прыватнага дзіцячага садка
Гэтую інфармацыю агучыла першая намесьніца старшыні камітэта па адукацыі Менгарвыканкаму Людміла Барысенка. Прыватныя садкі таксама павінны былі прайсьці ліцэнзаваньне ў Міністэрстве адукацыі.
«У Менску няма прыватных дзіцячых садкоў — на жаль, яны не змаглі выканаць даліцэнзійныя патрабаваньні. Дзяржаўныя дашкольныя ўстановы цалкам задавальняюць запыты бацькоў. У цэлым у нас колькасьць месцаў у дзіцячых садках большая, чым колькасьць дзіцячага насельніцтва», — цытуе чыноўніцу Мінадукацыі агенцтва «Мінск-Навіны».
У той жа час у новых сталічных мікрараёнах праблемы зь дзіцячымі садкамі застаюцца, сьцьвярджаюць маці з Новай Баравой і ЖК «Менск-Сьвет», куды засялілася шмат маладых сем’яў.
«Думалі аддаць дачку ў прыватны садок, але іх цяпер няма. Ні ў садку „Космас“ непадалёк ад нашага дому, ні крыху далей, у мікрараёне Копішча, месцаў у садках няма. У лепшым выпадку бліжэй да восені нам паабяцалі прапанаваць садок альбо ва Ўруччы-2, альбо ў раёне вуліц Някрасава — Бяды. Быццам і ня надта далёка, але дабірацца туды нязручна. Так, будуюць новы садок і ў Новай Баравой, але маё дзіця вырасьце, пакуль яго здадуць», — кажа маладая маці Наста з Новай Баравой.
Праверкі адукацыйных цэнтраў канчаюцца крымінальнымі справамі
У цэнтры «100 балаў», які працуе з 2012 года, падрыхтавалі некалькі дзясяткаў стобальнікаў. Сотні выпускнікоў паступілі ў прэстыжныя ВНУ Беларусі і сьвету. У 2018 годзе «100 балаў» стаў пераможцам у адной з намінацый дзяржаўнага конкурсу «Прадпрымальнік году».
27 сьнежня 2022 года стала вядома пра затрыманьне вядомага беларускага рэпэтытара, кіраўніка адукацыйнага цэнтру «100 балаў» Яўгена Лівянта. Яго затрымалі падчас заняткаў, потым сілавікі апублікавалі відэа з удзелам рэпэтытара. Затрымалі таксама яго жонку Юлію, дачку Ганну і сузаснавальніка цэнтру Аляксея Іванова. Усім інкрымінуюць «народны» 342 артыкул КК («Масавыя беспарадкі»).
5 красавіка Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў завёў шэраг крымінальных спраў на супрацоўнікаў цэнтру «100 балаў» яшчэ і за ўхіленьне ад сплаты падаткаў. Зрабілі 23 ператрусы ў супрацоўнікаў цэнтру.
На пачатку красавіка правялі крымінальную справу супраць кіраўніцтва Кампутарнай акадэміі «ШАГ», правялі 37 ператрусаў, піша тэлеграм канал Камітэта дзяржкантролю.
Працягваецца ціск і на моўныя цэнтры, якія навучаюць замежным мовам. Прычым супрацоўнікаў арыштоўваюць выключна за «хуліганства».
13 красавіка дырэктарцы Цэнтру славянскіх моваў і культураў «Слаўцэнтар» Ірыне Зімневай прысудзілі штраф у 740 рублёў паводле арт. 19.1 КаАП («Хуліганства). Аднак пасьля гэтага на волю Зімнева ня выйшла — праваабаронцы сьцьвярджаюць, што яна знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсьціна.
Таксама зьявілася інфармацыя, што мужа Ірыны Аляксея Зімнева арыштавалі на 14 дзён паводле арт. 19.1 КаАП («Хуліганства»).
Цэнтар славянскіх моў і культур працуе з 2014 года, сярод іншых там навучаюць польскай мове.
Паводле інфармацыі Свабоды, Камітэт дзяржкантролю цяпер пільна правярае яшчэ некалькі адукацыйных цэнтраў.