Бюджэт-2024: Колькі каштуе дыктатура?

Мікалай Карпянкоў (у цэнтры) з байцамі АМАПУ, Менск, 23 верасьня 2020

На што беларуская дзяржава зьбіраецца выдаткоўваць грошы ў 2024 годзе? Выдаткі на абарону плянуецца павялічыць на 29%, на бясьпеку — на 15%, на адукацыю — на 14%, на ахову здароўя — на 12%.

Сьцісла

  • Рост выдаткаў на абарону і бясьпеку ў бюджэце на 2024 год перавышае рост выдаткаў на сацыяльныя патрэбы, прынамсі на адукацыю і ахову здароўя.
  • Другі год запар прадугледжваюцца беспрэцэдэнтна высокія выдаткі на абарону.
  • Улада не выключае, што давядзецца ўступіць у вайну Расеі супраць Украіны сваім войскам, і загадзя рэзэрвуе грошы на гэта.
  • Выбары ў лютым 2024 году ўлада разглядае як магчымы момант дэстабілізацыі.
  • Палітыка ігнору выбараў, абвешчаная апазыцыяй, ніяк не стасуецца з гіпатэтычнымі сілавымі акцыямі падчас выбараў.
  • Улада можа перасьцерагацца нейкіх сілавых нечаканасьцяў, у якіх выбары будуць выкарыстаныя як кантэкст, які павялічвае розгалас.
  • Торг паміж ведамствамі за падзел бюджэтнага «пірага» сьведчыць пра падвышэньне вагі сілавікоў. Яны выйгралі раўнд торгу за бюджэт з цывільнымі калегамі.

Бюджэтныя выдаткі на абарону плянуецца ў наступным годзе павялічыць на 29,2%. Праўда, летась у параўнаньні з 2022 годам бюджэтныя выдаткі на абарону вырасьлі яшчэ больш — на 40%. Іх павелічэньне, заплянаванае налета, крыху больш сьціплае, але ўсё роўна адно з самых буйных.

Таксама значна вырастуць выдаткі «на забесьпячэньне бясьпекі, праваахоўнай дзейнасьці і судовай улады» — на14,7%.

Пры гэтым на адукацыю павялічыць выдаткі плянуецца на 13,8%, на ахову здароўя — на 11,6%, на сацыяльную палітыку — толькі на 6%.

Сухія лічбы бюджэту адлюстроўваюць прыярытэты дзяржавы: яны паказваюць, да чаго яна рыхтуецца і чаго перасьцерагаецца. Паводле знакамітай формулы «гарматы замест масла». Гэтыя лічбы адпавядаюць і іншым, больш зразумелым рашэньням уладаў у адпаведных сфэрах грамадзкага жыцьця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзяржава спрашчае сабе жыцьцё». У Беларусі хочуць зьмяніць правілы прызыву: большыя штрафы, позвы праз СМС

Прызыў у войска праз СМС, няспынны каскад вучэньняў, агрэсіўная антызаходняя і антыўкраінская рыторыка — усё гэта сьведчыць пра наяўнасьць ва ўлады думкі, што ваяваць сваім войскам, магчыма, і давядзецца. Ня тое што на 100% давядзецца, але імавернасьць высокая. Зьменіцца сытуацыя на полі бою ў вайне Расеі супраць Украіны, скажа Ўладзімір Пуцін Аляксандру Лукашэнку: «Надо, Саша» — і ня скажа Лукашэнка ў адказ «Не».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінансаваньне войска павялічаць на 40%, МУС — на 21%. Што заплянавалі ў бюджэце на 2023 год

Калі глядзець на дынаміку росту бюджэтных выдаткаў на абарону (з 40% у бюджэце на 2023-і — да 29% у бюджэце на 2024-ы), дык летась нават больш чакалі такога загаду з Масквы, чым цяпер.

Ну, а разьлік зразумелы. Удзел у вайне наўпрост — гэта, акрамя ўсяго іншага, вялізныя грошы, выдаткі. У «гадзіну Ч», калі войскам будзе дадзены загад наступаць, вырываць грошы зь іншых артыкулаў бюджэту — гэта праблемы, гэта беспарадак, «бардак». А гэта не па-беларуску.

Беларусы, і беларуская ўлада ў тым ліку, да любой дурноты — вымушанай ці добраахвотнай — імкнуцца быць старанна падрыхтаваныя.

Давядзецца ваяваць (чаго Лукашэнка насамрэч ня хоча) — а ў нас на тое адпаведныя грошы ў бюджэце ўжо зарэзэрваваныя. Не давядзецца — у гаспадарцы заўсёды знойдзецца, на што іх патраціць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Імавернасьць таго, што беларусаў пашлюць ваяваць, наблізілася да нуля», — ізраільскі вайсковы экспэрт Гендэльман

Другая опцыя бюджэтных выдаткаў, якая налета істотна вырасьце, — бясьпека. Пасьля 2020 году гэта для ўлады — прыярытэт, які важнейшы за ўсё. Але ў 2024 годзе будзе чыньнік, які ўзьнімае важнасьць гэтага прыярытэту яшчэ вышэй. Гэта — выбары.

На першы погляд, з гэтай нагоды ўладзе няма чаго пераймацца. Сытуацыя ў краіне далёкая ад грамадзкага пад’ёму. Асноўныя апазыцыйныя сілы вызначалі сваё стаўленьне да выбараў у лютым 2024 году — ігнор і выбары ў Каардынацыйную Раду як альтэрнатыва афіцыйным выбарам. Як такая палітыка можа трансфармавацца ў нейкія забурэньні, у паўтарэньне 2020 году — незразумела нават самаму палкаму прыхільніку апазыцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмакратычныя сілы расказалі пра 4 дакумэнты, прынятыя на канфэрэнцыі «Новая Беларусь». Што ў іх

Але ўлада чамусьці пераймаецца. Сёньня Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніком расейскага МЗС Сяргеем Лаўровым заявіў: «Што тычыцца беларуска-расейскіх адносінаў, тут нават абмяркоўваць няма чаго. Мы дзейнічаем як адзінае цэлае. І будзьце ўпэўненыя, што Беларусь будзе прыхільная менавіта да гэтага прынцыпу, як бы ні спрабавалі нас тут павярнуць напярэдадні парлямэнцкіх выбараў».

Прычым тут выбары, хто зьбіраецца «павярнуць», як выбары хто б там ні было можа скарыстаць дзеля гэтага «павароту» — незразумела.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік ЦВК падзякаваў унутраным войскам за «рашучыя дзеяньні» на выбарах

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка нядаўна заявіў: «Галоўная задача праваахоўных органаў і ўсіх арганізатараў выбараў — ня даць паралізаваць работу выбарчых участкаў, забясьпечыць грамадзкі парадак і не дапусьціць дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне ў цэлым».

Хто плянуе дэстабілізаваць, навошта гэта рабіць менавіта падчас фарсавых выбараў, у якіх апазыцыя не зьбіраецца ўдзельнічаць — недарэчнае пытаньне. Улада так бачыць сьвет.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карпянкоў расказаў, колькі байцоў у новых падразьдзелах Унутраных войскаў

Нарэшце, можна прыгадаць заявы намесьніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова, зьлітыя незалежным мэдыя. Ён, выступаючы перад вайскоўцамі, таксама ня выключыў абвастрэньня сытуацыі падчас лютаўскіх выбараў у наступным годзе.

Ці сапраўды ўлада нечага перасьцерагаецца падчас выбараў, ці яна стала ахвярай уласнай прапаганды — тут дакладна адказаць складана. Але ня выключана, што ўлада, а асабліва сілавікі, перасьцерагаюцца ня нейкіх нечаканасьцяў, зьвязаных з выбарчай стратэгіяй апазыцыі, а сілавых акцыяў, проста прымеркаваных да выбараў, у якіх выбары будуць адно тлом, кантэкстам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інцыдэнт з самалётам у Мачулішчах: Дзяржаўная тэлевізія назвала новыя прозьвішчы

Вось была сёлета атака на расейскі самалёт у Мачулішчах. А калі б такая атака была падчас выбарчай кампаніі? Дык розгалас ад такой акцыі ў такім кантэксьце быў бы куды гучнейшы. І выснова: узмацніць кантроль, каб прадухіліць. А кантроль каштуе грошай.

Прыняцьцё бюджэту ў любой краіне ўключае ў сябе бюракратычны торг паміж ведамствамі. У аўтарытарнай краіне разьмеркаваньне дзяржаўных сродкаў пераважна гэтым і вызначаецца. Зразумела, што ў Беларусі канчатковае рашэньне наконт бюджэту прымае Лукашэнка. Але нейкае абмеркаваньне распадзелу дзяржаўных грошай паміж «слупамі» рэжыму адбываецца. Яно адбывалася і пры царах, і пры Сталіну, яно адбываецца і цяпер нават у Паўночнай Карэі.

І ў гэтых абмеркаваньнях міністры адукацыі ці аховы здароўя адстойваюць калі не народныя патрэбы, дык прынамсі інтарэсы сваіх ведамстваў. А сілавікі ім у адказ: вы хочаце, каб нешта кшталту выбуху ў Мачулішчах паўтарылася падчас важнай палітычнай кампаніі выбараў? Не? Тады перабʼяцеся з вашымі патрэбамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Качанавай да Ціханоўскай. Расказваем пра імаверных пераемнікаў Лукашэнкі

Гэта торг. У дэмакратычным грамадзтве ў ім удзельнічаюць дэпутаты парлямэнту — прадстаўнікі народных патрэбаў, лабісты, незалежныя СМІ, апазыцыя. Нічога гэтага ў сучаснай Беларусі няма. Таму прапорцыі выдаткаў бюджэту вызначаюцца амаль выключна бюракратычным торгам ведамстваў. А пасьля 2020 году беларускія сілавікі ў гэтым працэсе набылі вагу, несувымерна высокую ў параўнаньні з канкурэнтамі.