TOR BAND займеў папулярнасьць у Беларусі на хвалі пратэстаў 2020 году. Многія песьні музыкаў былі гітамі зь мільёнам праглядаў. Вядомасьць здабылі творы «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мы не народец». У 2021–2022 гадах музыкі таксама выпусьцілі творы «Dead Мороз», «Мы станем сильней!», «Родная зямля», «Я нарадзіўся тут».
Удзельнікі гурту TOR BAND за кратамі ўжо 277 дзён (на 1 жніўня 2023 году. — РС). Іх затрымалі 28 кастрычніка разам з жонкамі і спачатку абвінавацілі паводле артыкула 19.11 КаАП («распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Усе музыкі і іхныя блізкія атрымалі па 15 дзён арышту і штрафы.
Інфармацыйную прадукцыю, сацыяльныя сеткі і лягатып гурту TOR BAND задняй датай назвалі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», у студзені 2023 году гурт прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». У сьпіс «удзельнікаў экстрэмісцкага фармаваньня» ўнесьлі ня толькі музыкаў, але і жонку саліста Юлію Галавач, хоць яна ў гурце ня грала.
Пасьля адбыцьця арыштаў і выплаты штрафу блізкія музыкаў выйшлі на волю. Удзельнікі гурту Дзьмітры Галавач, Яўген Бурло і Андрэй Ярэмчык адбылі арышт тройчы па 15 дзён запар, пасьля чаго ім выставілі крымінальнае абвінавачаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За кожную песьню ім даюць па 15 содняў». Што адбываецца з музыкамі TOR BAND«Людзі хацелі думаць, што яны зьехалі»
Затрыманьне ўдзельнікаў TOR BAND стала шокам для многіх іх аматараў. Людзі пісалі ў камэнтарах: «Мы былі ўпэўненыя, што яны за мяжой! Чаму яны ня зьехалі?». Блізкая сяброўка гурту Аліна (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) у размове з Свабодай упершыню расказала пра акалічнасьці арышту музыкаў.
«У 2021, 2022 гадах многія фанаты гурту думалі, што TOR BAND зьехаў за мяжу. Гэта было ня так. Музыкі і іхнычя блізкія былі ў Беларусі. Многія людзі самі сабе вырашылі, што гурт за мяжой, і пісалі музыкам: „Як добра, што вы зьехалі!“. А Дзьмітры (Галавач, лідэр гурту. — РС) не хацеў прымушаць іх хвалявацца, таму нікога не пераконваў у адваротным і не рабіў гучных заяваў. На канале YouTube бывалі камэнтары ў стылі „Добра пісаць такія песьні, калі ты за мяжой“. Але Дзіма казаў, што за мяжой такія песьні не напішаш. Каб такую песьню напісаць, трэба жыць нейкімі падзеямі», — кажа Аліна.
Суразмоўца дадае, што музыкі нават ня мелі плянаў зьехаць. Адказ на гэтае пытаньне, з словаў сяброўкі гурту, Дзьмітры Галавач дае ў песьні «Я нарадзіўся тут». Яе ён напісаў як падарунак сабе на дзень народзінаў, 1 чэрвеня. У кампазыцыі ёсьць радкі:
«Я нарадзіўся тут, у горадзе каля ракі.
Я сын сваёй краіны. Вось хто я такі.
Нам захавалі продкі гэты цудоўны кут.
Разам зь сям’ёй вялізнай застаёмся тут».
«Былі таксама і сямейныя абставіны, празь якія хлопцы мусілі застацца ў Беларусі. У жніўні 2022 году ўвесь гурт, таксама і жонкі музыкаў, адпачывалі на літоўскай Балтыцы. Там тэарэтычна абмяркоўвалі магчымы пераезд зь Беларусі. Але толькі тэарэтычна», — заўважае Аліна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню ў Беларусі музычны гурт прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»«Адна з вэрсіяў затрыманьня — скарга ідэоляга ў Адміністрацыю прэзыдэнта»
Аліна сьцьвярджае, што практычна да моманту затрыманьня ні міліцыя, ні ўлады не чапалі музыкаў. «Былі, скажам так, трывожныя званочкі. Але ня больш за тое», — настойвае суразмоўца.
Андрэй Ярэмчык увосень 2022 году выкладаў у школе гісторыю. Яўген Бурло працаваў гукарэжысэрам у раённым Доме культуры. Ён адказваў за гук і сьвятло, у тым ліку на дзяржаўных сьвятах. Яўген нават рыхтаваў раённы Дзень незалежнасьці 3 ліпеня 2022 году.
«На ім была вялікая нагрузка. Фактычна ўсе сьвяты былі на ім. Менавіта ў Яўгена Бурло была трывога, што музыкаў могуць затрымаць, у яго было такое адчуваньне», — кажа Аліна.
Паводле яе словаў, затрыманьню папярэднічала звальненьне Бурло з раённага Дому культуры. Аліна кажа, што ў яго мог быць канфлікт з кіраўніцтвам, бо Яўген пасьля звальненьня «зьнёс» з праграмнага забесьпячэньня Дому культуры тыя праграмы, якія ён сам напісаў, пакуль працаваў там.
«Гэта магло абурыць раённага ідэоляга Натальлю Прус — начальніцу аддзелу ідэалягічнай працы, культуры справаў моладзі райвыканкаму. Яна, хутчэй за ўсё, вырашыла адпомсьціць і напісала заяву ці скаргу ў адміністрацыю прэзыдэнта. Маўляў, у Рагачове „акапаліся“ „экстрэмісты“, а ўлада і міліцыя нічога не робяць. Але ўсё гэта ня факт. Можа, проста „прыйшла чарга“. Могуць быць і іншыя вэрсіі», — мяркуе суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Музыкі гурту Tor Band ня выйшлі на волю пасьля 60 сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня«Сканфіскавалі гітары, барабаны, устаноўкі — некалькі дзясяткаў інструмэнтаў і тэхнікі»
Затрыманьні і ператрусы ў дамах музыкаў пачаліся а шостай раніцы 28 кастрычніка летась, сілавікі прыйшлі таксама да маці Яўгена Бурло. Гэта былі супрацоўнікі КДБ і АМАП.
«Будзем казаць так, што іх паводзіны можна назваць „прымальнымі“. Пры вобшуку музыкам паказалі „дакумэнт“ аб тым, што іхная творчасьць прызнаная „экстрэмісцкімі матэрыяламі“ яшчэ ў жніўні 2022 году. Гэта зрабілі задняй датай. Бо мы пэрыядычна правяралі сьпіс „экстрэмістаў“, і TOR BAND там не было. Потым пакаралі „суткамі“. У пратаколах было, што „экстрэмізмам“ Дзьмітры Галавач узьдзейнічаў з дапамогай гітары, у полі», — кажа сяброўка гурту.
Паводле яе, ува ўсіх музыкаў забралі ўсё канцэртнае абсталяваньне. Сьледчыя апісалі некалькі дзясяткаў пазыцыяў — гітары, барабаны, музычныя ўстаноўкі, ноўтбукі, іншае абсталяваньне, з дапамогай якога музыкі стваралі кампазыцыі і запісвалі іх.
«Ледзь не грузавіком ім давялося ўсё гэта вывозіць. Толькі ў аднаго Галавача забралі сем гітараў», — зазначыла Аліна.
З словаў суразмоўцы, у ізалятары музыкаў трымалі ў «звычайных» для палітычных умовах — ім не давалі перадачаў, пасьцельнай бялізны, не дазвалялі спаць уначы.
«І так там было холадна, а ахоўнікі яшчэ і вокны адчынялі», — дадала беларуска.
Падрабязнасьці сьледзтва і крымінальнай справы TOR BAND невядомыя — адвакаты мусілі падпісаць дакумэнт аб маўчаньні. Аліна дадала, што тых беларусаў, якія здымаліся ў кліпах музыкаў, не арыштавалі. «Іх апыталі і адпусьцілі», — кажа суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У палітзьняволенага ўдзельніка гурта Tor Band Яўгена Бурло ў СІЗА здарыўся рэцыдыў анкалёгіі«Яўген зь першага дня ў СІЗА ў мэдчастцы»
У Яўгена Бурло да затрыманьня былі пэўныя праблемы са здароўем. За кратамі яму стала горш, кажа Аліна.
«Практычна зь першага дня ў СІЗА яго трымалі ў мэдчастцы. У Яўгена праблемы з суставамі. Ён перасоўваецца толькі на мыліцах. На адну нагу ня можа ступаць нават на іх. Яму аказваюць мэдычную дапамогу. Такую, якая можа быць у тых умовах. Цяпер рыхтуюцца дакумэнты, каб ён атрымаў інваліднасьць», — кажа Аліна.
Андрэй Ярэмчык і Дзьмітры Галавач «трымаюцца». Чаго яны чакаюць ад суду? «Папросту нічога», — кажа сяброўка музыкаў.
Паводле яе інфармацыі, удзельнікі гурту TOR BAND мелі спатканьне з бацькамі. Лісты ім даходзяць, наколькі вядома, толькі ад блізкіх людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы зьмяняем сьвядомасьць людзей», — рагачоўскі Tor Band, які захапляе беларусаў гімнамі пратэсту«Музыкі ня могуць выбіраць сабе слухача!»
Аліна кажа, што музыкі не былі прыхільнікамі ўлады ці апазыцыі, а стваралі свае песьні адпаведна свайму натхненьню.
«Да папулярнасьці яны ставіліся спакойна. Яшчэ да праекту TOR BAND у іх быў гурт „Ойра“. Але ён быў папулярны больш у Расеі, чым у Беларусі. Яны часта наведвалі фэсты ў Расеі, іх там ведалі, у іх былі фанаты. Але калі ў 2020 годзе TOR BAND стаў папулярны ў Беларусі — гэта не магло ня цешыць музыкаў. Бо гэта іхная Радзіма, іхная зямля», — тлумачыць сяброўка гурту.
Яна нагадвае, што і ў 2020 годзе ў інтэрвію Свабодзе музыкі падкрэсьлівалі, што яны толькі музыкі, якія пішуць і выконваюць песьні.
«Дзіма Галавач неаднаразова казаў, што ён музыка. Ён ня быў у палітычных партыях, рухах. А як ягонай творчасьцю распарадзіцца слухач — ён ня можа на гэта ўплываць. Вельмі хачу нагадаць словы Дзьмітрыя: «Музыка ня можа выбіраць сабе слухача!» — падкрэсьлівае Аліна.
Яна нагадала, як узімку-ўвесну 2023 году беларускі сэгмэнт TikTok застракацеў сотнямі відэа, дзе беларусы, відавочна, прыхільнікі ўлады, малявалі на твары сымбалі — чырвона-зялёныя сьцяжкі, пад радкі «Мы не быдло, стадо и трусы, мы простой народ, мы беларусы!» зь песьні TOR BAND. Гурт на той момант ужо быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем».
«Толькі аўтар песьні ведае, што яго натхніла на тыя ці іншыя радкі. Музыкі граюць і сьпяваюць пра тое, што яны адчуваюць. Пакуль аўтар жывы, мы, слухачы, ня можам дадумаць — „што гэтымі радкамі хацеў сказаць аўтар?“, бо толькі ён пра гэта ведае. Складана яго судзіць і тлумачыць. Варта было б пачуць думку аўтара песьняў», — кажа Аліна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацсеткі і песьні гурту Tor Band прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», з Youtube-каналу гурта зьніклі відэа зь мільённымі праглядаміУ чым вінавацяць музыкаў TOR BAND
- «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (артыкул 369-1 КК). Да 4 гадоў калёніі
- «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» (артыкул 361-1). Да 7 гадоў калёніі. Паводле гэтага артыкула абвінавачваюць саліста гурту Дзьмітрыя Галавача
- «Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні» (частка 3 артыкула 361-1). Да 6 гадоў калёніі. Паводле гэтага артыкула абвінавацілі Яўгена Бурло і Андрэя Ярэмчыка
- Абраза Лукашэнкі (артыкул 368). Да 4 гадоў няволі
- «Распальваньне сацыяльнай варожасьці» (частка 3 артыкула 130). Да 12 гадоў калёніі
Склад крымінальных злачынстваў сьледчыя ўбачылі ў песьнях TOR BAND. Праходзілі экспэртызы іхных песень.
На гэты момант сьледзтва скончанае. Матэрыялы справы перадалі пракурору для перадачы ў суд. Мяркуецца, што працэс пачнецца ў верасьні 2023 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гурт Tor Band выпусьціў кліп у памяць тых, «хто загінуў у мірнай краіне»