Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За кожную песьню ім даюць па 15 содняў». Што адбываецца з музыкамі TOR BAND


Выступ TOR BAND у 2020 годзе
Выступ TOR BAND у 2020 годзе

Удзельнікі папулярнага музычнага гурту ужо 39 дзён як за кратамі. Як стала вядома Свабодзе, Дзьмітрыя Галавача і Яўгена Бурло трэці раз запар пакаралі арыштам на 15 дзён.

Музыкаў TOR BAND затрымалі 28 кастрычніка разам з жонкамі. Адзін з удзельнікаў гурту – Яўген Бурло – да кастрычніка працаваў у рагачоўскім Доме культуры гукарэжысэрам. Спачатку Бурло і Галавача абвінавацілі паводле артыкула 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Жонцы Галавача прысудзілі штраф, жонцы Бурло – адміністрацыйны арышт.

TOR BAND стаў папулярным у Беларусі гуртом на хвалі пратэстаў 2020 году. Многія песьні музыкаў былі гітамі, сабралі мільёны праглядаў і праслухоўваньняў на розных плятформах. Песьнямі пратэстаў 2020 году сталі «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мы не народец». У 2021–2022 гадах музыкі выпусьцілі папулярныя творы «Dead Мороз», «Мы станем сильней!», «Родная зямля».

Інфармацыйную прадукцыю, сацыяльныя сеткі і лягатып гурту TOR BAND прызналі «экстрэмісцкімі», пра што ў «рэспубліканскім сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» зьявілася адпаведная пазнака. «Экстрэмісцкімі» сталі і ўсе згаданыя песьні.

Зь Youtube-каналу TOR BAND зьніклі відэакліпы на папулярныя кампазыцыі зь мільённымі праглядамі. Яны засталіся толькі ў плэйлістах аўдыёвэрсіі, бязь відэа.

«Трасуць» людзей, якія здымаліся ў кліпах»

«Ім за кожную песьню даюць па 15 содняў. Ходзяць чуткі пра крымінальную справу, але пакуль яе няма, наколькі я ведаю. У Рагачове цяпер «трасуць» людзей, якія здымаліся ў кліпах TOR BAND. Пераважна праводзяць прафіляктычныя гутаркі. Некаторых затрымліваюць, калі знаходзяць падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы. У дзяржаўных арганізацыях і на прадпрыемствах былі сходы. Людзей папярэджвалі, каб прыбралі ў сацыяльных сетках TOR BAND, спасылкі на іх, рэпосты. Пагражалі арыштамі», – расказала крыніца Свабоды.

Арыштаваных музыкаў надалей трымаюць у Рагачоўскім ІЧУ. Іх трэці 15-дзённы тэрмін мае скончыцца 13 сьнежня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG