Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музыкі гурту Tor Band ня выйшлі на волю пасьля 60 сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня


TOR BAND. 2020 год
TOR BAND. 2020 год

Сёньня скончыўся чацьвёрты 15-сутачны тэрмін для Дзьмітрыя Галавача і Яўгена Бурло. Музыкаў судзяць асобна за кожную песьню, якую раней унесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу @zamkadomby, хлопцам «накінулі» чарговыя 15 сутак арышту.

Музыкаў TOR BAND затрымалі 28 кастрычніка разам з жонкамі. Адзін з удзельнікаў гурту, Яўген Бурло, да кастрычніка працаваў у рагачоўскім Доме культуры гукарэжысэрам. Спачатку Бурло і Дзьмітрыя Галавача абвінавацілі паводле артыкула 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Жонцы Галавача прысудзілі штраф, жонцы Бурло — адміністрацыйны арышт.

TOR BAND стаў папулярным у Беларусі гуртом на хвалі пратэстаў 2020 году. Многія песьні музыкаў былі гітамі, сабралі мільёны праглядаў і праслухоўваньняў на розных плятформах. Песьнямі пратэстаў 2020 году сталі «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мы не народец». У 2021–2022 гадах музыкі выпусьцілі папулярныя творы «Dead Мороз», «Мы станем сильней!», «Родная зямля».

Інфармацыйную прадукцыю, сацыяльныя сеткі і лягатып гурту TOR BAND прызналі «экстрэмісцкімі», пра што ў «рэспубліканскім сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» зьявілася адпаведная пазнака. «Экстрэмісцкімі» сталі і ўсе згаданыя песьні.

Зь Youtube-каналу TOR BAND зьніклі відэакліпы на папулярныя кампазыцыі зь мільённымі праглядамі. Яны засталіся толькі ў плэйлістах аўдыёвэрсіі, бязь відэа.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG