Аляксандар Лукашэнка 28 ліпеня прызначыў новым міністрам транспарту і камунікацый 46-гадовага Аляксея Ляхновіча. Ён заменіць на пасадзе Аляксея Аўраменку, які памёр у пачатку ліпеня. Паводле зьвестак аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol, Аўраменка забіў сябе.
Ляхновіч родам зь вёскі Ганчары Валожынскага раёну, яна фактычна прымыкае да раённага цэнтру. Скончыў БДУ і Акадэмію кіраваньня. Першая праца — эканаміст у плянава-эканамічным аддзеле аўтобуснага парку №7 гораду Менску.
Ад 2002 году Ляхновіч працаваў у Міністэрстве транспарту і камунікацый у аддзеле пасажырскіх перавозак упраўленьня аўтамабільнага транспарту. А таксама ва ўпраўленьні транспарту ў апараце Савету Міністраў. Ад 2019 году — першы намесьнік міністра транспарту і камунікацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раптоўна памёр міністар транспарту БеларусіНа палітычныя тэмы Аляксей Ляхновіч не выказваўся да таго моманту, пакуль не адбылася прымусовая пасадка ў Менску самалёта Ryanair. Тады Ляхновічу на прамую лінію патэлефанаваў блогер Андрэй Павук:
«Беларусь ні з кім не сварылася. Гэта краіны Захаду сварыліся зь Беларусьсю, — сказаў Ляхновіч блогеру. — Гэта ня першае паведамленьне за год. Сёлета ўжо чацьвёртае падобнае паведамленьне». Павук удакладніў, ці пра міну ў самалёце гэтае чацьвёртае паведамленьне. «Так», — адказаў першы намесьнік міністра. Праўда, не патлумачыў, чаму раней самалёты не саджалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мастоўскім райвыканкаме пацьвердзілі факт самагубства намесьніка старшыніУ выніку Аляксей Ляхновіч параіў блогеру чытаць Tut.by. Хаця на той момант партал ужо быў разгромлены і не працаваў. Пад канец размовы Павук спытаў у Ляхновіча, ці любіць ён Лукашэнку.
«Паважаю. Прычым тут “любіце ці ня любіце”. Аляксандар Рыгоравіч не жанчына, каб яго любіць. Я яго паважаю як чалавека і прэзыдэнта», — адказаў будучы міністар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Youtube-канал блогера Андрэя Павука ўзламалі. Але ён здолеў аднавіць рахунакСёлета Ляхновіч расказваў, што, нягледзячы на тое, што Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця спыніў фінансаваньне, праца ў аднаўленьні аб’ектаў дарожна-транспартнай інфраструктуры нідзе не спынілася. Вядома, што супраць Ляхновіча ў лістападзе 2022 году санкцыі ўвяла Канада за саўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны. У санкцыйных сьпісах Эўразьвязу і ЗША яго пакуль што няма.
Вядома, што новы міністар жыве ў кватэры на вуліцы Каменнагорскай, на самым ускрайку Менску, побач з МКАД.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі зноў рамантуюць ганак аблвыканкаму. На яго папярэдні рамонт патрацілі 400 тысяч даляраўЛяхновіч жанаты. Жонку завуць Ірына, ёй 42 гады, скончыла філялягічны факультэт БДУ па спэцыяльнасьці «Беларуская і польская мова». У інтэрнэце можна знайсьці некалькі старонак, дзе жанчына прапануе паслугі рэпэтытаркі польскай і беларускай моваў.
«Стопрацэнтная здача экзамэну на карту паляка!» — пісала пра сябе жонка міністра. Таксама яна адзначыла, што на працягу 11 гадоў працавала ў польскім консульстве ў Менску. На іншым сайце ёсьць пазнака, што Ірына праходзіла курсы выкладчыкаў польскай мовы і літаратуры ў Любліне, Чанстахове і Квідзыні.
Дачка Ляхновічаў Эмілія яшчэ школьніца. Яна вучыцца ў гімназіі №39 у Каменнай Горцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гуляў у хакей з Лукашэнкам, а цяпер трапіў у няласку. Гісторыя жыцьця бізнэсоўца Паўла Белага